Другі закон 5 разьдзел
Другі закон
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
І склікаў Майсей увесь Ізраэль і сказаў ім: «Слухай, Ізраэль, прыказанні, а таксама законы, якія я сёння прамоўлю ў вушы вашыя; навучыцеся ім і спаўняйце іх дзейсна.
І склікаў Майсей усяго Ізраіля, і сказаў ім: «Слухай, Ізраіль, пастановы і прысуды, якія я сёньня прамаўляю ў вушы вашыя, каб вы навучыліся ім і каб захоўвалі іх і выконвалі іх.
Госпад, Бог наш, заключыў запавет з намі на Гарэбе.
ГОСПАД, Бог наш, заключыў запавет з намі на Харэве.
Не з бацькамі нашымі заключыў Ён гэтую дамову, але з намі, якія тут сёння жывём, з намі ўсімі.
Не з бацькамі нашымі заключыў Ён запавет гэты, але з намі, якія тут сёньня ўсе жывём.
Тварам у твар гаварыў з вамі Госпад на гары з сярэдзіны агню.
Абліччам да аблічча гаварыў з вамі ГОСПАД на гары з сярэдзіны агню.
У той час я як пасрэднік стаяў між Госпадам і вамі, каб вам абвясціць словы Яго, бо вы баяліся агню і не ўзышлі на гару. А Ён сказаў:
У той час я стаяў між ГОСПАДАМ і вамі, каб вам абвясьціць слова ГОСПАДА, бо вы баяліся агню і не ўзыйшлі на гару, калі Ён казаў:
“Я — Госпад, Бог твой, Які вывеў цябе з зямлі Егіпта, з дому няволі.
“Я — ГОСПАД, Бог твой, Які вывеў цябе з зямлі Эгіпецкай, з дому няволі.
Не май другіх багоў перад абліччам Маім.
Ня будзеш мець іншых багоў перад абліччам Маім.
Не рабі сабе ідала і ніякай выявы ўсяго таго, што ў небе высока, і што на зямлі ўнізе, і што ў вадзе пад зямлёю.
Не рабі сабе статуі і ніякай выявы таго, што на небе высока і што на зямлі нізка, і што ў вадзе ніжэй зямлі.
Не пакланяйся ім і не служы ім, бо Я — Госпад, Бог твой, Бог руплівы апякун, Які карае ліхоту бацькоў ў дзецях да трэцяга і чацвёртага пакалення тых, што ненавідзяць Мяне,
Ня будзеш пакланяцца ім і ня будзеш служыць ім, бо Я — ГОСПАД, Бог твой, Бог зайздросны, Які карае за беззаконьні бацькоў дзяцей да трэцяга і чацьвёртага [пакаленьня] тых, што ненавідзяць Мяне,
і аказвае міласэрнасць на многія тысячы [пакаленняў] тым, што любяць Мяне і спаўняюць прыказанні Мае.
і Які чыніць міласэрнасьць тысячам [пакаленьняў] тых, што любяць Мяне і захоўваюць прыказаньні Мае.
Не вымаўляй імя Госпада, Бога твайго, дарэмна, бо не будзе непакараным той, хто будзе ўжываць імя Яго марна.
Не ўжывай імя ГОСПАДА, Бога твайго, для марноты, бо ГОСПАД не пакіне без пакараньня таго, хто гаворыць імя Ягонае для марноты.
Беражы дзень суботні, каб ты святкаваў яго, як загадаў табе Госпад, Бог твой.
Захоўвай дзень супачынку, каб сьвяціць яго, як загадаў табе ГОСПАД, Бог твой.
Шэсць дзён працуй і выконвай усе справы свае.
Шэсьць дзён будзеш працаваць і будзеш рабіць усю работу тваю,
А сёмы дзень — гэта субота для Госпада, Бога твайго. Не рабі ў ім аніякай працы ты, і сын твой, і дачка, і паслугач, і паслугачка, і вол, і асёл, і ўсякая жывёла твая, і чужынец, які жыве ў брамах тваіх; хай адпачывае твой паслугач і твая паслугачка, як і ты.
а дзень сёмы — супачынак для ГОСПАДА, Бога твайго. Ня будзеш рабіць аніякай работы ты і сын твой, і дачка твая, і слуга твой, і служка твая, і вол твой, і асёл твой, і ўся жывёла твая, і прыхадзень, які ў брамах тваіх, каб адпачыў слуга твой і служка твая, як і ты.
Памятай, што ты быў рабом у Егіпце, і што вывеў цябе адтуль Госпад, Бог твой, дужай рукою і ўзнятым плячом, таму і загадаў Ён табе, каб бярог ты дзень суботы.
І памятай, што ты быў нявольнікам у зямлі Эгіпецкай, і што вывеў цябе адтуль ГОСПАД, Бог твой, рукою моцнаю і рамяном узьнятым, і таму загадаў табе ГОСПАД, Бог твой, адзначаць дзень супачынку.
Паважай бацьку свайго і маці сваю, як загадаў табе Госпад, Бог твой, каб быў ты даўгавечны і добра табе было на зямлі, якую дасць табе Госпад, Бог твой.
Шануй бацьку твайго і маці тваю, як загадаў табе ГОСПАД, Бог твой, каб працягнуліся дні твае і добра табе было на зямлі, якую ГОСПАД, Бог твой, дае табе.
