Другі закон 28 разьдзел

Другі закон
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Дык калі будзеш ты слухаць голас Госпада, Бога твайго, каб спаўняць і берагчы ўсе загады Яго, якія я загадваю табе сёння, то Госпад, Бог твой, зробіць цябе вышэйшым за ўсе народы, якія пражываюць на зямлі,
 
І станецца, калі ты будзеш, слухаючы, слухаць голас ГОСПАДА, Бога твайго, і захоўваць, і выконваць усе прыказаньні Ягоныя, якія я загадваю табе сёньня, ГОСПАД, Бог твой, узвысіць цябе па-над усе народы зямлі,

і сыдуць на цябе ўсе гэтыя дабраславенні, і споўняцца на табе, калі толькі будзеш слухаць голас Госпада, Бога твайго.
 
і сплывуць на цябе ўсе гэтыя дабраславенствы, і споўняцца на табе, калі будзеш слухаць голас ГОСПАДА, Бога твайго.

Дабраславёны ты ў горадзе і дабраславёны ў полі.
 
Дабраслаўлёны ты ў горадзе і дабраслаўлёны ў полі.

Дабраславёны плод улоння твайго, і плод зямлі тваёй, і прыплод жывёлы тваёй, і прыплод валоў тваіх, і прырост авечак тваіх.
 
Дабраслаўлёны плод улоньня твайго і плод зямлі тваёй, плод жывёлы тваёй, і нараджэньне валоў тваіх, і прыплод авечак тваіх.

Дабраславёны кош твой і жорны твае.
 
Дабраслаўлёны кош твой і дзяжа твая.

Дабраславёны ты пры ўваходзе і дабраславёны пры выхадзе.
 
Дабраслаўлёны ты пры ўваходзе тваім і дабраслаўлёны пры выхадзе тваім.

Дасць Госпад, што ворагі твае, якія паўстаюць супраць цябе, будуць пабітыя перад абліччам тваім. Адной дарогай яны пойдуць супраць цябе, а сямю шляхамі ўцякуць ад аблічча твайго.
 
Дасьць табе ГОСПАД, што ворагі твае, якія паўстаюць супраць цябе, будуць пабітыя перад абліччам тваім. Адным шляхам яны пойдуць супраць цябе, а сямёма шляхамі ўцякуць ад цябе.

Спашле Госпад дабраславенне на свірны твае і на ўсякую працу рук тваіх; і будзе дабраслаўляць цябе зямля, якую дасць табе Госпад, Бог твой.
 
Загадае ГОСПАД, каб [было] дабраславенства на сьвірнах тваіх і на ўсякай працы рук тваіх; і будзе Ён дабраслаўляць цябе ў зямлі, якую дае табе ГОСПАД, Бог твой.

І паставіць цябе Госпад перад Сабою як народ святы, як прысягнуў табе, калі будзеш берагчы прыказанні Госпада, Бога твайго, і хадзіць дарогамі Яго.
 
Паставіць цябе ГОСПАД як народ сьвяты, як запрысяг табе, калі будзеш захоўваць прыказаньні ГОСПАДА, Бога твайго, і хадзіць шляхамі Ягонымі.

І ўбачаць усе народы земляў, што імя Госпада прызывана на табе, і будуць баяцца цябе.
 
І ўбачаць усе народы зямлі, што імя ГОСПАДА заклікаюць над табою, і будуць баяцца цябе.

І дасць табе Госпад дастатак ва ўсіх даброццях; і плод улонню твайму, і прыплод жывёле тваёй, плён зямлі тваёй, якою прысягнуў Госпад бацькам тваім, што дасць табе.
 
І дасьць табе ГОСПАД па-над меру даброцьцяў; у плодзе улоньня твайго, і ў прыплодзе жывёлы тваёй, і ў плодзе зямлі тваёй, у зямлі, якую запрысяг ГОСПАД даць табе.

Адкрые табе Госпад скарб Свой найдаражэйшы, неба, каб даць у свой час дажджы зямлі тваёй і дабраславіць усе справы рук тваіх; і будзеш ты пазычаць многім народам, а сам ні ад каго не возьмеш пазыкі.
 
Адкрые табе ГОСПАД шчодрыя скарбы нябесныя, каб даць у свой час дождж зямлі тваёй і дабраславіць ўсе працы рук тваіх. І ты будзеш пазычаць шматлікім народам, а сам ня будзеш браць пазыкі.

