Другі закон 5 разьдзел
Другі закон
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
І паклікаў Майсей увесь Ізраіль і сказаў ім: слухай, Ізраіле, пастановы і законы, якія я сёньня скажу ў вушы вашыя, і вывучыце іх і старайцеся выконваць іх.
І згукаў Масей усяго Ізраеля, і сказаў ім: «Слухай, Ізраелю, уставы а суды, каторыя я цяпер кажу ў вушы вашы, і наўчыцеся а рупцеся паўніць іх.
Гасподзь, Бог наш, паклаў з намі запавет на Харыве;
СПАДАР, Бог наш, учыніў із намі змову на Горыве.
не з бацькамі нашымі паклаў Гасподзь запавет гэты, а з намі, хто тут сёньня ўсе жывыя.
Не з айцамі нашымі ўчыніў СПАДАР змову гэтую, але з намі. Мы тыя, каторыя тут цяпер, мы ўсі жывы.
Твар у твар гаварыў Гасподзь з вамі на гары зь сярэдзіны агню;
Відам у від гутарыў СПАДАР із вамі на гары з пасярод цяпла;
а я стаяў паміж Госпадам і вамі ў той час, каб пераказваць вам слова Гасподняе, бо вы баяліся агню і ня ўзыходзілі на гару. Ён тады сказаў:
Я ж стаяў прамеж СПАДАРА й вас таго часу, каб пераказаваць вам слова СПАДАРОВА, бо вы баяліся цяпла й ня ўзыходзілі на гару. Ён сказаў:
Я Гасподзь, Бог твой, Які вывеў цябе зь зямлі Егіпецкай, з дому рабства;
"Я СПАДАР, Бог твой, каторы вывеў цябе ізь зямлі Ягіпецкае, з дамовы нявольнікаў.
хай ня будзе ў цябе іншых багоў прад абліччам Маім.
Няхай ня будзе ў цябе іншых багоў перад відам Маім.
Не рабі сабе балвана і ніякай выявы таго, што на небе ўгары і што на зямлі ўнізе і што ў вадзе ніжэй зямлі,
Не рабі сабе выразанага балвана, ніякага абраза таго, што на нябёсах угары, і што на зямлі далавах, і што ў водах ніжэй зямлі.
не пакланяйся ім і ня служы ім; бо Я Гасподзь, Бог твой, Бог руплівец, Які за правіну бацькоў карае дзяцей да трэцяга і чацьвёртага пакаленьня што ненавідзяць Мяне,
Ня кланяйся ім і ня служы ім, бо Я СПАДАР, Бог твой, БОГ завіднік, што давядаецца зь бяспраўям бацькоў да дзяцей аж да трэйцяга і аж да чацьвертага пакаленьня ненавідзячых Мяне,
Які творыць міласьць тысячам тых, хто любіць Мяне і шануе запаветы Мае.
І чыне міласэрдзе тысячам любячых Мяне й дзяржачых расказаньні Мае.
Не вымаўляй імя Госпада, Бога твайго, марна; бо не пакіне Гасподзь без пакараньня таго, хто ўжывае імя Ягонае марна.
Не мянуй імені СПАДАРА, Бога свайго, здарма, бо СПАДАР ня будзе мець за нявіннага таго, хто мянуе імя Ягонае здарма.
Сачы за днём суботнім, каб сьвята шанаваць яго, як наказаў табе Гасподзь, Бог твой;
Дзяржы дзень сыботні, каб сьвяціць яго, як расказаў табе СПАДАР, Бог твой.
шэсьць дзён працуй і рабі ўсякія працы твае,
Шэсьць дзён працуй і рабі ўсі работы свае;
а дзень сёмы субота Госпаду, Богу твайму: не рабі ніякае працы, ні ты, ні сын твой, ні дачка твая, ні раб твой, ні рабыня твая, ні вол твой, ні асёл твой, ні ўсякае быдла тваё, ні прыхадзень твой, які ў цябе, каб адпачыў раб твой і рабыня твая, як і ты;
А дзень сёмы — сыбота СПАДАРУ, Богу твайму. Не рабі ніякае рамеснае работы ты, ані сын твой, ані дачка твая, ані слуга твой, ані служэбка твая, ані вол твой, ані асёл твой, ані ўсялякі статак твой, ані чужаземец твой, што ў брамах тваіх, каб супачыў слуга твой а служэбка твая, як і ты.
і памятай, што быў рабом у зямлі Егіпецкай, але Гасподзь, Бог твой, вывеў цябе адтуль рукою моцнаю і мышцаю высокаю, таму і загадаў табе Гасподзь, Бог твой, сьвяткаваць дзень суботні.
І памятуй, што слугою ты быў у зямлі Ягіпецкай, і вывеў цябе СПАДАР, Бог твой, стуль рукою моцнай і цаўём выцягненым, затым і расказаў табе СПАДАР, Бог твой, чыніць дзень сыботні.
Шануй бацьку твайго і маці тваю, як загадаў табе Гасподзь, Бог твой, каб падоўжыліся дні твае, і каб добра было табе на той зямлі, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе.
Сьці айца свайго й маці сваю, як расказаў табе СПАДАР, Бог твой, каб працягнуліся дні твае, і каб добра табе было на тэй зямлі, каторую СПАДАР, Бог твой, даець табе.
