Другі закон 22 разьдзел

Другі закон
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Калі ўбачыш вала або авечку брата свайго, якія заблукалі, не пакідай іх, але вярні іх брату твайму.
 
Калі ўбачыш вала брата твайго альбо авечку ягоную, што заблудзілася, не пакідай іх, а вярні іх брату твайму;

Калі ж брат твой не блізка ад цябе або калі яго не ведаеш, завядзі ў дом свой і хай будуць у цябе, аж прыйдзе іх шукаць брат твой і тады аддасі іх яму.
 
калі ж няблізка да цябе будзе брат твой, альбо ты ня ведаеш яго, дык прыбяры іх у двор свой, і няхай яны будуць у цябе, пакуль брат твой не пачне шукаць іх, і тады вярні іх яму;

Так зрабі з яго аслом, з плашчом і з кожнаю згубленаю рэччу брата свайго: калі знойдзеш яе, не замоўчвай.
 
так рабі і з аслом ягоным, так рабі і з вопраткаю ягонай, так рабі і з усякай згубленай рэччу брата твайго, якая будзе ім згублена і якую ты знойдзеш: нельга табе ўхіляцца ад гэтага.

Калі ўбачыш, што асёл або вол брата твайго ўпаў на дарозе, не хавайся, але падымай разам з ім.
 
Калі ўбачыш асла брата твайго альбо вала ягонага, якія ўпалі на дарозе, не пакідай іх, а падымі іх зь ім разам.

Хай не апранаецца жанчына ў мужчынскае адзенне, а мужчына хай не ўжывае адзення жаночага; бо агідны Госпаду, Богу твайму, кожны, хто гэта робіць.
 
На жанчыне не павінна быць мужчынскай вопраткі, і мужчына не павінен апранацца ў жаночае адзеньне, бо агідны прад Госпадам, Богам тваім, кожны, хто робіць гэта.

Калі, ідучы дарогай, знойдзеш на дрэве або на зямлі птушынае гняздо з маці і птушанятамі або з маці, якая выседжвае яйкі, то не бяры маці з птушанятамі.
 
Калі трапіцца табе на дарозе птушынае гняздо на якім-небудзь дрэве альбо на зямлі, з птушанятамі альбо яйкамі, і маці сядзіць на птушанятах альбо на яйках, дык не бяры маці разам зь дзецьмі:

Маці пусці, а дзяцей вазьмі сабе, каб табе добра было і каб доўгімі былі дні твае.
 
маці пусьці, а дзяцей вазьмі сабе, каб табе было добра, і каб падоўжыліся дні твае.

Калі збудуеш новы дом, дык зрабі на даху тваім кругом агароджу, каб не навесці крыві на дом свой, калі хто-небудзь зваліцца з яго.
 
Калі будзеш будаваць новы дом, дык зрабі парэнчы каля даху твайго, каб не навесьці табе крыві на дом твой, калі хто-небудзь упадзе зь яго.

Не засявай вінаградніку свайго другім насеннем, каб не зрабіць табе заклятым і збор насення, якое ты пасееш, і плады вінаградніку свайго.
 
Не засявай вінаградніка твайго двума родамі насеньня, каб не закляў ты збору насеньня, якія ты пасееш разам з пладамі вінаградніка.

Не ары на вале і асле разам.
 
Не ары на вале і асьле разам.

Не апранай адзення, сатканага з воўны і лёну разам.
 
Не апранай адзеньня, зробленага з розных рэчываў, з воўны і лёну разам.

Зрабі сабе фрэнзлі на чатырох рагах плашча твайго, якім акрываешся.
 
Зрабі сабе кутасікі на чатырох рагах покрыва твайго, якім ты накрываешся.

«Калі хто возьме жонку і ўвойдзе да яе, а потым узненавідзіць яе,
 
Калі хто возьме жонку, і ўвойдзе да яе, і ўзьненавідзіць яе,

і пачне намаўляць на яе, і зняславіць яе, кажучы: “Узяў я яе за жонку, але, увайшоўшы да яе, не знайшоў у яе дзявоцтва”,
 
і будзе ўзводзіць на яе заганныя паклёпы, і пусьціць пра яе благія чуткі, і скажа: «я ўзяў гэтую жонку, і ўвайшоў да яе, і не знайшоў у яе дзявоцкасьці»,

тады бацька і маці яе хай занясуць знакі дзявоцтва яе да старэйшых з горада, якія сядзяць у браме,
 
дык бацька дзяўчыны і маці яе няхай возьмуць і вынесуць знакі дзявоцкасьці дзяўчыны да старэйшынаў горада, да брамы;

і бацька хай скажа: “Даў я сваю дачку гэтаму чалавеку за жонку, а ён яе ўзненавідзеў
 
і бацька дзяўчыны скажа старэйшынам: дачку маю я аддаў за жонку гэтаму чалавеку, і ён зьненавідзеў яе,

і знеслаўляе яе імя тым, што кажа: “Не знайшоў я ў дачкі тваёй дзявоцтва”. Але вось доказы дзявоцтва маёй дачкі”, — і раскладзе адзенне перад старэйшымі з горада.
 
