Другі закон 31 разьдзел
Другі закон
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017
І пайшоў Майсей, і гаварыў словы гэтыя ўсім сынам Ізраіля,
І так адышоў Майсей і прамовіў усе гэтыя словы да ўсяго Ізраэля,
і сказаў ім: цяпер мне сто дваццаць гадоў, я не магу ўжо выходзіць і ўваходзіць, і Гасподзь сказаў мне: «ты не пяройдзеш Ярдан гэты»;
і сказаў ім: «Маю ўжо сёння сто дваццаць гадоў. Не магу больш выходзіць і ўваходзіць, хаця нават Госпад сказаў мне: “Не пяройдзеш ты Ярдан гэты”.
Гасподзь, Бог твой, Сам пойдзе перад табою; Ён зьнішчыць народы гэтыя ад аблічча твайго, і ты авалодаеш імі; Ісус пойдзе перад табою, як казаў Гасподзь;
Госпад, Бог твой, Сам пойдзе перад табою; Ён знішчыць гэтыя народы перад абліччам тваім, і ты завалодаеш імі, і Ешуа пойдзе перад табою, як сказаў Госпад.
і ўчыніць Гасподзь зь імі так, як Ён учыніў зь Сігонам і Огам, царамі Амарэйскімі, і зь зямлёю іхняю, якіх Ён зьнішчыў;
І зробіць ім Госпад, як зрабіў Сэгону і Огу, царам амарэяў, і зямлі іх, і знішчыў іх.
і аддасьць іх Гасподзь вам, і вы зробіце зь імі паводле ўсіх запаведзяў, якія наказаў я вам;
Калі ж нават іх выдасць Ён вам, зрабіце вы з імі паводле ўсіх прыказанняў, якія я загадаў вам.
будзьце цьвёрдыя і мужныя, ня бойцеся, і не палохайцеся іх, бо Гасподзь, Бог твой, Сам пойдзе з табою, не адступіць ад цябе і не пакіне цябе.
Дзейнічайце мужна і будзьце адважнымі, не бойцеся і не палохайцеся, бачачы іх, бо Госпад, Бог твой, Сам ёсць правадыр твой, Ён не пакіне цябе і не адступіцца ад цябе».
І паклікаў Майсей Ісуса і перад вачыма ўсіх Ізраільцянаў сказаў яму: будзь цьвёрды і мужны, бо ты ўвойдзеш з народам гэтым у зямлю, даць якую яму Гасподзь запрысягаўся бацькам ягоным, і ты падзеліш яе на дзялянкі яму;
Потым паклікаў Майсей Ешуа і сказаў яму перад усім Ізраэлем: «Будзь мужным і моцным, бо ты ўвядзеш народ гэты ў зямлю, якою прысягнуў Госпад, што мае даць яе бацькам іх, і ты яе падзеліш па жэрабі.
Гасподзь Сам пойдзе перад табою, Сам будзе з табою, не адступіцца ад цябе і не пакіне цябе; ня бойся і не жахайся.
А Госпад, Які ёсць правадыр твой, Сам будзе з табою, не пакіне цябе і не адступіцца ад цябе, дык не бойся і не трывожся».
І напісаў Майсей закон гэты і аддаў яго сьвятарам сынам Лявііным, якія носяць каўчэг запавету Гасподняга, і ўсім старэйшынам сыноў Ізраілевых.
І напісаў Майсей закон гэты і перадаў яго святарам, сынам Леві, якія насілі каўчэг запавету Госпада і ўсім старэйшынам Ізраэля.
І наказаў ім Майсей і сказаў: як пройдзе сем гадоў, у год адпусту, у сьвята кучак,
І загадаў ім Майсей, кажучы: «Па сямі гадах, у год адпушчэння, у свята палатак,
калі ўвесь Ізраіль прыйдзе зьявіцца прад аблічча Госпада, Бога твайго, на месца, якое выбера Гасподзь, чытай гэты закон перад усім Ізраілем у слых ягоны;
калі сыдуцца ўсе, хто з Ізраэля, каб з’явіцца перад абліччам Госпада, Бога твайго, у месцы, якое Ён абярэ, прачытай словы гэтага закону перад усім Ізраэлем, каб чулі іх;
зьбяры народ, мужчын і жанчын і дзяцей і прыхадняў тваіх, якія будуць у селішчах тваіх, каб яны слухалі і вучыліся і каб баяліся Госпада, Бога вашага, і стараліся выконваць усе словы закона гэтага;
збяры ўвесь народ, мужчын і жанчын, дзяцей і чужынцаў, якія пражываюць у брамах тваіх, каб яны слухалі і вучыліся ды каб баяліся Госпада, Бога вашага, і бераглі, і спаўнялі ўсе словы гэтага закону.
