Другі закон 25 разьдзел

Другі закон
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Калі ўзнікне звадка паміж людзьмі, то хай суддзі вырашаць, і каго прызнаюць сумленным, таго хай апраўдаюць, каго ж несумленным, хай пакараюць за злачынства.
 
Калі будзе спрэчка паміж людзьмі, няхай яны стануць перад судом, і судзяць іх, і праведнага прызнаюць нявінным, а вінаватага пакараюць.

Калі вось суддзя таго, хто зграшыў, прызнае вартым пакарання, дык хай паваліць і загадае бічаваць у сваёй прысутнасці; колькасць удараў хай адпавядае памерам праступка,
 
Калі вінаваты будзе варты, каб яго білі, няхай паложаць яго [на зямлю] і будуць біць яго перад абліччам судзьдзі, адпаведна правіны ягонай лічачы [ўдары].

але так, каб колькасць не перавышала сарака, каб брат твой на вачах тваіх не быў занадта збіты шматлікім бічаваннем і каб не быў ганебна скалечаны.
 
Сорак удараў можа ён атрымаць, і нельга дадаваць [больш], каб біцьцё не было па-над меру, і ня быў зьнявечаны брат твой перад вачыма тваімі.

Не завязвай пысы валу, які малоціць на таку твой ураджай.
 
Не завязвай пысы валу, які малоціць.

Калі браты будуць жыць сумесна і адзін з іх памрэ без сына, то хай не выйдзе жонка памерлага замуж за каго іншага, але брат яго хай возьме яе за жонку і адновіць нашчадкаў брату свайму.
 
Калі браты жывуць сумесна і адзін з іх памрэ, і ня будзе мець сына, ня выйдзе жонка памёршага замуж за мужа іншага, але швагер ейны прыйдзе да яе і возьме яе за жонку сабе, і будзе жыць з ёю.

І першароднаму сыну, якога народзіць яна, дадуць імя таго, каб не загінула імя яго ў Ізраэлі.
 
І станецца, што сыну першароднаму, якога яна народзіць, дадуць імя памёршага брата, і не загіне імя ягонае ў Ізраілі.

Калі ж ён не захоча ўзяць жонку брата свайго, якая належыць яму па законе, хай жанчына пойдзе да брамы горада, і паскардзіцца старэйшынам роду, і скажа: «Брат мужа майго адмаўляецца аднавіць імя брата свайго ў Ізраэлі і ўзяць мяне за жонку»,
 
А калі той мужчына не захоча узяць братавай сваёй за жонку, пойдзе братавая ў браму [гораду] да старшыняў і скажа: “Швагер мой адмаўляецца аднавіць імя брата свайго ў Ізраілі, ня хоча жыць са мною”.

і тады адразу хай яны загадаюць яму прыйсці і запытаюцца ў яго. Калі адкажа: «Не хачу яе браць за жонку»,
 
І старшыні гораду ягонага паклічуць яго і запытаюцца ў яго. І калі ён адмовіцца і скажа: “Не хачу яе ўзяць за жонку”,

дык тады жанчына тая хай падыдзе да яго на вачах старэйшын, ды здыме яму сандалю з нагі, і плюне яму ў твар, і скажа: «Так бывае з чалавекам, які не будуе дому брата свайго».
 
тады братавая падыйдзе да яго на вачах старшыняў і здыме сандал ягоны з нагі ягонай, і плюне яму ў твар, і адкажа, і скажа: “Так робяць з чалавекам, які ня хоча адбудаваць дом брата свайго”.

І будзе названа імя яго ў Ізраэлі: «Дом разутага».
 
І будзе названа імя ягонае ў Ізраілі: “Дом разутага”.

Калі мужчыны будуць мець звадку паміж сабою і калі адзін пачне шумна спрачацца з другім, а жонка аднаго з іх, хочучы вырваць мужа свайго з рук мацнейшага, выцягне руку і схопіць яго за сорам яго,
 
Калі будуць біцца паміж сабою мужчыны, адзін супраць другога, і наблізіцца жонка аднаго з іх, каб вырваць мужа з рук таго, хто б’е, і выцягне руку сваю, і схопіць яго за сорам ягоны,

адрэж руку яе і не май да яе аніякай літасці.
 
адрэжаш ёй далонь, няхай не шкадуе яе вока тваё.

Не май у мяшку тваім двух гатункаў вагаў, большых і меншых.
 
Няхай ня будзе ў торбе тваёй камянёў вагавых большых і меншых.

Хай не будзе ў доме тваім эфы большай і меншай.
 
Няхай ня будзе ў доме тваім эфы большай і меншай.

Вага ў цябе павінна быць справядлівая і праўдзівая, і эфа хай будзе ў цябе справядлівая і праўдзівая, каб доўга ты жыў на зямлі, якую дасць табе Госпад, Бог твой.
 
Камень вагавы няхай будзе праведны і дакладны; і эфа няхай будзе ў цябе дакладная і праведная, каб доўгія былі дні твае на зямлі, якую дае табе ГОСПАД, Бог твой.

Бо брыдзіцца Госпад твой кожным, хто так робіць, і выракаецца кожнага несправядлівага.
 
Бо брыдзіцца ГОСПАД, Бог твой, кожным, хто так робіць, кожным, хто чыніць беззаконьне.

Памятай, што зрабіў табе ў дарозе Амалек, калі выходзіў ты з Егіпта.
 
Памятай, што зрабіў табе ў дарозе Амалек, калі выйшаў ты з Эгіпту.

Заступіў ён табе дарогу і пабіў усіх тых, якія ішлі апошнімі ў натоўпе тваім, бо затрымаліся ў знямозе, а ты быў знясілены голадам і цяжарам, і не пабаяўся ён Бога.
 
Ён сустрэў цябе на шляху і забіў сярод цябе ўсіх змучаных у апошніх шэрагах тваіх, а ты быў змораны і зьняможаны, і ён не баяўся Бога.

Дык калі Госпад, Бог твой, дасць табе супакой ад усіх навокал ворагаў тваіх у зямлі, якую мае даць табе, ты сатрэш імя Амалека з-пад неба. Глядзі, не забудзься.
 
Калі ГОСПАД, Бог твой, дасьць табе супакой ад усіх ворагаў тваіх, якія вакол цябе, у зямлі, якую дае табе ГОСПАД, Бог твой, у спадчыну, каб ты авалодаў ёю, ты сатрэш памяць пра Амалека пад небам. Не забудзься [пра гэта].