Другі закон 9 разьдзел

Другі закон
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

«Слухай, Ізраэль: ты пяройдзеш сёння праз Ярдан, каб завалодаць народамі моцнымі і мацнейшымі за цябе, гарадамі вялізнымі і ўмацаванымі аж да неба,
 
Слухай, Ізраіль, ты сёньня маеш перайсьці праз Ярдан, каб увайсьці і завалодаць народамі большымі і мацнейшымі за цябе, гарадамі вялікімі і ўмацаванымі аж пад неба,

народам вялікім і высокім, сынамі Анака, якіх ты ведаеш і пра якіх ты чуў, якім ніхто не можа супрацьстаяць.
 
народам вялікім і высокім, сынамі Анака, якіх ты ведаеш і пра якіх ты чуў: "Хто можа супрацівіцца сынам Анака?"

Дык ведай сёння, што Госпад, Бог твой, Сам пройдзе перад табой, як агонь знішчальны, які сатрэ іх і зрыне перад абліччам тваім, каб ты хутка выгнаў і знішчыў іх, як Ён сказаў табе.
 
Дык ведай, што сёньня ГОСПАД, Бог твой, пяройдзе перад абліччам тваім, як агонь палючы. Ён зьнішчыць іх і паваліць іх перад абліччам тваім, і ты хутка выганіш іх і зьнішчыш іх, як ГОСПАД прамовіў да цябе.

Дык не кажы ў сэрцы сваім, калі Госпад, Бог твой, выганіць іх перад абліччам тваім: “Дзеля справядлівасці маёй увёў мяне Госпад, каб завалодаў я гэтаю зямлёю”, — бо дзеля злачынства народаў гэтых выганяе іх Госпад перад табою.
 
Не кажы ў сэрцы тваім, калі ГОСПАД, Бог твой, выганіць іх перад абліччам тваім, кажучы: “Дзеля праведнасьці маёй увёў мяне ГОСПАД, каб завалодаў я зямлёю гэтаю”, бо дзеля злачынства народаў гэтых выганяе іх ГОСПАД перад абліччам тваім.

Бо вось не дзеля справядлівасці тваёй і праваты сэрца твайго ўвойдзеш ты, каб завалодаць зямлёю іх, але за тое, што яны чынілі бязбожна; па прыходзе тваім Госпад, Бог твой, выганіць іх перад табой, каб споўніў Госпад слова Сваё, якое пад прысягай абяцаў бацькам тваім, Абрагаму, Ізааку і Якубу.
 
Ня дзеля праведнасьці тваёй і ня дзеля шчырасьці сэрца твайго ўваходзіш ты, каб завалодаць зямлёю іхняй, але за бязбожнасьць народаў гэтых ГОСПАД, Бог твой, выганяе іх перад абліччам тваім, каб споўніць слова, якое Ён абяцаў бацькам тваім, Абрагаму, Ісааку і Якубу.

Дык ведай, што не дзеля справядлівасці тваёй Госпад, Бог твой, даў табе гэтую добрую зямлю ва ўласнасць, бо ты народ цвёрдага карку.
 
Дык ведай, што не дзеля праведнасьці тваёй ГОСПАД, Бог твой, даў табе гэтую добрую зямлю на ўласнасьць, бо ты — народ з цьвёрдым каркам.

Памятай і не забывайся, як раздражняў ты Госпада, Бога твайго, аж да гневу ў пустыні; з таго дня, як выйшаў ты з Егіпта і аж пакуль прыйшлі ў гэтае месца, працівіліся вы Госпаду.
 
Памятай і не забывайся, як гнявіў ты ГОСПАДА, Бога твайго, у пустыні. З таго дня, як выйшаў ты з Эгіпту і аж пакуль прыйшлі ў гэтае месца, вы працівіліся ГОСПАДУ.

Бо і на Гарэбе раздражнялі вы Яго, і, разгневаны, хацеў Ён знішчыць вас,
 
І на Харэве вы гнявілі ГОСПАДА, і разгневаўся ГОСПАД на вас, і хацеў зьнішчыць вас.