І зробіць цябе Госпад галавою, а не хвастом, і будзеш ты заўсёды наверсе, а не ўнізе, калі будзеш слухаць прыказанні Госпада, Бога твайго, якія сёння я загадваю табе, а ты захоўвай і спаўняй,
 
І зробіць цябе ГОСПАД галавою, а не хвастом, і будзеш ты толькі на версе, і ня будзеш у нізе, калі будзеш слухаць прыказаньні ГОСПАДА, Бога твайго, якія сёньня я загадваю табе, каб ты захоўваў і выконваў іх.

і не адступай ад слоў, якія я загадваю вам сёння, ані ўправа, ані ўлева, і не ідзі за багамі чужымі, і не пакланяйся ім.
 
І не адступай ад кожнага слова, якія я загадваю табе сёньня, ані ўправа, ані ўлева, і не ідзі за багамі чужымі, і не служы ім.

А калі не захочаш слухаць голас Госпада, Бога твайго, каб берагчы і выконваць усе прыказанні Яго і загады, якія я сёння загадваю табе, то прыйдуць на цябе ўсе гэтыя праклёны і апануюць цябе.
 
І станецца, калі ня будзеш слухаць голас ГОСПАДА, Бога твайго, і захоўваць, і выконваць усе прыказаньні Ягоныя і пастановы Ягоныя, якія я сёньня загадваю табе, тады прыйдуць на цябе ўсе гэтыя праклёны і споўняцца на табе.

Пракляты ты ў горадзе і пракляты на полі.
 
Пракляты ты ў горадзе і пракляты ў полі.

Пракляты кош твой і жорны твае.
 
Пракляты кош твой і дзяжа твая.

Пракляты плод улоння твайго, і плён зямлі тваёй, і прыплод жывёлы тваёй, і прырост авечак тваіх.
 
Пракляты плод улоньня твайго і плод зямлі тваёй, нараджэньне валоў тваіх і прыплод авечак тваіх.

Пракляты ты пры ўваходзе і пры выхадзе.
 
Пракляты ты пры ўваходзе тваім і пракляты пры выхадзе тваім.

Пакарае цябе Госпад праклёнам, і трывогай, і няшчасцем ва ўсіх працах тваіх, што будзеш рабіць, пакуль не знішчыць цябе і не пагубіць хутка дзеля найгоршых задумак тваіх, дзеля якіх пакінуў ты Мяне.
 
Спашле на цябе ГОСПАД праклён, і трывогу, і няшчасьце ў-ва ўсіх працах рук тваіх, якія будзеш рабіць, пакуль Ён ня зьнішчыць цябе і не прападзеш ты хутка з прычыны ліхіх учынкаў тваіх, праз якія ты пакінуў Мяне.

Прычэпіць да цябе Госпад пошасць, пакуль не выкараніць цябе з зямлі, у якую ты ўвойдзеш, каб атрымаць ва ўласнасць.
 
І спашле на цябе ГОСПАД пошасьць, пакуль ня выкараніць цябе з зямлі, у якую ты ідзеш, каб авалодаць ёю.

Дакранецца да цябе Госпад сухотамі і гарачкаю, трасцай, спякотаю, засухаю, палючым ветрам, іржою, і яны будуць пераследаваць цябе, пакуль ты не загінеш.
 
Дакранецца цябе ГОСПАД сухотамі, гарачкаю, трасцай, сьпякотаю, мячом, сушаю і іржою. Яны будуць перасьледаваць цябе, пакуль ты ня будзеш зьнішчаны.

І неба, якое над галавой тваёй, зробіцца медным, а зямля, па якой крочыш, — жалезнай.
 
І неба, якое над галавой тваёй, зробіцца медзьдзю, а зямля пад табою — жалезам.

Зменіць Госпад дождж на зямлі тваёй у пыл, а з неба будзе падаць на цябе попел, пакуль ты не будзеш знішчаны.
 
Пераменіць ГОСПАД дождж на зямлі тваёй у парахно і пыл, з неба будуць падаць яны на цябе, пакуль ня зьнішчаць цябе.

