Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Паўтор Закону 15 Паўтор Закону 15 разьдзел

1 У канцы сёмага года рабі дараванне,
2 і адзначай гэта наступным чынам: калі хто даў якую пазыку блізкаму ці брату свайму, то не зможа ён спагнаць, бо гэта год даравання на ўшанаванне Госпада.
3 З чужога спаганяй, з суайчынніка ж і блізкага не будзеш мець магчымасці вымагаць тое, што тваё.
4 Але жабрака не павінна быць у цябе, бо Госпад, Бог твой, будзе дабраслаўляць цябе ў зямлі, якую мае даць табе ва ўласнасць, каб ты ўзяў яе ў спадчыну,
5 калі толькі будзеш слухаць голас Госпада, Бога твайго, і пільнаваць кожнае прыказанне гэтае, якое сёння я табе загадваю.
6 Бо Госпад, Бог твой, будзе дабраслаўляць цябе, як было абяцана. Ты будзеш даваць пазыку многім народам, а сам ні ў каго не бяры пазыкі; будзеш валадарыць над многімі народамі, а над табою ніхто не будзе панаваць.
7 Калі адзін з братоў тваіх, якія жывуць у адным з гарадоў тваіх, у зямлі, якую мае даць табе Госпад, Бог твой, дайшоў да ўбогасці, не закамяні сэрца свайго і не сцісні руку,
8 але адкрый яе перад убогім братам сваім і дай пазыку такую, якая, на твой погляд, яму будзе патрэбная.
9 Сцеражыся, каб не падкралася да цябе нягодная думка: “Блізка сёмы год, год даравання”, каб не адводзіў ты вачэй сваіх ад убогага брата свайго, не жадаючы даць яму той пазыкі, якой ён патрабуе, каб той не прызываў Госпада супраць цябе ды каб не сталася гэта грахом.
10 Але дай яму і хай не сумуе сэрца тваё, што трэба падтрымаць яго ў нястачы, бо праз гэта дабраславіць цябе Госпад, Бог твой, у кожнай справе тваёй ды ва ўсім, да чаго прыкладзеш ты рукі.
11 Будуць убогія ў зямлі пражывання твайго, дзеля таго я загадваю табе, каб ты адкрываў руку дзеля брата твайго, няшчаснага і ўбогага, які жыве з табою на зямлі тваёй.
12 Калі табе будзе прададзены брат твой, гебрай або гебрайка, і будзе служыць табе шэсць гадоў, то на сёмы год адпусці яго на волю.
13 І не дапусці, каб той, каму ты даеш свабоду, пайшоў з пустымі рукамі.
14 Але дай яму на дарогу штосьці з жывёлы тваёй, току твайго і тоўчні тваёй, якімі дабраславіў цябе Госпад, Бог твой.
15 Прыпомні сабе, што і ты сам быў нявольнікам у зямлі Егіпецкай, і вызваліў цябе Госпад, Бог твой; таму вось я цяпер загадваю табе гэта.
16 А ён, можа, скажа: “Я не хачу адыходзіць”, таму што любіць цябе, і дом твой, і добра сябе адчувае ў цябе.
17 Тады вазьмі шыла і пракалі вуха яму пры дзвярах дома твайго, і будзе ён табе служыць заўсёды. Падобна зробіш і з нявольніцай.
18 Хай не будзе табе прыкрым у вачах тваіх, што пускаеш яго на волю, бо ён адслужыў табе на працягу шасці гадоў столькі ж, колькі ты заплаціў бы найміту, і дабраславіць цябе Госпад, Бог твой, ва ўсіх справах, якія ты робіш.
19 Першародных мужчынскага роду, якія родзяцца ў кароў і авечак тваіх, маеш пасвяціць Госпаду, Богу твайму, не карыстайся ў працы першародным валом і не стрыжы першароднага з авечак.
20 Штогод перад абліччам Госпада, Бога твайго, у месцы, якое выбера Госпад, будзеш спажываць іх ты і сям’я твая.
21 Калі б мела яно якую загану, было кульгавае або сляпое, ці з іншай якой спракудай або немаччу, не складай такога ў ахвяру Госпаду, Богу твайму,
22 а ў брамах тваіх спажывай яго. Чысты і нячысты чалавек можа есці іх, як сарну або аленя.
23 Толькі крыві іх не еж, але, як ваду, вылівай на зямлю.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Паўторанага Закону, 15 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017