Другі закон 4 разьдзел
Другі закон
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
А цяпер, Ізраэль, слухай прыказанні і законы, якім я вучу вас, каб, выконваючы іх, вы жылі, і ўвайшлі, і завалодалі зямлёю, якую мае даць вам Госпад, Бог бацькоў вашых.
І цяпер, Ізраелю, прыслухайся да ўставаў а судоў, каторых я вучу вас рабіць, каб вы былі жывы, і прышлі, і спала вам зямля, каторую СПАДАР, Бог айцоў вашых, даець вам.
Не дадавайце нічога да слова, што я вам кажу, ані аднімайце ад яго; выконвайце прыказанні Госпада, Бога вашага, якія я вам загадваю.
Не дадавайце да тога, што я расказую вам, ані адыймайце ад тога, каб дзяржаць расказаньні СПАДАРА, Бога свайго, каторыя я вам расказую.
Вочы вашы бачылі ўсё, што зрабіў Госпад супраць Баал-Пэгора, як Ён вынішчыў сярод вас усіх паслядоўнікаў яго.
Вочы вашы бачылі, што зрабіў СПАДАР із Ваал-Пеорам; бо кажнага чалавека, што пайшоў за Ваал-Пеорам, выгубіў СПАДАР, Бог твой, з пасярод цябе;
А вы ўсе, якія засталіся вернымі Госпаду, Богу вашаму, жывеце аж па сённяшні дзень.
А вы, што прыліплі да СПАДАРА, Бога вашага, жывы ўсі дагэтуль.
Вось жа, я навучыў вас прыказанням і законам, як загадаў мне Госпад, Бог мой, каб вы так рабілі ў той зямлі, якую маеце атрымаць ва ўласнасць.
Гля, я наўчыў вас уставаў а судоў, як расказаў імне СПАДАР, Бог мой, каб вы чынілі ў тэй зямлі, у каторую вы ўходзіце туды, каб апанаваць яе.
Беражыце і выконвайце іх, бо ў гэтым мудрасць ваша і разумнасць перад народамі, якія, чуючы аб усіх прыказаннях гэтых, будуць казаць: «Вось народ мудры і разумны, племя гэтае вялікае!»
І заховуйце а паўніце іх; бо ў гэтым мудрасьць ваша а розум ваш перад ачыма людаў, каторыя пачуюць усі гэтыя ўставы й скажуць: "Адно гэты люд ё мудры а разумны, гэты вялікі народ";
Бо дзе ж ёсць другі народ такі вялікі, які б меў так блізкіх сабе багоў, як Госпад, Бог наш, Які бывае з намі, калі мы Яго прызываем?
Бо хто ё вялікі народ, да каторага Багі былі б такія блізкія, як СПАДАР, Бог наш, у вусім гуканьню нашым да Яго?
І які ж другі народ так вялікі, які б меў прыказанні і справядлівыя законы, як увесь гэты закон, які я сёння прапаную вам перад вачамі вашымі?
І які вялікі народ, у каторага такія справядлівыя ўставы а суды, як гэтае права, каторае я сулю вам цяпер?
Дык пільна беражы сябе самога і душу сваю, і не забудзь падзей, якія бачылі вочы твае, і хай не выйдуць яны з сэрца твайго ва ўсе дні жыцця твайго. Ты навучыш гэтаму дзяцей і ўнукаў сваіх
Толькі сьцеражыся й вельмі сьцеражы душу сваю, каб табе не забыцца тых справаў, каторыя бачылі вочы твае, і каб яны не аддаліліся ад сэрца твайго ўсі дні жыцьця твайго; і ўсьведамі іх сыном сваім а сыном сыноў сваіх,
у той дзень, калі ты стаяў у прысутнасці Госпада, Бога твайго, на Гарэбе, калі Госпад сказаў мне: «Збяры да Мяне народ, хай пачуюць словы Мае, каб навучыліся шанаваць Мяне ва ўсе дні жыцця на зямлі і навучылі сыноў сваіх».
Праз тый дзень, як ты стаяў перад СПАДАРОМ, Богам сваім, на Горыве, і як СПАДАР сказаў імне: "Зьбяры да Мяне люд, і Я ім дам пачуць словы Мае, з каторых яны навучацца баяцца Мяне ўсі дні, што яны жывуць на зямлі, і сыноў сваіх навучаць".
Тады вы наблізіліся і стаялі ля падножжа гары, якая палала аж пад неба, і былі над ёю цемра, хмары і змрок.
Вы дабліжыліся а сталі пад гарою, а гара гарэла цяплом аж да сэрца нябёсаў, цемнь, булак а цемрадзь.