І аддасць цябе Госпад на паразу перад ворагам тваім; адной дарогай будзеш ісці на іх, а сямю дарогамі будзеце вы ўцякаць, і станеш ты страхоццем для ўсіх царстваў зямлі.
 
І зробіць табе ГОСПАД, што ты будзеш пабіты перад абліччам ворагаў тваіх; адным шляхам будзеш ісьці на іх, а сямёма шляхамі будзеш уцякаць ад іх, і станеш ты страхоцьцем для ўсіх валадарстваў зямлі.

Труп твой будзе пажываю ўсім птушкам нябесным і звярам зямным, і ніхто не будзе адганяць іх.
 
Парэшткі твае будуць пажываю ўсім птушкам паднебным і зьвярам зямным, і [ніхто] ня будзе адганяць [іх].

Дакранецца да цябе Госпад праказай егіпецкай і балячкамі, а таксама каростаю і скуламі, і не зможаш вылечыць іх.
 
Дакранецца цябе ГОСПАД скуламі Эгіпецкімі і балячкамі, каростаю і паршывасьцю, якіх ня зможаш вылечыць.

Пакарае цябе Госпад вар’яцтвам, і слепатою, і неспакоем сэрца.
 
Дакранецца цябе ГОСПАД вар’яцтвам, сьлепатою і неспакоем сэрца.

У поўдзень будзеш хадзіць навобмацак, як сляпы звычайна навобмацак ходзіць у поцемках, і не выпрастаеш шляхоў сваіх. Увесь час будзеш прыгнечаны і рабаваны, і не будзеш мець таго, хто б вызваліў цябе.
 
Апоўдні будзеш хадзіць навобмацак, як сьляпы навобмацак ходзіць у поцемках, і на ўсіх шляхах тваіх ня будзеш мець посьпеху. І будзеш ты крыўджаны і рабаваны ўсе дні, і [ніхто] ня будзе ратаваць цябе.

Заручышся з жонкай, а другі будзе спаць з ёй. Будзеш будаваць дом, але не будзеш жыць у ім, пасадзіш вінаграднік, але не збярэш пладоў яго.
 
Заручышся з жонкай, а іншы мужчына будзе спаць з ёй. Пабудуеш дом, але ня будзеш жыць у ім, пасадзіш вінаграднік, але не зьбярэш пладоў ягоных.

Вол твой будзе забіты на вачах у цябе, і не пакаштуеш яго. Асёл твой будзе забраны перад абліччам тваім і не вернецца да цябе; авечкі твае будуць аддадзены ворагам тваім, і не будзе каму дапамагчы табе.
 
Вол твой будзе забіты на вачах у цябе і ня будзеш есьці яго. Асёл твой будзе забраны спрад аблічча твайго і ня вернецца да цябе; авечкі твае будуць аддадзены ворагам тваім, і [ніхто] ня будзе ратаваць цябе.

Сыны твае і дочкі твае будуць аддадзены іншаму народу на вачах тваіх, і ўвесь дзень будзеш, плачучы, выглядаць іх дарма, і не будзе сілы ў руках тваіх.
 
Сыны твае і дочкі твае будуць аддадзены іншаму народу, і вочы твае будуць выглядаць іх сумаваць дзеля іх усе дні, і ня будзе сілы ў руках тваіх.

Плады зямлі тваёй і ўсю працу тваю з’есць народ, якога не ведаеш, і будзеш ты заўсёды прыгнечаны і разбіты ва ўсіх днях.
 
Плады зямлі тваёй і ўвесь набытак твой зьесьць народ, якога ня ведаеш, і будзеш ты толькі крыўджаны і прыгнятаны ўсе дні.

І звар’яцееш, бачачы тое, што пабачаць вочы твае.
 
І ты звар’яцееш, бачачы тое, што ўбачаць вочы твае.

Дакранецца да цябе Госпад балючымі нарывамі на каленях і нагах, і не зможаш вылечыцца ад стопаў ног аж да макушкі тваёй.
 
Дакранецца цябе ГОСПАД балючымі скуламі на каленях і нагах, і ня зможаш вылечыцца, і [пакрыюць] яны цябе ад стопаў аж да чубу галавы.

