Другі закон 8 разьдзел

Другі закон
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Усе запаведзі, якія я наказваю вам сёньня, старайцеся выконваць, каб вы былі жывыя і множыліся, і пайшлі й завалодалі зямлёю, даць якую запрысягнуўся Гасподзь бацькам вашым.
 
Усе расказаньне, каторае я расказую табе цяпер, старайцеся спаўняць, каб вы жылі, і размнажыліся, і прышлі, і апанавалі зямлю, праз каторую СПАДАР прысягаў айцом вашым.

І памятай увесь шлях, якім вёў цябе Гасподзь, Бог твой, па пустыні, вось ужо сорак гадоў, каб упакорыць цябе, каб выпрабаваць цябе і даведацца, што ў сэрцы тваім, ці будзеш шанаваць запаведзі Ягоныя, а ці не;
 
І памятуй усю дарогу, каторай вёў цябе СПАДАР, Бог твой, вось ужо сорак год па пустыні, каб укарыць цябе, каб выпрабаваць цябе, каб даведацца, што ў сэрцу тваім, ці будзеш дзяржаць расказаньні Ягоныя, ці не.

Ён упакорваў цябе, таміў цябе голадам і карміў цябе маннаю, якое ня ведаў ты і ня ведалі бацькі твае, каб паказаць табе, што не адным хлебам жыве чалавек, а ўсякім словам, якое сыходзіць з вуснаў Госпада, жыве чалавек;
 
Ён карыў цябе, і тамаваў цябе голадам, і жывіў цябе маннаю, каторай ты ня знаў і ня зналі айцове твае, каб усьвядоміць цябе, што не адным хлебам жывець чалавек, але ўсім, што выходзе з вуснаў СПАДАРА, будзе жыць чалавек.

вопратка твая ня зношвалася на табе, і нага твая ня пухла, вось ужо сорак гадоў.
 
Адзецьце твае ня вяла на табе, і нага твая ня похла, вось ужо сорак год.

І ведай у сэрцы тваім, што Гасподзь, Бог твой, вучыць цябе, як чалавек вучыць сына свайго.
 
І знай у сэрцу сваім, што, як чалавек зыра сына свайго, СПАДАР, Бог твой, зыра цябе.

Дык вось шануй запаведзі Госпада, Бога твайго, хадзі шляхамі Ягонымі й баючыся Яго.
 
Дык заховуй расказаньне СПАДАРА, Бога свайго, каб хадзіць дарогамі Ягонымі й баяцца Яго;

Бо Гасподзь, Бог твой, вядзе цябе ў зямлю добрую, у зямлю, дзе патокі водаў, крыніцы і азёры выходзяць з далінаў і гор
 
Бо СПАДАР, Бог твой, прыводзе цябе да зямлі добрае, да зямлі цур’ёў вады, жаролаў а азёраў, што выходзяць із даліны й гары,

у зямлю, дзе пшаніца, ячмень, вінаградныя лозы, смакоўніцы і гранатавыя дрэвы, дзе аліўныя дрэвы і мёд,
 
Зямлі пшонкі, ячменю, віна, фіґаў і гранатовага дзярэўя, зямлі аліўкі, алею а мёду,

у зямлю, у якой бязьбедна есьцімеш хлеб твой і ні ў чым ня мецьмеш нястачы, у зямлю, у якой камяні — жалеза, і з гор якой будзеш высякаць медзь.
 
Зямлі, у каторай безь нястачы будзеш есьці хлеб, ня будзе ніякае нястачы табе ў ёй, зямлі, у каторай камяні — зялеза, і з каторай гораў будзеш капаць медзь.

І калі будзеш есьці і наядацца, тады дабраслаўляй Госпада, Бога твайго, за добрую зямлю, якую Ён даў табе.
 
І будзеш есьці а сыціцца, і дабраславіш СПАДАРА, Бога свайго, на добрай зямлі, каторую Ён даў табе.

Пільнуйся, каб не забыў ты Госпада, Бога твайго, не шануючы запаведзяў Ягоных і пастановаў Ягоных, якія сёньня наказваю табе.
 
Сьцеражыся, каб ты не забыўся СПАДАРА, Бога свайго, не дзержачы расказаньняў Ягоных а судоў Ягоных а ўставаў Ягоных, каторыя я цяпер расказую табе;

Калі будзеш есьці і наядацца, і пабудуеш добрыя дамы і будзеш жыць,
 
Каб, як ты будзеш есьці, і насыцішся і пастановіш харошыя дамы, і як будзеш жыць у іх,

і калі будзе ў цябе буйнога быдла багата, і будзе многа срэбра і золата, і ўсяго ў цябе будзе многа, —
 
І як твой буйны й драбны статак, памножыцца, і срэбра а золата памножыцца ў цябе, і ўсе ў цябе памножыцца;

дык глядзі, каб не напышылася сэрца тваё і не забыў ты Госпада, Бога твайго, які вывеў цябе зь зямлі Егіпецкай, з дома рабства;
 
Не ўзьнялося сэрца твае, і не забыўся СПАДАРА, Бога свайго, Каторы вывеў цябе ізь зямлі Ягіпецкае, з дому нявольнікаў;

Які правёў цябе па пустыні вялікай і страшнай, дзе гады, васіліскі, скарпіёны і мясьціны сухія, на якіх няма вады; Які скрынічыў табе вады са скалы гранітнай,
 
Каторы вёў цябе па пустыні вялікай а страшнай, ідзе агняныя гады а скорпіёны а сухія месцы, на каторых няма вады; Каторы вытачыў табе вады із скалы гранітнае;

карміў цябе ў пустыні маннаю, якой ня ведалі бацькі твае, каб упакорыць цябе і выпрабаваць цябе, каб пазьней зрабіць табе дабро,
 
Каторы жывіў цябе на пустыні маннаю, каторае ня зналі айцове твае, каб укарыць цябе і каб выпрабаваць цябе, каб зрабіць табе дабро пры канцу тваім;

і каб ты не сказаў у сэрцы тваім: «мая сіла і моц рукі маёй прыдбалі мне багацьце гэтае»,
 
Дык калі скажаш у сэрцу сваім: "Мая сіла а моц рукі мае прыдбалі імне багацьце гэтае",

але каб памятаў Госпада, Бога твайго, бо Ён дае табе сілу набываць багацьце, каб выканаць, як сёньня, запавет Свой, які Ён прысягаю зацьвердзіў бацькам тваім.
 
То памятуй СПАДАРА, Бога свайго, бо Ён даець табе сілу прыдбаваць багацьце, каб споўніць змову Сваю, праз каторую Ён прысягаў айцом тваім, як цяпер.

Калі ж ты забудзеш Госпада, Бога твайго, і пойдзеш за багамі іншымі, і будзеш служыць ім і пакланяцца ім, дык сьведчу вам сёньня, што вы загінеце;
 
І будзе, калі ты чыста забудзешся СПАДАРА, Бога свайго, і пойдзеш за багамі іншымі, і будзеш служыць ім а кланяцца ім, то я сьветчу супроці вас цяпер, што вы чыста загінеце.

як народы, якія Гасподзь вынішчае ад аблічча вашага, так загінеце і вы за тое, што не паслухаеце голасу Госпада, Бога вашага.
 
Як народы, каторыя СПАДАР губе ад віду вашага, так загінеце за тое, што не паслухаеце голасу СПАДАРА, Бога свайго.