Другі закон 31 разьдзел
Другі закон
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
І пайшоў Майсей, і гаварыў словы гэтыя ўсім сынам Ізраіля,
І пайшоў Майсей, і прамовіў гэтыя словы да ўсяго Ізраіля,
і сказаў ім: цяпер мне сто дваццаць гадоў, я не магу ўжо выходзіць і ўваходзіць, і Гасподзь сказаў мне: «ты не пяройдзеш Ярдан гэты»;
і сказаў ім: «Я маю сёньня сто дваццаць гадоў. Не магу больш выходзіць і ўваходзіць, і ГОСПАД сказаў мне: “Не пяройдзеш ты Ярдан гэты”.
Гасподзь, Бог твой, Сам пойдзе перад табою; Ён зьнішчыць народы гэтыя ад аблічча твайго, і ты авалодаеш імі; Ісус пойдзе перад табою, як казаў Гасподзь;
ГОСПАД, Бог твой, Сам пяройдзе перад абліччам тваім. Ён зьнішчыць народы гэтыя перад абліччам тваім, і ты завалодаеш імі, і Егошуа пойдзе перад абліччам тваім, як прамовіў ГОСПАД.
і ўчыніць Гасподзь зь імі так, як Ён учыніў зь Сігонам і Огам, царамі Амарэйскімі, і зь зямлёю іхняю, якіх Ён зьнішчыў;
І зробіць ім ГОСПАД, як зрабіў Сыгону і Огу, валадарам Амарэйцаў, і зямлі іхняй, зьнішчыўшы іх.
і аддасьць іх Гасподзь вам, і вы зробіце зь імі паводле ўсіх запаведзяў, якія наказаў я вам;
І выдасьць ГОСПАД іх вам, і зробіце вы з імі паводле ўсіх прыказаньняў, якія я загадаў вам.
будзьце цьвёрдыя і мужныя, ня бойцеся, і не палохайцеся іх, бо Гасподзь, Бог твой, Сам пойдзе з табою, не адступіць ад цябе і не пакіне цябе.
Будзьце цьвёрдыя і мужныя, ня бойцеся і не палохайцеся іх, бо ГОСПАД, Бог твой, ідзе з табою, Ён не пакіне цябе і не адступіцца ад цябе».
І паклікаў Майсей Ісуса і перад вачыма ўсіх Ізраільцянаў сказаў яму: будзь цьвёрды і мужны, бо ты ўвойдзеш з народам гэтым у зямлю, даць якую яму Гасподзь запрысягаўся бацькам ягоным, і ты падзеліш яе на дзялянкі яму;
І паклікаў Майсей Егошуа, і сказаў яму на вачах усяго Ізраіля: «Будзь цьвёрды і мужны, бо ты ўвядзеш народ гэты ў зямлю, якую запрысяг ГОСПАД бацькам іхнім даць яе, і ты яе аддасі ў спадчыну ім.
Гасподзь Сам пойдзе перад табою, Сам будзе з табою, не адступіцца ад цябе і не пакіне цябе; ня бойся і не жахайся.
А ГОСПАД, Які ідзе перад абліччам тваім, Ён Сам будзе з табою, не пакіне цябе і не адступіцца ад цябе. Ня бойся і не трывожся».
І напісаў Майсей закон гэты і аддаў яго сьвятарам сынам Лявііным, якія носяць каўчэг запавету Гасподняга, і ўсім старэйшынам сыноў Ізраілевых.
І напісаў Майсей Закон гэты, і перадаў яго сьвятарам, сынам Левія, якія насілі Каўчэг Запавету ГОСПАДА, і ўсім старшыням Ізраіля.
І наказаў ім Майсей і сказаў: як пройдзе сем гадоў, у год адпусту, у сьвята кучак,
І загадаў ім Майсей, кажучы: “Калі пройдзе сем гадоў, у год дараваньня [даўгоў], у сьвята Намётаў,
калі ўвесь Ізраіль прыйдзе зьявіцца прад аблічча Госпада, Бога твайго, на месца, якое выбера Гасподзь, чытай гэты закон перад усім Ізраілем у слых ягоны;
калі ўвесь Ізраіль прыйдзе, каб зьявіцца перад абліччам ГОСПАДА, Бога твайго, у месцы, якое Ён выбраў, перачытаеш словы Закону гэтага ўголас перад усім Ізраілем у вушы іхнія.
