Другі закон 1 разьдзел

Другі закон
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Гэта словы, якія прамаўляў Майсей да ўсяго Ізраэля за Ярданам у пустыні, у Арабе насупраць Суфа, паміж Паранам, і Тафелам, і Лабанам, і Асэротам, і Дызагабам,
 
І вось словы, якія казаў Майсей усяму Ізраілю за Ярданам у пустыні на раўніне насупраць Суфа, паміж Фаранам і Тафэлем, і Лаванам і Асіротам і Дызагавам,

на адлегласці ў адзінаццаць дзён дарогі ад Гарэба да Кадэс-Барнэ праз горы Сэір.
 
на адлегласьці ў адзінаццаць дзён дарогі ад Харыва, па дарозе ад гары Сэір да Кадэс-Варні.

У саракавым годзе, у адзінаццатым месяцы, у першы дзень месяца сказаў Майсей сынам Ізраэля ўсё, што яму Госпад загадаў, каб ён сказаў ім.
 
Саракавога году, адзінаццатага месяца, першага дня месяца, казаў Майсей сынам Ізраілевым усё, што наказаў яму Гасподзь пра іх.

Пасля таго, як ён забіў Сэгона, цара амарэяў, які жыў у Хесебоне, і Ога, цара Басана, які жыў у Астароце і ў Эдраі,
 
Пасьля таго, як забіў ён Сігона, цара Амарэйскага, які жыў у Эсэвоне, і Ога, цара Васанскага, які жыў у Амтэроце ў Эдрэі,

за Ярданам, у зямлі Мааба, пачаў Майсей тлумачыць закон гэты і казаць:
 
за Ярданам, у зямлі Маавіцкай, пачаў Майсей тлумачыць закон гэты і сказаў:

«Госпад, Бог наш, прамаўляў да нас на Гарэбе, кажучы: “Досыць ужо вам быць на гэтай гары.
 
Гасподзь, Бог наш, гаварыў нам у Харыве і сказаў: годзе вам жыць на гары гэтай!

Абярніцеся і выберыцеся, і ідзіце на гару амарэяў і да ўсіх суседзяў іх: у Арабе, і ў гарах, і ў Сэфэле, і ў Нагэбе, і на марскім узбярэжжы; у зямлю хананеяў, і ў Лібан, аж да вялікай ракі Эўфрат.
 
павярнецеся, выпраўцеся ў дарогу і йдзеце на гару Амарэяў і да ўсіх суседзяў іхніх, на раўніну, на гару, на нізкія мясьціны і на паўднёвы край і да берагоў мора, у зямлю Ханаанскую і да Лівана, нават да ракі вялікай, ракі Еўфрата;

Вось, кажа, Я даю вам гэтую зямлю. Ідзіце, вазьміце яе ва ўласнасць, бо яе паабяцаў Госпад бацькам вашым Абрагаму, Ізааку і Якубу, што аддасць яе ім і іх нашчадкам пасля іх”».
 
вось, Я даю вам зямлю гэтую, ідзеце, вазьмеце ў спадчыну зямлю, якую Гасподзь з клятваю абяцаў даць бацькам вашым, Абрагаму, Ісааку і Якаву, ім і нашчадкам іхнім.

І сказаў ён ім у той час: «Не магу я адзін весці вас;
 
І я сказаў вам у той час: не магу адзін вадзіць вас;

Госпад, Бог ваш, памножыў вас, і сёння вас так многа, як зорак у небе.
 
Гасподзь, Бог ваш, памножыў вас, і вось, вы сёньня шматлікія, як зоркі нябесныя;

Дык хай Госпад, Бог бацькоў вашых, дадасць да гэтай лічбы многія тысячы і дабраславіць вас, як Ён гаварыў вам.
 
Гасподзь, Бог бацькоў вашых, хай памножыць вас у тысячу разоў ад таго, колькі вас сёньня, і хай дабраславіць вас, як ён казаў вам:

Не магу я адзін забяспечыць вашы патрэбы, пераносіць вашы цяжары і спрэчкі.
 
