Другі закон 28 разьдзел

Другі закон
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Калі ты, як пяройдзеце Ярдан, будзеш слухацца голасу Госпада, Бога твайго, старанна выконваць усе запаведзі Ягоныя, якія наказваю табе сёньня, дык Гасподзь, Бог твой, паставіць цябе вышэй за ўсе народы зямлі;
 
І станецца, калі ты будзеш, слухаючы, слухаць голас ГОСПАДА, Бога твайго, і захоўваць, і выконваць усе прыказаньні Ягоныя, якія я загадваю табе сёньня, ГОСПАД, Бог твой, узвысіць цябе па-над усе народы зямлі,

і сыдуць на цябе ўсе дабраславеньні гэтыя і спраўдзяцца на табе, калі будзеш слухацца голасу Госпада, Бога твайго.
 
і сплывуць на цябе ўсе гэтыя дабраславенствы, і споўняцца на табе, калі будзеш слухаць голас ГОСПАДА, Бога твайго.

Дабраславёны ты ў горадзе і дабраславёны ў полі.
 
Дабраслаўлёны ты ў горадзе і дабраслаўлёны ў полі.

Дабраславёны плод чэрава твайго і плод зямлі тваёй, і плод быдла твайго, і плод тваіх валоў, і плод авечак тваіх.
 
Дабраслаўлёны плод улоньня твайго і плод зямлі тваёй, плод жывёлы тваёй, і нараджэньне валоў тваіх, і прыплод авечак тваіх.

Дабраславёныя засекі твае і кладоўкі твае.
 
Дабраслаўлёны кош твой і дзяжа твая.

Дабраславёны ты пры ўваходзе тваім і дабраславёны ты пры выхадзе тваім.
 
Дабраслаўлёны ты пры ўваходзе тваім і дабраслаўлёны пры выхадзе тваім.

Паб’е перад табою Гасподзь ворагаў тваіх, якія паўстаюць на цябе; адною дарогаю яны выступяць супроць цябе, а сямю дарогамі пабягуць ад цябе.
 
Дасьць табе ГОСПАД, што ворагі твае, якія паўстаюць супраць цябе, будуць пабітыя перад абліччам тваім. Адным шляхам яны пойдуць супраць цябе, а сямёма шляхамі ўцякуць ад цябе.

Пашле Гасподзь табе дабраславеньне ў засеках тваіх і ва ўсякай дзеі рук тваіх; і дабраславіць цябе на зямлі, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе.
 
Загадае ГОСПАД, каб [было] дабраславенства на сьвірнах тваіх і на ўсякай працы рук тваіх; і будзе Ён дабраслаўляць цябе ў зямлі, якую дае табе ГОСПАД, Бог твой.

Паставіць цябе Гасподзь народам Сваім, як Ён запрысягаўся табе, калі ты будзеш шанаваць запаведзі Госпада, Бога твайго, і будзеш хадзіць шляхамі Ягонымі;
 
Паставіць цябе ГОСПАД як народ сьвяты, як запрысяг табе, калі будзеш захоўваць прыказаньні ГОСПАДА, Бога твайго, і хадзіць шляхамі Ягонымі.

і ўбачаць усе народы зямлі, што імя Госпада накладаецца на цябе, і будуць баяцца цябе.
 
І ўбачаць усе народы зямлі, што імя ГОСПАДА заклікаюць над табою, і будуць баяцца цябе.

І дасьць табе Гасподзь надмер ва ўсіх дабротах, у плодзе ўлоньня твайго і ў плодзе быдла твайго і ў плодзе палёў тваіх на зямлі, даць якую табе Гасподзь запрысягаўся бацькам тваім.
 
І дасьць табе ГОСПАД па-над меру даброцьцяў; у плодзе улоньня твайго, і ў прыплодзе жывёлы тваёй, і ў плодзе зямлі тваёй, у зямлі, якую запрысяг ГОСПАД даць табе.

Адкрые табе Гасподзь добрую скарбніцу Сваю, неба, каб яно давала дождж зямлі тваёй у свой час, і каб дабраслаўляць усе дзеі рук тваіх: і будзеш пазычаць многім народам, а сам ня будзеш запазычвацца.
 
Адкрые табе ГОСПАД шчодрыя скарбы нябесныя, каб даць у свой час дождж зямлі тваёй і дабраславіць ўсе працы рук тваіх. І ты будзеш пазычаць шматлікім народам, а сам ня будзеш браць пазыкі.

