Другі закон 10 разьдзел

Другі закон
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

У гэты час сказаў мне Госпад: “Вычашы сабе дзве каменныя табліцы, такія ж, як папярэднія, і ўзыдзі да Мяне на гару і зрабі каўчэг з дрэва.
 
Гэнага часу сказаў імне СПАДАР: "Вычашы сабе дзьве табліцы, каменныя, падобныя да першых, і ўзыйдзі да Мяне на гару, і зрабі сабе дзярвяную скрыню;

І напішу Я на табліцах словы, што былі на тых, якія ты перад гэтым пабіў, а ты пакладзеш іх у каўчэг”».
 
І Я напішу на табліцах тыя словы, каторыя былі на першых табліцах, каторыя ты разьбіў; і палажы іх у скрыню".

Дык зрабіў я каўчэг з дрэва акацыі, і калі вычасаў дзве каменныя табліцы, такія ж, як папярэднія, то ўзышоў на гару, трымаючы іх у руках.
 
І зрабіў я скрыню зь дзерва акацы, і вычасаў дзьве каменныя табліцы, як першыя, і ўзышоў на гару, і дзьве гэтыя табліцы ў руццэ маёй.

І напісаў Ён на табліцах падобна, як было раней напісана Ім, Дзесяць выслоўяў, якія абвясціў вам Госпад на гары з сярэдзіны агню, калі сабраўся народ, і даў іх мне.
 
І напісаў Ён на табліцах, як было напісана ўперад, тыя дзесяць словаў, каторыя СПАДАР казаў вам на гары з пасярод цяпла ў дзень збору, і аддаў іх СПАДАР імне.

Я павярнуўся і сышоў з гары, і паклаў табліцы ў каўчэг, які зрабіў; і там знаходзяцца яны аж дагэтуль, як мне загадаў Госпад.
 
І абярнуўся я, і зышоў з гары, і паклаў табліцы ў скрыню, каторую я зрабіў, і яны там былі, як расказаў імне СПАДАР.

А сыны Ізраэля зняліся лагерам з Бэрота сыноў Якана ў Масэру, там памёр і быў пахаваны Аарон, а сын яго, Элеязэр, стаў святаром замест яго.
 
І сынове Ізраелявы крануліся зь Беероф Бене-Яакану да Мозэры; там памер Аарон і пахаваны там, і пачаў сьвятарстваваць сын ягоны Елеазар замест яго.

Адтуль прыбылі ў Гадгад: з таго месца выправіліся і сталі лагерам у Етэбаце, у зямлі водных крыніц.
 
Стуль крануліся да Ґудґоды, з Ґудґоды да Ётвафы, да зямлі, ідзе цур’і водаў.

У гэты час Госпад аддзяліў пакаленне Леві, каб насілі каўчэг запавету Госпада і каб яны стаялі перад Ім на службе і дабраслаўлялі ў імя Яго па сённяшні дзень.
 
Гэнага часу аддзяліў СПАДАР плямя Левага, каб насіць скрыню змовы СПАДАРОВАЕ, станавіцца перад СПАДАРОМ, служыць Яму й дабраславіць імям Ягоным аж дагэтуль.

Дзеля таго Леві не мае часткі ані спадчыны з братамі сваімі, бо спадчына яго — Сам Госпад, як абяцаў яму Госпад, Бог твой.
 
Затым ня было Левіту дзелі а спадку з братамі ягонымі: Сам СПАДАР ё спадак ягоны, як казаў яму СПАДАР, Бог твой.

І я стаяў на гары, як раней, сорак дзён і начэй, і нават у гэты раз выслухаў мяне Госпад і не захацеў выгубіць цябе.
 
І я стаяў на гары, як і першыя дні, сорак дзён і сорак ночаў, і паслухаў мяне СПАДАР таксама тым разам; і не захацеў СПАДАР загубіць цябе.

