Другі закон 9 разьдзел
Другі закон
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
«Слухай, Ізраэль: ты пяройдзеш сёння праз Ярдан, каб завалодаць народамі моцнымі і мацнейшымі за цябе, гарадамі вялізнымі і ўмацаванымі аж да неба,
Слухай, Ізраелю, ты цяпер пераходзіш Ёрдан, каб пайсьці і апанаваць народы, большыя а дужшыя за цябе, месты вялікія з умацаваньнямі аж да неба,
народам вялікім і высокім, сынамі Анака, якіх ты ведаеш і пра якіх ты чуў, якім ніхто не можа супрацьстаяць.
Люд чысьлены а высокі, сынове Енаковы, каторых ты знаеш і ты чуў: "Хто ўстое супроці сыноў Енаковых?"
Дык ведай сёння, што Госпад, Бог твой, Сам пройдзе перад табой, як агонь знішчальны, які сатрэ іх і зрыне перад абліччам тваім, каб ты хутка выгнаў і знішчыў іх, як Ён сказаў табе.
Ведай жа цяпер, што СПАДАР, Бог твой, Ён, Каторы праходзе перад табою, як цяпло зьядаючае; Ён будзе губіць іх і Ён укора іх перад табою, і ты выжанеш іх, і загубіш іх борзда, як казаў табе СПАДАР.
Дык не кажы ў сэрцы сваім, калі Госпад, Бог твой, выганіць іх перад абліччам тваім: “Дзеля справядлівасці маёй увёў мяне Госпад, каб завалодаў я гэтаю зямлёю”, — бо дзеля злачынства народаў гэтых выганяе іх Госпад перад табою.
Не кажы ў сэрцу сваім, як выжане СПАДАР, Бог твой, іх ад віду твайго, кажучы: "За справядлівасьць маю прывёў мяне СПАДАР апанаваць гэтую зямлю", бо за ліхасьць народаў гэтых СПАДАР выганяе іх ад віду твайго.
Бо вось не дзеля справядлівасці тваёй і праваты сэрца твайго ўвойдзеш ты, каб завалодаць зямлёю іх, але за тое, што яны чынілі бязбожна; па прыходзе тваім Госпад, Бог твой, выганіць іх перад табой, каб споўніў Госпад слова Сваё, якое пад прысягай абяцаў бацькам тваім, Абрагаму, Ізааку і Якубу.
Не за справядлівасьць сваю і не за правасьць сэрца свайго прышоў ты адзяржаць на спадак зямлю іхную, але за ліхасьць народаў гэтых СПАДАР, Бог твой, выганяе іх ад віду твайго, і каб споўніць слова, каторым прысягаў СПАДАР айцом тваім Абрагаму, Ісаку а Якаву.
Дык ведай, што не дзеля справядлівасці тваёй Госпад, Бог твой, даў табе гэтую добрую зямлю ва ўласнасць, бо ты народ цвёрдага карку.
І ведай, што не за справядлівасьць тваю СПАДАР, Бог твой, даець табе зямлю гэтую добрую, каб апанаваць яе, бо ты люд калянага завыйку.
Памятай і не забывайся, як раздражняў ты Госпада, Бога твайго, аж да гневу ў пустыні; з таго дня, як выйшаў ты з Егіпта і аж пакуль прыйшлі ў гэтае месца, працівіліся вы Госпаду.
Памятуй, не забудзься тое, што ты гневаў СПАДАРА, Бога свайго, на пустыні: із самага таго дня, як вышаў ты ізь зямлі Ягіпецкае, і аж да прыходу свайго на месца гэтае, вы былі праціўнікамі СПАДАРУ.
Бо і на Гарэбе раздражнялі вы Яго, і, разгневаны, хацеў Ён знішчыць вас,
І ля Горыву вы квялілі СПАДАРА, і загневаўся на вас СПАДАР, каб выгубіць вас,
і калі я ўзышоў на гару, каб атрымаць каменныя табліцы, табліцы запавету, які заключыў Госпад з вамі, і быў я на гары сорак дзён і начэй, не еў хлеба і не піў вады.