І прамовіў Госпад да вас з сярэдзіны агню; і гук слоў вы чулі, але ўнутры аблічча не бачылі.
І гукаў СПАДАР да вас з пасярод цяпла; голас словаў вы чулі, але абраза ня бачылі, а толькі голас.
Ён аб’явіў вам запавет Свой і загадаў, каб яго выконвалі, і дзесяць прыказанняў, якія напісаў на дзвюх каменных табліцах.
І паведаміў Ён вам змову Сваю, каторую расказаў вам паўніць, дзесяць словаў, і напісаў іх на дзьвюх каменных табліцах.
У гэты час загадаў мне Госпад вучыць вас прыказанням і законам, якія павінны вы выконваць на зямлі, якую маеце атрымаць ва ўласнасць.
А расказаў імне СПАДАР у тым часе наўчыць вас уставаў а судоў, каб вы паўнілі іх у зямлі, да каторае вы пераходзіце, каб апанаваць яе.
Дык беражыце пільна душы вашы, бо не бачылі вы ў той дзень ніякага падабенства, калі гаварыў да вас Госпад на гары Гарэб пасярод агню,
І вельмі сьцеражыце душы свае, бо вы ня бачылі ніякага абраза таго дня, як гукаў да вас СПАДАР у Горыве з пасярод цяпла,
каб вы не сапсаваліся і не зрабілі сабе ідала, вырабляючы яго на падабенства мужчыны або жанчыны,
Каб вы не папсаваліся і не зрабілі сабе балвана, абраза якое-колечы хвіґуры, зразы мужчыны альбо жонкі,
або на падабенства якой-небудзь жывёліны, якая знаходзіцца на зямлі, або птушкі, што лётае пад небам,
Падобнасьці якое-колечы статчыны, каторая на зямлі, падобнасьці якое-колечы птушкі крылатае, што лётае пад нябёсамі,
або паўзуноў, якія рухаюцца па зямлі, або рыб, якія плаваюць у вадзе пад зямлёй;
Падобнасьці якога-колечы паўзуна на зямлі, падобнасьці якое-колечы рыбы, каторая ў водах ніжэй зямлі;
і каб часам, калі падымеш вочы ў неба і ўбачыш сонца і месяц, і зоркі, і ўсё нябеснае войска, не спалохаўся і не пачаў пакланяцца ім і служыць ім, бо Госпад, Бог твой, прызначыў іх усім народам, якія ёсць пад небам.
І каб, узьняўшы вочы на нябёсы й абачыўшы сонца, месяц а гвезды, усе войска нябёснае, цябе ня штырхнула, і не пакланіўся ім, і ня служыў ім, бо СПАДАР, Бог твой, надзяліў іх усім людзём пад усім небам.
А вас выбраў Госпад і вывеў вас з жалезнай печы егіпецкай, каб мець народ спадчынны, як гэта ёсць сёння.
А вас узяў СПАДАР і вывеў вас із горна зялезнага, зь Ягіпту, каб вы былі Яму людам спадку, як гэта цяпер.
Дзеля вашай гаворкі разгневаўся Госпад на мяне і прысягнуў, што я не перайду Ярдана і не ўвайду ў найлепшую зямлю, якую мае даць табе ў спадчыну Госпад, Бог твой.
І СПАДАР загневаўся на мяне з прычыны вас, і прысягаў, што я не перайду за Ёрдан і што ня ўвыйду да тае добрае зямлі, каторую СПАДАР, Бог твой, даець табе на спадак;
Вось жа, я памру на гэтай зямлі, і не перайду праз Ярдан, але вы пяройдзеце праз яго і атрымаеце ва ўласнасць гэтую выдатную зямлю.
Бо я памру ў гэтай зямлі, я не перайду Ёрдан, а вы пярэйдзеце і апануеце тую добрую зямлю.
Дык сцеражыцеся, каб не забыліся вы пра запавет Госпада, Бога вашага, які заключыў Ён з вамі, і каб не рабілі вы сабе выяў, падобных да ўсяго, што забараніў Госпад, Бог твой,
Сьцеражыціся, каб не забыцца вам змовы СПАДАРА, Бога свайго, каторую Ён учыніў із вамі, і каб не рабіць табе балваноў, абраза чаго-колечы, як расказаў табе СПАДАР, Бог твой;
бо Госпад, Бог твой, ёсць агонь знішчальны, Бог руплівы апякун.
Бо СПАДАР, Бог твой, ё цяпло зьядаючае, Ён БОГ завіднік.