І сказаў Ён мне: «Устань, ідзі і ачаляй народ, каб ішоў і завалодаў зямлёй, пра якую Я прысягнуў бацькам іх, каб перадаць ім».
 
І сказаў СПАДАР імне: "Устань, пайдзі, краніся перад людам; і няхай яны пойдуць і апануюць зямлю, каторую Я прысягаў айцом іхным даць ім".

А цяпер, Ізраэль, чаго жадае ад цябе Госпад, Бог твой? Толькі таго, каб ты баяўся Госпада, Бога твайго, і хадзіў шляхамі Яго, ды любіў Яго і служыў Госпаду, Богу твайму, усім сэрцам сваім і ўсёй душою сваёй,
 
А цяпер, Ізраелю, чаго СПАДАР, Бог твой, вымагае ў цябе? Таго толькі, каб ты баяўся СПАДАРА, Бога свайго, хадзіў усімі дарогамі Ягонымі, і любіў Яго, і служыў СПАДАРУ, Богу свайму, з усёга сэрца свайго й з усяе душы свае,

ды каб выконваў загады Госпада і прыказанні Яго, якія я сёння загадваю, каб добра было табе.
 
Каб дзяржаў расказаньні СПАДАРА й уставы Ягоныя, каторыя цяпер расказую табе, каб табе было добра.

Вось, Госпаду, Богу твайму, належаць неба і нябёсы нябёсаў, зямля і ўсё, што на ёй.
 
Вось, у СПАДАРА, Бога твайго, неба а нябёсы нябёсаў, зямля й усе, шго на ёй;

Ды, аднак жа, да бацькоў тваіх прыхінуўся Госпад і ўзлюбіў іх ды выбраў нашчадкаў іх па іх, значыць вас, з усіх народаў, як сёння гэта было пацверджана.
 
Толькі айцоў тваіх зычыў СПАДАР палюбіць, і абраў насеньне іхнае просьле іх, вас, з усіх народаў, як цяпер.

Дык абрэжце край сэрца вашага і карак ваш, каб больш не зацвярдзелі,
 
Дык абрэжча канцавую скурку сэрца вашага і завыйкі вашы не каляньце наперад,

бо Госпад, Бог ваш, — адзіны Бог над багамі і Валадар над валадарамі, Бог вялікі, магутны і страшны, Які не глядзіць ні на асобу, ані на падарункі.
 
Бо СПАДАР, Бог ваш, Ён Бог багоў і Спадар спадароў, БОГ вялікі, дужы а страшны, Каторы не зважае на асобы і не бярэць лапаноў,

Ён чыніць справядлівасць сіраце і ўдаве, любіць чужынца, даючы яму ежу і адзенне.
 
Каторы робе суд сіраце а ўдаве, і любе чужаземца, каб даць яму хлеб а адзежу.

Дык і вы любіце чужынцаў, бо і вы былі прышэльцамі ў зямлі Егіпецкай.
 
І любіце чужаземца, бо вы былі чужаземцамі ў зямлі Ягіпецкай.

Госпада, Бога твайго, бойся і Яму служы, да Яго туліся і імем Яго прысягай.
 
СПАДАРА, Бога свайго, бойся, Яму служы, і да Яго прыліпні, і Ягоным імям прысягай.

Ён — слава твая і Бог твой, Які творыць дзеля цябе вялікія і жудасныя рэчы, якія бачылі вочы твае.
 
Ён хвала твая й Ён Бог твой, Каторы ўчыніў з табою тыя вялікія а страшныя справы, каторыя бачылі вочы твае.

У сямідзесяці душах перасяліліся бацькі твае ў Егіпет, а вось цяпер памножыў цябе Госпад, Бог твой, як зоркі на небе.
 
У семдзясят душах зышлі бацькі твае да Ягіпту, а цяпер учыніў цябе СПАДАР, Бог твой, лікам як гвезды нябёсныя.