Другі закон 4 разьдзел

Другі закон
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Дык вось, Ізраіле, слухай пастановы і законы, якія я вучу вас выконваць, каб вы былі жывыя і пайшлі і ўспадкавалі тую зямлю, якую Гасподзь, Бог бацькоў вашых, дае вам;
 
А цяпер, Ізраіль, слухай пастановы і прысуды, якім я вучу вас, каб, выконваючы іх, вы жылі, і ўвайшлі, і завалодалі зямлёю, якую ГОСПАД, Бог бацькоў вашых, дае вам.

і не дадавайце да таго, што я наказваю вам, і не адымайце ад таго; шануйце запаведзі Госпада, Бога вашага, якія я вам наказваю.
 
Не дадавайце [нічога] да таго, што я загадваю вам, і не адымайце ад яго, захоўваючы прыказаньні ГОСПАДА, Бога вашага, якія я загадваю вам.

Вочы вашыя бачылі, што зрабіў Гасподзь з Ваал-Фэгорам: кожнага чалавека, які пайшоў сьледамі Ваал-Фэгора, вынішчыў Гасподзь Бог твой спасярод цябе;
 
Вочы вашыя бачылі тое, што зрабіў ГОСПАД у Баал-Пэоры, як ГОСПАД вынішчыў сярод вас кожнага, хто пайшоў за Баалам.

а вы, што прыляпіліся да Госпада, Бога вашага, жывыя ўсе да сёньня.
 
А вы ўсе, якія засталіся пры ГОСПАДЗЕ, Богу вашаму, жывецё аж па сёньня.

Вось, я навучыў вас пастановам і законам, як загадаў мне Гасподзь, Бог мой, каб вы так рабілі ў той зямлі, у якую вы ўступаеце, каб авалодаць ёю;
 
Вось, я навучыў вас пастановам і прысудам, як загадаў мне ГОСПАД, Бог мой, каб вы так рабілі ў той зямлі, у якую ўваходзіце, каб атрымаць яе ў валоданьне.

дык вось, шануйце і выконвайце іх, бо ў гэтым мудрасьць вашая і розум ваш перад вачыма народаў, якія, пачуўшы пра ўсе гэтыя пастановы, скажуць: толькі гэты вялікі народ ёсьць народ мудры і разумны.
 
Захоўвайце і выконвайце іх, бо ў гэтым мудрасьць вашая і разумнасьць вашая перад вачыма народаў, якія, чуючы пра ўсе пастановы гэтыя, будуць казаць: "Толькі [такі] народ мудры і разумны, [як] народ гэты вялікі!"

Бо ці ёсьць які вялікі народ, да якога багі былі б так блізкія, як блізкі да нас Гасподзь, Бог наш, калі ні паклічам Яго?
 
Бо дзе ж ёсьць такі народ вялікі, які б меў так блізкіх сабе багоў, як ГОСПАД, Бог наш, калі мы Яго клічам?

і ці ёсьць які вялікі народ, у якога былі б такія справядлівыя пастановы і законы, як увесь закон гэты, які я прапаную вам сёньня?
 
І які ж другі народ такі вялікі, які б меў пастановы і суды праведныя, як увесь гэты закон, які я сёньня даю вам?

Толькі сьцеражыся і старанна хавай душу тваю, каб табе не забыць тых дзеяў, якія бачылі вочы твае, і каб яны ня выходзілі з сэрца твайго праз усе дні жыцьця твайго; і распавядзі пра іх сынам тваім і сынам сыноў тваіх, —
 
Толькі сьцеражыся і пільна захоўвай душу сваю, і не забудзь усіх словаў, якія бачылі вочы твае, і няхай не адыйдуць яны ад сэрца твайго ў-ва ўсе дні жыцьця твайго, і ты дасі ведаць гэта сыноў тваіх і сыноў сыноў тваіх.

пра той дзень, калі ты стаяў прад Госпадам, Богам тваім, каля Харыва, і калі сказаў Гасподзь мне: зьбяры да Мяне народ, і Я абвяшчу ім словы Мае, зь якіх яны навучацца баяцца Мяне праз усе дні жыцьця свайго на зямлі й навучаць сыноў сваіх.
 
[Памятай] дзень, калі ты стаяў перад абліччам ГОСПАДА, Бога твайго, на Харэве, калі ГОСПАД сказаў мне: "Зьбяры да Мяне народ, няхай пачуюць словы Мае, каб навучыліся баяцца Мяне ў-ва ўсе дні жыцьця на зямлі і навучылі гэтаму сыноў сваіх".

Вы наблізіліся і сталі пад гарою, а гара гарэла агнём да самых нябёсаў і была цемра, хмара і змрок.
 
І вы наблізіліся, і стаялі каля падножжа гары, а гара палала агнём аж пад неба, [схаваная] ў цемры, хмарах і змроку.