Цябе і цара твайго, якога паставіш над сабою, завядзе Госпад да народа, якога не ведаў ты і бацькі твае, і будзеш служыць там багам чужым, дрэву і каменю,
 
Цябе і валадара твайго, якога ты паставіш над сабою, завядзе ГОСПАД да народу, якога ня ведаў ты і бацькі твае, і будзеш служыць там багам чужым, дрэву і камяню,

і будзеш страхоццем, і прыказкай, і пасмяяннем для ўсіх народаў, да якіх завядзе цябе Госпад.
 
і будзеш страхоцьцем, і прыказкай, і пасьмешышчам для ўсіх народаў, да якіх завядзе цябе ГОСПАД.

Насення многа кінеш у зямлю, а збярэш мала, бо саранча паесць усё.
 
Насеньня шмат кінеш у поле, а зьбярэш мала, бо саранча паесьць яго.

Вінаграднікі пасадзіш і будзеш даглядаць, а віна піць не будзеш, ды нічога з іх не збярэш, бо будуць паедзены чарвякамі.
 
Вінаграднікі пасадзіш, будзеш даглядаць, а віна піць ня будзеш, і нічога з іх не зьбярэш, бо будуць паедзены чарвякамі.

Аліўкі будзеш мець на ўсіх межах сваіх, але не выціснеш алею, бо змарнеюць і прападуць.
 
Аліўкі будзеш мець у-ва ўсіх межах тваіх, але ня выцісьнеш алею, бо змарнеюць аліўкі твае.

Народзіш сыноў і дачок, але не пацешышся з іх, бо павядуць іх у няволю.
 
Народзіш сыноў і дачок, але ня будуць з табою, бо павядуць іх у няволю.

Усе дрэвы твае і плод зямлі тваёй паесць саранча.
 
Усе дрэвы твае і плод зямлі тваёй паядуць жужлы.

Чужынец, які жыве з табой на зямлі, падымецца па-над табой і стане вышэйшым, а ты сыдзеш і будзеш нізкім.
 
Прыхадзень, які [жыве] з табою, будзе падымацца па-над цябе вышэй і вышэй, а ты будзеш зыйходзіць ніжэй і ніжэй.

Ён будзе пазычаць табе, а ты не пазычыш яму; ён будзе галавой, а ты будзеш хвастом.
 
Ён будзе пазычаць табе, а ты не пазычыш яму; ён будзе галавой, а ты будзеш хвастом.

І прыйдуць на цябе ўсе гэтыя праклёны і будуць цябе пераследаваць і здзекавацца з цябе, пакуль не прападзеш, бо не слухаў ты Госпада, Бога твайго, і не выконваў прыказанняў Яго і загадаў, якія Ён загадаў табе.
 
І прыйдуць на цябе ўсе гэтыя праклёны, і будуць цябе перасьледваць, і дагоняць цябе, пакуль не загінеш, бо ты ня слухаў ГОСПАДА, Бога твайго, і не захоўваў прыказаньняў Ягоных і пастановаў Ягоных, якія Ён загадаў табе.

І будуць яны знакамі і адзнакамі на табе і на нашчадках тваіх навек.
 
І будзе [гэта] знакам і цудоўным [дзеяньнем] табе і насеньню твайму на вякі.

За тое, што ты не служыў Госпаду, Богу твайму, з весялосцю і радасцю сэрца дзеля дастатку ва ўсіх рэчах,
 
За тое, што ты не служыў ГОСПАДУ, Богу твайму, з радасьцю і добрасьцю сэрца твайго, [маючы] мноства ўсяго,

будзеш служыць ворагу твайму, якога Госпад навядзе на цябе, у голадзе і смазе, у галечы і нястачы ўсяго, і ён павесіць ярмо жалезнае на карак твой, пакуль не вынішчыць цябе.
 
будзеш служыць ворагам тваім, якіх ГОСПАД спашле на цябе, у голадзе і смазе, у голасьці і нястачы ўсяго, і яны павесяць ярмо жалезнае на карак твой, пакуль ня вынішчаць цябе.

Навядзе на цябе Госпад народ з далечыні ды з крайніх межаў зямлі на падабенства арла, які ляціць імкліва, мовы якога зразумець ты не зможаш:
 
Прывядзе на цябе ГОСПАД народ далёкі; з канца зямлі, як арол, наляціць народ гэты, мовы якога ты ня чуў,

народ вельмі нахабны, які не ўшануе старога і не пашкадуе дзіцяці.
 