Зробіць цябе Гасподзь галавою, а не хвастом, і будзеш толькі на вышыні, і ня будзеш унізе, калі будзеш слухацца запаведзяў Госпада, Бога твайго, якія наказваю табе сёньня шанаваць і выконваць.
 
І зробіць цябе ГОСПАД галавою, а не хвастом, і будзеш ты толькі на версе, і ня будзеш у нізе, калі будзеш слухаць прыказаньні ГОСПАДА, Бога твайго, якія сёньня я загадваю табе, каб ты захоўваў і выконваў іх.

І не адступішся ад усіх слоў, якія наказваю вам сёньня, ні направа, ні налева, каб пайсьці сьледам за іншымі багамі і слугаваць ім.
 
І не адступай ад кожнага слова, якія я загадваю табе сёньня, ані ўправа, ані ўлева, і не ідзі за багамі чужымі, і не служы ім.

А калі ня будзеш слухацца голасу Госпада, Бога твайго, і ня будзеш старацца выконваць усе запаведзі Ягоныя і пастановы Ягоныя, якія я наказваю табе сёньня, дык прыйдуць на цябе ўсе праклёны гэтыя і дастануць цябе.
 
І станецца, калі ня будзеш слухаць голас ГОСПАДА, Бога твайго, і захоўваць, і выконваць усе прыказаньні Ягоныя і пастановы Ягоныя, якія я сёньня загадваю табе, тады прыйдуць на цябе ўсе гэтыя праклёны і споўняцца на табе.

Пракляты ты будзеш у горадзе і пракляты ты будзеш у полі.
 
Пракляты ты ў горадзе і пракляты ў полі.

Праклятыя будуць засекі твае і кладоўкі твае.
 
Пракляты кош твой і дзяжа твая.

Пракляты будзе плод улоньня твайго і плод зямлі тваёй, плод тваіх валоў і плод авечак тваіх.
 
Пракляты плод улоньня твайго і плод зямлі тваёй, нараджэньне валоў тваіх і прыплод авечак тваіх.

Пракляты ты будзеш пры ўваходзе тваім і пракляты пры выхадзе тваім.
 
Пракляты ты пры ўваходзе тваім і пракляты пры выхадзе тваім.

Пашле Гасподзь на цябе праклён, затлуму і няшчасьце ва ўсякай дзеі рук тваіх, якую пачнеш рабіць, пакуль ня будзеш зьнішчаны, — і ты неўзабаве загінеш за ліхія дзеі твае, за тое, што ты пакінуў Мяне.
 
Спашле на цябе ГОСПАД праклён, і трывогу, і няшчасьце ў-ва ўсіх працах рук тваіх, якія будзеш рабіць, пакуль Ён ня зьнішчыць цябе і не прападзеш ты хутка з прычыны ліхіх учынкаў тваіх, праз якія ты пакінуў Мяне.

Пашле Гасподзь на цябе згубную пошасьць, пакуль ня вынішчыць Ён цябе зь зямлі, у якую ты ідзеш, каб валодаць ёю.
 
І спашле на цябе ГОСПАД пошасьць, пакуль ня выкараніць цябе з зямлі, у якую ты ідзеш, каб авалодаць ёю.

Паб’е цябе Гасподзь сухотамі, гарачкаю, трасцаю, запаленьнем, засухаю, палючым ветрам ды іржою, і яны будуць перасьледаваць цябе, пакуль не загінеш.
 
Дакранецца цябе ГОСПАД сухотамі, гарачкаю, трасцай, сьпякотаю, мячом, сушаю і іржою. Яны будуць перасьледаваць цябе, пакуль ты ня будзеш зьнішчаны.

І нябёсы твае, якія над галавою тваёю, зробяцца медзьдзю, і зямля пад табою жалезам;
 
І неба, якое над галавой тваёй, зробіцца медзьдзю, а зямля пад табою — жалезам.

замест дажджу Гасподзь дасьць зямлі тваёй пыл, і попел зь неба будзе падаць, падаць на цябе, пакуль ня будзеш зьнішчаны.
 
Пераменіць ГОСПАД дождж на зямлі тваёй у парахно і пыл, з неба будуць падаць яны на цябе, пакуль ня зьнішчаць цябе.

