Другі закон 15 разьдзел

Другі закон
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

А ў канцы кожнага сёмага года рабі адпушчэньне.
 
У канцы сёмага году даруй даўгі.

А адпушчэньне ў тым, каб кожны пазыковец, які пазычыў блізкаму свайму, дараваў пазыку і не спаганяў з блізкага свайго альбо з брата свайго, бо абвешчана дараваньне дзеля Госпада;
 
Дараваньне даўгоў [палягае] на тым, што кожны пазыкадавец, які пазычыў бліжняму свайму з рукі сваёй, ня будзе вымагаць звароту пазыкі ад бліжняга або брата свайго, бо абвешчана дараваньне даўгоў [на ўшанаваньне] ГОСПАДА.

з чужаземца спаганяй, а што будзе твайго ў брата твайго, даруй.
 
Ад чужога будзеш вымагаць [звароту доўга], але што будзе тваё ў брата твайго, няхай даруе рука твая.

Хіба толькі ня будзе ў цябе ўбогага: бо дабраславіць цябе Гасподзь на той зямлі, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе ў дзялянку, каб ты ўспадкаваў яе,
 
Не павінна быць у цябе ўбогага, бо ГОСПАД, дабраслаўляючы, дабраславіць цябе ў зямлі, якую ГОСПАД, Бог твой дае табе як спадчыну на ўласнасьць,

калі толькі будзеш слухаць голасу Госпада, Бога твайго, і старацца выконваць усе запаведзі гэтыя, якія я сёньня наказваю табе;
 
калі толькі будзеш слухаць голас ГОСПАДА, Бога твайго, і захоўваць, і выконваць усе прыказаньні гэтыя, якія сёньня я загадваю табе.

бо Гасподзь, Бог твой, дабраславіць цябе, як Ён казаў табе, і ты будзеш даваць пазыку многім народам, а сам ня будзеш браць пазыкі; і валадарыць будзеш над многімі народамі, а яны над табою ня будуць валадарыць.
 
Бо ГОСПАД, Бог твой, будзе дабраслаўляць цябе, як абяцаў табе. І ты будзеш пазычаць шматлікім народам, а сам ня будзеш браць пазыкі; будзеш панаваць над шматлікімі народамі, а над табою [ніхто] ня будзе панаваць.

Калі ж будзе ў цябе ўбогі, хто-небудзь з братоў тваіх, у адным зь селішчаў тваіх на зямлі тваёй, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе, дык не ачэрсьцьві сэрца твайго і не затулі рукі тваёй перад зубожаным братам тваім,
 
Калі адзін з братоў тваіх, які ў адной з брамаў тваіх у зямлі тваёй, якую дае табе ГОСПАД, Бог твой, будзе ўбогім, не зацьвярдзі сэрца твайго і ня сьцісьні рукі тваёй перад убогім братам тваім,

а растулі перад ім руку тваю і пазыч яму, гледзячы па ягонай патрэбе, у чым ён мае патрэбу;
 
але, адкрываючы, адкрый яму руку тваю і шчодра дай яму пазыку паводле патрэбы ягонай, што будзе патрэбна яму.

пільнуйся, каб не зарадзілася ў сэрцы тваім ліхая думка: «набліжаецца сёмы год, год адпушчэньня», і каб ад таго вока тваё не зрабілася немілажальным да ўбогага брата твайго, і ты не адмовіў яму; бо ён залямантуе на цябе да Госпада, і будзе на табе грэх;
 
Сьцеражыся, каб не было ў сэрцы тваім слова нягоднага, кажучы: “Блізка сёмы год, год дараваньня даўгоў”, і ліхім вокам ты паглядзіш на ўбогага брата твайго, і не дасі яму [дапамогі], і ён будзе клікаць ГОСПАДА супраць цябе, і ты абцяжарышся грэхам.

дай яму, і калі давацьмеш яму, хай не зажурыцца сэрца тваё, бо за тое дабраславіць цябе Гасподзь, Бог твой, ва ўсіх дзеях тваіх і ва ўсім, што будзе рабіцца тваімі рукамі;
 
Даючы, дай яму, і няхай не сумуе сэрца тваё, што даеш, бо за гэта будзе дабраслаўляць цябе ГОСПАД, Бог твой, у кожнай справе і ў кожнай працы, і ў кожным дзеяньні рук тваіх.

бо ўбогія заўсёды будуць на зямлі; таму я і загадваю табе: растуляй руку тваю перад братам тваім, бедным тваім і жабраком тваім на зямлі тваёй.
 
