Другі закон 12 разьдзел

Другі закон
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Вось пастановы і законы, якія вы павінны выконваць у зямлі, якую Гасподзь, Бог бацькоў тваіх, дае табе ў валоданьне, на ўсе дні, якія вы жыцьмеце на той зямлі.
 
Такія вось загады і законы, якія вы павінны спаўняць у зямлі, якую Госпад, Бог бацькоў вашых, мае даць табе, каб валодаў ты ёю ва ўсе дні, у якія крочыш ты па зямлі:

Зьнішчыце ўсе мясьціны, дзе народы, якімі вы авалодаеце, служылі багам сваім, на высокіх горах і на пагорках і пад усякім галінастым дрэвам;
 
«Знішчыце ўсе месцы, дзе народы, якімі вы маеце валодаць, служылі багам сваім, на гарах, на ўзгорках і пад кожным зялёным дрэвам.

і разбурце ахвярнікі іхнія і паламайце слупы іхнія, і спалеце агнём гаі іхнія і пабеце балваноў — багоў іхніх, і вынішчыце імя іхняе ў месцы тым.
 
Разваліце ахвярнікі іх, пабіце каменныя слупы іх, агнём спаліце гаі іх, і ідалаў паразбівайце, і сатрыце імёны іх з гэтых месцаў.

Але ня тое павінны вы рабіць Госпаду, Богу вашаму,
 
Не рабіце так Госпаду, Богу вашаму,

бо толькі на месцы, якое выбера Гасподзь, Бог ваш, з усіх плямёнаў вашых, каб быць імю Ягонаму там, зьвяртайцеся і туды прыходзьце,
 
але на месца, якое Госпад, Бог ваш, выбера з усіх пакаленняў вашых, каб там памясціць імя Сваё і на ім жыць, прыходзьце,

і туды прыносьце цэласпаленьні вашыя і ахвяры вашыя, і дзесяціны вашыя і ўзьнясеньне рук вашых, і абяцаньні вашыя і дабравольныя прынашэньні вашыя, і першынцаў буйнога быдла вашага і дробнага быдла вашага;
 
і ў гэтым месцы складайце цэласпаленні і крывавыя ахвяры вашы, дзесяціны ды дары рук вашых, і тое, у чым прысягалі, і добраахвотныя ахвяры першародных валоў і авечак.

і ежце там прад Госпадам, Богам вашым, і радуйцеся вы і сем’і вашыя з усяго, што рабілася рукамі вашымі, чым дабраславіў цябе Гасподзь, Бог твой.
 
Там, перад абліччам Госпада, Бога вашага, ежце і весяліцеся з усяго, да чаго прыклалі рукі вы і сям’я ваша, у чым дабраславіў вас Госпад, Бог ваш.

Там вы не павінны рабіць усяго, як мы цяпер тут робім, кожны, што яму здаецца правільным;
 
Не рабіце паводле ўсяго таго, што мы тут робім сёння, кожны, што яму здаецца добрым,

бо вы сёньня яшчэ ня ўступілі ў мясьціну спакою і дзялянку, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе.
 
бо вы яшчэ не дасягнулі на сённяшні дзень супакою і ўласнасці, якую Госпад, Бог ваш, мае даць вам.

Але калі пяройдзеце Ярдан і аселіцеся на зямлі, якую Гасподзь, Бог ваш, дае вам у долю, і калі Ён супакоіць вас ад усіх ворагаў вашых, што атачаюць вас, і жыцьмеце ў бясьпецы,
 
Вы пяройдзеце Ярдан і абжывецеся на зямлі, якую Госпад, Бог ваш, мае даць вам, каб жылі ў супакоі ад усіх ворагаў навокал ды жылі без аніякага страху

тады, якое месца выбера Гасподзь, Бог ваш, каб быць імю Ягонаму там, туды прыносьце ўсё, што я наказваю вам: цэласпаленьні вашыя і ахвяры вашыя, дзесяціны вашыя і ўзьнясенье рук вашых і ўсё, выбранае паводле абяцаньняў вашых, што вы абяцалі Госпаду вашаму;
 
ў месцы, якое выбера Госпад, Бог ваш, каб у ім прабывала імя Яго, туды прыносьце, што я загадваю: цэласпаленні, крывавыя ахвяры, дзесяціны, дары рук вашых і тую найлепшую з ахвяр, якою прысягнеце вы Госпаду.