зьбяры народ, мужчын і жанчын і дзяцей і прыхадняў тваіх, якія будуць у селішчах тваіх, каб яны слухалі і вучыліся і каб баяліся Госпада, Бога вашага, і стараліся выконваць усе словы закона гэтага;
Зьбяры народ, мужчынаў і жанчынаў, дзяцей і прыхадняў тваіх, якія ў брамах тваіх, каб яны пачулі і навучыліся баяцца ГОСПАДА, Бога вашага, і захоўвалі, і выконвалі ўсе словы Закону гэтага.
і сыны іхнія, якія ня ведаюць гэтага, пачуюць і навучацца баяцца Госпада, Бога вашага, ва ўсе дні, пакуль вы жыцьмеце на зямлі, у якую вы пераходзіце за Ярдан, каб авалодаць ёю.
А сыны іхнія, якія яшчэ ня ведаюць [гэтага], няхай слухаюць і вучацца баяцца ГОСПАДА, Бога вашага, усе дні, як доўга будзеце жыць на зямлі, якую вы, перайшоўшы Ярдан, ідзіцё атрымаць на ўласнасьць».
І сказаў Гасподзь Майсею: вось, дні твае наблізіліся да сьмерці; пакліч Ісуса і станьце каля ўваходу ў скінію сходу, і Я дам яму настаўленьні. І прыйшоў Майсей і Ісус, і сталі каля ўваходу ў скінію сходу.
І сказаў ГОСПАД Майсею: «Вось, набліжаецца дзень сьмерці тваёй. Пакліч Егошуа і станьце ў Намёце Спатканьня, і Я дам яму загады». І пайшлі Майсей і Егошуа, і сталі ў Намёце Спатканьня.
І зьявіўся Гасподзь у скінію ў слупе воблачным, і стаў слуп воблачны каля ўваходу ў скінію.
І ГОСПАД зьявіўся ў Намёце ў слупе воблачным, і стаяў слуп воблачны каля ўваходу ў Намёт.
І сказаў Гасподзь Майсею: вось, ты спачнеш з бацькамі тваімі, і пачне народ гэты аблудна хадзіць сьледам за чужымі багамі той зямлі, у якую ён уступае, і пакіне Мяне, і парушыць запавет Мой, які я пастанавіў зь ім;
І сказаў ГОСПАД Майсею: «Вось, ты засьнеш з бацькамі тваімі, а народ гэты паўстане, і будзе чужаложыць з багамі чужымі зямлі гэтай, у якую ўвойдзе; і пакіне ён Мяне, і парушыць запавет Мой, які Я заключыў з ім.
і запаліцца гнеў Мой на яго ў той дзень, і Я пакіну іх і схаваю аблічча Маё ад іх, і ён зьнішчаны будзе, і дастануць яго многія бядоты і скрухі, і скажа ён у той дзень: «ці не таму спасьціглі мяне гэтыя бядоты, што няма Бога майго, сярод мяне?»
І ўзгарыцца гнеў Мой супраць яго ў той дзень, і Я пакіну іх, і схаваю аблічча Маё ад іх, і будзе ён на загубу. І прыйдуць на яго шматлікія нягоды і ўціскі, і ён скажа ў той дзень: “Ці ж не за тое, што няма Бога са мной, нахлынулі гэтыя нягоды на мяне”.
І Я схаваю аблічча Маё ў той дзень за ўсе беззаконьні ягоныя, якія ён учыніць, павярнуўшыся да іншых багоў.
І Я, хаваючы, схаваю аблічча Маё ў той дзень з прычыны ўсёй ліхоты, якую ён учыніў, бо ён павярнуўся да багоў чужых.
Дык вось, напішэце сабе словы песьні гэтай, і навучы ёй сыноў Ізраілевых, і ўкладзі іх у вусны іхнія, каб песьня гэтая была Мне сьведчаньнем на сыноў Ізраілевых;
І цяпер запішыце сабе гэты сьпеў. Навучы яму сыноў Ізраіля, укладзі яго ў вусны іхнія, каб гэты сьпеў быў для Мяне сьведкам супраць сыноў Ізраіля.
