Другі закон 19 разьдзел

Другі закон
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Калі Гасподзь, Бог твой, зьнішчыць народы, чыю зямлю дае табе Гасподзь, Бог твой, і ты ўступіш у спадчыну пасьля іх і аселішся ў гарадах іхніх і дамах іхніх,
 
Як выгубе СПАДАР, Бог твой, народы, каторых зямлю даець табе СПАДАР, Бог твой, і ты будзеш спадкаемцам іх, і аселішся ў местах іхных а дамох іхных;

тады выдзелі сабе тры гарады сярод зямлі тваёй, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе ў валоданьне;
 
Тады аддзялі сабе тры месты сярод зямлі свае, каторую СПАДАР, Бог твой, даець табе ў дзяржаньне.

пракладзі сабе дарогу і падзялі на тры часткі ўсю зямлю тваю, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе ў дзялянку; яны будуць служыць сховішчам кожнаму забойцу.
 
Пракладзі сабе дарогу і падзялі на тры часьці ўсю граніцу зямлі сваей, каторую СПАДАР, Бог твой, даець табе на спадак; і будзе, каб уцякаў туды кажны ўбіўца.

І вось які забойца можа ўцякаць туды і заставацца жывым: хто заб’е блізкага свайго без намыслу, ня быўшы ворагам яму ўчора і заўчора;
 
І во ў якой справе ўбіўца можа ўцякаць туды й застацца жывы: хто заб’ець прыяцеля свайго нясьведама, і ён ня быў ворагам яму ўчорах а заўчора;

хто пойдзе зь блізкім сваім у лес сячы дровы, і размахнецца рука яго зь сякерай, каб сьсячы дрэва, і саскочыць жалеза з тапарышча і трапіць у блізкага, і той памрэ, — такі няхай уцячэ ў адзін з гарадоў тых, каб застацца жывым,
 
Хто пойдзе з прыяцелям сваім да лесу сячы дзервы, і размахнецца рука ягоная ізь сякіраю, сьсячы дзерва, і сякіра ссунецца з тапарышча, і луча ў прыяцеля, і ён памрэць; такі хай уцячэць да аднаго зь местаў тых, і застанецца жывы;

каб помсьнік за кроў у гарачцы сэрца свайго не пагнаўся за забойцам і не дагнаў яго, калі далёкая будзе дарога, і не забіў яго, тым часам як ён ня мае быць асуджаны на сьмерць, бо ня быў ворагам яму ўчора і заўчора;
 
Каб не пагнаўся за ўбіўцам помсьнік за кроў, бо ўзгарэлася сэрца ягонае, і не насьпеў яго, калі далёка будзе дарога, і не забіў яго, прымеж тога як ён ня мае быць засуджаны на сьмерць, бо ня быў ворагам яму ўчорах а заўчора.

таму я і даў табе загад, кажучы: выдзелі сабе тры гарады.
 
Затым Я й расказаў табе, кажучы: "Тры месты аддзялі сабе".

А калі Гасподзь, Бог твой, пашырыць межы твае, як Ён прысягаўся бацькам тваім, і дасьць табе ўсю зямлю, якую Ён абяцаў даць бацькам тваім,
 
І як пашыра СПАДАР, Бог твой, граніцы твае, як Ён прысягаў айцом тваім, і дасьць табе ўсю зямлю, каторую Ён сказаў, што дасьць айцом тваім,

калі ты будзеш старацца выконваць усе гэтыя запаведзі, якія я наказваю табе сёньня, любіць Госпада Бога твайго ўсе дні, тады да гэтых трох гарадоў дадай яшчэ тры гарады,
 
Калі ты будзеш дзяржаць усе гэтае расказаньне, каторае Я расказую табе цяпер, каб паўніць яго, любіць СПАДАРА, Бога свайго, і хадзіць дарогамі Ягонымі ўсі дні, дык дадасі яшчэ тры месты да гэтых трох местаў,

каб не пралівалася кроў невінаватага сярод зямлі тваёй, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе ў дзялянку, і каб ня было на табе крыві.
 
І каб не разьлівалася кроў нявіннага сярод зямлі твае, каторую СПАДАР, Бог твой, даець табе на спадак, і каб ня было на табе крыві.

Але калі хто будзе ворагам блізкаму свайму і будзе падпільноўваць яго, і паўстане на яго і заб’е яго да сьмерці, і ўцячэ ў адзін з гарадоў тых,
 
Але калі будзе хтось вораг прыяцелю свайму, і будзе цікаваць на яго, і паўстане на яго, і сьмяротна паб’ець яго, і тый памрэць, і ўцячэць да аднаго зь местаў гэтых;

дык старэйшыны горада ягонага павінны паслаць, каб узяць яго адтуль і перадаць яго ў рукі помсьніка за кроў, каб ён памёр;
 
То пашлюць старцы места таго, і возьмуць яго стуль, і аддадуць яго ў рукі помсьніка за кроў, і ён памрэць.

хай ня літуе яго вока тваё; змый зь Ізраіля кроў невінаватага і будзе табе добра.
 
Хай не пашчаджае яго вока твае; і выкарані кроў нявіннага з Ізраеля, і будзе табе добра.

Не парушай мяжы блізкага твайго, якую паклалі продкі ў дзялянцы тваёй, што дасталася табе на зямлі, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе ў валоданьне.
 
Ня ўзрушай мяжы прыяцеля свайго, каторую правялі першыя на спадку тваім, што дастаўся табе ў зямлі, каторую СПАДАР, Бог твой, даець табе ў дзяржаньне.

Ня досыць аднаго сьведкі супроць каго-небудзь у якой-небудзь віне і ў якім-небудзь злачынстве і ў якім-небудзь грэху, якім ён згрэшыць: пры словах двух сьведкаў, альбо пры словах трох сьведкаў адбудзецца справа.
 
Хай ня стане адна сьветка супроці людзіны супроці якога бяспраўя, супроці якога грэху, у такім грэху, каторым грэшаць: подле вуснаў дзьвюх сьветак альбо подле вуснаў трох сьветак адбудзецца справа.

Калі выступіць супроць каго сьведка несправядлівы, вінавацячы яго ў злачынстве,
 
Калі выступе супроці людзіны сьветка місьцюк, сьветчачы праз адступніцтва;

дык няхай стануць абодва гэтыя чалавекі, у якіх цяжбіна, прад Госпадам, перад сьвятарамі і перад судзьдзямі, якія будуць у тыя дні;
 
Дык хай стануць абодва гэтыя чалавекі, каторыя правуюцца, перад СПАДАРОМ, перад сьвятарамі а перад судзьдзямі, што будуць тых дзён,

судзьдзі павінны добра прасачыць, і калі сьведка той — сьведка фальшывы, фальшывае данёс на брата свайго,
 
І хай старэнна прасочаць судзьдзі, і вось, хвальшывая сьветка сьветчыла хвальшыва, сьветчачы супроці брата свайго,

дык зрабеце яму тое, што ён намышляў зрабіць брату свайму; і гэтак вынішчы зло спасярод сябе;
 
Дык зрабіце яму тое, што ён маніўся зрабіць брату свайму; і выкарані ліха з пасярод сябе.

і астатнія пачуюць, і збаяцца і ня будуць болей рабіць такога зла сярод цябе;
 
І засталыя пачуюць, і будуць баяцца, і ня будуць болей паўтраць такога ліха сярод цябе.

хай ня літуе вока тваё: душу за душу, вока за вока, зуб за зуб, руку за руку, нагу за нагу.
 
І хай не пашчаджае вока твае: душа за душу, вока за вока, зуб за зуб, рука за руку, нага за нагу.