І гаварыў Гасподзь да вас зь сярэдзіны агню; голас словаў вы чулі, але вобліку ня бачылі, а толькі голас;
 
І прамовіў ГОСПАД да вас з сярэдзіны агню; і гук словаў вы чулі, але па-за голасам нічога ня бачылі.

і абвясьціў Ён вам запавет Свой, які загадваў вам выконваць, дзясятаслоўе, і напісаў яго на дзьвюх скрыжалях;
 
Ён паведаміў вам запавет Свой, калі загадаў вам выконваць Дзесяць прыказаньняў, і напісаў іх на двух каменных табліцах.

і загадаў мне Гасподзь у той час навучыць вас пастановам і законам, каб вы выконвалі іх у той зямлі, у якую вы ўваходзіце, каб авалодаць ёю.
 
У гэты час загадаў мне ГОСПАД вучыць вас пастановам і прысудам, каб вы іх выконвалі ў зямлі, якую маеце атрымаць на ўласнасьць.

Цьвёрда трымайце ў душах вашых, што вы ня бачылі ніякага вобліку ў той дзень, калі гаварыў да вас Гасподзь на Харыве зь сярэдзіны агню,
 
Сьцеражыце моцна душы вашыя, бо ня бачылі вы ў той дзень ніякага вобразу, калі гаварыў да вас ГОСПАД на [гары] Харэў спасярод агню,

каб вы не распусьціліся і не зрабілі сабе выяваў, малюнкаў якога-небудзь балвана, у выглядзе мужчыны альбо жанчыны,
 
каб вы не сапсуліся і не зрабілі сабе ідала, выявы ў выглядзе мужчыны або жанчыны,

выявы якой-небудзь жывёліны, якая на зямлі, выявы якой-небудзь птушкі крылатай, якая лётае пад нябёсамі,
 
або ў выглядзе нейкай жывёлы, якая на зямлі, або ў выглядзе птушкі, якая лётае ў небе,

выявы якога-небудзь гада, што поўзае па зямлі, выявы якой-небудзь рыбіны, якая ў водах ніжэй зямлі;
 
або ў выглядзе нейкага паўзуна, які рухаецца па зямлі, або ў выглядзе рыбы, якая плавае ў вадзе ніжэй зямлі;

і каб ты, зірнуўшы на неба і ўбачыўшы сонца, месяц і зоркі і ўсё войска нябеснае, не спакусіўся і не пакланіўся ім і ня служыў ім, бо Гасподзь, Бог твой, удзяліў іх усім народам пад усім небам.
 
і каб часам, калі падымеш вочы свае ў неба і ўбачыш сонца, і месяц, і зоркі, і ўсё войска нябеснае, ты ня быў зьведзены імі і не пачаў пакланяцца ім і служыць ім, бо ГОСПАД, Бог твой, прызначыў іх усім народам пад небам.

А вас узяў Гасподзь і вывеў вас зь печы жалезнай, зь Егіпта, каб вы былі народам Ягонага надзелу, як гэта сёньня відаць.
 
А вас выбраў ГОСПАД і вывеў вас з печы жалезнай, з Эгіпту, каб вы сталіся народам Ягоным, уласнасьцю Ягонай, як гэта ёсьць сёньня.

І Гасподзь угневаўся на мяне за вас і прысягнуў, што я не перайду за Ярдан і не ўвайду ў тую добрую зямлю, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе ў надзел;
 
З прычыны словаў вашых разгневаўся ГОСПАД на мяне і прысягнуў, што я не перайду Ярдан і не ўвайду ў зямлю добрую, якую дае табе ў спадчыну ГОСПАД, Бог твой.

я памру ў гэтай зямлі, не перайшоўшы за Ярдан, а вы пяройдзеце і авалодаеце тою добраю зямлёю.
 
Бо я памру ў гэтай зямлі і не перайду праз Ярдан, але вы пяройдзеце [праз яго] і возьмеце на ўласнасьць гэтую зямлю добрую.

Сьцеражэцеся, каб не забыць вам наказу Госпада, Бога вашага, які Ён пастанавіў з вамі, і каб не рабілі сабе балваноў, якія выяўляюць што-небудзь, як загадаў табе Гасподзь, Бог твой;
 
Сьцеражыцеся, каб не забыліся вы пра запавет ГОСПАДА, Бога вашага, які заключыў Ён з вамі, і каб не рабілі вы сабе аніякай выявы, як загадаў табе ГОСПАД, Бог твой,

бо Гасподзь, Бог твой, ёсьць агонь, які паядае, Бог руплівец.
 
бо ГОСПАД, Бог твой, ёсьць агонь зьнішчальны, Бог зайздросны.

