Другі закон 15 разьдзел

Другі закон
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

А ў канцы кожнага сёмага года рабі адпушчэньне.
 
На канцу сёмага году рабі дараваньне.

А адпушчэньне ў тым, каб кожны пазыковец, які пазычыў блізкаму свайму, дараваў пазыку і не спаганяў з блізкага свайго альбо з брата свайго, бо абвешчана дараваньне дзеля Госпада;
 
І во спосаб дараваньня: хай даруе кажны пазычэньнік, каторы пазычыў прыяцелю свайму, хай не спаганяе з прыяцеля свайго й з брата свайго; бо прагалошана дараваньне дзеля СПАДАРА.

з чужаземца спаганяй, а што будзе твайго ў брата твайго, даруй.
 
З чужаземца спаганяй, а што будзе твае ў брата твайго, хай даруе рука твая.

Хіба толькі ня будзе ў цябе ўбогага: бо дабраславіць цябе Гасподзь на той зямлі, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе ў дзялянку, каб ты ўспадкаваў яе,
 
Хіба толькі ня будзе ў цябе ўбогага, бо шчодра дабраславе цябе СПАДАР на тэй зямлі, каторую СПАДАР, Бог твой, даець табе на спадак, каб ты ўзяў яе на спадак,

калі толькі будзеш слухаць голасу Госпада, Бога твайго, і старацца выконваць усе запаведзі гэтыя, якія я сёньня наказваю табе;
 
Калі толькі будзеш слухаць голасу СПАДАРА, Бога свайго, і рупіцца паўніць усе расказаньне гэтае, каторае цяпер расказую табе;

бо Гасподзь, Бог твой, дабраславіць цябе, як Ён казаў табе, і ты будзеш даваць пазыку многім народам, а сам ня будзеш браць пазыкі; і валадарыць будзеш над многімі народамі, а яны над табою ня будуць валадарыць.
 
Бо СПАДАР, Бог твой, дабраславе цябе, як Ён казаў табе, і ты будзеш пазычаць шмат якім народам, а сам ня будзеш пазычаць; і панаваць будзеш над шмат якімі народамі, а яны над табою ня будуць панаваць.

Калі ж будзе ў цябе ўбогі, хто-небудзь з братоў тваіх, у адным зь селішчаў тваіх на зямлі тваёй, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе, дык не ачэрсьцьві сэрца твайго і не затулі рукі тваёй перад зубожаным братам тваім,
 
Калі ж будзе ў цябе ўбогі хто з братоў тваіх, у ваднэй з брамаў тваіх, у зямлі тваей, каторую СПАДАР, Бог твой, даець табе, то не закалянь сэрца свайго і ня сьцісьні рукі свае ад убогага брата свайго.

а растулі перад ім руку тваю і пазыч яму, гледзячы па ягонай патрэбе, у чым ён мае патрэбу;
 
Але шырака адчыні руку сваю яму й шчодра пазыч яму, подле яго нястачы, чаго яму не стаець.

пільнуйся, каб не зарадзілася ў сэрцы тваім ліхая думка: «набліжаецца сёмы год, год адпушчэньня», і каб ад таго вока тваё не зрабілася немілажальным да ўбогага брата твайго, і ты не адмовіў яму; бо ён залямантуе на цябе да Госпада, і будзе на табе грэх;
 
Сьцеражы, каб ня была ў сэрцу тваім нягодная думка, кажучы: "Бліжыцца сёмы год, год дараваньня"; і станецца ліхое вока твае да ўбогага брата твайго, і ты не дасі яму, і ён загукае супроці цябе да СПАДАРА, і будзе на табе грэх.

дай яму, і калі давацьмеш яму, хай не зажурыцца сэрца тваё, бо за тое дабраславіць цябе Гасподзь, Бог твой, ва ўсіх дзеях тваіх і ва ўсім, што будзе рабіцца тваімі рукамі;
 
Дай шчодра яму, і хай ня мае немарасьціцца сэрца твае, як будзеш даваць яму, бо за тое дабраславе цябе СПАДАР, Бог твой, у вусіх справах тваіх і ў вусім, што будзе рабіць рука твая.

бо ўбогія заўсёды будуць на зямлі; таму я і загадваю табе: растуляй руку тваю перад братам тваім, бедным тваім і жабраком тваім на зямлі тваёй.
 
