Другі закон 14 разьдзел

Другі закон
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Вы — сыны Госпада, Бога вашага; не рабеце нарэзаў на целе вашым і не выстрыгайце валасоў над вачыма вашымі па нябожчыку;
 
Вы — сыны ГОСПАДА, Бога вашага; ня будзеце рабіць нарэзы на скуры, і ня будзеце выстрыгаць валасоў над вачыма вашымі па памёршых,

бо ты народ сьвяты ў Госпада, Бога твайго, і цябе выбраў Гасподзь, каб ты быў уласным Яго народам з усіх народаў, якія на зямлі.
 
бо ты — народ сьвяты для ГОСПАДА, Бога твайго, бо цябе выбраў ГОСПАД, каб ты стаўся выбраным народам Ягоным спасярод усіх народаў, якія на абліччы зямлі.

Ня еж ніякай погані.
 
Ня будзеш есьці нічога паганага.

Вось быдла, якое вам можна есьці: валы, авечкі, козы,
 
Вось зьвяры, якіх вы будзеце есьці: вол, ягня авечак і козаў,

алень і сарна, і буйвал і казуля, і зубр і жырафа, і антылопа.
 
алень, сарна, казуля, ланя, зубар, антылёпа, горны казёл.

Усякая жывёліна, у якое расшчэпленыя капыты і на абодвух капытах глыбокі разрэз, і якая жуе жуйку, тую ежце;
 
І кожную жывёлу, якая мае разьдзеленыя капыты і на абодвух капытах глыбокі разрэз, і тую жывёлу, якая жуе жвайку, будзеце есьці.

толькі гэтых ня ежце з тых, што жуюць жуйку і маюць расшчэпленыя капыты з глыбокім разрэзам: вярблюда, зайца і тушканчыка, бо хоць яны жуюць жуйку, але капыты ў іх не расшчэпленыя: нячыстыя яны вам;
 
Але ня будзеце есьці тых, якія жуюць жвайку і ня маюць разьдзеленыя капыты з глыбокім разрэзам: вярблюда, зайца і дамана, бо яны жуюць жвайку, але капыты ў іх не разьдзелены, яны для вас нячыстыя.

і сьвіньні, бо капыты ў яе расшчэпленыя, але ня жуе жуйкі; нячыстая яна вам; ня ежце мяса іх і да трупаў іх не дакранайцеся.
 
І сьвіньня, хоць капыты ў яе разьдзеленыя, але яна не жуе жвайку, будзе для вас нячыстай; мяса яе ня ешце і падліны не дакранайцеся.

З усіх жывёлаў, якія ў вадзе, ежце ўсіх, у якіх ёсьць пер’е і луска;
 
З усяго, што ў вадзе, будзеце есьці ўсіх, якія маюць плаўнікі і луску.

а ўсіх тых, у якіх няма пер’я і лускі, ня ежце: нячыста гэта вам.
 
А ўсё, што без плаўніка і лускі, ня будзеце есьці, бо яны для вас нячыстыя.

Усякае птаства чыстае ежце;
 
Усіх птушак чыстых будзеце есьці.

а гэтых зь іх ня трэба есьці: арла, грыфа і марскога арла,
 
Спасярод [птушак] ня будзеце есьці: арла, грыфа і марскога арла,

і кані, і сокала і крагуля з пародаю іхняю,
 
каршука, сокала і каню паводле гатункаў іхніх,

і ўсякага гругана з пародаю ягонаю,
 
і ўсякага крумкача паводле гатунку яго,

і страўса і савы, і чайкі і шуляка з пародай ягонаю,
 
страуса, савы, чайкі і ястраба паводле гатункаў яго,

і сойкі, і пушчыка, і лебедзя,
 
пугача, ібіса і лебедзя,

і пелікана, і сіпа, і кармарана,
 
пэлікана, сыча і рыбалова,

і чаплі, і бусла з пародаю ягонай, і ўдода, і кажана.
 
чаплі, буслоў паводле гатункаў іхніх, удода і кажана.

Усе крылатыя паўзуны нячыстыя вам, ня ежце іх.
 