А калі народзяцца ў цябе сыны і сыны ў сыноў, і, доўга жыўшы на зямлі, вы разбэсьціцеся і зробіце выяву, якая выяўляе нешта, і зробіце ліха гэтае прад вачыма Госпада, Бога вашага, і ўгневаеце Яго,
 
Калі вы народзіце сыноў і ўнукаў і дажывяцё да старасьці ў зямлі гэтай, і спаганіцеся, і зробіце сабе статуі, нейкія выявы, і зробіце тое, што ліхім ёсьць у вачах ГОСПАДА, Бога вашага, і будзеце гнявіць Яго,

дык сьведчу вам сёньня небам і зямлёю, што неўзабаве страціце зямлю, дзеля ўспадкаваньня якое вы пераходзіце Ярдан; не прабудзеце многа часу на ёй, а загінеце;
 
я бяру сёньня неба і зямлю за сьведкаў супраць вас, што хутка будзеце выгубленыя з зямлі, у якую вы пераходзіце праз Ярдан, каб атрымаць яе. Ня будуць доўгімі дні [вашыя] на ёй, бо зьнішчыць вас [Госпад].

і расьсее вас Гасподзь па народах, і застаняцеся ў малой колькасьці сярод народаў, да якіх завядзе вас Гасподзь;
 
І расьцярушыць вас ГОСПАД сярод народаў, і няшмат з вас застанецца сярод народаў, да якіх выселіць вас ГОСПАД.

і будзеце там служыць багам, зробленым рукамі чалавечымі з дрэва і каменю, якія ня бачаць і ня чуюць, і не ядуць і на нюх не адчуваюць.
 
І там вы будзеце служыць багам, якія зробленыя рукамі людзей, дрэву і камяню, якія ня бачаць і ня чуюць, не ядуць і ня адчуваюць паху.

Але калі ты знойдзеш там Госпада, Бога твайго, дык здабудзеш, калі шукацьмеш Яго ўсім сэрцам тваім і ўсёю душою тваёю.
 
І там будзеш шукаць ГОСПАДА, Бога твайго, і знойдзеш Яго, калі будзеш шукаць Яго ўсім сэрцам тваім і ўсёю душою тваёй.

Калі ты будзеш у смутку, і калі ўсё гэта спасьцігне цябе зь бегам часу, дык павернешся да Госпада, Бога твайго, і паслухаеш голасу Ягонага.
 
У горы тваім спаткаюць цябе ў апошнія дні ўсе гэтыя словы, і ты вернешся да ГОСПАДА, Бога твайго, і будзеш слухаць голас Ягоны,

Гасподзь, Бог твой, ёсьць Бог мілажальны; Ён не пакіне цябе і не загубіць цябе і не забудзе запавету з бацькамі тваімі, які Ён прысягаю зацьвердзіў ім.
 
бо ГОСПАД, Бог твой, — Бог міласэрны, Ён не пакіне цябе, і ня зьнішчыць, і не забудзецца пра запавет з бацькамі тваімі, які заключыў з імі.

Бо спытайся ў часу былога, які быў раней цябе, з таго дня, у які стварыў Бог чалавека на зямлі, і ад краю неба да краю неба: ці бывала што-небудзь такое, як гэтая вялікая дзея, альбо ці чулі што падобнае на гэта?
 
Спытайся ў дзён старадаўніх, якія былі перад табой ад дня, калі стварыў Бог чалавека на зямлі, і ад края неба да края неба, ці было нешта такое, як гэтая справа вялікая, і ці было чутно пра штосьці падобнае?

ці чуў народ голас Бога, які б гаварыў зь сярэдзіны агню, і застаўся жывы, як чуў ты?
 
Ці які народ чуў голас Бога, Які прамаўляў з сярэдзіны агню, які ты чуў, і застаўся жывым?

ці спрабаваў які бог пайсьці — узяць сабе народ спасярод іншага народу карамі, азнакамі й цудамі і вайною, і рукою моцнаю і мышцаю высокаю і вялікімі жахамі, як зрабіў вам Гасподзь, Бог ваш, у Егіпце перад вачыма тваімі?
 
Або ці спрабаваў які бог прыйсьці і выбраць сабе народ спасярод [іншых] народаў праз выпрабаваньні, знакі, цуды і войны, рукою моцнаю і рамяном узьнятым праз жахі вялікія, як ўсё, што зрабіў вам ГОСПАД, Бог ваш, у Эгіпце на вачах тваіх?

Табе дадзена бачыць гэта, каб ты ведаў, што толькі Гасподзь ёсьць Бог, няма яшчэ апрача Яго;
 
Ты бачыў [гэта], каб даведаўся, што ГОСПАД ёсьць Бог, і акрамя Яго няма іншага.

