Другі закон 15 разьдзел

Другі закон
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

А ў канцы кожнага сёмага года рабі адпушчэньне.
 
У канцы сёмага года рабі дараванне,

А адпушчэньне ў тым, каб кожны пазыковец, які пазычыў блізкаму свайму, дараваў пазыку і не спаганяў з блізкага свайго альбо з брата свайго, бо абвешчана дараваньне дзеля Госпада;
 
і адзначай гэта наступным чынам: калі хто даў якую пазыку блізкаму ці брату свайму, то не зможа ён спагнаць, бо гэта год даравання на ўшанаванне Госпада.

з чужаземца спаганяй, а што будзе твайго ў брата твайго, даруй.
 
З чужога спаганяй, з суайчынніка ж і блізкага не будзеш мець магчымасці вымагаць тое, што тваё.

Хіба толькі ня будзе ў цябе ўбогага: бо дабраславіць цябе Гасподзь на той зямлі, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе ў дзялянку, каб ты ўспадкаваў яе,
 
Але жабрака не павінна быць у цябе, бо Госпад, Бог твой, будзе дабраслаўляць цябе ў зямлі, якую мае даць табе ва ўласнасць, каб ты ўзяў яе ў спадчыну,

калі толькі будзеш слухаць голасу Госпада, Бога твайго, і старацца выконваць усе запаведзі гэтыя, якія я сёньня наказваю табе;
 
калі толькі будзеш слухаць голас Госпада, Бога твайго, і пільнаваць кожнае прыказанне гэтае, якое сёння я табе загадваю.

бо Гасподзь, Бог твой, дабраславіць цябе, як Ён казаў табе, і ты будзеш даваць пазыку многім народам, а сам ня будзеш браць пазыкі; і валадарыць будзеш над многімі народамі, а яны над табою ня будуць валадарыць.
 
Бо Госпад, Бог твой, будзе дабраслаўляць цябе, як было абяцана. Ты будзеш даваць пазыку многім народам, а сам ні ў каго не бяры пазыкі; будзеш валадарыць над многімі народамі, а над табою ніхто не будзе панаваць.

Калі ж будзе ў цябе ўбогі, хто-небудзь з братоў тваіх, у адным зь селішчаў тваіх на зямлі тваёй, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе, дык не ачэрсьцьві сэрца твайго і не затулі рукі тваёй перад зубожаным братам тваім,
 
Калі адзін з братоў тваіх, якія жывуць у адным з гарадоў тваіх, у зямлі, якую мае даць табе Госпад, Бог твой, дайшоў да ўбогасці, не закамяні сэрца свайго і не сцісні руку,

а растулі перад ім руку тваю і пазыч яму, гледзячы па ягонай патрэбе, у чым ён мае патрэбу;
 
але адкрый яе перад убогім братам сваім і дай пазыку такую, якая, на твой погляд, яму будзе патрэбная.

пільнуйся, каб не зарадзілася ў сэрцы тваім ліхая думка: «набліжаецца сёмы год, год адпушчэньня», і каб ад таго вока тваё не зрабілася немілажальным да ўбогага брата твайго, і ты не адмовіў яму; бо ён залямантуе на цябе да Госпада, і будзе на табе грэх;
 
Сцеражыся, каб не падкралася да цябе нягодная думка: “Блізка сёмы год, год даравання”, каб не адводзіў ты вачэй сваіх ад убогага брата свайго, не жадаючы даць яму той пазыкі, якой ён патрабуе, каб той не прызываў Госпада супраць цябе ды каб не сталася гэта грахом.

дай яму, і калі давацьмеш яму, хай не зажурыцца сэрца тваё, бо за тое дабраславіць цябе Гасподзь, Бог твой, ва ўсіх дзеях тваіх і ва ўсім, што будзе рабіцца тваімі рукамі;
 
Але дай яму і хай не сумуе сэрца тваё, што трэба падтрымаць яго ў нястачы, бо праз гэта дабраславіць цябе Госпад, Бог твой, у кожнай справе тваёй ды ва ўсім, да чаго прыкладзеш ты рукі.

бо ўбогія заўсёды будуць на зямлі; таму я і загадваю табе: растуляй руку тваю перад братам тваім, бедным тваім і жабраком тваім на зямлі тваёй.
 