і калі я ўзышоў на гару, каб атрымаць каменныя табліцы, табліцы запавету, які заключыў Госпад з вамі, і быў я на гары сорак дзён і начэй, не еў хлеба і не піў вады.
 
Калі я ўзыйшоў на гару, каб атрымаць табліцы каменныя, табліцы запавету, які заключыў ГОСПАД з вамі, я быў на гары сорак дзён і сорак начэй, ня еў хлеба і ня піў вады.

І даў мне Госпад дзве каменныя табліцы, якія былі запісаны пальцам Бога і змяшчалі ўсе словы, якія вам сказаў Госпад на гары з сярэдзіны агню, калі народ сабраўся на сход.
 
І даў мне ГОСПАД дзьве табліцы каменныя, запісаныя пальцам Бога, на якіх былі ўсе словы, якія да вас прамовіў ГОСПАД на гары з сярэдзіны агню ў дзень супольнага сходу.

Калі мінула сорак дзён і столькі ж начэй, даў мне Госпад дзве каменныя табліцы, табліцы запавету,
 
Калі мінула сорак дзён і сорак начэй, даў мне ГОСПАД дзьве табліцы каменныя, табліцы запавету,

і сказаў мне: “Устань і сыдзі адсюль хутка, бо зграшыў народ твой, які вывеў ты з Егіпта; хутка пакінулі яны шлях, які загадаў Я ім, і зрабілі сабе ідала з металу”.
 
і сказаў мне ГОСПАД: “Устань і зыйдзі адсюль з гары, бо саграшыў народ твой, які вывеў ты з Эгіпту; хутка зыйшлі з дарогі, якую Я загадаў ім, і зрабілі сабе ідала”.

І зноў сказаў Госпад мне: “Бачу, што гэты народ ёсць цвёрдага карку,
 
І сказаў ГОСПАД мне, кажучы: “Бачу гэты народ, і вось, гэта народ з цьвёрдым каркам.

дазволь Мне, каб Я знішчыў іх і сцёр іх імя з-пад неба, а з цябе Я зраблю народ дужэйшы і большы за гэты”.
 
Пакінь Мяне! І Я зьнішчу іх, і сатру імя іхняе з-пад неба, а з цябе Я зраблю народ дужэйшы і большы за гэты”.

І, павярнуўшыся, сышоў я з палаючай гары, і трымаў я аберуч дзве каменныя табліцы запавету.
 
І я павярнуўся, і зыйшоў з гары, а гара палала агнём, і дьзве табліцы каменныя ў абедзьвух руках маіх.

І калі я ўбачыў, што вы зграшылі супраць Госпада, Бога вашага, і што зрабілі сабе літае цяля ды што хутка сышлі з дарогі Яго, якую Госпад вам загадаў,
 
І я ўбачыў, і вось, вы саграшылі супраць ГОСПАДА, Бога вашага, і зрабілі сабе літае цяля, і хутка зыйшлі са шляху, які ГОСПАД загадаў вам.

схапіў я абедзве табліцы і кінуў іх рукамі сваімі, і разбіў іх перад абліччам вашым;
 
І схапіў я абедзьве табліцы, і кінуў іх з рук маіх, і разьбіў іх на вачах вашых.

і ўпаў я перад Госпадам, як раней, сорак дзён і начэй не еў хлеба і не піў вады дзеля ўсіх грахоў вашых, якіх вы дапусціліся супраць Госпада і раздражнілі Яго да гневу,
 
І я ляжаў перад абліччам ГОСПАДА як раней, сорак дзён і сорак начэй, ня еў хлеба і ня піў вады дзеля ўсіх грахоў вашых, якіх вы дапусьціліся, чынячы зло ў вачах ГОСПАДА, і змусілі Яго да гневу,

бо баяўся я абурэння і гневу Яго, у якім, на вас разгневаны, Ён хацеў вас знішчыць. І выслухаў мяне Госпад нават у гэты раз.
 