зь неба даў Ён пачуць табе голас Свой, каб навучыць цябе, і на зямлі паказаць табе вялікі агонь Свой, і ты чуў словы Ягоныя зь сярэдзіны агню;
 
Ён даў табе з неба чуць голас Свой, каб навучыць цябе; на зямлі Ён даў табе ўбачыць агонь Свой вялікі, і Ты чуў словы Ягоныя з сярэдзіны агню.

і як што Ён палюбіў бацькоў тваіх і выбраў, нашчадкаў іхніх пасьля іх, дык і вывеў цябе Сам вялікаю сілаю Сваёю зь Егіпта,
 
І Ён палюбіў бацькоў тваіх, і выбраў насеньне іхняе пасьля іх, і вывеў цябе перад абліччам Сваім з Эгіпту сілаю Сваёю вялікаю,

каб прагнаць ад аблічча твайго народы, якія большыя і мацнейшыя за цябе, і ўвесьці цябе і даць табе зямлю іхнюю ў надзел, як гэта сёньня відаць.
 
каб выгнаць перад табой народы большыя і мацнейшыя за цябе і каб увесьці цябе ў зямлю іхнюю, і даць табе яе ў спадчыну, як ты гэта сёньня [бачыш].

Дык вось, ведай цяпер і пакладзі на сэрца тваё, што Гасподзь ёсьць Бог на небе ўгары і на зямлі ўнізе, няма больш;
 
Дык пераканайся сёньня і вазьмі ў сэрца тваё, што ГОСПАД ёсьць Бог у небе высока і на зямлі нізка, і няма іншага.

і шануй пастановы Ягоныя і запаведзі Ягоныя, якія я наказваю табе сёньня, каб добра было табе і сынам тваім пасьля цябе, і каб ты многа часу быў на той зямлі, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе назаўсёды.
 
І захоўвай пастановы Ягоныя і прыказаньні Ягоныя, якія сёньня я загадваю табе, каб добра было табе і сынам тваім пасьля цябе і каб былі доўгія дні твае на зямлі, якую ГОСПАД, Бог твой, дае табе».

Тады аддзяліў Майсей тры гарады па гэты бок Ярдана на ўсход сонца,
 
І вызначыў Майсей тры гарады за Ярданам на ўсход сонца,

каб уцякаў туды забойца, які заб’е блізкага свайго бяз намыслу, ня быўшы ворагам яму ні ўчора, ні заўчора, і каб, уцёкшы ў адзін з гэтых гарадоў, застаўся жывы:
 
каб туды мог уцячы забойца, які забіў бліжняга свайго ненаўмысна, і ён ня меў яго ў нянавісьці ані ўчора, ані пазаўчора, і каб уцёк у адзін з гарадоў гэтых, і застаўся жыць.

Бэцэр у пустыні, на раўніне ў племі Рувімавым, і Рамот у Галаадзе ў племі Гадавым, і Галан у Васане ў племі Манасііным.
 
[Гэта] Бэцэр у пустыні на раўніне для [сыноў] Рубэна, Рамот у Гілеадзе для [сыноў] Гада, і Галян у Башане для [сыноў] Манасы.

Вось закон, які прапанаваў Майсей сынам Ізраілевым;
 
Такі вось закон даў Майсей сынам Ізраіля;

вось загады, пастановы і статуты, якія прамовіў Майсей сынам Ізраілевым, пасьля выхаду іх зь Егіпта,
 
гэта сьведчаньні, пастановы і прысуды, якія абвясьціў ён сынам Ізраіля пасьля выхаду іхняга з Эгіпту

за Ярданам, у даліне насупраць Бэт-Фэгора, у зямлі Сігона, цара Амарэйскага, які жыў у Эсэвоне, якога пабіў Майсей з сынамі Ізраілевымі, пасьля выхаду іх зь Егіпта.
 
за Ярданам у даліне насупраць Бэт-Пэору, у зямлі Сыгона, валадара Амарэйцаў, які жыў у Хешбоне, якога зьнішчыў Майсей і сыны Ізраіля пасьля выхаду з Эгіпту.

І авалодалі яны зямлёю ягонай і зямлёю Ога, цара Васанскага, двух цароў Амарэйскіх, якая за Ярданам на ўсход сонца,
 
І завалодалі яны зямлёй ягонай і зямлёй Ога, валадара Башану, двух валадароў Амарэйскіх, якія жылі за Ярданам на ўсход сонца;

пачынаючы ад Араэра, які ляжыць на беразе патока Арнона, да гары Сіёна, яна ж Эрмон,
 
ад Араэру, які на беразе ручая Арнон, аж да гары Сырыён, значыць Гермон,

і ўсёю раўнінаю па гэты бок Ярдана на ўсход, да самага мора раўніны каля падножжа Фасгі.
 
і ўсю Арабу за Ярданам на ўсходзе, аж да Мора Арабы каля падножжа гары Пісга.