Другі закон 24 разьдзел
Другі закон
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
Калі чалавек возьме жонку і станецца яе мужам, і яна не знойдзе ласкі ў вачах яго дзеля нейкай брыдкасці, напіша ён ёй пасведчанне разводнае, падасць у рукі яе і выправіць яе з дому свайго;
Калі чалавек возьме жонку і станецца яе мужам, і яна ня знойдзе ласкі ў вачах ягоных, бо ён знайшоў у ёй нешта паганае, няхай ён напіша ёй ліст разводны, дасьць яго ў рукі ейныя і выправіць яе ў дом ейны.
і калі тая, выйшаўшы, стане жонкаю іншага,
А калі яна выйдзе з дому свайго, і пойдзе, і стане жонкаю іншага,
а той таксама зненавідзіць яе, і дасць ёй пасведчанне аб разводзе, і адашле з дому свайго, або калі ён памрэ,
і зьненавідзіць яе другі муж, і напіша ёй ліст разводны, і дасьць яго ў рукі ейныя, і выправіць яе ў дом ейны або калі памрэ другі муж, які ўзяў яе за жонку,
то першы яе муж не можа ўзяць яе за жонку, бо яна ўжо спаганена; гэта было б брыдотай перад Госпадам. Дык не ўчыняй граху зямлі тваёй, якую табе дае ва ўладанне Госпад, Бог твой.
ня можа першы муж ейны, які выправіў яе, вярнуць яе і ўзяць за жонку, бо яна ўжо апаганена; гэта брыдота перад абліччам ГОСПАДА. Не пагань зямлі, якую дае табе на ўласнасьць ГОСПАД, Бог твой.
Калі які чалавек нядаўна ўзяў жонку, то хай не ідзе на вайну і хай не даручаецца яму абавязак грамадскі, але хай застанецца ён свабодны ў доме сваім, каб адзін год цешыцца з жонкаю сваёй.
Калі чалавек нядаўна ўзяў жонку, няхай не ідзе ў войска і няхай не накладаецца на яго нейкі абавязак [грамадзкі], але няхай застаецца вольны ў доме сваім і няхай адзін год радуецца з жонкаю сваёй, якую ўзяў.
Не бяры ў заклад жоран або верхні камень млыновы, бо бралася б гэтым само жыццё ў заклад.
Нельга браць у заклад жорны ці камень млыновы, бо гэта [нібыта] браць душу ў заклад.
Калі будзе схоплены чалавек, які выкраў аднаго з братоў сваіх, сыноў Ізраэля, і, прадаўшы яго, браў плату, хай ён будзе забіты. Так вынішчыш зло пасярод сябе.
Калі будзе знойдзены чалавек, які схапіў душу [некага] з братоў сваіх, сыноў Ізраіля, і зьняволіў яго, і прадаў яго, няхай памрэ злачынца, і вынішчыш зло спасярод сябе.
Калі напаткаеш пляму праказы, захоўвай пільна тое, чаму вучаць вас святары з роду левітаў; што я загадаў ім, тое спаўняйце старанна.
Захоўваючы, захоўвай пільна, калі [будзе] хвароба праказы, каб рабіць тое, чаму вучаць вас сьвятары лявіты. Што я загадаў ім, тое выконвайце старанна.
Памятай, што зрабіў Госпад, Бог твой, Мірыям у дарозе, калі выйшлі вы з Егіпта.
Памятай, што зрабіў ГОСПАД, Бог твой, з Мірыям у дарозе, калі выйшлі вы з Эгіпту.
Калі блізкаму свайму дасі якую рэч у пазыку, не ўваходзь у дом яго, каб узяць што ў заклад,
Калі бліжняму твайму пазычыш нейкую рэч, ня ўвойдзеш у дом ягоны, каб узяць нешта ў заклад,
але пастой на двары, і ён прынясе табе заклад, які будзе мець.