і вось, ён узводзіць на яе заганныя паклёпы, кажучы: «я не знайшоў у дачкі тваёй дзявоцкасьці»; але вось знакі дзявоцкасьці дачкі маёй. І расьсьцелюць вопратку перад старэйшынамі горада.

Тады старэйшыя з таго горада хай возьмуць мужчыну і пакараюць яго,
 
Тады старэйшыны таго горада няхай возьмуць мужа і пакараюць яго,

і накладуць на яго пакаранне ў сто сікляў срэбра, і аддадуць іх бацьку тае жанчыны, бо зняславіў ён імя дзяўчыны Ізраэля; яна хай застаецца яго жонкай і не зможа ён кінуць яе ва ўсе дні жыцця свайго.
 
і накладуць на яго сто сікляў срэбра пені і аддадуць бацьку дзяўчыны за тое, што ён пусьціў благую чутку пра дзяўчыну Ізраільскую; а яна няхай застанецца ягонай жонкай, і ён ня можа разьвесьціся зь ёю праз усё жыцьцё сваё.

Але калі тое, у чым ён абвінавачвае, акажацца праўдай, калі не пацверджана дзявоцтва ў дзяўчыны,
 
Калі ж сказана будзе слушна, і ня знойдзецца дзявоцкасьці ў дзяўчыны,

то завядуць яе да дзвярэй дома бацькі яе і ўкамянуюць яе мужчыны гэтага горада аж да смерці, бо прынесла яна ганьбу Ізраэлю тым, што распуснічала ў доме бацькі свайго; так вынішчыш зло з асяроддзя свайго».
 
дык дзяўчыну няхай прывядуць да дзьвярэй дома бацькі яе, і жыхары горада яе паб’юць яе камянямі да сьмерці, бо яна зрабіла вартае сораму сярод Ізраіля, калі блудадзеяла ў доме ў бацькі свайго; і так вынішчы зло спасярод сябе.

Калі знойдзены будзе мужчына, што ляжыць з чужою жонкай, абое хай памруць: чужаложнік і чужаложніца; і ты вынішчыш ліха з Ізраэля.
 
Калі знойдзены будзе хто лежачы з жонкаю замужняю, дык трэба аддаць сьмерці абаіх, і мужчыну, які ляжаў з жанчынаю, і жанчыну; і так вынішчы зло зь Ізраіля.

Калі хто-небудзь спаткае ў горадзе маладую дзяўчыну, заручаную мужу, і ляжа з ёю,
 
Калі будзе маладая дзяўчына заручана з мужам, і хто-небудзь спаткаецца зь ёю ў горадзе і ляжа зь ёю,

то абаіх прывядзіце да брамы горада таго і ўкамянуйце да смерці: дзяўчыну за тое, што не крычала, будучы ў горадзе, а таго мужчыну за тое, што згвалтаваў жонку блізкага свайго, і так вынішчыш зло паміж сябе.
 
дык абаіх іх прывядзеце да брамы таго горада і пабеце іх камянямі да сьмерці: дзяўчыну за тое, што яна ня крычала ў горадзе, а мужчыну за тое, што ён зганьбіў жонку блізкага свайго; і так вынішчы зло спасярод сябе.

Калі, аднак, мужчына знайшоў на полі заручаную дзяўчыну і, схапіўшы, лёг з ёю, хай ён адзін памрэ,
 
А калі хто ў полі спаткаецца зь дзяўчынай заручанай і, схапіўшы яе, ляжа зь ёю, дык трэба аддаць сьмерці толькі мужчыну, які ляжаў зь ёю,

а дзяўчыне хай нічога не будзе, няма на ёй смяротнай віны, бо падобна, як чалавек паўстае супраць брата свайго і забівае яго, тое ж і дзяўчына пацярпела:
 
а дзяўчыне нічога не рабі; на дзяўчыне няма злачынства сьмяротнага: бо гэта тое самае, як калі б хто паўстаў на блізкага свайго і забіў яго;

яна адна была на полі, і крычала заручаная дзяўчына, але не было нікога, хто б дапамог ёй.
 
бо ён спаткаўся зь ёю ў полі, і хоць дзяўчына заручаная крычала, ня было каму выратаваць яе.

Калі б мужчына напаткаў цнатлівую дзяўчыну, не заручаную, схапіў яе і лёг з ёю, і справа дайшла б да суда,
 
Калі хто-небудзь спаткаецца зь дзяўчынаю незаручанаю і схопіць яе і ляжа зь ёю, і засьпеюць іх, —

той мужчына, які лёг з ёю, хай дасць бацьку дзяўчыны пяцьдзесят сікляў срэбра і возьме яе за жонку, таму што ён згвалтаваў яе, і не будзе ў яго магчымасці кінуць яе ва ўсе дні жыцця яго.
 
дык той, хто ляжаў зь ёю, павінен даць бацьку дзяўчыны пяцьдзясят сікляў срэбра, а яна няхай будзе яму жонкаю, бо ён зганьбіў яе; праз усё жыцьцё сваё ня можа ён разьвесьціся зь ёю.

Не павінен браць мужчына жонкі бацькі свайго і адкрываць [покрыва] яго.
 
Ніхто не павінен браць жонкі бацькі свайго і адхінаць край вопраткі бацькі свайго.