і радуйцеся прад Госпадам, Богам вашым, вы і сыны вашыя і дочкі вашыя, і рабы вашыя і рабыні вашыя, і лявіт, які сярод селішчаў вашых, бо няма яму долі і дзялянкі з вамі.
 
Там перад Госпадам, Богам вашым, цешцеся вы, і сыны, і дочкі вашы, паслугачы і паслугачкі, а таксама левіт, які ў гарадах вашых прабывае; бо не мае ён ані часткі, ані ўласнасці паміж вамі.

Асьцерагайся прыносіць цэласпаленьні твае на ўсякім месцы, якое ты ўбачыш;
 
Сцеражыся, каб не складаць сваіх ахвяр цэласпальных на кожным месцы, якое ўбачыш,

а толькі на тым месцы, якое выбера Гасподзь у адным з плямёнаў тваіх, прынось цэласпаленьні твае і рабі ўсё, што наказваю табе.
 
але на тое, якое выбера Госпад у адным з пакаленняў тваіх, занясі цэласпальныя ахвяры і там зрабі ўсё, што я табе загадваю.

А ў астатнім калі толькі зажадае душа твая, можаш закалоць і есьці, па дабраславеньні Госпада, Бога твайго, мяса, якое Ён даў табе, ва ўсіх селішчах тваіх: нячысты і чысты можа есьці гэта, як сарну і як аленя;
 
Калі ж захочаш есці і мясная ежа будзе даспадобы табе, забі [жывёлу] і з’еж мяса па дабраславенні Госпада, Бога твайго, якое даў Ён табе ва ўсіх гарадах тваіх: чысты і нячысты можа есці яго, як сарну, так і аленя,

толькі крыві ня ежце: на зямлю вылівайце яе, як ваду.
 
за выняткам крыві: яе выльеш на зямлю, як ваду.

Нельга табе есьці ў селішчах тваіх дзесяціны хлеба твайго і віна твайго і алею твайго, і першынцаў буйнога быдла твайго і дробнага быдла твайго, і ўсіх абяцаньняў тваіх, якія ты абяцаў, і дабравольных прынашэньняў тваіх, і ўзьнясеньня рук тваіх;
 
Не зможаш есці ў гарадах тваіх дзесяціны са збожжа, віна і алівы тваёй, першародных бычкоў і авечак, ані ўсяго таго, на чым прысягнуў ты і што захацеў скласці на добраахвотную ахвяру, ані першага плёну рук тваіх.

а еж гэта прад Госпадам, Богам тваім, на тым месцы, якое выбера Гасподзь, Бог твой, — ты і сын твой і дачка твая, і раб твой і рабыня твая, і лявіт, які ў селішчах тваіх, і радуйся прад Госпадам, Богам тваім, за ўсё, што робіцца рукамі тваімі.
 
Але будзеш есці іх перад абліччам Госпада, Бога твайго, у месцы, якое выбера Госпад, Бог твой, ты, і сын твой, і дачка твая, паслугач і паслугачка, таксама левіт, які знаходзіцца ў гарадах тваіх; і будзеш цешыцца перад Госпадам, Богам тваім, з усяго, да чаго прыкладзеш руку сваю.

Глядзі, не пакідай лявіта ўсе дні, якія жыцьмеш на зямлі тваёй.
 
Чувай, каб не пакідаў ты левіта ўвесь час, калі будзеш жыць у зямлі тваёй.

Калі пашырыць Гасподзь, Бог твой, межы твае, як Ён казаў табе, і ты скажаш: «паем я мяса», бо душа твая зажадае есьці мяса, — тады, па жаданьні душы тваёй, еж мяса.
 
Калі пашырыць Госпад, Бог твой, межы твае, як сказаў Ён табе, і ты захочаш есці мяса, якога жадае душа твая, тады еж мяса паводле кожнага прагнення душы сваёй;

Калі будзе далёка ад цябе тое месца, якое выбера Гасподзь, Бог твой, каб быць імю Ягонаму там, дык калі з буйнога і дробнага быдла твайго, якое даў табе Гасподзь, як я загадаў табе, і еж у селішчах тваіх, па жаданьні душы тваёй;
 
а калі б далёка было месца, якое выбера Госпад, Бог твой, каб было там імя Яго, то забі з буйной і дробнай жывёлы, якую даў табе Госпад і як загадаў я табе, і спажывай у гарадах тваіх, як табе заўгодна.

