1 І так адышоў Майсей і прамовіў усе гэтыя словы да ўсяго Ізраэля,
2 і сказаў ім: «Маю ўжо сёння сто дваццаць гадоў. Не магу больш выходзіць і ўваходзіць, хаця нават Госпад сказаў мне: “Не пяройдзеш ты Ярдан гэты”.
3 Госпад, Бог твой, Сам пойдзе перад табою; Ён знішчыць гэтыя народы перад абліччам тваім, і ты завалодаеш імі, і Ешуа пойдзе перад табою, як сказаў Госпад.
4 І зробіць ім Госпад, як зрабіў Сэгону і Огу, царам амарэяў, і зямлі іх, і знішчыў іх.
5 Калі ж нават іх выдасць Ён вам, зрабіце вы з імі паводле ўсіх прыказанняў, якія я загадаў вам.
6 Дзейнічайце мужна і будзьце адважнымі, не бойцеся і не палохайцеся, бачачы іх, бо Госпад, Бог твой, Сам ёсць правадыр твой, Ён не пакіне цябе і не адступіцца ад цябе».
7 Потым паклікаў Майсей Ешуа і сказаў яму перад усім Ізраэлем: «Будзь мужным і моцным, бо ты ўвядзеш народ гэты ў зямлю, якою прысягнуў Госпад, што мае даць яе бацькам іх, і ты яе падзеліш па жэрабі.
8 А Госпад, Які ёсць правадыр твой, Сам будзе з табою, не пакіне цябе і не адступіцца ад цябе, дык не бойся і не трывожся».
9 І напісаў Майсей закон гэты і перадаў яго святарам, сынам Леві, якія насілі каўчэг запавету Госпада і ўсім старэйшынам Ізраэля.
10 І загадаў ім Майсей, кажучы: «Па сямі гадах, у год адпушчэння, у свята палатак,
11 калі сыдуцца ўсе, хто з Ізраэля, каб з’явіцца перад абліччам Госпада, Бога твайго, у месцы, якое Ён абярэ, прачытай словы гэтага закону перад усім Ізраэлем, каб чулі іх;
12 збяры ўвесь народ, мужчын і жанчын, дзяцей і чужынцаў, якія пражываюць у брамах тваіх, каб яны слухалі і вучыліся ды каб баяліся Госпада, Бога вашага, і бераглі, і спаўнялі ўсе словы гэтага закону.
13 Таксама сыны іх, якія яшчэ не ведаюць, хай слухаюць і вучацца баяцца Госпада, Бога вашага, ва ўсе дні, як доўга будзеце жыць на зямлі, у якую вы, перайшоўшы Ярдан, выпраўляецеся, каб атрымаць ва ўласнасць».
14 І сказаў Госпад Майсею: «Вось жа, набліжаецца дзень смерці тваёй. Пакліч Ешуа і станьце ў палатцы сустрэчы, каб Я даў яму даручэнні». Дык Майсей і Ешуа пайшлі і сталі ў палатцы сустрэчы.
15 І Госпад аб’явіўся там у воблачным слупе, які стаяў ля ўваходу ў палатку.
16 І сказаў Госпад Майсею: «Вось жа, ты заснеш з бацькамі сваімі, а народ гэты паўстане, каб хадзіць распусна за чужымі багамі зямлі, у якую ўвойдзеце; тады пакіне ён Мяне і парушыць запавет, які Я заключыў з ім.
17 І ўзгарыцца гнеў Мой супраць яго ў той дзень, і пакіну Я іх, і схаваю аблічча Маё ад іх, і будзе гэта на загубу; прыйдуць на яго многія беды і ўціскі, так што скажа ён у той дзень: “Напэўна, за тое, што няма Бога са мной, нахлынулі гэтыя беды на мяне”.
18 Я, вось, схаваю і не пакажу аблічча Майго ў той дзень дзеля ўсіх злачынстваў, якіх ён дапусціўся, бо пайшоў ён за багамі чужымі.
19 Запішыце цяпер сабе гэты гімн. Навучы яму сыноў Ізраэля, каб захавалі яго ў памяці і выконвалі, спяваючы, каб гэтая песня была Мне сведкаю паміж сыноў Ізраэля.
20 Бо Я ўвяду яго ў зямлю, якою прысягнуў Я бацькам яго, якая ацякае малаком і мёдам. Калі будзе ён есці і стане сыты і тлусты, то павернецца да чужых багоў; і будуць яны служыць ім, а Мною пагардзяць і знішчаць запавет Мой.
21 А калі наведаюць яго многія беды і крыўды, гэты гімн будзе сведчыць супраць яго, бо ніякае забыццё не вынішчыць яго з вуснаў нашчадкаў яго. Я бо ведаю думкі яго, што ён робіць сёння, перш, чым увяду яго ў зямлю, якую абяцаў яму».
22 Дык запісаў Майсей гэты гімн у той дзень і навучыў сыноў Ізраэля.
23 А Госпад загадаў Ешуа, сыну Нуна, і сказаў: «Будзь мужным і моцным, бо ты ўвядзеш сыноў Ізраэля ў зямлю, якую Я абяцаў ім, а Я буду з табою».
24 Дык калі Майсей закончыў пісаць словы гэтага закону ў скрутку,
25 то загадаў левітам, якія насілі каўчэг запавету Госпада, кажучы:
26 «Вазьміце гэтую кнігу закону і пакладзіце яе побач з каўчэгам запавету Госпада, Бога вашага, каб была яна там сведкам супраць цябе.
27 Я вось знаю ўпартасць тваю і вельмі цвёрды твой карак. Вось і зараз, калі жыву з вамі, заўсёды вы былі ўпартыя адносна Госпада, а тым больш па смерці маёй.
28 Збярыце да мяне ўсіх старэйшын пакаленняў вашых, а таксама кіраўнікоў вашых, і скажу я ім словы гэтыя, каб яны пачулі, і паклічу я супраць іх неба і зямлю.
29 Бо я ведаю, што пасля маёй смерці ліхое чыніць будзеце і адвернецеся ад дарогі, якую я вам загадаў, і напаткаюць вас у апошнія часы няшчасці, калі дапусціцеся ліхога перад абліччам Госпада, так што разгневаеце Яго ўчынкамі рук вашых».
30 Так прамаўляў Майсей, і слухаў яго ўвесь сход ізраэльскі, і выказаў ён да канца словы гэтага гімна:
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга Паўторанага Закону, 31 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017