як жа мне аднаму насіць цяжары вашыя, ношкі вашыя і раздоры вашыя?

Абярыце сабе людзей мудрых і богабаязных, лад жыцця якіх выпрабаваны ў пакаленнях вашых, і я пастаўлю іх кіраўнікамі вашымі».
 
выберыце сабе па плямёнах вашых мужоў мудрых, разумных і выпрабаваных, і я пастаўлю іх правадырамі вашымі.

Тады адказалі вы мне: «Добрая гэта рэч, што ты хочаш зрабіць».
 
Вы адказвалі мне і сказалі: добрую дзею загадваеш ты ўчыніць.

Дык выбраў я тады з вашых пакаленняў мужоў мудрых і выпрабаваных, і паставіў іх князямі над вамі: тысячнікамі, сотнікамі, кіраўнікамі над пяццюдзесяццю, кіраўнікамі над дзесяццю і загадчыкамі працы для пакаленняў вашых.
 
І ўзяў я галоўных з плямёнаў вашых, мужоў мудрых і выпрабаваных, і зрабіў іх правадырамі над вамі, тысячнікамі, сотнікамі, пяцідзясяцкімі, дзясятнікамі і наглядчыкамі паводле плямёнаў вашых.

У той час загадаў я суддзям вашым: «Слухайце справу братоў вашых і судзіце справядліва, — суайчыннік ён ці прыбылец.
 
І даў я загад судзьдзям вашым у той час, кажучы: выслухвайце братоў вашых і судзеце справядліва як брата з братам, так і прыхадня ягонага;

Не глядзіце на асобу на судзе: выслухайце як вялікага, так і малога, не бойцеся ніводнай асобы, бо гэта суд Божы. А калі б якая справа падавалася вам цяжкай, скіроўвайце да мяне, і я выслухаю».
 
ня вырозьнівайце асобаў на судзе, як малога, так і вялікага выслухоўвайце: ня бойцеся аблічча чалавечага, бо суд — дзея Божая; а справу, якая вам цяжкая, даводзьце да мяне, і я выслухаю яе.

У той час загадаў я вам усё, што вы маеце рабіць.
 
І даў я вам у той час загады пра ўсё, што трэба вам рабіць.

Потым пакінулі мы Гарэб і прайшлі ўсю тую вялікую і страшную пустыню, якую вы бачылі, праз гару амарэйскую, як загадаў нам Госпад, Бог наш, і прыйшлі ў Кадэс-Барнэ.
 
І выправіліся мы ад Гарыва, і йшлі па ўсёй гэтай вялікай і страшнай пустыні, якую вы бачылі па дарозе да гары Амарэйскай, як загадаў Гасподзь, Бог наш, і прыйшлі ў Кадэс-Варні.

І сказаў я вам: «Вы прыйшлі да гары амарэйскай, якую мае нам даць Госпад, Бог наш.
 
І сказаў я вам: вы прыйшлі да гары Амарэйскай, якую Гасподзь, Бог наш, дае вам;

Агледзь зямлю, якую дае табе Госпад, Бог твой, увайдзі і вазьмі яе ва ўладанне, як сказаў табе Госпад, Бог бацькоў тваіх; не бойся і нічога не палохайся».
 
вось, Гасподзь, Бог твой, аддае табе зямлю гэтую, ідзі, вазьмі яе ў валоданьне, як казаў табе Гасподзь, Бог бацькоў тваіх, ня бойся і не жахайся.

Прыступілі тады вы ўсе да мяне і сказалі: «Пашлём людзей перад намі, каб агледзелі зямлю і паведамілі пра дарогу, якою маем ісці, і пра гарады, у якія маем увайсці».
 
Але вы ўсе падышлі да мяне і сказалі: пашлём перад сабою людзей, каб яны нагледзелі нам зямлю і прынесьлі нам вестку пра дарогу, па якой нам ісьці, і пра гарады, у якія нам ісьці.

