Другі закон 6 разьдзел

Другі закон
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

«Такія вось загады, і прыказанні, і законы, якія даў Госпад, Бог ваш, каб я навучыў вас, а вы каб выконвалі іх на зямлі, якую ідзяце ўзяць ва ўласнасць.
 
І вось прыказаньні, пастановы і прысуды, якія загадаў ГОСПАД, Бог ваш, каб навучыць вас, каб вы выконвалі іх у зямлі, у якую вы ідзіцё, каб узяць яе на ўласнасьць,

Шануй Госпада, Бога твайго, і беражы ўсе прыказанні і загады Яго, якія даручаю табе, сынам і нашчадкам тваім на ўсё жыццё, каб даўгавечныя былі дні твае.
 
каб ты баяўся ГОСПАДА, Бога твайго, і захоўваў усе прыказаньні і загады Ягоныя, якія я загадваю табе, сынам тваім і сынам сыноў тваіх на ўсе дні жыцця твайго, каб даўгавечныя былі дні твае.

Слухай, Ізраэль, і пільнуй, каб выконваць, каб добра табе было і ўзрос ты лікам сваім, як абяцаў табе Госпад, Бог бацькоў тваіх, зямлю, што ацякае малаком і мёдам.
 
Слухай, Ізраіль, і захоўвай, і выконвай іх, каб добра табе было, і ты вельмі памножыўся ў зямлі, якая ацякае малаком і мёдам, як прамаўляў да цябе ГОСПАД, Бог бацькоў тваіх.

Слухай, Ізраэль: «Госпад, Бог наш, Госпад адзіны.
 
Слухай, Ізраіль! ГОСПАД, Бог наш, — ГОСПАД адзіны.

Любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім, усёй душой тваёй і ўсёй моцай тваёй».
 
Любі ГОСПАДА, Бога твайго, усім сэрцам тваім, усёй душой тваёй і ўсёй моцай тваёю.

Гэтыя словы, якія я даручаю табе сёння, хай будуць у сэрцы тваім.
 
Гэтыя словы, якія я загадваю табе сёньня, няхай будуць у сэрцы тваім.

Паўтарай іх дзецям тваім, гавары іх, седзячы ў доме тваім, ідучы па дарозе, засынаючы і абуджаючыся.
 
Паўтарай іх дзецям тваім, гавары іх, седзячы ў доме тваім, ідучы па дарозе, калі засынаеш і калі прачынаешся.

Прывяжы іх як знак да рукі сваёй, хай будуць яны быццам якая падвязка паміж вачэй тваіх.
 
Прывяжы іх як знак да рукі сваёй, няхай будуць яны павязкаю над вачыма тваімі.

Выпішы іх на бэльках дома твайго і на браме тваёй.
 
Напішы іх на дзьвярах дому твайго і на брамах тваіх.

Калі ўвядзе цябе Госпад, Бог твой, у зямлю, якую прысягнуў даць бацькам тваім, Абрагаму, Ізааку і Якубу, каб даць табе гарады вялікія і выдатныя, якіх ты не будаваў,
 
Калі ўвядзе цябе ГОСПАД, Бог твой, у зямлю, якую запрысяг бацькам тваім, Абрагаму, Ісааку і Якубу, калі дасьць табе гарады вялікія і добрыя, якіх ты не будаваў,

дамы, поўныя ўсякіх багаццяў, якіх ты не збіраў, студні, якіх ты не капаў, вінаграднікі і аліўкавыя сады, якіх ты не садзіў, калі будзеш есці і спатоліш голад,
 
дамы, поўныя ўсякіх багацьцяў, якіх ты не зьбіраў, выкапаныя студні, якіх ты не капаў, вінаграднікі і аліўкавыя сады, якіх ты не садзіў, калі будзеш есьці і наясіся,

сцеражыся вельмі, каб не забыўся ты пра Госпада, Які вывеў цябе з зямлі Егіпецкай, з дому няволі.
 
сьцеражыся, каб не забыўся ты пра ГОСПАДА, Які вывеў цябе з зямлі Эгіпецкай, з дому няволі.

Госпада, Бога твайго, шануй, і Яму служы, і Яго імем прысягай.
 