Як я ўзышоў на гару, каб узяць табліцы каменныя, табліцы змовы, каторую ўчыніў СПАДАР із вамі, і прабыў на гары сорак дзён і сорак ночаў, хлеба ня еў і вады ня піў,
І даў мне Госпад дзве каменныя табліцы, якія былі запісаны пальцам Бога і змяшчалі ўсе словы, якія вам сказаў Госпад на гары з сярэдзіны агню, калі народ сабраўся на сход.
І даў імне СПАДАР дзьве табліцы каменныя, напісаныя палцам Божым; а на іх подле ўсіх словаў, каторыя гутарыў СПАДАР із вамі на гары з пасярод цяпла ў дзень збору.
Калі мінула сорак дзён і столькі ж начэй, даў мне Госпад дзве каменныя табліцы, табліцы запавету,
І было, што на канцу сараку дзён і сараку ночаў даў СПАДАР імне дзьве табліцы каменныя, табліцы змовы,
і сказаў мне: “Устань і сыдзі адсюль хутка, бо зграшыў народ твой, які вывеў ты з Егіпта; хутка пакінулі яны шлях, які загадаў Я ім, і зрабілі сабе ідала з металу”.
І сказаў імне СПАДАР: "Устань, зыйдзі барзьдзей адгэтуль, бо папсаваўся люд твой, каторы ты вывеў зь Ягіпту; адхінуліся яны борзда ад дарогі, каторую Я расказаў ім: яны зрабілі сабе літы балван".
І зноў сказаў Госпад мне: “Бачу, што гэты народ ёсць цвёрдага карку,
І сказаў СПАДАР імне, кажучы: "Бачу Я люд гэты, і вось, люд калянага завыйку ён.
дазволь Мне, каб Я знішчыў іх і сцёр іх імя з-пад неба, а з цябе Я зраблю народ дужэйшы і большы за гэты”.
Пакінь Мяне, і Я выгублю іх, і сьцяру імя іхнае з пад нябёсаў, і ўчыню цябе народам дужшым а чысленшым за іх".
І, павярнуўшыся, сышоў я з палаючай гары, і трымаў я аберуч дзве каменныя табліцы запавету.
І я абярнуўся і зышоў з гары, гара ж гарэла цяплом; і дзьве табліцы змовы на абедзьвіх руках маіх.
І калі я ўбачыў, што вы зграшылі супраць Госпада, Бога вашага, і што зрабілі сабе літае цяля ды што хутка сышлі з дарогі Яго, якую Госпад вам загадаў,
І абачыў я, вось, вы ізграшылі супроці СПАДАРА, Бога свайго, зрабілі сабе літае цялё-бычка, адхінуўшыся борзда ад дарогі, каторую расказаў вам СПАДАР;
схапіў я абедзве табліцы і кінуў іх рукамі сваімі, і разбіў іх перад абліччам вашым;
І схапіў я абедзьве табліцы, і кінуў іх із абедзьвіх рук сваіх, і разьбіў іх перад ачыма вашымі.
і ўпаў я перад Госпадам, як раней, сорак дзён і начэй не еў хлеба і не піў вады дзеля ўсіх грахоў вашых, якіх вы дапусціліся супраць Госпада і раздражнілі Яго да гневу,
І паў я перад СПАДАРОМ, як уперад, сорак дзён і сорак ночаў хлеба ня еў і вады ня піў, з прычыны ўсіх грахоў вашых, каторымі вы ізграшылі, зрабіўшы гэта ліха ў ваччу СПАДАРА, угневаўшы Яго;
бо баяўся я абурэння і гневу Яго, у якім, на вас разгневаны, Ён хацеў вас знішчыць. І выслухаў мяне Госпад нават у гэты раз.