народ з жудасным абліччам, які не ўшануе аблічча старога і не пашкадуе юнака.

І ён зжарэ плод тваёй жывёлы і плады зямлі тваёй, пакуль ты не загінеш; і не пакіне табе пшаніцы, віна і алею, прыплоду жывёлы і прыросту авечак, пакуль цябе не знішчыць.
 
І ён зжарэ плод жывёлы тваёй і плод зямлі тваёй, аж пакуль ня вынішчыць цябе. І ён не пакіне табе пшаніцы, віна і алею, прыплоду валоў тваіх і прыплоду авечак тваіх, аж пакуль ня вынішчыць цябе.

І возьме ён у аблогу цябе ва ўсіх гарадах тваіх, пакуль не разваліць муры твае моцныя і высокія, у якіх ты ўскладаў надзею, ва ўсёй зямлі тваёй. І будзе трымаць цябе ў аблозе ва ўсіх брамах тваіх, на ўсёй зямлі тваёй, якую дасць табе Госпад, Бог твой,
 
І возьме ён у аблогу цябе ў-ва ўсіх брамах тваіх, пакуль не разваліць муры твае моцныя і высокія, у якіх ты меў надзею, у-ва ўсёй зямлі тваёй. І будзе трымаць цябе ў аблозе ў-ва ўсіх брамах тваіх у-ва ўсёй зямлі, якую даў табе ГОСПАД, Бог твой.

і будзеш ты есці плод улоння твайго, целы сыноў тваіх і дачок тваіх, якіх даў табе Госпад, Бог твой, у аблозе ды ў бядзе, якімі прыцісне цябе вораг твой.
 
І будзеш ты есьці плод улоньня твайго, целы сыноў тваіх і дачок тваіх, якіх даў табе ГОСПАД, Бог твой, у аблозе і ў бядзе, якімі прыцісьне цябе вораг твой.

У цябе чалавек чуллівы і вельмі далікатны будзе ненавідзець брата свайго і жонку, якая туліцца да пляча яго, і апошніх дзяцей сваіх, якіх ён захаваў,
 
У цябе чалавек чульлівы і вельмі далікатны будзе глядзець ліхім вокам на брата свайго і на жонку ўлоньня свайго, і на рэшту сыноў сваіх, якія засталіся [ў яго].

каб не даць ніводнаму з іх целы сыноў сваіх, якіх будзе есці, бо ён не будзе ўжо больш нічога мець у аблозе і бядзе, якімі вораг твой прыцісне цябе ва ўсіх брамах тваіх.
 
Ня дасьць [нікому] ён целы сыноў сваіх, якія будзе есьці, бо нічога больш не застанецца ў яго ў аблозе і ў бядзе, якімі вораг твой прыцісьне цябе ў-ва ўсіх брамах тваіх.

Жанчына ў цябе, вельмі чуллівая і далікатная, якая не спрабавала нават пакінуць следу ад нагі на зямлі дзеля надзвычайнай далікатнасці і распешчанасці, цяпер ліхім вокам гляне на мужа, які туліць яе да пляча свайго, на сына і дачку,
 
Жанчына ў цябе, вельмі чульлівая і далікатная, што не хацела нагі паставіць на зямлю дзеля далікатнасьці і расьпешчанасьці, будзе глядзець ліхім вокам на мужа ўлоньня свайго, на сына свайго і на дачку сваю

і не дасць ім ложышча, якое выйшла з яе жаночага ўлоння, і дзяцей, якія нарадзіліся ў тую гадзіну; бо есці іх будзе таемна дзеля нястачы ўсяго ў час аблогі і гора, якімі прыцісне цябе вораг твой у брамах тваіх.
 
і ня дасьць ім пасьледу свайго, які выйшаў спаміж ног ейных, і сыноў сваіх, якіх нарадзіла, бо будзе есьці іх таемна дзеля нястачы ўсяго ў аблозе і бядзе, якімі прыцісьне цябе вораг твой у-ва ўсіх брамах тваіх.

