Ісаі 62 разьдзел
Кніга прарока Ісаі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі
Адносна Сіёна не буду маўчаць і адносна Ерузаліма не спачну, пакуль не ўзыдзе, як святло, справядлівасць Яго і збаўленне Яго не засвеціць, як светач.
Ня змоўкну дзеля Сіёна, і дзеля Ерусаліма не супакоюся, пакуль ня ўзыйдзе, як сьвятло, праўда яго, і збавеньне яго — як запаленая сьвяцільня.
Тады народы ўбачаць справядлівасць тваю, і ўсе цары — хвалу тваю; і будуць клікаць цябе імем новым, якім назавуць цябе вусны Госпадавы.
І ўбачаць народы праўду тваю і ўсе цары — славу тваю, і назавуць цябе новым імем, якое дадуць вусны Гасподнія.
І ты станеш вянцом славы ў руцэ Госпада і вянцом валадарства ў руцэ Бога твайго.
І будзеш вянком славы ў руцэ ў Госпада і царскаю дыядэмаю — на далоні Бога твайго.
І не будзеш болей называцца «пакінутай», а зямлі тваёй не назавуць болей «спустошанай», але назавуць цябе «маё ўпадабанне ў ёй», а зямлю тваю — «замужняя». Бо ўпадабаў цябе Госпад, і зямля твая будзе ў шлюбе.
Ня будуць ужо называць цябе «пакінутым», і зямлю тваю ня будуць называць «пустыняю», а будуць называць цябе: «Маё ўпадабаньне да яго», а зямлю тваю — «замужняю», бо Гасподзь упадабаў цябе, і зямля твая спалучаецца.
Бо як юнак жэніцца з дзяўчынаю, так возьмуць цябе [у шлюб] сыны твае, і як сужэнец цешыцца з сужэнкі, так будзе цешыцца з цябе Бог твой.
Як юнак спалучаецца зь дзяўчынаю, так спалучаюцца з табою сыны твае; і як жаніх радуецца за нявесту, так будзе радавацца за Цябе Бог твой.
«На мурах тваіх, Ерузалім, паставіў Я варту, увесь дзень і ўсю ноч, ніколі маўчаць не будуць». Вы, што прыпамінаеце Госпада, не маўчыце,
На сьценах тваіх, Ерусаліме, я паставіў вартаўнікоў, якія ня змоўкнуць ні ўдзень, ні ўначы. О вы, хто нагадвае пра Госпада! — не змаўкайце,
і яму не давайце супакою, пакуль не адновіць і не зробіць Ерузалім хвалою на зямлі.
не змаўкайце перад Ім, пакуль Ён не адновіць і пакуль ня зробіць Ерусаліма славаю на зямлі.
Прысягнуў Госпад правіцай сваёю, ды рукой Магутнасці сваёй: «Не дам больш пшаніцы тваёй на ежу непрыяцелям тваім, і не будуць піць сыны чужынца віна твайго, над якім ты працаваў.
Гасподзь прысягнуў правіцаю Сваёю і моцнаю сілаю Сваёю: ня дам зерня твайго болей на ежу ворагам тваім, і сыны чужых ня піцьмуць віна твайго, над якім ты працаваў;
Бо тыя, што сабралі яе, будуць есці і будуць хваліць Госпада, а тыя, хто сабраў вінаград, піць будуць віно на панадворку Маёй святыні.
але зборшчыкі яго будуць есьці яго і славіць Госпада, і зборшчыкі вінаграду будуць піць віно яго ў дварах сьвяцілішча Майго.
Праходзьце, праходзьце праз браму! Рыхтуйце дарогу народу! Прастуйце, прастуйце гасцінец, прыміце каменні! Падыміце знак для народаў!»
Праходзьце, праходзьце ў браму, рыхтуйце дарогу народу! Раўняйце, раўняйце дарогу, прымайце каменьне, падымайце сьцяг народам!
Вось што даў Госпад пачуць на граніцах зямлі: «Скажыце дачцы сіёнскай: “Вось жа, прыходзіць збаўленне тваё, вось плата Яго разам з Ім і ўзнагарода Яго перад ёю”».
Вось, Гасподзь абвяшчае да краю зямлі: скажэце дачцэ Сіёна: ідзе Збаўца твой; узнагарода Яго зь Ім і дараваньне Ягонае — перад Ім.
І называць іх будуць «народам святым», «адкупленымі Госпадам». А табе дадуць імя «Шуканая», «Горад непакінуты».
І назавуць іх народам сьвятым, адкупленым Госпадам, а цябе назавуць знойдзеным, горадам непакінутым.