бо Я ўвяду іх у зямлю добрую, як Я прысягаўся бацькам іхнім, дзе цячэ малако і мёд, і яны будуць есьці і наядацца, і атлусьцеюць, і павернуцца да іншых багоў, і слугавацьмуць ім, а Мяне адкінуць і парушаць запавет Мой;
Бо Я ўвяду яго ў зямлю, якую запрысяг Я бацькам ягоным, якая ацякае малаком і мёдам. І будзе ён есьці, і насыціцца, і ў сытасьці павернецца да багоў чужых, і будзе служыць ім, а Мною пагардзіць і разарве запавет Мой.
і калі спасьцігнуць іх многія бядоты і скрухі, тады песьня гэтая будзе супроць іх сьведчыць, бо яна ня выйдзе з вуснаў нашчадкаў іхніх. Я ведаю думкі іхнія, якія яны маюць сёньня, раней чым Я ўвёў іх у зямлю, за якую Я прысягаўся.
І станецца, калі дакрануцца яго шматлікія нягоды і ўціскі, сьпеў гэты будзе сьведкам перад абліччам ягоным, бо вусны нашчадкаў ягоных не забудуцца яго. Бо Я ведаю намеры ягоныя, паводле якіх ён робіць сёньня, перш, чым увяду яго ў зямлю, якую абяцаў [яму]».
І напісаў Майсей песьню гэтую ў той дзень і навучыў ён сыноў Ізраілевых.
І запісаў Майсей сьпеў гэты ў той дзень, і навучыў яму сыноў Ізраіля.
І наказаў Гасподзь Ісусу, сыну Нава, і сказаў: будзь цьвёрды і мужны, бо ты ўвядзеш сыноў Ізраілевых у зямлю, за якую Я прысягаў ім, і Я буду з табою.
І загадаў ГОСПАД Егошуа, сыну Нуна, і сказаў: «Будзь цьвёрды і мужны, бо ты ўвядзеш сыноў Ізраіля ў зямлю, якую Я абяцаў ім, і Я буду з табою».
Калі Майсей упісаў у кнігу ўсе словы закона гэтага да канца,
І сталася, калі Майсей скончыў пісаць словы Закону гэтага ў кнізе,
тады Майсей загадаў лявітам, якія носяць каўчэг запавету Гасподняга, сказаўшы:
загадаў Майсей лявітам, якія насілі Каўчэг Запавету ГОСПАДА, кажучы:
вазьмеце гэтую кнігу закона і пакладзеце яе праваруч каўчэга запавету Госпада, Бога вашага, і яна табе будзе сьведчаньнем супроць цябе;
«Вазьміце кнігу Закону гэтага і палажыце яе побач Каўчэгу Запавету ГОСПАДА, Бога вашага, і будзе яна сьведкам супраць цябе.
бо я ведаю ўпартасьць тваю і цьвёрдахрыбетнасьць тваю: вось і цяпер, калі я жыву з вамі сёньня, вы ўпартыя прад Госпадам; ці ж ня тым болей пасьля сьмерці маёй?
Бо я ведаю непаслухмянасьць тваю і цьвёрды карак твой. Вось, сёньня, калі я жыву з вамі, вы былі непаслухмяныя ГОСПАДУ. А што будзе пасьля сьмерці маёй?
зьбярэце да мяне ўсіх старэйшынаў плямёнаў вашых і наглядчыкаў вашых, і я скажу ў слых іхні словы гэтыя і паклічу ў сьведчаньне на іх неба і зямлю;
Зьбярыце да мяне ўсіх старшыняў каленаў вашых, і начальнікаў вашых, і я прамоўлю ў вушы іхнія словы гэтыя і паклічу супраць іх неба і зямлю на сьведкаў.
бо я ведаю, што пасьля сьмерці маёй вы разбэсьціцеся і ўхіліцеся ад дарогі, якую я наказваў вам, і з часам спасьцігнуць вас бядоты за тое, што вы будзеце рабіць ліхату прад вачыма Госпада, раздражняючы Яго дзеямі рук сваіх.
Бо я ведаю, што пасьля сьмерці маёй вы будзеце сапсаваныя і зьвернеце са шляху, які я вам загадаў, і напаткаюць вас у апошнія дні няшчасьці, бо вы будзеце рабіць ліхоту ў вачах ГОСПАДА і разгневаеце Яго справамі рук вашых».
І прамовіў Майсей у слых усяму сходу Ізраільцянаў словы песьні гэтай да канца:
І прамовіў Майсей у вушы ўсёй царквы Ізраіля словы сьпеву гэтага аж да канца: