Другі закон 32 разьдзел

Другі закон
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Слухай, неба, я прамаўляцьму; і слухай, зямля, словы вуснаў маіх.
 
«Прыхіліце вушы, нябёсы, і я прамоўлю! І няхай чуе зямля словы вуснаў маіх!

Пральецца як дождж вучэньне маё, як раса мова мая, як дробны дождж на зяленіва, як зьліва на траву.
 
Няхай кроплямі падае, як дождж, вучэньне маё, няхай сьцякае, як раса, мова мая, як імжа на зеляніну, як залева на траву.

Імя Госпада праслаўлю; узьнясеце славу Госпаду нашаму.
 
Бо я буду клікаць імя ГОСПАДА! Давайце ўзьвялічым Бога нашага!

Ён цьвярдыня; дасканалыя дзеі Ягоныя, і ўсе шляхі Яго праведныя; Бог правільны і няма няпраўды ў Ім; Ён праведны і ісьціны;
 
[Ён] — Скала, і дасканалыя творы Яго, бо ўсе шляхі Ягоныя справядлівыя. Бог верны, і няма ў Ім хлусьні, Ён — праведны і справядлівы.

але яны разбэсьціліся прад Ім, яны ня дзеці Ягоныя ў сваіх заганах, род упарцісты і разбэшчаны.
 
Яны сапсаваліся, яны ня ёсьць сынамі Ягонымі з прычыны заганаў сваіх, пакаленьне падступнае і крывадушнае.

Ці гэта аддаяце вы Госпаду, народ неразумны і няцямны? ці ж ня Ён Айцец твой, Які засвоіў цябе, стварыў цябе і ўладзіў цябе?
 
Ці ж так адплачваеце вы ГОСПАДУ, народзе бязглузды і бяз мудрасьці? Ці ж ня Ён —Бацька твой? Ён набыў цябе і ўчыніў, і ўмацаваў.

Згадай пра дні старадаўнія, падумай пра гады ранейшых родаў; спытайся ў бацькі твайго, і абвесьціць табе, у старцаў тваіх, і яны скажуць табе.
 
Памятай пра дні старадаўнія, разважай пра гады пакаленьняў [мінулых]; спытайся бацьку твайго, і ён паведаміць табе, [спытайся] старшыняў тваіх, і яны раскажуць табе.

Калі Ўсявышні даваў надзелы народам і расьсяляў сыноў чалавечых, тады паставіў межы народаў па ліку сыноў Ізраілевых;
 
Калі Найвышэйшы даваў спадчыну народам, калі разьдзяляў сыноў чалавечых, Ён вызначыў межы народам паводле ліку сыноў Ізраіля.

бо доля Госпада народ Ягоны; Якаў спадчынны надзел Ягоны.
 
Уласнасьць ГОСПАДА — народ Ягоны. Якуб — абшар спадчыны Ягонай.

Ён знайшоў яго ў пустыні, у стэпе панылым і дзікім, асланяў яго, даглядаў яго, ахоўваў яго, як вока Сваё;
 
Ён знайшоў яго ў зямлі пустыннай, у [зямлі] пустой і бязьлюднай, дзе выюць [шакалы]. Ён асланяў яго, даглядаў яго і захоўваў яго, як зрэнку вока Свайго.

як арол будзіць гняздо сваё, носіцца над птушанятамі сваімі, распасьцірае крылы свае, бярэ іх і носіць іх на пер’і сваім,
 
Як арол узрушвае гняздо сваё і кружляе над птушанятамі сваімі, раскінуўшы крылы свае, бярэ іх і нясе на крылах сваіх,

так Гасподзь адзін вадзіў яго, і ня было зь ім чужога бога.
 
так ГОСПАД Сам вёў яго, і не было з ім бога чужога.

Ён узьнёс яго на вышыні зямлі і карміў пладамі палёў, і паіў яго мёдам з каменя і алеем зь цьвёрдай скалы,
 
І Ён паставіў яго на высокай зямлі, каб ён спажываў плады палёў, і Ён карміў яго мёдам са скалы і алеем з цьвёрдага камяня,

маслам каровіным і малаком авечым, і тлушчам ягнятаў і бараноў Васанскіх і казлоў, і тлустаю пшаніцаю, і ты піў віно, кроў вінаградных ягад.
 