Слова мне спадабалася, і я выбраў паміж вас дванаццаць мужчын, па адным з кожнага пакалення іх.
 
Слова гэтае мне спадабалася, і я ўзяў з вас дванаццаць чалавек, па адным чалавеку ад племя.

Яны выйшлі, і скіраваліся ў горы, і дайшлі аж да даліны Нэгэлескал, і агледзелі зямлю.
 
Яны пайшлі, узышлі на гару і дайшлі да даліны Эсхол і агледзелі яе;

І ўзялі яны плады тае зямлі, і прынеслі нам, і сказалі: «Добрая тая зямля, якую мае даць нам Госпад, Бог наш».
 
і ўзялі ў рукі свае пладоў зямлі й прынесьлі нам, і прынесьлі нам вестку і сказалі: добрая зямля, якую Гасподзь, Бог наш, дае нам.

Але вы не хацелі ісці і не паверылі слову Госпада, Бога вашага.
 
Але вы не захацелі йсьці і ўсупрацівіліся загаду Госпада, Бога вашага,

І наракалі ў палатках сваіх, і казалі: «Ненавідзіць нас Госпад, таму і вывеў нас з зямлі Егіпецкай, каб выдаць нас у рукі амарэяў ды пагубіць.
 
і наракалі ў намётах вашых і казалі: Гасподзь, зь нянавісьці да нас, вывеў нас зь зямлі Егіпецкай, каб аддаць нас у рукі Амарэяў, і зьнішчыць нас;

Куды пойдзем? Нашы браты напалохалі сэрца наша, кажучы: народ той шматлікі і перавышае нас ростам, гарады вялікія і аж у неба ўмацаваныя; бачылі мы нават там сыноў Анака».
 
куды мы пойдзем? браты нашыя расслабілі сэрца наша, кажучы: народ той большы і вышэйшы за нас, гарады там большыя і з умацаваньнямі да нябёсаў, ды й сыноў Энакавых бачылі мы там.

Дык сказаў я вам: «Не дрыжыце і не бойцеся іх.
 
І я сказаў вам: не палохайцеся і ня бойцеся іх,

Госпад Бог, Які ёсць правадыр ваш, Сам будзе за нас ваяваць, як зрабіў у Егіпце на вачах вашых.
 
Гасподзь, Бог ваш, ідзе перад вамі; Ён будзе біцца за вас, як Ён зрабіў з вамі ў Егіпце, перад вачыма вашымі,

Бачыў ты сам на пустыні, як Госпад, Бог твой, насіў цябе, як звычайна носіць бацька свайго сына малога, ва ўсякай дарозе, якой вы ішлі, аж пакуль не прыйшлі вы ў гэтае месца.
 
і ў пустыні той, дзе, як ты бачыў, Гасподзь, Бог твой, насіў цябе, як чалавек носіць сына свайго, на ўсім шляху, які вы праходзілі, да прыходу вашага на гэта месца.

Але вы так і не паверылі Госпаду, Богу вашаму,
 
Але і пры гэтым вы ня верыце Госпаду, Богу вашаму,

Які ідзе перад вамі ў дарозе і вызначае месца, на якім вам належыць ставіць палаткі, паказваючы вам шлях: ноччу — агнём, каб асвятляць вам дарогу, удзень — у слупе воблачным».
 
Які йшоў прад вамі дарогаю шукаць вам месца, дзе спыніцца вам, уначы ў агні, каб паказваць вам дарогу, па якой ісьці, а ўдзень у воблаку.