Будуць убогія ў зямлі пражывання твайго, дзеля таго я загадваю табе, каб ты адкрываў руку дзеля брата твайго, няшчаснага і ўбогага, які жыве з табою на зямлі тваёй.

Калі прадасца табе брат твой, Габрэй, альбо Габрэйка, дык шэсьць гадоў павінен ён быць рабом табе, а на сёмым годзе адпусьці яго ад сябе на волю;
 
Калі табе будзе прададзены брат твой, гебрай або гебрайка, і будзе служыць табе шэсць гадоў, то на сёмы год адпусці яго на волю.

а калі будзеш адпускаць яго ад сябе на волю, не адпусьці яго з пустымі рукамі,
 
І не дапусці, каб той, каму ты даеш свабоду, пайшоў з пустымі рукамі.

а надзялі яго ад статкаў тваіх, ад гумна твайго і ад чавіла твайго: дай яму, чым спадобіў цябе Гасподзь, Бог твой;
 
Але дай яму на дарогу штосьці з жывёлы тваёй, току твайго і тоўчні тваёй, якімі дабраславіў цябе Госпад, Бог твой.

памятай, што і ты быў рабом у зямлі Егіпецкай і выбавіў цябе Гасподзь, Бог твой, таму я сёньня і наказваю табе гэта.
 
Прыпомні сабе, што і ты сам быў нявольнікам у зямлі Егіпецкай, і вызваліў цябе Госпад, Бог твой; таму вось я цяпер загадваю табе гэта.

А калі ён скажа табе: «не пайду я ад цябе, бо я люблю цябе і дом твой», таму што добра яму ў цябе,
 
А ён, можа, скажа: “Я не хачу адыходзіць”, таму што любіць цябе, і дом твой, і добра сябе адчувае ў цябе.

дык вазьмі шыла і прыкалі вуха ягонае да дзьвярэй; і будзе ён рабом тваім навекі. Так рабі і з рабыняй тваёю.
 
Тады вазьмі шыла і пракалі вуха яму пры дзвярах дома твайго, і будзе ён табе служыць заўсёды. Падобна зробіш і з нявольніцай.

Ня лічы гэта сабе цяжкім, што ты павінен адпусьціць яго ад сябе на волю, бо ён за шэсьць гадоў зарабіў табе ўдвайне супроць платы найміта; і дабраславіць цябе Гасподзь, Бог твой, ва ўсім, што ні будзеш рабіць.
 
Хай не будзе табе прыкрым у вачах тваіх, што пускаеш яго на волю, бо ён адслужыў табе на працягу шасці гадоў столькі ж, колькі ты заплаціў бы найміту, і дабраславіць цябе Госпад, Бог твой, ва ўсіх справах, якія ты робіш.

Усё першароднае мужчынскага полу, што народзіцца ад буйнога быдла твайго і ад дробнага быдла твайго, пасьвячай Госпаду, Богу твайму: не працуй на першародным вале тваім і ня стрыжы першароднага з дробнага быдла твайго;
 
Першародных мужчынскага роду, якія родзяцца ў кароў і авечак тваіх, маеш пасвяціць Госпаду, Богу твайму, не карыстайся ў працы першародным валом і не стрыжы першароднага з авечак.

прад Госпадам, Богам тваім, штогоду рабі гэта ты і сям’я твая, на месцы, якое выбера Гасподзь;
 
Штогод перад абліччам Госпада, Бога твайго, у месцы, якое выбера Госпад, будзеш спажываць іх ты і сям’я твая.

а калі будзе на ім загана, кульгавасьць альбо сьлепата, альбо якая іншая пахіба, дык ня прынось яго ў ахвяру Госпаду, Богу твайму,
 
Калі б мела яно якую загану, было кульгавае або сляпое, ці з іншай якой спракудай або немаччу, не складай такога ў ахвяру Госпаду, Богу твайму,

а ў селішчах тваіх еж яго; нячысты як і чысты могуць есьці, як сарну і як аленя;
 
а ў брамах тваіх спажывай яго. Чысты і нячысты чалавек можа есці іх, як сарну або аленя.

толькі крыві ягонай ня еж: на зямлю вылівай яе, як ваду.
 
Толькі крыві іх не еж, але, як ваду, вылівай на зямлю.