і сыны іхнія, якія ня ведаюць гэтага, пачуюць і навучацца баяцца Госпада, Бога вашага, ва ўсе дні, пакуль вы жыцьмеце на зямлі, у якую вы пераходзіце за Ярдан, каб авалодаць ёю.
Таксама сыны іх, якія яшчэ не ведаюць, хай слухаюць і вучацца баяцца Госпада, Бога вашага, ва ўсе дні, як доўга будзеце жыць на зямлі, у якую вы, перайшоўшы Ярдан, выпраўляецеся, каб атрымаць ва ўласнасць».
І сказаў Гасподзь Майсею: вось, дні твае наблізіліся да сьмерці; пакліч Ісуса і станьце каля ўваходу ў скінію сходу, і Я дам яму настаўленьні. І прыйшоў Майсей і Ісус, і сталі каля ўваходу ў скінію сходу.
І сказаў Госпад Майсею: «Вось жа, набліжаецца дзень смерці тваёй. Пакліч Ешуа і станьце ў палатцы сустрэчы, каб Я даў яму даручэнні». Дык Майсей і Ешуа пайшлі і сталі ў палатцы сустрэчы.
І зьявіўся Гасподзь у скінію ў слупе воблачным, і стаў слуп воблачны каля ўваходу ў скінію.
І Госпад аб’явіўся там у воблачным слупе, які стаяў ля ўваходу ў палатку.
І сказаў Гасподзь Майсею: вось, ты спачнеш з бацькамі тваімі, і пачне народ гэты аблудна хадзіць сьледам за чужымі багамі той зямлі, у якую ён уступае, і пакіне Мяне, і парушыць запавет Мой, які я пастанавіў зь ім;
І сказаў Госпад Майсею: «Вось жа, ты заснеш з бацькамі сваімі, а народ гэты паўстане, каб хадзіць распусна за чужымі багамі зямлі, у якую ўвойдзеце; тады пакіне ён Мяне і парушыць запавет, які Я заключыў з ім.
і запаліцца гнеў Мой на яго ў той дзень, і Я пакіну іх і схаваю аблічча Маё ад іх, і ён зьнішчаны будзе, і дастануць яго многія бядоты і скрухі, і скажа ён у той дзень: «ці не таму спасьціглі мяне гэтыя бядоты, што няма Бога майго, сярод мяне?»
І ўзгарыцца гнеў Мой супраць яго ў той дзень, і пакіну Я іх, і схаваю аблічча Маё ад іх, і будзе гэта на загубу; прыйдуць на яго многія беды і ўціскі, так што скажа ён у той дзень: “Напэўна, за тое, што няма Бога са мной, нахлынулі гэтыя беды на мяне”.
І Я схаваю аблічча Маё ў той дзень за ўсе беззаконьні ягоныя, якія ён учыніць, павярнуўшыся да іншых багоў.
Я, вось, схаваю і не пакажу аблічча Майго ў той дзень дзеля ўсіх злачынстваў, якіх ён дапусціўся, бо пайшоў ён за багамі чужымі.
Дык вось, напішэце сабе словы песьні гэтай, і навучы ёй сыноў Ізраілевых, і ўкладзі іх у вусны іхнія, каб песьня гэтая была Мне сьведчаньнем на сыноў Ізраілевых;
Запішыце цяпер сабе гэты гімн. Навучы яму сыноў Ізраэля, каб захавалі яго ў памяці і выконвалі, спяваючы, каб гэтая песня была Мне сведкаю паміж сыноў Ізраэля.