Ня чыні пералюбу.
І не чужалож.
Не кажы фальшывага сьведчаньня на блізкага твайго.
І ня сьветч на бліжняга свайго сьветчаньням хвальшывым.
Не жадай жонкі блізкага твайго і не жадай дома блізкага твайго, ні поля ягонага, ні раба ягонага, ні рабыні ягонай, ні вала ягонага, ні асла ягонага, ні ўсяго, што ёсьць у блізкага твайго.
І не жадай жонкі бліжняга свайго, і не жадай дому бліжняга свайго, поля яго, ані слугі яго, ані служэбкі, вала яго, ані асла яго, ані нічога, што ў бліжняга твайго".
Словы гэтыя сказаў Гасподзь усяму сходу вашаму на гары зь сярэдзіны агню, воблака і мораку громазычна, і больш не гаварыў, а напісаў іх на дзьвюх каменных табліцах, і даў іх мне.
Словы гэтыя вымавіў СПАДАР да ўсёга збору вашага на гары з пасярод цяпла, булаку а цемры, голасам вялікім, і болей не дадаваў, і напісаў іх на дзьвюх каменных табліцах, і даў іх імне.
І калі вы пачулі голас зь сярэдзіны мораку, і гара гарэла агнём, дык вы падышлі да мяне, усе правадыры плямёнаў вашых і старэйшыны вашыя,
І было, што як вы пачулі голас із пасярод цемры, і гара гарэла цяплом, то дабліжыліся да мяне ўсі галавы плямёнаў вашых і старцы вашы,
і сказалі: вось, паказаў нам Гасподзь, Бог наш, славу Сваю і веліч Сваю, і голас Ягоны чулі мы зь сярэдзіны агню; сёньня бачылі мы, што Бог гаворыць з чалавекам, і той застаецца жывы;
І сказалі: "Вось, паказаў нам СПАДАР, Бог наш, славу Сваю а вялікасьць Сваю, і голас ягоны чулі мы з пасярод цяпла; гэтага дня бачылі мы, што Бог гутара з чалавекам, і гэты застаецца жывы.
але цяпер навошта нам паміраць? бо вялікі агонь гэты зжарэ нас; калі мы яшчэ пачуем голас Госпада, Бога нашага, дык памрэм,
Але цяпер нашто нам паміраць? Бо зжарэць нас гэтае вялікае цяпло; калі мы яшчэ болей будзем чуць голас СПАДАРА, Бога нашага, то памрэм;
бо ці ёсьць якое цела, якое пачула б голас Бога жывога, Які гаворыць зь сярэдзіны агню, як мы, і засталася б жывая?
Бо хто з усіх целаў, каторы чуў бы голас Бога жывога, што гукае з пасярод цяпла, як мы, і застаўся б жывым?
падступіся ж і ты і слухай усё, што скажа Гасподзь, Бог наш, і ты пераказвай нам усё, што будзе казаць табе Гасподзь, Бог наш, і мы будзем слухаць і выконваць.
Дабліжся ты й слухай усе, што скажа СПАДАР, Бог наш, і ты гукай нам усе, што будзе казаць табе СПАДАР, Бог наш, і мы будзем слухаць і рабіць".
І Гасподзь пачуў словы вашыя, як вы гутарылі са мною, і сказаў мне Гасподзь: чуў Я словы народу гэтага, якія яны казалі табе; усё, што ні казалі яны, добра;
І пачуў СПАДАР голас словаў вашых, як вы гутарылі з імною, і сказаў імне СПАДАР: "Чуў Я голас словаў люду гэтага, каторыя яны казалі табе; усе, што казалі яны, добра.
о, калі б сэрца іхняе было ў іх такое, каб баяцца Мяне і шанаваць усе запаветы Мае праз усе дні, каб добра было ім і сынам іхнім вечна!
О калі б хто даў, каб былі гэтыя сэрцы іхныя да тога, каб баяцца Мяне й дзяржаць усі расказаньні Мае ўсі дні, каб добра было ім а сыном іхным навекі!
ідзі скажы ім: «вярнецеся ў намёты свае»,
Пайдзі, скажы ім: "Зьвярніцеся сабе да буданоў сваіх’.
а ты тут застанься са Мною, і Я выкажу табе запаветы і пастановы і законы, якім ты павінен навучыць іх, каб яны рабілі на той зямлі, якую Я даю ім у валоданьне.
А ты стой з Імною, і Я буду табе казаць усе расказаньне а ўставы а суды, каторых ты маеш наўчыць іх, і каб яны рабілі на тэй зямлі, каторую Я даю ім у дзяржаньне".
Глядзеце, рабеце так, як загадаў вам Гасподзь, Бог ваш; ня ўхіляйцеся ні направа, ні налева;
І каб рупіліся рабіць так, як расказаў вам СПАДАР, Бог ваш; не адхінайцеся ані направа, ані налева.
хадзеце тым шляхам, якім загадаў вам Гасподзь, Бог ваш, каб вы былі жывыя, і добра было вам, і пражылі багата часу на той зямлі, якую атрымаеце ў валоданьне.
Па ўсёй дарозе, па каторай расказаў вам СПАДАР, Бог ваш, хадзіце, каб вы былі жывы, і добра было вам, і працягнуліся дні вашыя ў зямлі, каторую апануеце.