Калі ж ты народзіш сыноў і ўнукаў, і будзеце вы доўга жыць на зямлі, і, сапсаваўшыся, зробіце статую на падабенства чагосьці, і ўчыніце ліхое перад Госпадам, Богам вашым, так што давядзеце Яго да гневу,
А як родзяцца ў цябе сынове а сынове сыноў, і застараецеся на зямлі, вы папсуіцеся й зробіце сабе балваны, абраз чаго-колечы, і зробіце ліха перад ачыма СПАДАРА, Бога свайго, гневаючы Яго;
дык бяру сёння неба і зямлю за сведкаў супраць вас, што хутка будзеце вы выгублены з зямлі, якую вы, перайшоўшы Ярдан, маеце атрымаць ва ўладанне. Не доўга будзеце жыць на ёй, але знішчыць вас Госпад
То гукаю за сьветкі супроці вас цяпер неба й зямлю, што вы нямінуча борзда загінеце ізь зямлі, да каторае вы пераходзіце Ёрдан, каб адзяржаць яе: не прадоўжыце дні на ёй, але нямінуча загінеце.
і расцярушыць паміж плямёнамі, і нямногія з вас застануцца сярод народаў, да якіх мае вывесці вас Госпад.
І расьцяруша вас СПАДАР у людаў, і застаніцеся ў малым ліку памеж народаў, куды завядзець вас СПАДАР.
Там будзеце служыць багам, зробленым рукамі людзей, дрэву і каменю, якія не бачаць, не чуюць, не ядуць, не адчуваюць паху.
І будзеце там служыць багом, вырабу рук людзкіх, дзерву а каменю, каторыя ня бачаць ані чуюць, ані ядуць, ані нюхаюць.
І там, калі будзеш шукаць Госпада, Бога твайго, знойдзеш Яго, калі толькі будзеш шукаць Яго ўсім сэрцам і ўсёю душою сваёй.
Але калі будзеш шукаць стуль СПАДАРА, Бога свайго, дык знойдзеш, калі будзеш шукаць Яго ўсім сэрцам сваім і ўсёй душою сваёй.
Калі ў горы тваім прыйдзе да цябе ўсё, што прадказана ў апошнія дні, то ты вернешся да Госпада, Бога твайго, і пачуеш голас Яго,
Як будзеш у ўціску, і як нойдзе на цябе ўсе гэта ў вапошнія дні, то зьвернешся да СПАДАРА, Бога свайго, і паслухаеш голасу Ягонага;
бо Госпад, Бог твой, — Бог міласэрны, Ён не пакіне цябе, не знішчыць зусім і не забудзе запавету, у якім склаў прысягу бацькам тваім.
Бо спагадлівы Бог ё СПАДАР, Бог твой: ЁН не пакіне цябе й не загубе цябе, і не забудзецца змовы з айцамі тваімі, што Ён прысягаў ім;
Папытайся ў даўніх часоў, якія былі перад табой ад дня, калі стварыў Бог чалавека на зямлі, ад аднаго краю неба да другога, ці было што-колечы такое вялікае, як гэтая справа, і ці было вядома пра штосьці падобнае?
Бо папытайся ў часоў пярэдніх, што былі перад табою, з тога дня, каторага стварыў Бог чалавека на зямлі, і ад канца неба і аж да канца неба: ці бывала, як гэтая вялікая рэч, і ці чута падобная да яе?
Ці чуў які народ голас Бога, Які прамаўляў з сярэдзіны агню, як ты пачуў і застаўся жывым?
Ці чуў люд голас Бога, гукаючы з пасярод цяпла, як ты чуў і жывеш?
Або ці спрабаваў які бог прыйсці і выбраць сабе народ пасярод народаў праз выпрабаванні, знакі і цуды, праз войны, рукой дужай і плячом узнятым, ды праз вялікія жахі, як усё, што зрабіў вам Госпад, Бог ваш, у Егіпце на вачах тваіх?
Альбо ці прабаваў Бог пайсьці ўзяць сабе народ з памеж народу дазнаньнямі, знакамі а чудосамі а вайною а рукою моцнай а цаўём выцягненым а вялікімі жахамі, як усе тое, што ўчыніў вам СПАДАР, Бог ваш, у Ягіпце перад ачыма тваімі?
Табе паказана гэта, каб ты ведаў, што Госпад ёсць Бог, і апроч Яго няма іншага.
Табе дана бачыць, каб ты ведаў, што СПАДАР ё Ён Бог, няма яшчэ апрача Яго.
