Другі закон 19 разьдзел
Другі закон
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
Калі Гасподзь, Бог твой, зьнішчыць народы, чыю зямлю дае табе Гасподзь, Бог твой, і ты ўступіш у спадчыну пасьля іх і аселішся ў гарадах іхніх і дамах іхніх,
Калі ГОСПАД, Бог твой, зьнішчыць народы, зямлю якіх ГОСПАД, Бог твой, дае табе, каб ты завалодаў ёю і пасяліўся ў гарадах іхніх і дамах іхніх,
тады выдзелі сабе тры гарады сярод зямлі тваёй, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе ў валоданьне;
тады выдзелі сабе тры гарады з усёй зямлі, якую дае табе ГОСПАД, Бог твой, на ўласнасьць,
пракладзі сабе дарогу і падзялі на тры часткі ўсю зямлю тваю, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе ў дзялянку; яны будуць служыць сховішчам кожнаму забойцу.
і падрыхтуй шлях, і падзялі на тры [часткі] абшар зямлі тваёй, якую дае табе ў спадчыну ГОСПАД, Бог твой, і кожны забойца знойдзе там прыбежышча.
І вось які забойца можа ўцякаць туды і заставацца жывым: хто заб’е блізкага свайго без намыслу, ня быўшы ворагам яму ўчора і заўчора;
А гэта слова адносна забойцы, які ўцячэ туды і будзе жыць. Калі ён забіў бліжняга свайго ненаўмысна і ня меў нянавісьці да яго ані ўчора, ані пазаўчора,
хто пойдзе зь блізкім сваім у лес сячы дровы, і размахнецца рука яго зь сякерай, каб сьсячы дрэва, і саскочыць жалеза з тапарышча і трапіць у блізкага, і той памрэ, — такі няхай уцячэ ў адзін з гарадоў тых, каб застацца жывым,
калі пайшоў нехта з бліжнім сваім у лес секчы дрэвы і размахнулася рука ягоная з сякерай, каб сьсекчы дрэва, і саскочыла жалеза з тапарышча і ўдарыла бліжняга ягонага, і той памёр, такі можа схавацца ў адным з гарадоў гэтых, і будзе жыць,
каб помсьнік за кроў у гарачцы сэрца свайго не пагнаўся за забойцам і не дагнаў яго, калі далёкая будзе дарога, і не забіў яго, тым часам як ён ня мае быць асуджаны на сьмерць, бо ня быў ворагам яму ўчора і заўчора;
каб мсьціўца за кроў у гарачнасьці сэрца свайго не пагнаўся за забойцам і не дагнаў яго, калі дарога далёкая, і не забраў душу ягоную, бо ён ня мае прысуду на сьмерць, бо ня меў нянавісьці [да забітага] ані ўчора, ані пазаўчора.
таму я і даў табе загад, кажучы: выдзелі сабе тры гарады.
Дзеля гэтага я загадваю табе, кажучы: "Выдзелі сабе тры гарады.
А калі Гасподзь, Бог твой, пашырыць межы твае, як Ён прысягаўся бацькам тваім, і дасьць табе ўсю зямлю, якую Ён абяцаў даць бацькам тваім,
Калі ГОСПАД, Бог твой, пашырыць межы твае, як Ён запрысяг бацькам тваім, і аддасьць табе ўсю зямлю, якую абяцаў даць бацькам тваім,
калі ты будзеш старацца выконваць усе гэтыя запаведзі, якія я наказваю табе сёньня, любіць Госпада Бога твайго ўсе дні, тады да гэтых трох гарадоў дадай яшчэ тры гарады,
калі ты будзеш захоўваць і выконваць прыказаньне гэтае, якое я табе сёньня загадваю, каб ты любіў ГОСПАДА, Бога твайго, і хадзіў шляхамі Ягонымі ўсе дні, тады дадасі да гэтых гарадоў яшчэ тры гарады,
каб не пралівалася кроў невінаватага сярод зямлі тваёй, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе ў дзялянку, і каб ня было на табе крыві.