Калі не будзеш берагчы і выконваць усіх слоў гэтага закону, якія напісаны ў гэтым скрутку, і не будзеш баяцца гэтага слаўнага і страшнага імя Госпада, Бога твайго,
 
Калі ня будзеш захоўваць і выконваць усіх словаў Закону гэтага, якія напісаныя ў кнізе гэтай, і ня будзеш баяцца гэтага слаўнага і страшнага імя ГОСПАДА, Бога твайго,

то многа больш павялічыць Госпад плягі твае і плягі на нашчадкаў тваіх, і плягі цяжкія і доўгатрывалыя, хваробы найцяжэйшыя і невылечныя,
 
шмат больш павялічыць ГОСПАД плягі на цябе і плягі на насеньне тваё, і плягі вялікія і доўгатрывалыя, і хваробы ліхія і доўгатрывалыя,

і навядзе на цябе ўсе плягі егіпецкія, якіх ты баяўся, і нахлынуць яны на цябе.
 
і навядзе на цябе ўсе хваробы Эгіпецкія, якіх ты баяўся, і прылепяцца яны да цябе.

І ўсе хваробы і плягі, якія не запісаны ў скрутку гэтага закону, напусціць Госпад на цябе, пакуль цябе не выгубіць.
 
І ўсе хваробы і ўсе плягі, якія не запісаныя ў кнізе Закону гэтага, спашле ГОСПАД на цябе, пакуль ня будзеш вынішчаны.

І застанецеся вы ў малой лічбе, вы, што раней былі, як зоркі на небе, у колькасці сваёй, бо не слухаў ты голасу Госпада, Бога твайго.
 
І застанецёся вы ў малой лічбе, хоць раней вы былі, як зоркі ў небе, у колькасьці сваёй, бо ня слухаў ты голас ГОСПАДА, Бога твайго.

Як перад тым цешыўся Госпад з вас, добра вам робячы і памнажаючы вас, так будзе цешыцца з вас, нішчачы вас і вывяргаючы, каб не стала вас на зямлі, у якую вы ўваходзіце, каб завалодаць.
 
Як перад гэтым цешыўся ГОСПАД з вас, добра вам робячы і памнажаючы вас, так будзе цешыцца ГОСПАД з вас, нішчачы вас і сьціраючы з зямлі, у якую ты ідзеш, каб авалодаць ёю.

Госпад расцярушыць цябе сярод усіх народаў, ад пачатку зямлі да яе крайніх межаў, і там будзеш ты служыць чужым багам, якіх не ведаў ты і бацькі твае, дрэвам і каменям.
 
І ГОСПАД расьцярушыць вас сярод усіх народаў, ад канца зямлі да канца зямлі, і там будзеш ты служыць багам чужым, якіх ня ведаў ты і бацькі твае, дрэву і камяням.

І не будзеш ты мець супакою сярод гэтых народаў, стапе тваёй нагі не будзе супакою; і дасць там табе Госпад сэрца баязлівае, вочы заплаканыя і душу, апанаваную тугою.
 
І ня будзеш ты мець супакою ў гэтых народаў, і ня будзе мець супачынку стапа нагі тваёй. І дасьць там табе ГОСПАД сэрца дрыготкае, вочы заплаканыя і душу збалелую.

Жыццё тваё будзе быццам бы вісець перад табою; будзеш баяцца ноччу і днём, і не будзеш упэўнены ў жыцці сваім.
 
І будзе жыцьцё тваё вісець перад табою; будзеш баяцца ўначы і ўдзень, і ня будзеш пэўны жыцьця свайго.

Раніцай ты скажаш: “О! Калі б звечарэла!”, а ўвечары: “О! калі б развіднела!” — дзеля страху сэрца свайго, якім будзеш апанаваны, і дзеля ўсяго таго, што ўбачыш сваімі вачамі.
 
Раніцаю ты скажаш: “Хто дасьць мне [дачакацца] вечара?”, а ўвечары скажаш: “Хто дасьць мне [дачакацца] раніцы?”, дзеля страху сэрца твайго, якое будзе баяцца ўсяго таго, што ўбачаць вочы твае.

І верне Госпад у Егіпет на караблях тою дарогаю, пра якую я сказаў табе, што яе больш не пабачыш; там будзеце вы прададзены ворагам вашым як нявольнікі і нявольніцы, ды не будзе каму купляць».
 
І верне цябе ГОСПАД у Эгіпет на караблях шляхам, пра які Ён казаў табе, што ты яго больш ня ўбачыш. Там будзеце вы прададзеныя ворагам вашым як нявольнікі і нявольніцы, і [ніхто] ня будзе купляць»