але еж іх так, як ядуць сарну і аленя; нячысты як і чысты могуць есьці гэта;
 
Еж іх так, як ядуць сарну і аленя; і чысты, і нячысты хай спажываюць разам.

толькі строга сачы, каб ня есьці крыві, бо кроў ёсьць душа: ня еж душы разам зь мясам;
 
Аднаго толькі высцерагайся, каб не спажываць крыві; бо кроў ёсць душа іх, і таму не павінен ты есці душу разам з мясам.

ня еж яе: вылівай яе на зямлю, як ваду;
 
Не спажывай яе, але вылівай на зямлю, як ваду.

ня еж яе, каб добра было табе і дзецям тваім пасьля цябе, калі будзеш рабіць добрае і справядлівае прад вачыма Госпада.
 
Не спажывай яе, каб добра табе было і дзецям тваім па табе, калі будзеш рабіць тое, што прыстойна перад абліччам Госпада.

Толькі сьвятыні твае, якія будуць у цябе, і абяцаньні твае прынось, і прыходзь на тое месца, якое выбера Гасподзь,
 
Але тое, што пасвяціў ты і склаў праз прысягу Госпаду, вазьмі і прыходзь у тое месца, якое выбраў Госпад,

і прынось цэласпаленьні твае, мяса і кроў, на ахвярніку Госпада, Бога твайго; а кроў ахвяраў тваіх павінна пралівацца каля ахвярніка Госпада, Бога твайго, а мяса еж.
 
і ахвяруй цэласпаленні свае, мяса і кроў, на ахвярніку Госпада, Бога твайго; кроў ахвяр тваіх выльеш на ахвярніку, а мяса сам з’еж.

Слухай і выконвай усе словы гэтыя, якія наказваю табе, каб добра было табе і дзецям тваім пасьля цябе вавек, калі будзеш рабіць добрае і заўгоднае прад вачыма Госпада, Бога твайго.
 
Падпарадкоўвайся і слухайся ўсяго, што я загадваю табе, каб добра табе было і дзецям тваім па табе на векі, калі споўніш, што добрае і што мілае перад абліччам Госпада, Бога твайго.

Калі Гасподзь, Бог твой, вынішчыць ад аблічча твайго народы, да якіх ты ідзеш, каб узяць іх у валоданьне, і ты, узяўшы іх, паселішся ў зямлі іхняй,
 
Калі Госпад, Бог твой, раскідае перад абліччам тваім народы, да якіх ты ідзеш, каб завалодаць імі, і ты завалодаеш імі, і абжывешся на іх зямлі,

тады асьцерагайся, каб ты ня трапіў у сетку, ідучы за імі, пасьля зьнішчэньня іх ад аблічча твайго, і ня шукаў багоў іншых, кажучы: «як служылі народы гэтыя багам сваім, так і я рабіцьму»;
 
сцеражыся, каб не трапіць у сеці праз іх, пасля таго, як яны, па прыходзе тваім, будуць выгублены, ды каб не шукаў іх абрадаў, кажучы: “Як служылі гэтыя народы сваім багам, так і я буду служыць”.

не рабі так Госпаду, Богу твайму, бо ўсё, чым гідзіцца Гасподзь, што ненавідзіць Ён, яны робяць багам сваім: яны і сыноў сваіх і дочак сваіх спальваюць на агні багам сваім.
 
Не рабі падобным чынам Госпаду, Богу твайму, бо ўсе брыдкія рэчы, якія адвяргае Госпад і якія ненавідзіць, яны чынілі для сваіх багоў, нават сваіх сыноў і дачок складаючы ў ахвяру і праводзячы праз агонь.

Усё, што я наказваю вам, старайцеся выконваць; не дадавай да таго і не адымай ад таго.
 
Што я загадваю вам, тое і беражыце і рабіце, не дадавай нічога і не аднімай.