Другі закон 13 разьдзел

Другі закон
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Калі паўстане сярод цябе прарок, альбо той, хто бачыць сны, і пакажа табе азнаку альбо цуд,
 
Калі б паўстаў сярод цябе прарока альбо сьненьнік, і дасьць табе знак альбо чуда,

і збудзецца тая азнака альбо цуд, пра што ён казаў табе, і скажа пры тым: «хадзем сьледам за багамі іншымі, якіх ты ня ведаеш, і будзем служыць ім», —
 
І станецца тый знак альбо чуда, праз каторае ён гукаў табе, кажучы: "Пойдзем за багамі іншымі, каторых вы ня знаеце, і будзем служыць ім":

дык ня слухай слоў прарока гэтага, альбо тлумача сноў гэтага; бо праз гэта выпрабоўвае вас Гасподзь, Бог ваш, каб даведацца, ці любіце вы Госпада, Бога вашага, ад усяго сэрца вашага і ад усёй душы вашай;
 
То ня слухай словаў прарокі таго альбо сьненьніка таго, бо спакушае вас СПАДАР, Бог ваш, каб даведацца, ці любіце вы СПАДАРА, Бога свайго, з усяго сэрца свайго й з усяе душы свае.

За Госпадам, Богам вашым, сьледуйце і Яго бойцеся, запаведзі Ягоныя выконвайце і голасу Ягонага слухайцеся, і Яму служэце і да Яго прыхінайцеся;
 
За СПАДАРОМ, Богам сваім, хадзіце й яго бойцеся; і расказаньні ягоныя дзяржыце, і голасу ягонага слухайце; і Яму служыце, і да яго ліпніце.

а прарока таго альбо тлумача сноў таго трэба аддаць сьмерці за тое, што ён умаўляў вас адступіцца ад Госпада, Бога вашага, Які вывеў вас зь зямлі Егіпецкай і вызваліў цябе з дома рабства, прагнучы зьвесьці цябе з дарогі, па якой ісьці наказваў табе Гасподзь, Бог твой; і гэтак зьнішчы зло спасярод сябе.
 
А прарока тый альбо сьненьнік тый хай памрэць, бо ён намаўляў вас адступіцца ад СПАДАРА, Бога вашага, каб зьбіць цябе з дарогі, па каторай расказаў табе йсьці СПАДАР, Бог твой, Каторы вывеў вас ізь зямлі Ягіпецкае й выкупіў цябе з дому нявольнікаў; і гэтак аддаль ліха з пасярод сябе.

Калі цябе пачне ўмаўляць брат твой тайна, сын маці тваёй, альбо сын твой, альбо дачка твая, альбо жонка на ўлоньні тваім, альбо сябар твой, які для цябе, як душа твая, кажучы: «хадзем і будзем служыць багам іншым, якіх ня ведаў ты і бацькі твае»,
 
Калі будзе намаўляць цябе ўтайку брат твой, сын маці твае, альбо сын твой, альбо дачка твая, альбо жонка ўлоньня твайго, альбо прыяцель твой, каторы табе, як душа твая, кажучы: "Пойдзем і будзем служыць багом іншым", каторых ня знаў ты а айцове твае,

багам тых народаў, якія вакол цябе, блізкіх да цябе, альбо далёкіх ад цябе, ад аднаго краю зямлі да другога, —
 
З багоў тых людаў, якія навокал вас, блізкія да цябе альбо далёкія ад цябе, ад аднаго канца зямлі да другога канца зямлі;

дык не згаджайся зь ім і ня слухай яго; і хай не пашкадуе яго вока тваё, і не шкадуй яго і не прыкрывай яго,
 
То не згаджайся зь ім і ня слухай яго; і хай не шчаджае яго вока твае, не жалей яго й не хавай яго;

а забі яго; твая рука першая павінна быць на ім, каб забіць яго, а потым рукі ўсяго народа;
 
Але канечне забі яго; твая рука ўперад мае быць на ім, каб забіць яго, і рука ўсяго люду апошняя.

пабі яго камянямі да сьмерці, бо ён намышляў адвярнуць цябе ад Госпада, Бога твайго, Які вывеў цябе зь зямлі Егіпецкай, з дома рабства;
 
І ўкамянуй яго, і ён памрэць, бо ён прабаваў адцягнуць цябе ад СПАДАРА, Бога твайго, Каторы вывеў цябе ізь зямлі Ягіпецкае, з дому нявольнікаў.

увесь Ізраіль пачуе гэта і збаіцца, і ня будуць болей рабіць сярод цябе такога ліха.
 
І ўвесь Ізраель пачуе, і будзе баяцца, і ня будуць болей рабіць такога ліха пасярод цябе.

Калі пачуеш пра які-небудзь горад твой, які Гасподзь, Бог твой, дае табе на жыхарства,
 
Калі пачуеш празь якое зь местаў сваіх, ідзе СПАДАР, Бог твой, даець табе жыць, што кажуць:

што паявіліся ў ім бязбожныя людзі спасярод цябе і спакусілі жыхароў горада іхняга, кажучы: «хадзем і будзем служыць багам іншым, якіх вы ня ведалі», —
 
"Вышлі людзі, сыны веляла, з пасярод цябе й адцягнулі жыхараў места іхнага, кажучы: ’Пойдзем і будзем служыць багом іншым’", каторых вы ня зналі,

дык ты вышукай, дасачы і добра распытай; і калі гэта чыстая праўда, што здарылася шкарада гэтая сярод цябе,
 
То прасачы, даведайся а добра распытай; і вось, гэта праўда, верна гэта слова, сталася брыда гэта сярод цябе:

пабі жыхароў таго горада вастрыём меча, аддай праклёну яго і ўсё, што ў ім, і быдла яго пабі вастрыём меча;
 
Супоўна пабі жыхараў таго места лязом мяча і акануй яго а ўсе, што ў ім, і статак лязом мяча.

А ўсю здабычу яго зьбяры на сярэдзіну плошчы яго і спалі агнём горад і ўсю здабычу яго цалкам Госпаду, Богу твайму, і хай будзе ён вечна ў руінах, ня трэба ніколі болей адбудоўваць яго;
 
А ўвесь здабытак яго зьбяры на сярэдзіну вуліцы ягонай, і спалі цяплом места а ўвесь здабытак яго супоўна СПАДАРУ, Богу свайму; і хай яно будзе вечна ўзгоркам, не адбудавана яно ізноў.

нішто з праклятага хай ня прыліпне да рукі тваёй, каб утаймаваў Гасподзь лютасьць гневу Свайго і даў табе літасьць і памілаваў цябе, і памножыў цябе, як запрысягаўся бацькам тваім,
 
І хай нішто ня прыліпне да рукі твае з аканаванага, каб адвярнуў СПАДАР гіж гневу Свайго, і зрабіў табе міласэрдзе, і зьмілаваўся над табою, і размнажыў цябе, як прысягаў айцом тваім,

калі будзеш слухаць голасу Госпада, Бога твайго, захоўваючы ўсе запаведзі Ягоныя, якія сёньня пераказваю табе, робячы заўгоднае прад вачыма Госпада, Бога твайго.
 
Калі будзеш слухаць голасу СПАДАРА, Бога свайго, дзержачы ўсі расказаньні Ягоныя, каторыя цяпер расказую табе, каб рабіць пасьцівае перад ачыма СПАДАРА, Бога свайго.