маслам кароваў і малаком авечак, тлушчам ягнятаў, і бараноў Башану, і казлоў, і тлушчам нырак, і найчысьцейшай пшаніцай, і ён піў кроў вінаграду.

І атлусьцеў Ізраіль, і зрабіўся зацяты; атлусьцеў, патаўсьцеў і распасьвіўся; і пакінуў ён Бога, які стварыў яго, і пагардзіў цьвярдыняю выратаваньня свайго.
 
Насыціўся Ешурун і стаўся брыклівы, стаў сыты, тлусты і гладкі, і пакінуў Бога, Які ўчыніў яго, і зьняважыў Скалу збаўленьня свайго.

Багамі чужымі яны раздражнілі Яго, і мярзотамі Яго ўгневілі:
 
І яны ўзбудзілі рэўнасьць Ягоную [багамі] чужымі, і брыдотамі раззлавалі Яго.

прыносілі ахвяры дэманам, а ня Богу, божышчам, якіх яны ня ведалі, новым, якія прыйшлі ад суседзяў і пра якіх ня думалі бацькі вашыя.
 
Яны складалі ахвяры дэманам, а ня Богу, [пакланяліся] багам, якіх ня ведалі, [багам] новым, якія нядаўна зьявіліся, якім не пакланяліся бацькі іхнія.

А Скалу, Якая спарадзіла цябе, ты забыў, і не памятаў Бога, Які стварыў цябе.
 
Скалу, Якая цябе нарадзіла, ты пакінуў, ня памятаў Бога, Які вывеў на сьвет цябе.

Гасподзь убачыў, і ў абурэньні пагардзіў сынамі Сваімі і дочкамі Сваімі,
 
І ўбачыў [гэта] ГОСПАД, і ўзьненавідзеў [іх], і загневаўся на сыноў Сваіх і дочак Сваіх.

і сказаў: схаваю аблічча Маё ад іх і ўбачу, які будзе іхні канец; бо яны род разбэшчаны, дзеці, у якіх няма вернасьці;
 
І сказаў Ён: “Схаваю аблічча Маё ад іх і пабачу, які [будзе] канец іхні, бо гэта пакаленьне падступнае, сыны няверныя.

ня богам яны раздражнілі Мяне, марнасьцю сваёю Мяне засмуцілі: і Я раздражню іх не народам, народам бязглуздым іх засмучу;
 
Яны ўзбудзілі рэўнасьць Маю тым, што ня [ёсьць] богам, марнасьцямі сваімі раздражнілі Мяне; і Я ўзбуджу рэўнасьць іхнюю тым, што ня [ёсьць] народам, народам дурным раздражню іх.

бо агонь запаліўся ў гневе Маім, паліць да пекла апраметнага, і паядае зямлю і плады яе, і спальвае падваліны гор;
 
Узгарэўся агонь ярасьці Маёй і будзе гарэць аж да найглыбейшай адхлані, і спаліць зямлю і ўраджай ейны, і спапяліць падваліны гор.

зьбяру на іх бядоты і патрачу на іх стрэлы Мае:
 
Я зьбяру на іх няшчасьці, [пушчу] ў іх стрэлы Мае.

будуць зьнясілены голадам, зьнішчаны гарачкаю і заразаю лютай; і пашлю на іх іклы зьвярыныя і яд паўзуноў зямных;
 
Будзе іх марыць голад, паліць трасца і пошасьць лютая, і Я пашлю на іх зубы зьвяроў і атруту тых, што поўзаюць у пыле.

звонку будзе губіць іх меч, а ў дамах — вусьцішнасьць — і хлапца і дзяўчыну, і немаўля і пакрытага сівізнаю старца.
 
На двары будзе нішчыць іх меч, а ў дамах — жах, юнака разам з дзяўчынаю, немаўля разам з чалавекам сівым.

Я сказаў бы: «расьсею іх і згладжу з асяродзьдзя людзей памяць пра іх».
 
Я сказаў: "Вынішчу іх і спыню ў людзей памяць пра іх".