Бо будуць убогія ў зямлі гэтай. Дзеля гэтага я загадваю табе, кажучы: “Адкрываючы, адкрывай руку тваю брату твайму, які ў патрэбе, і ўбогаму, які ў зямлі тваёй”.

Калі прадасца табе брат твой, Габрэй, альбо Габрэйка, дык шэсьць гадоў павінен ён быць рабом табе, а на сёмым годзе адпусьці яго ад сябе на волю;
 
Калі прадасца табе брат твой, Гебрай або Гебрайка, няхай будзе нявольнікам шэсьць гадоў. У сёмы год выпусьціш яго вольным ад сябе.

а калі будзеш адпускаць яго ад сябе на волю, не адпусьці яго з пустымі рукамі,
 
Калі будзеш, вызваляючы, вызваляць яго, не адпусьціш яго з пустымі [рукамі].

а надзялі яго ад статкаў тваіх, ад гумна твайго і ад чавіла твайго: дай яму, чым спадобіў цябе Гасподзь, Бог твой;
 
Адорваючы, адаруеш яго і дасі яму з авечак тваіх, з току твайго і з тоўчні тваёй, якімі дабраславіў цябе ГОСПАД, Бог твой.

памятай, што і ты быў рабом у зямлі Егіпецкай і выбавіў цябе Гасподзь, Бог твой, таму я сёньня і наказваю табе гэта.
 
Памятай, што ты быў нявольнікам у зямлі Эгіпецкай, і вызваліў цябе ГОСПАД, Бог твой. Дзеля гэтага я загадваю табе гэта слова сёньня.

А калі ён скажа табе: «не пайду я ад цябе, бо я люблю цябе і дом твой», таму што добра яму ў цябе,
 
А станецца, што ён скажа табе: “Не адыйду ад цябе, бо люблю цябе і дом твой”, бо добра яму ў цябе.

дык вазьмі шыла і прыкалі вуха ягонае да дзьвярэй; і будзе ён рабом тваім навекі. Так рабі і з рабыняй тваёю.
 
Тады возьмеш шыла і праколеш вуха яму пры дзьвярах, і будзе ён табе служыць вечна, і падобна зробіш і з нявольніцай тваёй.

Ня лічы гэта сабе цяжкім, што ты павінен адпусьціць яго ад сябе на волю, бо ён за шэсьць гадоў зарабіў табе ўдвайне супроць платы найміта; і дабраславіць цябе Гасподзь, Бог твой, ва ўсім, што ні будзеш рабіць.
 
Няхай ня будзе прыкрым у вачах тваіх, што пускаеш яго свабодна ад цябе, бо служачы табе шэсьць гадоў, ён зарабіў табе падвойную плату найміта, а ГОСПАД, Бог твой, будзе дабраслаўляць цябе ў-ва ўсім, што робіш.

Усё першароднае мужчынскага полу, што народзіцца ад буйнога быдла твайго і ад дробнага быдла твайго, пасьвячай Госпаду, Богу твайму: не працуй на першародным вале тваім і ня стрыжы першароднага з дробнага быдла твайго;
 
Усіх першародных мужчынскага роду, якія родзяцца ў валоў тваіх і авечак тваіх, маеш пасьвяціць ГОСПАДУ, Богу твайму. Ня будзеш працаваць першародным валом тваім і ня будзеш стрыгчы першароднага з авечак тваіх.

прад Госпадам, Богам тваім, штогоду рабі гэта ты і сям’я твая, на месцы, якое выбера Гасподзь;
 
Штогод перад абліччам ГОСПАДА, Бога твайго, у месцы, якое выбраў ГОСПАД, Бог твой, будзеш есьці іх ты і дом твой.

а калі будзе на ім загана, кульгавасьць альбо сьлепата, альбо якая іншая пахіба, дык ня прынось яго ў ахвяру Госпаду, Богу твайму,
 
Калі яно будзе мець загану, будзе сьляпое, кульгавае або з нейкім недахопам, ня зложыш такога ў ахвяру ГОСПАДУ, Богу твайму.

а ў селішчах тваіх еж яго; нячысты як і чысты могуць есьці, як сарну і як аленя;
 
У брамах тваіх зьясі яго. Чысты і нячысты [чалавек] можа есьці яго, як сарну і аленя.

толькі крыві ягонай ня еж: на зямлю вылівай яе, як ваду.
 
Толькі крыві іхняй ня будзеш есьці; выльлеш яе на зямлю, як ваду.