Бо не перастане ўбогі сярод зямлі; затым я й расказую табе, кажучы: шырака адчыні руку сваю брату свайму, беднаму свайму а ўбогаму свайму на зямлі сваёй.

Калі прадасца табе брат твой, Габрэй, альбо Габрэйка, дык шэсьць гадоў павінен ён быць рабом табе, а на сёмым годзе адпусьці яго ад сябе на волю;
 
Калі прадасца табе брат твой, Гэбрэй або Гэбрэйка, і будзе служыць табе шэсьць год, дык на сёмы год адпусьці яго вольным ад сябе.

а калі будзеш адпускаць яго ад сябе на волю, не адпусьці яго з пустымі рукамі,
 
І як будзеш адпушчаць яго вольным ад сябе, не адпусьці яго з пустым;

а надзялі яго ад статкаў тваіх, ад гумна твайго і ад чавіла твайго: дай яму, чым спадобіў цябе Гасподзь, Бог твой;
 
Надзялі яго шчодра із стадаў сваіх, з току свайго і з таўчэльні свае; чым дабраславіў цябе СПАДАР, Бог твой, даў яму.

памятай, што і ты быў рабом у зямлі Егіпецкай і выбавіў цябе Гасподзь, Бог твой, таму я сёньня і наказваю табе гэта.
 
І памятуй, што ты быў слугою ў зямлі Ягіпецкай, і выкупіў цябе СПАДАР, Бог твой; затым я расказую табе гэта цяпер.

А калі ён скажа табе: «не пайду я ад цябе, бо я люблю цябе і дом твой», таму што добра яму ў цябе,
 
І будзе, калі ён скажа табе: "Не пайду я ад цябе, бо я люблю цябе а дом твой", бо добра яму ў цябе,

дык вазьмі шыла і прыкалі вуха ягонае да дзьвярэй; і будзе ён рабом тваім навекі. Так рабі і з рабыняй тваёю.
 
Дык вазьмі шыла й пракалі вуха ягонае ля дзвярэй; і будзе ён слугою тваім навекі; і нават гэтак рабі із служэбкаю сваёй.

Ня лічы гэта сабе цяжкім, што ты павінен адпусьціць яго ад сябе на волю, бо ён за шэсьць гадоў зарабіў табе ўдвайне супроць платы найміта; і дабраславіць цябе Гасподзь, Бог твой, ва ўсім, што ні будзеш рабіць.
 
Хай ня будзе цяжкім у ваччу тваім, што ты маеш адпусьціць яго ад сябе вольным, бо ўдвая супроці платы найміту зарабіў табе за шэсьць год; і дабраславе цябе СПАДАР, Бог твой, у вусім, што будзеш рабіць.

Усё першароднае мужчынскага полу, што народзіцца ад буйнога быдла твайго і ад дробнага быдла твайго, пасьвячай Госпаду, Богу твайму: не працуй на першародным вале тваім і ня стрыжы першароднага з дробнага быдла твайго;
 
Кажнага першака самца, шго родзіцца ад буйнога й ад драбнога статку твайго, пасьвячай СПАДАРУ, Богу свайму: не рабі першародным валом сваім і ня стрыжы першароднага з драбнога статку свайго.

прад Госпадам, Богам тваім, штогоду рабі гэта ты і сям’я твая, на месцы, якое выбера Гасподзь;
 
Перад СПАДАРОМ, Богам сваім, зьядай гэта ты а радзіма твая што году, на месцу, каторае абярэць СПАДАР.

а калі будзе на ім загана, кульгавасьць альбо сьлепата, альбо якая іншая пахіба, дык ня прынось яго ў ахвяру Госпаду, Богу твайму,
 
А калі будзе на ім ган, кульгавы альбо сьляпы будзе, альбо зь якім ліхім ганам, дык не абракай яго на аброк СПАДАРУ, Богу свайму;

а ў селішчах тваіх еж яго; нячысты як і чысты могуць есьці, як сарну і як аленя;
 
Але ў брамах сваіх ежча яго; нячысты, як і чысты, як аленя, так і лань.

толькі крыві ягонай ня еж: на зямлю вылівай яе, як ваду.
 
Толькі крыві яго ня еж; на зямлю вылі, як ваду.