бо Я ўвяду іх у зямлю добрую, як Я прысягаўся бацькам іхнім, дзе цячэ малако і мёд, і яны будуць есьці і наядацца, і атлусьцеюць, і павернуцца да іншых багоў, і слугавацьмуць ім, а Мяне адкінуць і парушаць запавет Мой;
Бо Я ўвяду яго ў зямлю, якою прысягнуў Я бацькам яго, якая ацякае малаком і мёдам. Калі будзе ён есці і стане сыты і тлусты, то павернецца да чужых багоў; і будуць яны служыць ім, а Мною пагардзяць і знішчаць запавет Мой.
і калі спасьцігнуць іх многія бядоты і скрухі, тады песьня гэтая будзе супроць іх сьведчыць, бо яна ня выйдзе з вуснаў нашчадкаў іхніх. Я ведаю думкі іхнія, якія яны маюць сёньня, раней чым Я ўвёў іх у зямлю, за якую Я прысягаўся.
А калі наведаюць яго многія беды і крыўды, гэты гімн будзе сведчыць супраць яго, бо ніякае забыццё не вынішчыць яго з вуснаў нашчадкаў яго. Я бо ведаю думкі яго, што ён робіць сёння, перш, чым увяду яго ў зямлю, якую абяцаў яму».
І напісаў Майсей песьню гэтую ў той дзень і навучыў ён сыноў Ізраілевых.
Дык запісаў Майсей гэты гімн у той дзень і навучыў сыноў Ізраэля.
І наказаў Гасподзь Ісусу, сыну Нава, і сказаў: будзь цьвёрды і мужны, бо ты ўвядзеш сыноў Ізраілевых у зямлю, за якую Я прысягаў ім, і Я буду з табою.
А Госпад загадаў Ешуа, сыну Нуна, і сказаў: «Будзь мужным і моцным, бо ты ўвядзеш сыноў Ізраэля ў зямлю, якую Я абяцаў ім, а Я буду з табою».
Калі Майсей упісаў у кнігу ўсе словы закона гэтага да канца,
Дык калі Майсей закончыў пісаць словы гэтага закону ў скрутку,
тады Майсей загадаў лявітам, якія носяць каўчэг запавету Гасподняга, сказаўшы:
то загадаў левітам, якія насілі каўчэг запавету Госпада, кажучы:
вазьмеце гэтую кнігу закона і пакладзеце яе праваруч каўчэга запавету Госпада, Бога вашага, і яна табе будзе сьведчаньнем супроць цябе;
«Вазьміце гэтую кнігу закону і пакладзіце яе побач з каўчэгам запавету Госпада, Бога вашага, каб была яна там сведкам супраць цябе.
бо я ведаю ўпартасьць тваю і цьвёрдахрыбетнасьць тваю: вось і цяпер, калі я жыву з вамі сёньня, вы ўпартыя прад Госпадам; ці ж ня тым болей пасьля сьмерці маёй?
Я вось знаю ўпартасць тваю і вельмі цвёрды твой карак. Вось і зараз, калі жыву з вамі, заўсёды вы былі ўпартыя адносна Госпада, а тым больш па смерці маёй.
зьбярэце да мяне ўсіх старэйшынаў плямёнаў вашых і наглядчыкаў вашых, і я скажу ў слых іхні словы гэтыя і паклічу ў сьведчаньне на іх неба і зямлю;
Збярыце да мяне ўсіх старэйшын пакаленняў вашых, а таксама кіраўнікоў вашых, і скажу я ім словы гэтыя, каб яны пачулі, і паклічу я супраць іх неба і зямлю.
бо я ведаю, што пасьля сьмерці маёй вы разбэсьціцеся і ўхіліцеся ад дарогі, якую я наказваў вам, і з часам спасьцігнуць вас бядоты за тое, што вы будзеце рабіць ліхату прад вачыма Госпада, раздражняючы Яго дзеямі рук сваіх.
Бо я ведаю, што пасля маёй смерці ліхое чыніць будзеце і адвернецеся ад дарогі, якую я вам загадаў, і напаткаюць вас у апошнія часы няшчасці, калі дапусціцеся ліхога перад абліччам Госпада, так што разгневаеце Яго ўчынкамі рук вашых».
І прамовіў Майсей у слых усяму сходу Ізраільцянаў словы песьні гэтай да канца:
Так прамаўляў Майсей, і слухаў яго ўвесь сход ізраэльскі, і выказаў ён да канца словы гэтага гімна: