1 Калі ўбачыш вала або авечку брата свайго, якія заблукалі, не пакідай іх, але вярні іх брату твайму.
2 Калі ж брат твой не блізка ад цябе або калі яго не ведаеш, завядзі ў дом свой і хай будуць у цябе, аж прыйдзе іх шукаць брат твой і тады аддасі іх яму.
3 Так зрабі з яго аслом, з плашчом і з кожнаю згубленаю рэччу брата свайго: калі знойдзеш яе, не замоўчвай.
4 Калі ўбачыш, што асёл або вол брата твайго ўпаў на дарозе, не хавайся, але падымай разам з ім.
5 Хай не апранаецца жанчына ў мужчынскае адзенне, а мужчына хай не ўжывае адзення жаночага; бо агідны Госпаду, Богу твайму, кожны, хто гэта робіць.
6 Калі, ідучы дарогай, знойдзеш на дрэве або на зямлі птушынае гняздо з маці і птушанятамі або з маці, якая выседжвае яйкі, то не бяры маці з птушанятамі.
7 Маці пусці, а дзяцей вазьмі сабе, каб табе добра было і каб доўгімі былі дні твае.
8 Калі збудуеш новы дом, дык зрабі на даху тваім кругом агароджу, каб не навесці крыві на дом свой, калі хто-небудзь зваліцца з яго.
9 Не засявай вінаградніку свайго другім насеннем, каб не зрабіць табе заклятым і збор насення, якое ты пасееш, і плады вінаградніку свайго.
10 Не ары на вале і асле разам.
11 Не апранай адзення, сатканага з воўны і лёну разам.
12 Зрабі сабе фрэнзлі на чатырох рагах плашча твайго, якім акрываешся.
13 «Калі хто возьме жонку і ўвойдзе да яе, а потым узненавідзіць яе,
14 і пачне намаўляць на яе, і зняславіць яе, кажучы: “Узяў я яе за жонку, але, увайшоўшы да яе, не знайшоў у яе дзявоцтва”,
15 тады бацька і маці яе хай занясуць знакі дзявоцтва яе да старэйшых з горада, якія сядзяць у браме,
16 і бацька хай скажа: “Даў я сваю дачку гэтаму чалавеку за жонку, а ён яе ўзненавідзеў
17 і знеслаўляе яе імя тым, што кажа: “Не знайшоў я ў дачкі тваёй дзявоцтва”. Але вось доказы дзявоцтва маёй дачкі”, — і раскладзе адзенне перад старэйшымі з горада.
18 Тады старэйшыя з таго горада хай возьмуць мужчыну і пакараюць яго,
19 і накладуць на яго пакаранне ў сто сікляў срэбра, і аддадуць іх бацьку тае жанчыны, бо зняславіў ён імя дзяўчыны Ізраэля; яна хай застаецца яго жонкай і не зможа ён кінуць яе ва ўсе дні жыцця свайго.
20 Але калі тое, у чым ён абвінавачвае, акажацца праўдай, калі не пацверджана дзявоцтва ў дзяўчыны,
21 то завядуць яе да дзвярэй дома бацькі яе і ўкамянуюць яе мужчыны гэтага горада аж да смерці, бо прынесла яна ганьбу Ізраэлю тым, што распуснічала ў доме бацькі свайго; так вынішчыш зло з асяроддзя свайго».
22 Калі знойдзены будзе мужчына, што ляжыць з чужою жонкай, абое хай памруць: чужаложнік і чужаложніца; і ты вынішчыш ліха з Ізраэля.
23 Калі хто-небудзь спаткае ў горадзе маладую дзяўчыну, заручаную мужу, і ляжа з ёю,
24 то абаіх прывядзіце да брамы горада таго і ўкамянуйце да смерці: дзяўчыну за тое, што не крычала, будучы ў горадзе, а таго мужчыну за тое, што згвалтаваў жонку блізкага свайго, і так вынішчыш зло паміж сябе.
25 Калі, аднак, мужчына знайшоў на полі заручаную дзяўчыну і, схапіўшы, лёг з ёю, хай ён адзін памрэ,
26 а дзяўчыне хай нічога не будзе, няма на ёй смяротнай віны, бо падобна, як чалавек паўстае супраць брата свайго і забівае яго, тое ж і дзяўчына пацярпела:
27 яна адна была на полі, і крычала заручаная дзяўчына, але не было нікога, хто б дапамог ёй.
28 Калі б мужчына напаткаў цнатлівую дзяўчыну, не заручаную, схапіў яе і лёг з ёю, і справа дайшла б да суда,
29 той мужчына, які лёг з ёю, хай дасць бацьку дзяўчыны пяцьдзесят сікляў срэбра і возьме яе за жонку, таму што ён згвалтаваў яе, і не будзе ў яго магчымасці кінуць яе ва ўсе дні жыцця яго.
30 Не павінен браць мужчына жонкі бацькі свайго і адкрываць [покрыва] яго.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга Паўторанага Закону, 22 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017