бо я баяўся ярасьці і гневу, якім разгневаўся ГОСПАД, каб зьнішчыць вас. І выслухаў мяне ГОСПАД у гэты раз.

Таксама быў Ён надта разгневаны на Аарона і хацеў яго вынішчыць, але і за яго тады я памаліўся.
 
І на Аарона быў ГОСПАД надта разгневаны, і хацеў забіць яго, і я маліўся за Аарона ў той час.

А грэх ваш, які вы ўчынілі, гэта значыць цяля, я, схапіўшы, спаліў агнём і, разбіўшы на кавалкі, дашчэнту сцёр на попел і кінуў у ручай, які сцякаў з гары.
 
А грэх ваш, які вы ўчынілі, цяля літае, я, схапіўшы, спаліў агнём, і разьбіў, і сьцёр на дробны пыл, і кінуў у ручай, які сьцякаў з гары.

І ў Табэры, і ў Масе, і ў Кіброт-Гатаве яшчэ раздражнялі вы Госпада.
 
І ў Табэры, і ў Масе, і ў Кіброт-Гаттаве вы спакушалі ГОСПАДА.

І калі пасылаў вас Госпад з Кадэс-Барнэ, кажучы: “Ідзіце і авалодайце зямлёй, якую Я даў вам”, то вы супрацівіліся волі Госпада, Бога вашага, і не паверылі Яму, і не захацелі паслухацца голасу Яго.
 
І калі пасылаў вас ГОСПАД з Кадэш-Барнэа, кажучы: “Ідзіце і авалодайце зямлёй, якую Я даў вам”, вы супрацівіліся [слову] з вуснаў ГОСПАДА, Бога вашага, і не паверылі Яму, і не паслухалі голасу Ягонага.

Вы заўсёды працівіліся Госпаду, ад дня, як пачаў я вас ведаць.
 
Вы заўсёды працівіліся ГОСПАДУ, ад дня, як я стаў ведаць вас.

І ляжаў я перад Госпадам сорак дзён і начэй, на працягу якіх пакорна маліў, каб Ён не нішчыў вас, як прыгразіў.
 
Сорак дзён і сорак начэй я ляжаў перад абліччам ГОСПАДА і маліў Яго, бо ГОСПАД сказаў, што зьнішчыць вас.

І ў малітве прасіў: “Госпадзе, Божа, не губі народ Твой і спадчыну Тваю, якую адкупіў Ты веліччу Сваёй, бо вывеў з Егіпта дужаю рукой.
 
І я маліўся ГОСПАДУ, і казаў: “Госпадзе ГОСПАДЗЕ, не губі народ Твой і спадчыну Тваю, якую адкупіў Ты веліччу Тваёй, якую Ты вывеў з Эгіпту рукою моцнаю.

Памятай пра паслугачоў Сваіх, Абрагама, Ізаака і Якуба; і не глядзі на закамянеласць народа гэтага і на бязбожнасць, а таксама грэх,
 
Памятай слугаў Тваіх, Абрагама, Ісаака і Якуба; і не глядзі на закамянеласьць народу гэтага і на бязбожнасьць ягоную, і на грахі ягоныя,

каб часам жыхары зямлі, з якой Ты вывеў нас, не казалі: “Не мог Госпад увесці іх у зямлю, якую абяцаў ім, і ўзненавідзеў іх; з гэтай прычыны і вывеў, каб забіць іх у пустыні”.
 
каб не казалі ў зямлі, з якой Ты вывеў нас: "Ня мог ГОСПАД увесьці іх у зямлю, якую абяцаў ім. З нянавісьці да іх вывеў Ён іх, каб памерлі ў пустыні".

А яны ж — Твой народ і спадчына Твая, тыя, якіх Ты вывеў Сваёй вялікай сілаю і ўзнятым плячом Сваім”.
 
А яны — народ Твой і спадчына Твая, тыя, якіх Ты вывеў сілаю Тваёй вялікаю і рамяном Тваім узьнятым”.