Аддасьць цябе Гасподзь на паразу ворагам тваім; адною дарогаю выступіш супроць іх, а сямю дарогамі пабяжыш ад іх; і будзеш расьсеяны па ўсіх царствах зямлі.
 
І зробіць табе ГОСПАД, што ты будзеш пабіты перад абліччам ворагаў тваіх; адным шляхам будзеш ісьці на іх, а сямёма шляхамі будзеш уцякаць ад іх, і станеш ты страхоцьцем для ўсіх валадарстваў зямлі.

І будуць трупы твае ежаю ўсім птушкам нябесным і зьвярам, і ня будзе каму адагнаць іх.
 
Парэшткі твае будуць пажываю ўсім птушкам паднебным і зьвярам зямным, і [ніхто] ня будзе адганяць [іх].

Паб’е цябе Гасподзь праказаю Егіпецкаю, пранцамі, каростаю і сьвербам, ад якіх ты ня зможаш вылечыцца;
 
Дакранецца цябе ГОСПАД скуламі Эгіпецкімі і балячкамі, каростаю і паршывасьцю, якіх ня зможаш вылечыць.

паб’е цябе Гасподзь вар’яцтвам, сьлепатою і дранцьвеньнем сэрца,
 
Дакранецца цябе ГОСПАД вар’яцтвам, сьлепатою і неспакоем сэрца.

і ты хадзіцьмеш навобмацак апалудні, як сьляпы навобмацак ходзіць поначы, і ня мецьмеш посьпеху на дарогах тваіх, і будуць уціскаць і крыўдзіць цябе штодня, і ніхто не абароніць цябе.
 
Апоўдні будзеш хадзіць навобмацак, як сьляпы навобмацак ходзіць у поцемках, і на ўсіх шляхах тваіх ня будзеш мець посьпеху. І будзеш ты крыўджаны і рабаваны ўсе дні, і [ніхто] ня будзе ратаваць цябе.

З жонкаю заручышся, і іншы будзе спаць зь ёю; дом пабудуеш, і ня жыцьмеш у ім; вінаграднік пасадзіш і ня будзеш карыстацца ім.
 
Заручышся з жонкай, а іншы мужчына будзе спаць з ёй. Пабудуеш дом, але ня будзеш жыць у ім, пасадзіш вінаграднік, але не зьбярэш пладоў ягоных.

Вала твайго заколюць на вачах у цябе, і ня будзеш есьці яго; асла твайго зьвядуць ад цябе і ня вернуць табе; авечкі твае аддадзены будуць ворагам тваім, і ніхто не абароніць цябе.
 
Вол твой будзе забіты на вачах у цябе і ня будзеш есьці яго. Асёл твой будзе забраны спрад аблічча твайго і ня вернецца да цябе; авечкі твае будуць аддадзены ворагам тваім, і [ніхто] ня будзе ратаваць цябе.

Сыны твае і дочкі твае аддадзены будуць іншаму народу; вочы твае будуць бачыць і кожны дзень будуць кволець, і ня будзе сілы ў руках тваіх.
 
Сыны твае і дочкі твае будуць аддадзены іншаму народу, і вочы твае будуць выглядаць іх сумаваць дзеля іх усе дні, і ня будзе сілы ў руках тваіх.

Плады зямлі тваёй і ўсю працу тваю будзе есьці народ, якога ты ня ведаў; і цябе будуць толькі ўціскаць і мучыць усе дні.
 
Плады зямлі тваёй і ўвесь набытак твой зьесьць народ, якога ня ведаеш, і будзеш ты толькі крыўджаны і прыгнятаны ўсе дні.

І страціш розум ад таго, што пабачаць вочы твае.
 
І ты звар’яцееш, бачачы тое, што ўбачаць вочы твае.

Паб’е цябе Гасподзь ліхою праказаю на каленях і на галенях, ад якой ты ня зможаш вылечыцца, ад падэшвы нагі тваёй да самага цемені галавы тваёй.
 
Дакранецца цябе ГОСПАД балючымі скуламі на каленях і нагах, і ня зможаш вылечыцца, і [пакрыюць] яны цябе ад стопаў аж да чубу галавы.