Ён даў табе з неба чуць голас Свой, каб навучыць цябе; на зямлі паказаў табе агонь Свой велізарны; і ты пачуў словы Яго з сярэдзіны агню,
Зь неба даў Ён чуць табе голас Свой, каб зырыць цябе, і на зямлі паказаць табе вялікае цяпло Свае, і ты чуў словы Ягоныя з пасярод цяпла.
бо Ён палюбіў бацькоў тваіх і выбраў нашчадкаў іх пасля іх. І вывеў цябе абліччам Сваім з Егіпта сілай вялікаю,
І затым, што Ён любіў бацькоў тваіх, і абраў патомства іхнае просьле іх, то й вывеў цябе перад відам Сваім вялікаю сілаю сваёю зь Ягіпту,
каб выгнаць народы большыя і мацнейшыя за цябе ў час уваходу твайго ды каб увесці цябе і даць табе зямлю іх ва ўласнасць, як ты гэта сёння бачыш.
Каб прагнаць народы, большыя а дужшыя за цябе, ад віду твайго, увесьці цябе, даць табе зямлю іхную на спадак, як гэта цяпер.
Дык пераканайся сёння і разваж у сэрцы сваім, што толькі Госпад ёсць Бог на небе высока і на зямлі нізка і няма іншага.
Дык ведай цяпер і хіні да сэрца свайго, што СПАДАР ё Бог на небе ўгары й на зямлі далавах, і няма яшчэ апрача Яго.
Захоўвай прыказанні Яго і запаветы, якія я сёння даручаю табе, каб добра было табе і дзецям тваім па табе і каб ты жыў доўгі час на зямлі, якую Госпад, Бог твой, мае даць табе».
І заховуй уставы Ягоныя й расказаньні Ягоныя, каторыя я расказую табе сядні, каб добра было табе а сыном тваім просьле цябе, каб ты працягнуў дні на тэй зямлі, каторую СПАДАР, Бог твой, даець табе назаўсёды».
Потым аддзяліў Майсей тры гарады за Ярданам на ўсход сонца,
Тады аддзяліў Масей тры месты за Ёрданом на ўсход сонца,
каб туды мог уцячы кожны, хто забіў блізкага мімаволі і не быў яму ворагам ні ўчора, ні заўчора, ды каб мог ён уцячы ў адзін з тых гарадоў і жыў там.
Каб уцякаў туды ўбіўца, што заб’ець прыяцеля свайго нясьведама, і ён ня быў злосьнікам ягоным ані ўчорах, ані заўчора, і каб уцёкла аднаго з гэтых местаў і жыў:
Гэта Басор у пустыні, што знаходзіцца на раўніне, для сыноў Рубэна; і Рамот у Галаадзе для сыноў Гада, і Галан у Басане для сыноў Манасы».
Бецэр на пустыні, на роўнай зямлі Рувінавай, і Рамоф у Ґілеадзе ў Ґадовай, і Ґолан у Вашане ў Манасавай.
Такі вось закон прапанаваў Майсей перад сынамі Ізраэля;
І гэта права, каторае пастанавіў Масей перад сынамі Ізраелявымі;
вось такія сведчанні, прыказанні і законы, якія абвясціў ён сынам Ізраэля, калі выйшлі яны з Егіпта,
Гэта сьветчаньні, уставы а суды, каторыя казаў Масей сыном Ізраелявым, па выхадзе іх ізь Ягіпту,
за Ярданам на лагчыне насупраць Бэт-Пэгора, у зямлі Сэгона, цара амарэяў, які жыў у Хесебоне, якога знішчыў Майсей і сыны Ізраэля па выхадзе з Егіпта.
За Ёрданом на даліне супроці Веф-Пеору, у зямлі Сыгона, караля Аморэйскага, што жыў у Гэшбоне, каторага зразіў Масей із сынамі Ізраелявымі, па выхадзе іх ізь Ягіпту;
І завалодалі яны зямлёю яго і зямлёю Ога, цара Басана, двух цароў амарэйскіх, якія жылі за Ярданам на ўсход сонца;
І спала ім зямля ягоная а зямля Оґа, караля Вашанскага, двух каралёў Аморэйскіх, каторыя за Ёрданом на ўсход сонца,
ад Араэра, што на беразе ручая Арнон, аж да гары Сіён, значыць Гэрмон,
Ад Ароеру, каторы на беразе цур’я Арнона, і аж да гары Сырон, яна ж Гэрмон,
і ўсёю зямлёю Арабы за Ярданам на ўсходзе, аж да мора Арабы ля падножжа гары Пісгі.
І ўся раўніна за Ёрданом на ўсход, аж да мора раўніны ля поду Пісґі.