Другі закон 8 разьдзел
Другі закон
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
Усе запаведзі, якія я наказваю вам сёньня, старайцеся выконваць, каб вы былі жывыя і множыліся, і пайшлі й завалодалі зямлёю, даць якую запрысягнуўся Гасподзь бацькам вашым.
Усе прыказаньні, якія я загадваю табе сёньня, захоўвайце і выконвайце, каб вы жылі, і памножыліся, і ўвайшлі, і авалодалі зямлёю, якую запрысяг ГОСПАД бацькам вашым.
І памятай увесь шлях, якім вёў цябе Гасподзь, Бог твой, па пустыні, вось ужо сорак гадоў, каб упакорыць цябе, каб выпрабаваць цябе і даведацца, што ў сэрцы тваім, ці будзеш шанаваць запаведзі Ягоныя, а ці не;
І памятай увесь шлях, якім вёў цябе ГОСПАД, Бог твой, сорак гадоў праз пустыню, каб зьмяніць цябе і выспрабаваць цябе, і даведацца, што ў сэрцы тваім, ці будзеш ты захоўваць прыказаньні Ягоныя, ці не.
Ён упакорваў цябе, таміў цябе голадам і карміў цябе маннаю, якое ня ведаў ты і ня ведалі бацькі твае, каб паказаць табе, што не адным хлебам жыве чалавек, а ўсякім словам, якое сыходзіць з вуснаў Госпада, жыве чалавек;
Ён выпрабоўваў цябе голадам і карміў цябе маннай, якой ня ведаў ты і ня ведалі бацькі твае, каб даць зразумець табе, што ня толькі хлебам жыве чалавек, але кожным [словам], якое выходзіць з вуснаў ГОСПАДА, будзе жыць чалавек.
вопратка твая ня зношвалася на табе, і нага твая ня пухла, вось ужо сорак гадоў.
Адзеньне тваё ня нішчылася на табе, і нага твая ня пухла ўсе гэтыя сорак гадоў.
І ведай у сэрцы тваім, што Гасподзь, Бог твой, вучыць цябе, як чалавек вучыць сына свайго.
Дык зразумей у сэрцы тваім, што як бацька выхоўвае сына свайго, так ГОСПАД, Бог твой, выхоўваў цябе,
Дык вось шануй запаведзі Госпада, Бога твайго, хадзі шляхамі Ягонымі й баючыся Яго.
і захоўвай прыказаньні ГОСПАДА, Бога твайго, каб хадзіць шляхам Ягоным і мець страх перад Ім.
Бо Гасподзь, Бог твой, вядзе цябе ў зямлю добрую, у зямлю, дзе патокі водаў, крыніцы і азёры выходзяць з далінаў і гор
Бо ГОСПАД, Бог твой, завядзе цябе ў зямлю добрую, зямлю ручаёў і водаў, рэкаў і крыніцаў, што выбіваюцца ў далінах і на гарах,
у зямлю, дзе пшаніца, ячмень, вінаградныя лозы, смакоўніцы і гранатавыя дрэвы, дзе аліўныя дрэвы і мёд,
у зямлю пшаніцы і ячменю, вінаграду і дрэваў фігавых і гранатовых, у зямлю алівак, алею і мёду,
у зямлю, у якой бязьбедна есьцімеш хлеб твой і ні ў чым ня мецьмеш нястачы, у зямлю, у якой камяні — жалеза, і з гор якой будзеш высякаць медзь.
у зямлю, дзе без ніякай нястачы будзеш есьці хлеб і нічога ня будзе бракаваць табе ў ёй; у зямлю, у якой камяні — жалеза, а з гор ейных будзеш здабываць медзь.
І калі будзеш есьці і наядацца, тады дабраслаўляй Госпада, Бога твайго, за добрую зямлю, якую Ён даў табе.
І будзеш ты есьці, і насыцішся, і будзеш дабраслаўляць ГОСПАДА, Бога твайго, за зямлю добрую, якую Ён даў табе.
Пільнуйся, каб не забыў ты Госпада, Бога твайго, не шануючы запаведзяў Ягоных і пастановаў Ягоных, якія сёньня наказваю табе.
Сьцеражыся, каб не забыўся ты пра ГОСПАДА, Бога твайго, і каб не занядбаў прыказаньні Ягоныя, прысуды Ягоныя і пастановы Ягоныя, якія я загадваю табе сёньня.
Калі будзеш есьці і наядацца, і пабудуеш добрыя дамы і будзеш жыць,
Калі наясіся і насыцішся, пабудуеш сабе прыгожыя дамы і ў іх будзеш жыць,
і калі будзе ў цябе буйнога быдла багата, і будзе многа срэбра і золата, і ўсяго ў цябе будзе многа, —
і памножыцца быдла тваё і авечкі твае, і памножыцца ў цябе срэбра і золата, і памножыцца ўсё, што ты маеш,
дык глядзі, каб не напышылася сэрца тваё і не забыў ты Госпада, Бога твайго, які вывеў цябе зь зямлі Егіпецкай, з дома рабства;
тады ўзганарыцца сэрца тваё і ты забудзешся пра ГОСПАДА, Бога твайго, Які вывеў цябе з зямлі Эгіпецкай, з дому няволі.
Які правёў цябе па пустыні вялікай і страшнай, дзе гады, васіліскі, скарпіёны і мясьціны сухія, на якіх няма вады; Які скрынічыў табе вады са скалы гранітнай,
Ён правёў цябе праз пустыню вялікую і страшную, у якой былі атрутныя зьмеі і скарпіёны, зямля сухая і бязводзьдзе. Ён вывеў табе ваду са скалы цьвёрдай,
карміў цябе ў пустыні маннаю, якой ня ведалі бацькі твае, каб упакорыць цябе і выпрабаваць цябе, каб пазьней зрабіць табе дабро,
Ён карміў цябе ў пустыні маннай, якой ня ведалі бацькі твае, каб цябе загартаваць і выспрабаваць цябе, каб даць табе добрае ў будучыні тваёй.
і каб ты не сказаў у сэрцы тваім: «мая сіла і моц рукі маёй прыдбалі мне багацьце гэтае»,
І не кажы ў сэрцы тваім: “Сіла мая і моц рукі маёй учынілі ўсё гэтае багацьце для мяне”,
але каб памятаў Госпада, Бога твайго, бо Ён дае табе сілу набываць багацьце, каб выканаць, як сёньня, запавет Свой, які Ён прысягаю зацьвердзіў бацькам тваім.
але памятай ГОСПАДА, Бога твайго, што Ён даў табе сілы, каб ты здабыў багацьце, што Ён споўніў запавет Свой, які запрысяг бацькам тваім, як [гэта ёсьць] сёньня.
Калі ж ты забудзеш Госпада, Бога твайго, і пойдзеш за багамі іншымі, і будзеш служыць ім і пакланяцца ім, дык сьведчу вам сёньня, што вы загінеце;
А калі забываючыся, ты забудзешся пра ГОСПАДА, Бога твайго, і пойдзеш за багамі чужымі, і будзеш ім служыць і будзеш пакланяцца ім, я папярэджваю вас сёньня, што гінучы, загінеце.
як народы, якія Гасподзь вынішчае ад аблічча вашага, так загінеце і вы за тое, што не паслухаеце голасу Госпада, Бога вашага.
Як тыя народы, якія ГОСПАД зьнішчыў перад абліччам вашым, так і вы загінеце, калі ня будзеце слухаць голас ГОСПАДА, Бога вашага.