Завядзе Гасподзь цябе і цара твайго, якога ты паставіш над сабою, да народу, якога ня ведаў ні ты, ні бацькі твае, і там служыцьмеш іншым багам, драўняным і каменным;
 
Цябе і валадара твайго, якога ты паставіш над сабою, завядзе ГОСПАД да народу, якога ня ведаў ты і бацькі твае, і будзеш служыць там багам чужым, дрэву і камяню,

І будзеш жудасьцю, прытчаю і пасьмешышчам усім народам, да якіх завядзе цябе Гасподзь.
 
і будзеш страхоцьцем, і прыказкай, і пасьмешышчам для ўсіх народаў, да якіх завядзе цябе ГОСПАД.

Насеньня многа вынесеш у поле, а зьбярэш мала, бо паесьць іх саранча.
 
Насеньня шмат кінеш у поле, а зьбярэш мала, бо саранча паесьць яго.

Вінаграднікі будзеш садзіць і ўрабляць, а віна ня піцьмеш і не зьбярэш пладоў, бо паесьць іх чарвяк.
 
Вінаграднікі пасадзіш, будзеш даглядаць, а віна піць ня будзеш, і нічога з іх не зьбярэш, бо будуць паедзены чарвякамі.

Масьліны будуць у цябе ва ўсіх межах тваіх, але алеем не памажашся, бо асыплецца масьліна твая.
 
Аліўкі будзеш мець у-ва ўсіх межах тваіх, але ня выцісьнеш алею, бо змарнеюць аліўкі твае.

Сыноў і дочак народзіш, але іх ня будзе ў цябе, бо пойдуць у палон.
 
Народзіш сыноў і дачок, але ня будуць з табою, бо павядуць іх у няволю.

Усе дрэвы твае і плады зямлі тваёй загубіць іржа.
 
Усе дрэвы твае і плод зямлі тваёй паядуць жужлы.

Прыхадзень, які сярод цябе, будзе ўзносіцца над табою вышэй і вышэй, а ты апускацца будзеш ніжэй і ніжэй;
 
Прыхадзень, які [жыве] з табою, будзе падымацца па-над цябе вышэй і вышэй, а ты будзеш зыйходзіць ніжэй і ніжэй.

ён будзе пазычаць табе, а ты ня будзеш пазычаць яму; ён будзе галавою, а ты будзеш хвастом.
 
Ён будзе пазычаць табе, а ты не пазычыш яму; ён будзе галавой, а ты будзеш хвастом.

І прыйдуць на цябе ўсе праклёны гэтыя і будуць перасьледаваць цябе, пакуль ня будзеш вынішчаны, за тое, што ты ня слухаўся голасу Госпада, Бога твайго, і не захоўваў запаведзяў Ягоных і пастановаў Ягоных, якія Ён наказаў табе:
 
І прыйдуць на цябе ўсе гэтыя праклёны, і будуць цябе перасьледваць, і дагоняць цябе, пакуль не загінеш, бо ты ня слухаў ГОСПАДА, Бога твайго, і не захоўваў прыказаньняў Ягоных і пастановаў Ягоных, якія Ён загадаў табе.

яны будуць азнакаю і доказам на табе і на семені тваім вавек.
 
І будзе [гэта] знакам і цудоўным [дзеяньнем] табе і насеньню твайму на вякі.

За тое, што ты ня служыў Госпаду, Богу твайму, з радасьцю і дабрынёю сэрца, пры надмеры ўсяго,
 
За тое, што ты не служыў ГОСПАДУ, Богу твайму, з радасьцю і добрасьцю сэрца твайго, [маючы] мноства ўсяго,

будзеш служыць ворагу твайму, якога пашле на цябе Гасподзь, у голадзе і ў смазе, і галізьне і ва ўсякай нястачы; ён накладзе на шыю тваю жалезнае ярмо, так што змучыць цябе.
 
будзеш служыць ворагам тваім, якіх ГОСПАД спашле на цябе, у голадзе і смазе, у голасьці і нястачы ўсяго, і яны павесяць ярмо жалезнае на карак твой, пакуль ня вынішчаць цябе.

Пашле на цябе Гасподзь народ здалёку, ад краю зямлі: як арол, мовы якога ты не разумееш,
 
Прывядзе на цябе ГОСПАД народ далёкі; з канца зямлі, як арол, наляціць народ гэты, мовы якога ты ня чуў,

народ нахабны, які ня ўважыць старому і не пашкадуе маладога;
 
народ з жудасным абліччам, які не ўшануе аблічча старога і не пашкадуе юнака.