Бо я лякаўся гневу а палу, каторымі СПАДАР загневаўся на вас, каб згубіць вас. І паслухаў СПАДАР мяне таксама тым разам.
Таксама быў Ён надта разгневаны на Аарона і хацеў яго вынішчыць, але і за яго тады я памаліўся.
І на Аарона вельмі загневаўся СПАДАР, каб загубіць яго, але я маліўся таксама за Аарона тога часу.
А грэх ваш, які вы ўчынілі, гэта значыць цяля, я, схапіўшы, спаліў агнём і, разбіўшы на кавалкі, дашчэнту сцёр на попел і кінуў у ручай, які сцякаў з гары.
І грэх ваш, каторы вы зрабілі, цялё-бычка я ўзяў, і спаліў яго ў цяпле, і разьбіў яго, і сьцер яго добра, ажно ён стаў ценькі, як пыл, і я кінуў пыл яго ў цурэй, што цёк із гары.
І ў Табэры, і ў Масе, і ў Кіброт-Гатаве яшчэ раздражнялі вы Госпада.
І ў Таверу, у Масе а Кіброт-Гатааве вы былі ўквяліўшы СПАДАРА.
І калі пасылаў вас Госпад з Кадэс-Барнэ, кажучы: “Ідзіце і авалодайце зямлёй, якую Я даў вам”, то вы супрацівіліся волі Госпада, Бога вашага, і не паверылі Яму, і не захацелі паслухацца голасу Яго.
І як пасылаў СПАДАР вас із Кадэш-Барні, кажучы: "Узыйдзіце, апануйце зямлю, каторую Я даў вам", то вы спрацівіліся слову СПАДАРА, Бога свайго, і не паверылі Яму, і не паслухалі голасу Ягонага.
Вы заўсёды працівіліся Госпаду, ад дня, як пачаў я вас ведаць.
Вы былі бунтаўнікамі супроці СПАДАРА з тога самага дня, як я пазнаў вас.
І ляжаў я перад Госпадам сорак дзён і начэй, на працягу якіх пакорна маліў, каб Ён не нішчыў вас, як прыгразіў.
І я быў упаўшы перад відам СПАДАРА тыя сорак дзён і сорак ночаў, як быў упаўшы ўперад, бо сказаў СПАДАР, што загубе вас.
І ў малітве прасіў: “Госпадзе, Божа, не губі народ Твой і спадчыну Тваю, якую адкупіў Ты веліччу Сваёй, бо вывеў з Егіпта дужаю рукой.
І маліўся я СПАДАРУ, і сказаў: "Спадару СПАДАРУ, ня нішч люду Свайго а спадку Свайго, каторы Ты выкупіў вялікасьцю сваёй, каторы вывеў ты зь Ягіпту рукою дужой.
Памятай пра паслугачоў Сваіх, Абрагама, Ізаака і Якуба; і не глядзі на закамянеласць народа гэтага і на бязбожнасць, а таксама грэх,
Успомні на слугі свае, на Абрагама, Ісака а Якава, не зважай на калянасьць люду гэтага й на ліхасьць ягоную й на грахі ягоныя,
каб часам жыхары зямлі, з якой Ты вывеў нас, не казалі: “Не мог Госпад увесці іх у зямлю, якую абяцаў ім, і ўзненавідзеў іх; з гэтай прычыны і вывеў, каб забіць іх у пустыні”.
Каб не сказалі ў зямлі, скуль Ты вывеў нас: "З тае прычыны, што СПАДАР ня мог увесьці іх у зямлю, праз каторую казаў ім, дык, ненавідзячы, вывеў Ён іх, каб зрабіць ім сьмерць на пустыні’.
А яны ж — Твой народ і спадчына Твая, тыя, якіх Ты вывеў Сваёй вялікай сілаю і ўзнятым плячом Сваім”.
А яны Твой люд, адылі, і Твой спадак, каторы Ты вывеў сілаю Сваёй вялікай і цаўём Сваім выцягненым".