Калі Госпад пачуў голас слоў вашых, то разгневаўся, і прысягнуў, і сказаў:
 
І Гасподзь пачуў словы вашыя, і разгневаўся, і запрысягнуўся, кажучы:

«Не ўбачыць ніводзін чалавек з гэтага пакалення ліхога тую добрую зямлю, якую Я пад прысягай абяцаў бацькам вашым,
 
ніхто зь людзей гэтых, з гэтага ліхога роду, не пабачыць добрай зямлі, якую Я прысягнуўся даць бацькам вашым;

за выключэннем Калеба, сына Ефоны. Ён яе ўбачыць, яму і сынам яго дам Я гэтую зямлю, па якой ён хадзіў, бо ён рабіў усё, каб быць паслухмяным Госпаду».
 
Толькі Халеў, сын Ефаніеў, пабачыць яе; яму дам Я зямлю, па якой ён праходзіў, і сынам ягоным, за тое, што ён слухаўся Госпада.

Праз вас і на мяне загневаўся Госпад і казаў: «І ты туды не ўвойдзеш,
 
І на мяне ўгневаўся Гасподзь за вас, кажучы: і ты ня ўвойдзеш туды;

але Ешуа, сын Нуна, твой паслугач, ён туды ўвойдзе. Яго падбадзёрвай, бо ён размяркуе зямлю Ізраэлю.
 
Ісус, сын Наваў, які пры табе, ён увойдзе туды; яго ўмацуй, бо ён увядзе Ізраіля ў валоданьне ёю;

Дзеці вашы, пра якіх гаварылі вы, што павядуць іх у палон, і сыны вашы, якія сёння не разумеюць, што добрае або ліхое, яны ўвойдуць; ім дам Я яе, і яны завалодаюць ёю.
 
дзеці вашыя, пра якіх вы казалі, што яны дастануцца здабычаю ворагам, і сыны вашыя, якія ня ведаюць сёньня ні дабра, ні ліха, яны ўвойдуць туды, ім дам яе, і яны авалодаюць ёю;

А вы павярніце ды адыдзіце ў пустыню па дарозе праз мора Чырвонае».
 
а вы павярнецеся і выпраўцеся ў пустыню па дарозе да Чэрмнага мора.

І адказалі вы мне: «Зграшылі мы перад Госпадам, мы пойдзем і будзем ваяваць, як загадаў нам Госпад, Бог наш». І вы падперазаліся зброяй і выправіліся на гару.
 
І вы адказвалі тады і сказалі мне: зграшылі мы прад Госпадам, пойдзем і будзем біцца, як загадаў нам Гасподзь, Бог наш. І аперазаліся вы, кожны баявой зброяй сваёю, і неразумна рашыліся ўзысьці на гару.

Госпад сказаў мне: Скажы ім: «Не ўзыходзьце і не ваюйце, бо Я не з вамі, каб не пападалі вы перад ворагамі вашымі».
 
Але Гасподзь сказаў мне: скажы ім: ня ўзыходзьце і ня бецеся, бо няма Мяне сярод вас, каб не пабілі вас ворагі вашыя.

Сказаў я, ды вы не паслухалі, і супрацівіліся загаду Госпадаву, і, гнаныя пыхаю, вы ўзышлі на вяршыню гары.
 
І я казаў вам, але вы не паслухаліся і ўсупрацівіліся загаду Гасподняму і з упартасьці сваёй узышлі на гару.

Дык выйшаў супраць вас амарэй, які жыў на той гары, і пагнаў вас, як звычайна гоняць пчолы, і пабіў вас ад Сэіра аж да Хормы.
 
І выступіў супроць вас Амарэй, які жыў на гары той, і гналі вас так, як робяць пчолы, і білі вас на Сэіры да самай Хормы.

І вярнуліся вы і плакалі перад Госпадам, але Госпад не выслухаў вас і не захацеў звярнуць увагі на голас ваш.
 
І вярнуліся вы і плакалі прад Госпадам; але Гасподзь не пачуў ляманту вашага і не паслухаў вас.

І прабылі вы ў Кадэсе на працягу таго доўгага часу, пакуль вы там заставаліся.
 
І прабылі вы ў Кадэсе шмат часу, колькі часу вы там былі.