і есьціме ён плод быдла твайго і плод зямлі тваёй, пакуль ня спустошыць цябе, так што не пакіне табе ні хлеба, ні віна, ні алею, ні плоду валоў тваіх, ні плоду авечак тваіх, пакуль не загубіць цябе;
 
І ён зжарэ плод жывёлы тваёй і плод зямлі тваёй, аж пакуль ня вынішчыць цябе. І ён не пакіне табе пшаніцы, віна і алею, прыплоду валоў тваіх і прыплоду авечак тваіх, аж пакуль ня вынішчыць цябе.

і ўціскацьме цябе ва ўсіх селішчах тваіх, пакуль на ўсёй зямлі тваёй не разбурыць высокіх і моцных муроў тваіх, на якія ты спадзяешся; і ўціскацьме цябе ва ўсіх селішчах тваіх, на ўсёй зямлі тваёй, якую Гасподзь, Бог твой, даў табе.
 
І возьме ён у аблогу цябе ў-ва ўсіх брамах тваіх, пакуль не разваліць муры твае моцныя і высокія, у якіх ты меў надзею, у-ва ўсёй зямлі тваёй. І будзе трымаць цябе ў аблозе ў-ва ўсіх брамах тваіх у-ва ўсёй зямлі, якую даў табе ГОСПАД, Бог твой.

І ты есьцімеш плод чэрава твайго, плод сыноў тваіх і дочак тваіх, якіх Гасподзь, Бог твой, даў табе, у аблозе і ва ўціску, у якім уцісьне цябе вораг твой.
 
І будзеш ты есьці плод улоньня твайго, целы сыноў тваіх і дачок тваіх, якіх даў табе ГОСПАД, Бог твой, у аблозе і ў бядзе, якімі прыцісьне цябе вораг твой.

Чалавек сьпешчаны, які жыў сярод вас у вялікай раскошы, зайздросьлівым вокам будзе глядзець на брата свайго, на любасную жонку сваю і на астатніх дзяцей сваіх, якія застануцца ў яго,
 
У цябе чалавек чульлівы і вельмі далікатны будзе глядзець ліхім вокам на брата свайго і на жонку ўлоньня свайго, і на рэшту сыноў сваіх, якія засталіся [ў яго].

і ня дасьць ніводнаму зь іх плоці дзяцей сваіх, якіх ён будзе есьці, бо ў яго не застанецца нічога ў аблозе і ва ўціску, у якім уцісьне цябе вораг твой ва ўсіх селішчах тваіх.
 
Ня дасьць [нікому] ён целы сыноў сваіх, якія будзе есьці, бо нічога больш не застанецца ў яго ў аблозе і ў бядзе, якімі вораг твой прыцісьне цябе ў-ва ўсіх брамах тваіх.

Жанчына, якая жыла ў цябе ў песьце і раскошы, якая ніколі нагі сваёй ня ставіла на зямлю з прычыны раскошы і сьпешчанасьці сваёй, будзе зайздросьлівым вокам глядзець на любаснага мужа свайго і на сына свайго і на дачку сваю
 
Жанчына ў цябе, вельмі чульлівая і далікатная, што не хацела нагі паставіць на зямлю дзеля далікатнасьці і расьпешчанасьці, будзе глядзець ліхім вокам на мужа ўлоньня свайго, на сына свайго і на дачку сваю

і ня дасьць пасьледу, што выходзіць спаміж ног у яе, і дзяцей, якіх яна народзіць; бо яна, пры нястачы ва ўсім, таемна есьціме іх, у аблозе і ва ўціску, у якім уцісьне цябе вораг твой у селішчах тваіх.
 
і ня дасьць ім пасьледу свайго, які выйшаў спаміж ног ейных, і сыноў сваіх, якіх нарадзіла, бо будзе есьці іх таемна дзеля нястачы ўсяго ў аблозе і бядзе, якімі прыцісьне цябе вораг твой у-ва ўсіх брамах тваіх.

