1 «Слухай, Ізраэль: ты пяройдзеш сёння праз Ярдан, каб завалодаць народамі моцнымі і мацнейшымі за цябе, гарадамі вялізнымі і ўмацаванымі аж да неба,
2 народам вялікім і высокім, сынамі Анака, якіх ты ведаеш і пра якіх ты чуў, якім ніхто не можа супрацьстаяць.
3 Дык ведай сёння, што Госпад, Бог твой, Сам пройдзе перад табой, як агонь знішчальны, які сатрэ іх і зрыне перад абліччам тваім, каб ты хутка выгнаў і знішчыў іх, як Ён сказаў табе.
4 Дык не кажы ў сэрцы сваім, калі Госпад, Бог твой, выганіць іх перад абліччам тваім: “Дзеля справядлівасці маёй увёў мяне Госпад, каб завалодаў я гэтаю зямлёю”, — бо дзеля злачынства народаў гэтых выганяе іх Госпад перад табою.
5 Бо вось не дзеля справядлівасці тваёй і праваты сэрца твайго ўвойдзеш ты, каб завалодаць зямлёю іх, але за тое, што яны чынілі бязбожна; па прыходзе тваім Госпад, Бог твой, выганіць іх перад табой, каб споўніў Госпад слова Сваё, якое пад прысягай абяцаў бацькам тваім, Абрагаму, Ізааку і Якубу.
6 Дык ведай, што не дзеля справядлівасці тваёй Госпад, Бог твой, даў табе гэтую добрую зямлю ва ўласнасць, бо ты народ цвёрдага карку.
7 Памятай і не забывайся, як раздражняў ты Госпада, Бога твайго, аж да гневу ў пустыні; з таго дня, як выйшаў ты з Егіпта і аж пакуль прыйшлі ў гэтае месца, працівіліся вы Госпаду.
8 Бо і на Гарэбе раздражнялі вы Яго, і, разгневаны, хацеў Ён знішчыць вас,
9 і калі я ўзышоў на гару, каб атрымаць каменныя табліцы, табліцы запавету, які заключыў Госпад з вамі, і быў я на гары сорак дзён і начэй, не еў хлеба і не піў вады.
10 І даў мне Госпад дзве каменныя табліцы, якія былі запісаны пальцам Бога і змяшчалі ўсе словы, якія вам сказаў Госпад на гары з сярэдзіны агню, калі народ сабраўся на сход.
11 Калі мінула сорак дзён і столькі ж начэй, даў мне Госпад дзве каменныя табліцы, табліцы запавету,
12 і сказаў мне: “Устань і сыдзі адсюль хутка, бо зграшыў народ твой, які вывеў ты з Егіпта; хутка пакінулі яны шлях, які загадаў Я ім, і зрабілі сабе ідала з металу”.
13 І зноў сказаў Госпад мне: “Бачу, што гэты народ ёсць цвёрдага карку,
14 дазволь Мне, каб Я знішчыў іх і сцёр іх імя з-пад неба, а з цябе Я зраблю народ дужэйшы і большы за гэты”.
15 І, павярнуўшыся, сышоў я з палаючай гары, і трымаў я аберуч дзве каменныя табліцы запавету.
16 І калі я ўбачыў, што вы зграшылі супраць Госпада, Бога вашага, і што зрабілі сабе літае цяля ды што хутка сышлі з дарогі Яго, якую Госпад вам загадаў,
17 схапіў я абедзве табліцы і кінуў іх рукамі сваімі, і разбіў іх перад абліччам вашым;
18 і ўпаў я перад Госпадам, як раней, сорак дзён і начэй не еў хлеба і не піў вады дзеля ўсіх грахоў вашых, якіх вы дапусціліся супраць Госпада і раздражнілі Яго да гневу,
19 бо баяўся я абурэння і гневу Яго, у якім, на вас разгневаны, Ён хацеў вас знішчыць. І выслухаў мяне Госпад нават у гэты раз.
20 Таксама быў Ён надта разгневаны на Аарона і хацеў яго вынішчыць, але і за яго тады я памаліўся.
21 А грэх ваш, які вы ўчынілі, гэта значыць цяля, я, схапіўшы, спаліў агнём і, разбіўшы на кавалкі, дашчэнту сцёр на попел і кінуў у ручай, які сцякаў з гары.
22 І ў Табэры, і ў Масе, і ў Кіброт-Гатаве яшчэ раздражнялі вы Госпада.
23 І калі пасылаў вас Госпад з Кадэс-Барнэ, кажучы: “Ідзіце і авалодайце зямлёй, якую Я даў вам”, то вы супрацівіліся волі Госпада, Бога вашага, і не паверылі Яму, і не захацелі паслухацца голасу Яго.
24 Вы заўсёды працівіліся Госпаду, ад дня, як пачаў я вас ведаць.
25 І ляжаў я перад Госпадам сорак дзён і начэй, на працягу якіх пакорна маліў, каб Ён не нішчыў вас, як прыгразіў.
26 І ў малітве прасіў: “Госпадзе, Божа, не губі народ Твой і спадчыну Тваю, якую адкупіў Ты веліччу Сваёй, бо вывеў з Егіпта дужаю рукой.
27 Памятай пра паслугачоў Сваіх, Абрагама, Ізаака і Якуба; і не глядзі на закамянеласць народа гэтага і на бязбожнасць, а таксама грэх,
28 каб часам жыхары зямлі, з якой Ты вывеў нас, не казалі: “Не мог Госпад увесці іх у зямлю, якую абяцаў ім, і ўзненавідзеў іх; з гэтай прычыны і вывеў, каб забіць іх у пустыні”.
29 А яны ж — Твой народ і спадчына Твая, тыя, якіх Ты вывеў Сваёй вялікай сілаю і ўзнятым плячом Сваім”.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга Паўторанага Закону, 9 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017