але будзеш стаяць звонку, а чалавек, якому ты пазычыў, прынясе табе заклад навонкі.
Калі б гэта быў чалавек бедны, хай не начуе ў цябе заклад,
Калі гэта чалавек бедны, ня ляжаш спаць з закладам ягоным,
але зараз жа аддай яму да захаду сонца, каб спаў ён у адзенні сваім і дабраслаўляў цябе і каб меў ты справядлівасць перад абліччам Госпада, Бога твайго.
але зьвярні яму заклад да заходу сонца, каб спаў ён у адзеньні сваім і дабраславіў цябе, і гэта будзе табе [залічана] ў праведнасьць перад абліччам ГОСПАДА, Бога твайго.
Не адмаўляй у плаце незаможнаму і ўбогаму з братоў сваіх ці прышэльцаў, якія жывуць з табой у зямлі тваёй і ў брамах тваіх,
Не прыгнятай найміта, беднага і ўбогага, з братоў тваіх ці прыхадняў тваіх, якія ў зямлі тваёй і ў брамах тваіх.
але ў той самы дзень аддай яму плату за працу яго перад захадам сонца, бо ён бедны і платы патрабуе жыццё яго, каб не прызываў ён супраць цябе Госпада і не было залічана гэта табе за грэх.
У той самы дзень аддай яму плату [за працу] ягоную, і няхай ня зойдзе над ёй сонца, бо ён — бедны, і з гэтага жыве душа ягоная, каб ня клікаў ён супраць цябе ГОСПАДА і не было на табе грэху.
Хай не будуць забіваныя бацькі за сыноў і сыны за бацькоў, але хай кожны памірае за свой грэх.
Ня будуць паміраць бацькі за сыноў, і сыны ня будуць паміраць за бацькоў, але няхай кожны памірае за грэх свой.
Не судзі крывадушна чужынца і сірату, і ад удавы не бяры адзення ў заклад.
Не судзі крывадушна прыхадня і сіраты; і ад удавы не бяры адзеньня ў заклад.
Памятай, што ты быў нявольнікам у Егіпце і выбавіў цябе адтуль Госпад, Бог твой; дзеля таго і я табе загадваю, каб ты рабіў гэта.
Памятай, што ты быў нявольнікам у Эгіпце і выбавіў цябе адтуль ГОСПАД, Бог твой; дзеля таго і я табе загадваю рабіць гэта.
Калі будзеш жаць жніво на полі сваім і, забыўшыся, пакінеш сноп на полі, не вяртайся забраць яго, але дазволь забраць яго чужынцу, сіраце ды ўдаве, каб дабраславіў цябе Госпад, Бог твой, ва ўсім, што будуць рабіць рукі твае.
Калі будзеш жаць жніво тваё на полі тваім і забудзешся снапа на полі, не вяртайся забраць яго, але няхай застаецца ён для прыхадня, сіраты і ўдавы, каб дабраславіў цябе ГОСПАД, Бог твой, у-ва ўсім, што будуць рабіць рукі твае.
Калі будзеш збіраць аліўкі і застанецца некалькі на дрэве, не вяртайся забраць іх, але пакінь іх для чужынца, сіраты ды ўдавы.
Калі будзеш зьбіраць аліўкі твае, не пераглядай галінкі, але няхай застануцца [аліўкі] для прыхадня, сіраты і ўдавы.
Калі будзеш збіраць вінаград, не збірай гронак, якія засталіся, але хай будуць яны на спажытак для чужынца, сіраты і ўдавы.
Калі будзеш зьбіраць вінаград твой, не зьбірай гронак, якія засталіся, але няхай будуць яны для прыхадня, сіраты і ўдавы.
Памятай, што і ты быў нявольнікам у Егіпце, таму я загадваю, каб ты рабіў гэта.
І памятай, што ты быў нявольнікам у зямлі Эгіпецкай. Дзеля гэтага я загадваю табе рабіць гэта.