але адклаў гэта дзеля азлабленьня ворагаў, каб ворагі ягоныя не заносіліся і не сказалі: нашая рука высокая, і не Гасподзь зрабіў усё гэта.
 
Але Я [спыніў гэта] з прычыны зьнявагаў ворагаў, каб прыгнятальнікі іхнія не вывышаліся і не казалі: "Рука нашая ўзьнятая, а ня ГОСПАД зрабіў усё гэта!"

Бо яны народ, які страціў розум, і няма ў іх сэнсу.
 
Бо гэта народ бязрадны, і няма ў іх розуму.

О, калі б яны памеркавалі, падумалі пра гэта, уразумелі, што зь імі будзе!
 
Калі б яны былі мудрымі, яны б зразумелі гэта і разважалі б пра канец свой!

як бы мог адзін перасьледаваць тысячу і двое прагнаць цемру, калі б Скала іхняя ня выдаў іх, і Гасподзь не аддаў іх!
 
Ці мог бы адзін гнаць тысячу, а дваіх выгнаць дзесяць тысячаў, калі б Скала іхняя не прадала іх [у няволю] і калі б ГОСПАД не пакінуў іх?

бо скала іхняя не такая, як нашая Скала; самі ворагі нашыя судзьдзі ў тым.
 
Бо скала іхняя не такая, як Скала нашая; але ворагі нашыя [будуць] судзьдзямі.

Бо вінаград іхні ад вінаграднай лазы Садомскай і з палёў Гаморскіх; ягады іхнія ядавітыя, гронкі іх горкія;
 
Бо вінаград іхні — з вінаграднай лазы Садомскай і з палёў Гаморскіх. Ягады іхнія атрутныя, а гронкі [горкія], як палын.

віно іхняе яд драконаў і пагібельная труцізна асьпідаў.
 
Віно іхняе — атрута цмочая і сьмяротная труцізна гадзючая.

Ці не схавана гэта ў Мяне? ці не запячатана ў сховах Маіх?
 
Ці ж гэта не схавана ў-ва Мне і не запячатана ў скарбніцах Маіх?

У Мяне помста і аддача, калі пахісьнецца нага іхняя; бо блізкі дзень пагібелі іх, неўзабаве настане ўгатаванае ім.
 
Мне [належыць] помста і Я аднагароджу ў час, калі пахісьнецца нага іхняя! Бо блізка ўжо дзень загубы іхняй і надыходзіць рашэньне [лёсу] іхняга.

Але Гасподь судзіцьме народ Свой і з рабоў Сваіх умілажаліцца, калі Ён угледзіць, што рука іхняя аслабла, і не засталося ні заключаных, ні тых, што засталіся звонку.
 
І будзе судзіць ГОСПАД народ Свой, і пашкадуе Ён слугаў Сваіх, калі ўбачыць, што рука іхняя аслабела і што няма ані нявольнікаў, ані вольных.

Тады скажа Гасподзь; дзе багі іхнія, цьвярдыня, на якую яны спадзяваліся,
 
І скажа Ён: “Дзе ж богі іхнія, дзе скала, на якую яны мелі надзею,

якія елі тлушч ад ахвяраў іхніх і пілі віно паліваньняў іхніх? няхай яны паўстануць і дапамогуць вам, няхай будуць ім покрывам!
 
што елі тлустасьць ахвяраў іхніх, і пілі віно іхніх ахвяраў вадкіх? Няхай устануць і дапамогуць вам, і няхай у бядзе абароняць вас!

Бачыце сёньня, што гэта Я, Я — і няма Бога, апрача Мяне; Я ўсьмерчваю і ажыўляю, Я б’ю і ацаляю, і ніхто ня выбавіць ад рукі Маёй.
 
Паглядзіце цяпер, што Я, Я ёсьць, і няма Бога апрача Мяне, Я забіваю і Я даю жыць, Я калечу і Я аздараўляю, і няма такога, хто можа вырвацца з рукі Маёй.

Я падымаю да нябёсаў руку Маю і кажу: Я жыву вечна!
 
Я падыму да неба руку Маю і скажу: "Жыву вечна!"