ГОСПАДА, Бога твайго, бойся, і Яму служы, і Ягоным імем прысягай.

Не ідзі за багамі чужымі з ліку багоў тых народаў, якія акружаюць цябе,
 
Не ідзі за багамі чужымі, за багамі народаў, якія навакол цябе,

бо Госпад, Бог твой, пасярод цябе, — Бог руплівы апякун; каб не ўзгарэўся гнеў Госпада, Бога твайго, на цябе і каб не сцёр Ён цябе з паверхні зямлі.
 
бо ГОСПАД, Бог твой, Які ёсьць пасярод цябе, — Бог зайздросны. [Сьцеражыся], каб не ўзгарэўся гнеў ГОСПАДА, Бога твайго, на цябе і каб ня сьцёр Ён цябе з аблічча зямлі.

Не выпрабоўвай Госпада, Бога вашага, як выпрабоўвалі ў Масе.
 
Не выпрабоўвайце ГОСПАДА, Бога вашага, як вы выпрабоўвалі ў Масе.

Захоўвай загады Госпада, Бога вашага, і сведчанні і прыказанні, якія даў Ён табе;
 
Захоўваючы, захоўвайце прыказаньні ГОСПАДА, Бога вашага, і сьведчаньні Ягоныя, і пастановы Ягоныя, якія Ён загадаў вам;

і рабі, што правільна і што добра перад абліччам Госпада, каб добра было табе і каб, увайшоўшы, атрымаў ты ва ўласнасць зямлю найлепшую, наконт якой Госпад склаў прысягу бацькам тваім,
 
і рабі тое, што належыцца і што добрае ў вачах ГОСПАДА, каб было табе добра і ты ўвайшоў і ўспадкаеміў зямлю добрую, якую запрысяг ГОСПАД бацькам тваім,

каб вынішчыў Ён усіх ворагаў тваіх перад табою, як сказаў Госпад.
 
каб выгнаў Ён усіх ворагаў тваіх перад абліччам тваім, як прамовіў ГОСПАД.

Калі спытаецца цябе ў будучым сын твой, кажучы: “Што за сэнс гэтых сведчанняў, прыказанняў і законаў, якія загадваў вам Госпад, Бог наш?” —
 
Калі спытаецца цябе ў будучыні сын твой, кажучы: “Што гэта за сьведчаньні, пастановы і прысуды, якія загадваў вам ГОСПАД, Бог наш?”,

скажы яму: “Былі мы нявольнікамі ў фараона ў Егіпце, але вывеў нас Госпад з Егіпта рукой дужай,
 
ты скажаш сыну твайму: “Былі мы нявольнікамі ў фараона ў Эгіпце, але вывеў нас ГОСПАД з Эгіпту рукою моцнаю,

ды чыніў цуды і знакі вялікія і жудасныя ў Егіпце супраць фараона і ўсяго дому яго ў прысутнасці нашай,
 
і чыніў цуды і знакі вялікія і жудасныя ў Эгіпце супраць фараона і ўсяго дому ягонага на вачах нашых,

і вывеў нас адтуль, каб нам, уведзеным, даць зямлю, адносна якой прысягнуў бацькам нашым даць нам.
 
і вывеў нас адтуль, каб увесьці нас у зямлю, якую запрысяг бацькам нашым даць нам.

І загадаў нам Госпад, каб выконвалі мы ўсе гэтыя прыказанні і каб шанавалі Госпада, Бога нашага, і тады добра будзе нам усім у дні жыцця нашага, як і сёння жывём.
 
І загадаў нам ГОСПАД, каб мы выконвалі ўсе пастановы гэтыя і баяліся ГОСПАДА, Бога нашага, і каб добра нам было ўсе дні жыцьця нашага, як [гэта ёсьць] сёньня.

І будзе нам справядлівасць, калі мы будзем берагчы і выконваць усе загады гэтыя перад абліччам Госпада, Бога нашага, як Ён нам гэта загадаў”».
 
І будзе праведнасьць нашая ў тым, што мы будзем захоўваць і выконваць усе прыказаньні гэтыя перад абліччам ГОСПАДА, Бога нашага, як Ён нам загадаў”.