Другі закон 13 разьдзел

Другі закон
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Калі паўстане сярод цябе прарок, альбо той, хто бачыць сны, і пакажа табе азнаку альбо цуд,
 
Калі паўстане сярод цябе прарок або той, які сьніць сны, і пакажа табе знак або цуд.

і збудзецца тая азнака альбо цуд, пра што ён казаў табе, і скажа пры тым: «хадзем сьледам за багамі іншымі, якіх ты ня ведаеш, і будзем служыць ім», —
 
і споўніцца той знак або цуд, які ён прадказаў, і скажа [той прарок]: “Пойдзем за іншымі багамі, якіх ты ня ведаеш, і будзем ім служыць”,

дык ня слухай слоў прарока гэтага, альбо тлумача сноў гэтага; бо праз гэта выпрабоўвае вас Гасподзь, Бог ваш, каб даведацца, ці любіце вы Госпада, Бога вашага, ад усяго сэрца вашага і ад усёй душы вашай;
 
ня слухай словаў такога прарока або таго, які сьніць сны, бо выспрабоўвае вас ГОСПАД, Бог ваш, каб даведацца, ці ты любіш ГОСПАДА, Бога твайго, усім сэрцам тваім і ўсёй душой тваёй.

За Госпадам, Богам вашым, сьледуйце і Яго бойцеся, запаведзі Ягоныя выконвайце і голасу Ягонага слухайцеся, і Яму служэце і да Яго прыхінайцеся;
 
За ГОСПАДАМ, Богам вашым, ідзіце і Яго бойцеся, і прыказаньні Ягоныя выконвайце, і слухайцеся голасу Ягонага, Яму служыце і да Яго туліцеся.

а прарока таго альбо тлумача сноў таго трэба аддаць сьмерці за тое, што ён умаўляў вас адступіцца ад Госпада, Бога вашага, Які вывеў вас зь зямлі Егіпецкай і вызваліў цябе з дома рабства, прагнучы зьвесьці цябе з дарогі, па якой ісьці наказваў табе Гасподзь, Бог твой; і гэтак зьнішчы зло спасярод сябе.
 
А прарок той або той, які сьніць сны, няхай будзе забіты, бо гаварыў, каб адвярнуць вас ад ГОСПАДА, Бога вашага, Які вывеў вас з зямлі Эгіпецкай і вызваліў цябе з дому няволі, каб зьвесьці цябе з таго шляху, які табе загадаў ГОСПАД, Бог твой, каб ісьці па ім. І выкараніш зло з асяродзьдзя твайго.

Калі цябе пачне ўмаўляць брат твой тайна, сын маці тваёй, альбо сын твой, альбо дачка твая, альбо жонка на ўлоньні тваім, альбо сябар твой, які для цябе, як душа твая, кажучы: «хадзем і будзем служыць багам іншым, якіх ня ведаў ты і бацькі твае»,
 
Калі будзе намаўляць цябе брат твой, сын маці тваёй, або сын твой, або дачка твая, або жонка ўлоньня твайго, або сябра твой, якога [любіш], як душу сваю, таемна кажучы: “Хадзем і будзем служыць багам чужым”, якіх ані ты ня ведаеш, ані бацькі твае,

багам тых народаў, якія вакол цябе, блізкіх да цябе, альбо далёкіх ад цябе, ад аднаго краю зямлі да другога, —
 
багам тых народаў, якія вакол цябе, блізкіх да цябе ці далёкіх ад цябе ад аднаго канца зямлі да другога канца зямлі,

дык не згаджайся зь ім і ня слухай яго; і хай не пашкадуе яго вока тваё, і не шкадуй яго і не прыкрывай яго,
 
ня слухай яго і не згаджайся з ім, і няхай ня літуецца вока тваё над ім, ня мей шкадаваньня, і не хавай [злачынства] ягонага,

а забі яго; твая рука першая павінна быць на ім, каб забіць яго, а потым рукі ўсяго народа;
 
але, забіваючы, забі яго. Рука твая няхай будзе першай, каб забіць яго, а рука ўсяго народу — пасьля [цябе].

пабі яго камянямі да сьмерці, бо ён намышляў адвярнуць цябе ад Госпада, Бога твайго, Які вывеў цябе зь зямлі Егіпецкай, з дома рабства;
 
Укамянуй яго камянямі, і ён памрэ, бо ён хацеў адцягнуць цябе ад ГОСПАДА, Бога твайго, Які вывеў цябе з зямлі Эгіпецкай, з дому няволі.

увесь Ізраіль пачуе гэта і збаіцца, і ня будуць болей рабіць сярод цябе такога ліха.
 
І ўвесь Ізраіль пачуе гэта, і будзе баяцца, і кіне рабіць гэткія рэчы, ліхоту ў асяродзьдзі тваім.

Калі пачуеш пра які-небудзь горад твой, які Гасподзь, Бог твой, дае табе на жыхарства,
 
Калі пачуеш у адным з гарадоў тваіх, якія ГОСПАД, Бог твой, дае табе на пражываньне, як нехта кажа:

што паявіліся ў ім бязбожныя людзі спасярод цябе і спакусілі жыхароў горада іхняга, кажучы: «хадзем і будзем служыць багам іншым, якіх вы ня ведалі», —
 
“Выйшлі з асяродзьдзя твайго людзі, сыны Бэліяла, і яны зводзяць жыхароў гораду свайго, кажучы: "Хадзем і будзем служыць багам чужым, якіх ня ведаеце"”, —

дык ты вышукай, дасачы і добра распытай; і калі гэта чыстая праўда, што здарылася шкарада гэтая сярод цябе,
 
тады распытай, і дасьледуй, і добра правер. І вось, праўду гаворыць слова гэтае і такую брыдоту робяць у асяродзьдзі тваім.

пабі жыхароў таго горада вастрыём меча, аддай праклёну яго і ўсё, што ў ім, і быдла яго пабі вастрыём меча;
 
Тады, забіваючы, забі вострывам мяча жыхароў гораду гэтага і аддай закляцьцю яго і ўсё, што ў ім; і жывёлу ягоную [заб’еш] вострывам мяча.

А ўсю здабычу яго зьбяры на сярэдзіну плошчы яго і спалі агнём горад і ўсю здабычу яго цалкам Госпаду, Богу твайму, і хай будзе ён вечна ў руінах, ня трэба ніколі болей адбудоўваць яго;
 
А ўсю здабычу з яго зьбяры на сярэдзіну плошчы і спалі агнём горад і ўсю здабычы дашчэнту для ГОСПАДА, Бога твайго, і будзе ён у руінах на вякі, і не адбудуецца болей.

нішто з праклятага хай ня прыліпне да рукі тваёй, каб утаймаваў Гасподзь лютасьць гневу Свайго і даў табе літасьць і памілаваў цябе, і памножыў цябе, як запрысягаўся бацькам тваім,
 
І няхай не прыліпне да рукі тваёй нічога з заклятага, каб ГОСПАД адвярнуў ярасьць гневу Свайго, і зьявіў табе літасьць, і зьлітаваўся над табой, і памножыў цябе, як Ён прысягнуў бацькам тваім,

калі будзеш слухаць голасу Госпада, Бога твайго, захоўваючы ўсе запаведзі Ягоныя, якія сёньня пераказваю табе, робячы заўгоднае прад вачыма Госпада, Бога твайго.
 
калі будзеш слухаць голас ГОСПАДА, Бога твайго, захоўваючы ўсе прыказаньні Ягоныя, якія я загадваю табе сёньня, і робячы тое, што слушна ў вачах ГОСПАДА, Бога твайго.