Калі навастру бліскучы Мой меч, і рука Мая прыме суд, дык адпомшчу ворагам Маім і ненавісьнікам Маім аддам;
 
Калі Я вывастру меч Мой бліскучы і рука Мая выканае прысуд, Я адпомшчу ворагам Маім, і тым, якія ненавідзяць Мяне, Я аднагароджу.

напаю стрэлы Маёю крывёю, і меч Мой насыціцца целам, крывёю забітых і палонных, галовамі правадыроў ворага.
 
Я напаю крывёю стрэлы Мае, і меч Мой насыціцца мясам, крывёй забітых і палонных, галовамі варожых правадыроў!”

Радуйцеся, язычнікі, з народам Ягоным! бо Ён адпомсьціць за кроў рабоў Сваіх, і аддасьць помсту ворагам Сваім, і ачысьціць зямлю Сваю і народ Свой!
 
Весяліцеся, народы, з народам Ягоным, бо Ён адпомсьціць за кроў слугаў Сваіх і ўчыніць помсту ворагам Сваім, і міласьцівы будзе да зямлі народу Свайго».

І прыйшоў Майсей і прамовіў усе словы песьні гэтай у слых народу, ён і Ісус, сын Наваў.
 
І пайшоў Майсей з Егошуа, сынам Нуна, і прамовіў усе словы сьпеву гэтага ў вушы народу.

Калі Майсей прамовіў усе словы гэтыя ўсяму Ізраілю,
 
І скончыў Майсей прамаўляць усе словы гэтыя да ўсяго Ізраіля,

тады сказаў ім: пакладзеце на сэрца ваша ўсе словы, якія я абвясьціў вам сёньня, і накажэце іх дзецям сваім, каб яны стараліся выконваць усе словы закона гэтага;
 
і сказаў ім: «Зьмясьціце ў сэрцы вашым усе словы, якімі я сёньня папярэджваю вас, і загадайце сынам вашым захоўваць іх, і выконваць усе словы Закону гэтага.

бо гэта ня пустое для вас, а гэта жыцьцё вашае, і праз гэта вы доўгі час прабудзеце на той зямлі, у якую вы ідзяце церазь Ярдан, каб авалодаць ёю.
 
Бо слова гэтае не пустое для вас, але гэта жыцьцё вашае; і праз слова гэтае будуць доўгія дні [вашыя] на зямлі, у якую вы пераходзіце праз Ярдан, каб авалодаць ёю».

І казаў Гасподзь Майсею ў той самы дзень і сказаў:
 
І ў той самы дзень прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

узыдзі на гэтую гару Аварым, на гару Нэво, якая ў зямлі Маавіцкай, насупраць Ерыхона, і паглядзі на зямлю Ханаанскую, якую Я даю вам у валоданьне сынам Ізраілевым;
 
«Узыйдзі на гэтую гару Абарым, на гару Нэво, якая ў зямлі Мааў насупраць Ерыхону, і паглядзі на зямлю Ханаан, якую Я даю сынам Ізраіля на ўласнасьць.

і памры на гары, на якую ты ўзыдзеш, і прыкладзіся да народу твайго, як памёр Аарон, брат твой, на гары Ор, і прыклаўся да народу свайго,
 
А ты памрэш на гары, на якую ты ўзыйдзеш, і далучышся да народу свайго, як памёр Аарон, брат твой, на гары Гор і далучыўся да народу свайго.

за тое, што вы зграшылі супроць Мяне сярод сыноў Ізраілевых каля водаў Мэрывы ў Кадэсе, у пустыні Сін, за тое, што не паказалі сьвятасьці Маёй сярод сыноў Ізраілевых;
 
За тое, што вы дапусьціліся злачынства адносна Мяне між сынамі Ізраіля пры водах Мэрывы каля Кадэшу, у пустыні Сін, за тое, што вы ня выявілі сьвятасьць Маю сярод сыноў Ізраіля,

перад сабою ты ўбачыш зямлю, а ня ўвойдзеш туды, у зямлю, якую Я даю сынам Ізраілевым.
 
за гэта [толькі] здалёк убачыш тую зямлю, але ты сам ня ўвойдзеш туды, у зямлю, якую Я даю сынам Ізраіля».