Кожная жужла крылатая для вас нячыстая, ня будзеце яе есьці.

Усю чыстую птушку ежце.
 
Усіх птушак чыстых будзеце есьці.

Ня ежце ніякага падла: іншаземцу, які надарыцца ў селішчах тваіх, аддай яго, ён хай есьць яго, альбо прадай яму, бо ты народ сьвяты ў Госпада, Бога твайго. Не гатуй казьляня ў малацэ маці ягонай.
 
Ня будзеце есьці ніякай падліны. Дасі яе прыхадню, які ў брамах тваіх, і будзе есьці, або прадасі чужынцу, бо ты — народ сьвяты для ГОСПАДА, Бога твайго. Не вары казьляняці ў малацэ маці ягонай.

Аддзяляй дзесяціну з усяго ўроджанага насеньнем тваім, якое штогоду на полі тваім узрасьце,
 
Давай дзесяціну з усіх пладоў насеньня твайго, з таго, што поле штогод родзіць.

і еж прад Госпадам, Богам тваім, на тым месцы, якое выбера Ён, каб быць імю Ягонаму там; прынось дзесяціну хлеба твайго і алею твайго, каб ты навучыўся баяцца Госпада, Бога твайго, ва ўсе дні.
 
І еш перад абліччам ГОСПАДА, Бога твайго, на тым месцы, якое Ён выбраў, каб было там імя Ягонае, дзесяціну збожжа твайго, і віна твайго, і алею твайго, і першародных валоў тваіх і авечак тваіх, каб вучыўся ты баяцца ГОСПАДА, Бога твайго, у-ва ўсе дні.

Калі ж доўгая будзе табе дарога, так што ня зможаш несьці гэтага, бо далёка ад цябе тое месца, якое выбера Гасподзь, Бог твой, каб пакласьці там імя Сваё, і Гасподзь, Бог твой, дабраславіў цябе,
 
Калі ж далёкай будзе дарога [твая] і ня зможаш гэта прынесьці, бо далёка ад цябе месца, якое выбраў ГОСПАД, Бог твой, каб там было імя Ягонае, і калі ГОСПАД, Бог твой, дабраславіў цябе,

дык памяняй гэта на срэбра і вазьмі срэбра ў руку тваю і прыходзь на месца, якое выбера Гасподзь, Бог твой;
 
тады памяняй гэта на срэбра, і вазьмі срэбра ў руку тваю, і ідзі на месца, якое выбраў ГОСПАД, Бог твой,

і купляй на срэбра гэта ўсё, што заўгодзіцца душы тваёй; і еж там прад Госпадам, Богам тваім, і радуйся ты і сям’я твая.
 
і купляй там за гэта срэбра ўсё, чаго жадае душа твая, ці валоў, ці авечак, ці віно, ці сікеру, ці ўсё, чаго жадае душа твая; і будзеш есьці там перад абліччам ГОСПАДА, Бога твайго, і будзеш весяліцца ты і дом твой.

І лявіта, які ў селішчах тваіх, не пакінь, бо няма яму долі і дзялянкі з табою.
 
І не пакідай лявіта, які ў брамах тваіх, бо ён ня мае ані часткі, ані спадчыны з табою.

А як міне тры гады, аддзяляй усе дзесяціны створанага табою ў той год і кладзі ў селішчах тваіх;
 
Пад канец трэцяга году адлажы ўсе дзесяціны з пладоў тваіх году гэтага і пакінь у брамах тваіх.

і няхай прыйдзе лявіт, бо яму няма долі і дзялянкі з табою, і прыхадзень і сірата і ўдава, якія ў селішчах тваіх, і няхай ядуць і наядаюцца, каб дабраславіў цябе Гасподзь, Бог твой, ў кожнай дзеі рук тваіх, якія ты будзеш рабіць.
 
І прыйдзе лявіт, бо ён ня мае ані часткі, ані спадчыны з табой, і прыхадзень, і сірата, і ўдава, якія ў брамах тваіх, і будуць яны есьці, і насыцяцца, каб дабраславіў цябе ГОСПАД, Бог твой, у кожнай працы рук тваіх, якую будзеш рабіць.