Не забівай.
Не забівай [як забойца].
Не сведчы фальшыва супраць блізкага свайго.
Ня сьведчы супраць бліжняга твайго сьведчаньнем фальшывым.
Не будзь прагны да жонкі блізкага свайго і не зажадай дома блізкага свайго, ані поля, ані паслугача, ані паслугачкі, ані вала, ані асла, — нічога, што яго”».
Не жадай жонкі бліжняга твайго, і не жадай ані дому бліжняга твайго, ані поля ягонага, ані слугі ягонага, ані служкі ягонай, ані вала ягонага, ані асла ягонага, ані нечага з таго, што ў бліжняга твайго”.
Гэтыя словы гаварыў Госпад да ўсіх вас на гары, з сярэдзіны агню і хмары і змроку моцным голасам, і нічога болей не дадаваў; і напісаў гэта на дзвюх табліцах каменных, якія перадаў мне.
Словы гэтыя прамовіў ГОСПАД да ўсёй царквы вашай на гары, з сярэдзіны агню і хмары, і змроку голасам моцным, і нічога больш не гаварыў; і напісаў гэта на двух табліцах каменных, якія даў мне.
Вы, вось, як пачулі голас пасярод цемры і калі ўбачылі гару, якая гарэла агнём, прыступілі да мяне ўсе князі пакаленняў і старэйшыя векам,
І вось, калі пачулі вы голас спасярод цемры і калі ўбачылі гару, якая гарэла агнём, падыйшлі да мяне ўсе галовы каленаў вашых і старшыні,
і вы казалі: «Вось жа, паказаў нам Госпад, Бог наш, веліч Сваю і магутнасць; мы чулі голас Яго з сярэдзіны агню і пераканаліся сёння, што, калі Бог гаворыць з чалавекам, чалавек застаўся жывы.
і сказалі мне: “Вось, зьявіў нам ГОСПАД, Бог наш, славу Сваю і веліч Сваю. Мы чулі голас Ягоны з сярэдзіны агню і пераканаліся сёньня, што Бог можа прамовіць да чалавека, і ён застанецца жывы.
Цяпер жа нашто нам паміраць? Бо праглыне нас гэты вялікі агонь; калі мы яшчэ пачуем голас Госпада, Бога нашага, паўміраем.
Але цяпер навошта мы маем паміраць? Бо праглыне нас гэты агонь вялікі; калі мы яшчэ будзем слухаць голас ГОСПАДА, Бога нашага, мы паўміраем.
Ці ёсць якое цела, што пачула б голас Бога жывога, Які прамаўляе з сярэдзіны агню, як мы пачулі, і здолела б выжыць?
Бо хто з тых, якія чулі, як мы, голас Бога Жывога, Які прамаўляе з сярэдзіны агню, і застаўся жывым?
Ты прыступіся хутчэй і выслухай усё, што скажа Госпад, Бог наш, і ты перакажаш нам усё, што скажа табе Госпад, Бог наш, і мы, выслухаўшы, зробім гэта».
Ты сам падыйдзі і выслухай усё, што скажа ГОСПАД, Бог наш, і ты перакажаш нам усё, што скажа табе ГОСПАД, Бог наш, і мы выслухаем, і зробім [гэта]”.
Калі пачуў гэта Госпад, дык сказаў мне: «Чуў Я голас слоў гэтага народа, што яны казалі табе. Усё добра яны казалі.
І пачуў ГОСПАД голас словаў вашых да мяне, і сказаў мне ГОСПАД: “Я чуў голас словаў народу гэтага, што яны казалі табе. Усё добра яны казалі.
Хто дасць ім мець такую памяць, каб яны шанавалі Мяне і бераглі ўсе загады Мае ўвесь час, каб добра ім было і дзецям іх на векі?
Хто дасьць ім, каб засталося ў сэрцы іхнім, каб яны баяліся Мяне і захоўвалі ўсе прыказаньні Мае ўсе дні, каб добра ім было і сынам іхнім на вякі?
Ідзі і скажы ім: “Вярніцеся ў палаткі вашыя”.
Ідзі і скажы ім: "Вярніцеся ў намёты вашыя".
Ты ж стой тут са Мною, і Я скажу табе ўсе загады і прыказанні, і законы, якім навучыш іх, каб выконвалі іх на зямлі, якую дам ім ва ўласнасць”.
А ты застанься тут са Мною, і Я скажу табе ўсе прыказаньні, пастановы і прысуды, якім ты навучыш іх, і яны будуць выконваць іх у зямлі, якую Я дам ім на ўласнасьць”.
Дык беражыце і выконвайце, што загадаў вам Госпад, Бог ваш, не адхіляйцеся ані ўправа, ані ўлева.
Дык захоўвайце і выконвайце тое, што загадаў вам ГОСПАД, Бог ваш, і не адхіляйцеся ані ўправа, ані ўлева.
Ва ўсім ідзіце тою дарогаю, якую вызначыў вам Госпад, Бог ваш, каб жылі, і каб было вам добра, ды каб прадоўжыліся дні на зямлі ўласнасці вашай, якую атрымаеце».
У-ва ўсім ідзіце дакладна тым шляхам, які загадаў вам ГОСПАД, Бог ваш, каб вы жылі і былі шчасьлівыя, і каб доўгімі былі дні вашыя на зямлі, якую атрымаеце.