каб не праліваць нявіннай крыві ў зямлі тваёй, якую дае табе ГОСПАД, Бог твой, на ўласнасьць, і ня будзе на табе крыві.
Але калі хто будзе ворагам блізкаму свайму і будзе падпільноўваць яго, і паўстане на яго і заб’е яго да сьмерці, і ўцячэ ў адзін з гарадоў тых,
Калі чалавек меў нянавісьць да бліжняга свайго, і цікаваў на яго, і паўстаў супраць яго, і забраў душу ягоную, і той памёр, і ўцячэ ў адзін з гарадоў гэтых,
дык старэйшыны горада ягонага павінны паслаць, каб узяць яго адтуль і перадаць яго ў рукі помсьніка за кроў, каб ён памёр;
тады старшыні гораду ягонага пашлюць па яго, забяруць яго адтуль і аддадуць у рукі мсьціўца за кроў, і ён памрэ.
хай ня літуе яго вока тваё; змый зь Ізраіля кроў невінаватага і будзе табе добра.
Няхай не пашкадуе яго вока тваё, і ты змыеш кроў нявінную з Ізраіля, і будзе добра табе.
Не парушай мяжы блізкага твайго, якую паклалі продкі ў дзялянцы тваёй, што дасталася табе на зямлі, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе ў валоданьне.
Не перасоўвай мяжы бліжняга твайго, якую вызначылі продкі ў спадчыне тваёй, якую ты атрымаў у зямлі, якую дае табе на ўласнасьць ГОСПАД, Бог твой.
Ня досыць аднаго сьведкі супроць каго-небудзь у якой-небудзь віне і ў якім-небудзь злачынстве і ў якім-небудзь грэху, якім ён згрэшыць: пры словах двух сьведкаў, альбо пры словах трох сьведкаў адбудзецца справа.
Не паўстане адзін сьведка супраць чалавека, [абвінавачваючы] ў нейкім беззаконьні ці ў некім грэху. У кожным граху, якім саграшыў чалавек, паводле [словаў] з вуснаў двух або трох сьведкаў выносіцца рашэньне.
Калі выступіць супроць каго сьведка несправядлівы, вінавацячы яго ў злачынстве,
Калі паўстане сьведка фальшывы супраць чалавека, вінавацячы яго ў злачынстве,
дык няхай стануць абодва гэтыя чалавекі, у якіх цяжбіна, прад Госпадам, перад сьвятарамі і перад судзьдзямі, якія будуць у тыя дні;
няхай стануць абодва чалавекі, што маюць спрэчку, перад абліччам ГОСПАДА, перад сьвятарамі і судзьдзямі, якія будуць у тыя дні.
судзьдзі павінны добра прасачыць, і калі сьведка той — сьведка фальшывы, фальшывае данёс на брата свайго,
І судзьдзі старанна дасьледуюць, і вось, сьведка той — сьведка фальшывы, ён фальшыва гаварыў на брата свайго,
дык зрабеце яму тое, што ён намышляў зрабіць брату свайму; і гэтак вынішчы зло спасярод сябе;
тады зрабіце яму тое, што ён меў намер зрабіць брату свайму, і вынішчыш зло з асяродзьдзя твайго.
і астатнія пачуюць, і збаяцца і ня будуць болей рабіць такога зла сярод цябе;
А іншыя пачуюць [пра гэта] і будуць баяцца, і ніколі больш у асяродзьдзі тваім такіх рэчаў ня будуць рабіць.
хай ня літуе вока тваё: душу за душу, вока за вока, зуб за зуб, руку за руку, нагу за нагу.
Няхай не шкадуе яго вока тваё, але душу за душу, вока за вока, зуб за зуб, руку за руку, нагу за нагу [запатрабуеш].