Калі ня будзеш старацца выконваць усе словы закона гэтага, напісаныя ў кнізе гэтай, і ня будзеш баяцца славутага і страшнага імя Госпада, Бога твайго,
 
Калі ня будзеш захоўваць і выконваць усіх словаў Закону гэтага, якія напісаныя ў кнізе гэтай, і ня будзеш баяцца гэтага слаўнага і страшнага імя ГОСПАДА, Бога твайго,

дык Гасподзь паб’е цябе і нашчадкаў тваіх нязвычайнымі пошасьцямі, пошасьцямі вялікімі пастаяннымі, і хваробамі ліхімі і пастаяннымі;
 
шмат больш павялічыць ГОСПАД плягі на цябе і плягі на насеньне тваё, і плягі вялікія і доўгатрывалыя, і хваробы ліхія і доўгатрывалыя,

і навядзе на цябе ўсе пошасьці Егіпецкія, якіх ты баяўся, і яны прыліпнуць да цябе;
 
і навядзе на цябе ўсе хваробы Эгіпецкія, якіх ты баяўся, і прылепяцца яны да цябе.

і ўсякую хваробу і ўсякую пошасьць не напісаную ў кнізе закона гэтага Гасподзь навядзе на цябе, пакуль ня будзеш вынішчаны;
 
І ўсе хваробы і ўсе плягі, якія не запісаныя ў кнізе Закону гэтага, спашле ГОСПАД на цябе, пакуль ня будзеш вынішчаны.

і застанецца вас нямнога, тым часам калі ў мностве вы былі падобныя да зорак нябесных, бо ты ня слухаўся голасу Госпада, Бога твайго.
 
І застанецёся вы ў малой лічбе, хоць раней вы былі, як зоркі ў небе, у колькасьці сваёй, бо ня слухаў ты голас ГОСПАДА, Бога твайго.

І як радаваўся Гасподзь робячы вам дабро і памнажаючы вас, губячы вас і зьнішчаючы вас, і выкінутыя будзеце зь зямлі, у якую ты ідзеш, каб валодаць ёю.
 
Як перад гэтым цешыўся ГОСПАД з вас, добра вам робячы і памнажаючы вас, так будзе цешыцца ГОСПАД з вас, нішчачы вас і сьціраючы з зямлі, у якую ты ідзеш, каб авалодаць ёю.

І расьсее цябе Гасподзь па ўсіх народах, ад краю зямлі да краю зямлі, і будзеш там служыць іншым багам, якіх ня ведаў ні ты, ні бацькі твае, дрэву і камяням.
 
І ГОСПАД расьцярушыць вас сярод усіх народаў, ад канца зямлі да канца зямлі, і там будзеш ты служыць багам чужым, якіх ня ведаў ты і бацькі твае, дрэву і камяням.

Але і сярод гэтых народаў не супакоішся і ня будзе месца спакою назе тваёй, і Гасподзь дасьць табе там баязьлівае сэрца, цьмяныя вочы і зьнемажэньне душы;
 
І ня будзеш ты мець супакою ў гэтых народаў, і ня будзе мець супачынку стапа нагі тваёй. І дасьць там табе ГОСПАД сэрца дрыготкае, вочы заплаканыя і душу збалелую.

жыцьцё тваё вісецьме перад табою, і будзеш дрыжаць уначы і ўдзень і ня будзеш пэўны за жыцьцё тваё;
 
І будзе жыцьцё тваё вісець перад табою; будзеш баяцца ўначы і ўдзень, і ня будзеш пэўны жыцьця свайго.

ад дрыжаньня сэрца твайго, якім ты будзеш ахоплены, і ад таго, што будзеш бачыць вачыма тваімі, раніцай ты скажаш: «о, калі б зьвечарэла!», а ўвечары скажаш: «о, калі б разьвіднела!».
 
Раніцаю ты скажаш: “Хто дасьць мне [дачакацца] вечара?”, а ўвечары скажаш: “Хто дасьць мне [дачакацца] раніцы?”, дзеля страху сэрца твайго, якое будзе баяцца ўсяго таго, што ўбачаць вочы твае.

І верне цябе Гасподзь у Егіпет на караблях той дарогаю, пра якую я сказаў табе: «больш ты ня ўбачыш яе»; і там будзеце прадавацца ворагам вашым у рабоў і ў рабыняў, і ня будзе пакупца.
 
І верне цябе ГОСПАД у Эгіпет на караблях шляхам, пра які Ён казаў табе, што ты яго больш ня ўбачыш. Там будзеце вы прададзеныя ворагам вашым як нявольнікі і нявольніцы, і [ніхто] ня будзе купляць»