Другі закон 12 разьдзел

Другі закон
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Такія вось загады і законы, якія вы павінны спаўняць у зямлі, якую Госпад, Бог бацькоў вашых, мае даць табе, каб валодаў ты ёю ва ўсе дні, у якія крочыш ты па зямлі:
 
Во гэтыя ўставы а суды, каторыя вы маеце рупіцца паўніць у зямлі, каторую даў СПАДАР, Бог айцоў тваіх, табе ў дзяржаньне, усі дні, каторыя вы будзеце жыць на тэй зямлі.

«Знішчыце ўсе месцы, дзе народы, якімі вы маеце валодаць, служылі багам сваім, на гарах, на ўзгорках і пад кожным зялёным дрэвам.
 
Супоўна разбурыце ўсі месцы, каторыя вы апануеце, ідзе служылі народы багом сваім, на высокіх горах а на ўзгорках і пад усякім рассахатым дзервам.

Разваліце ахвярнікі іх, пабіце каменныя слупы іх, агнём спаліце гаі іх, і ідалаў паразбівайце, і сатрыце імёны іх з гэтых месцаў.
 
І разбурыце аброчнікі іхныя, і паламіце стаўпы іхныя, і спаліце цяплом гаі іхныя, і разьбіце балваны багоў іхных, і выгубіце імя іхнае зь месца таго.

Не рабіце так Госпаду, Богу вашаму,
 
Ня гэтак маеце вы рабіць СПАДАРУ, Богу свайму;

але на месца, якое Госпад, Бог ваш, выбера з усіх пакаленняў вашых, каб там памясціць імя Сваё і на ім жыць, прыходзьце,
 
Але да месца, якое абярэць СПАДАР, Бог ваш, з усіх плямёнаў вашых, каб пакласьці імя Ягонае там, дзеля прабываньня Яго, таго шукайце і прыходзь туды,

і ў гэтым месцы складайце цэласпаленні і крывавыя ахвяры вашы, дзесяціны ды дары рук вашых, і тое, у чым прысягалі, і добраахвотныя ахвяры першародных валоў і авечак.
 
І туды прыносьце ўсепаленьні свае, і аброкі свае, і дзесяціны свае, і ўзьнесеньні рук сваіх, і абятніцы свае, і самахотныя аброкі свае, і першакі буйнога статку свайго й драбнога статку свайго;

Там, перад абліччам Госпада, Бога вашага, ежце і весяліцеся з усяго, да чаго прыклалі рукі вы і сям’я ваша, у чым дабраславіў вас Госпад, Бог ваш.
 
І ежча там перад відам СПАДАРА, Бога свайго, і весяліцеся вы а дамы вашы з усёга, да чога вы прыкладалі рукі свае, чым дабраславіў цябе СПАДАР, Бог твой.

Не рабіце паводле ўсяго таго, што мы тут робім сёння, кожны, што яму здаецца добрым,
 
Ня маеце рабіць подле ўсяго, што мы цяпер тут робім, кажны, што яму здаецца добрым;

бо вы яшчэ не дасягнулі на сённяшні дзень супакою і ўласнасці, якую Госпад, Бог ваш, мае даць вам.
 
Бо вы ня прышлі яшчэ да супачынку а да спадку, каторы СПАДАР, Бог ваш, даець табе.

Вы пяройдзеце Ярдан і абжывецеся на зямлі, якую Госпад, Бог ваш, мае даць вам, каб жылі ў супакоі ад усіх ворагаў навокал ды жылі без аніякага страху
 
І як пярэйдзеце Ёрдан, і аселіцеся на зямлі, каторую СПАДАР, Бог ваш, даець вам на спадак, і як Ён супакое вас ад усіх варагоў вашых навокал вас, і будзеце жыць бясьпечна;

ў месцы, якое выбера Госпад, Бог ваш, каб у ім прабывала імя Яго, туды прыносьце, што я загадваю: цэласпаленні, крывавыя ахвяры, дзесяціны, дары рук вашых і тую найлепшую з ахвяр, якою прысягнеце вы Госпаду.
 
Дык будзе, што на месца, якое абярэць СПАДАР, Бог ваш, каб прабываць імені Ягонаму там, туды прыносьце ўсе, што я расказую вам: усепаленьні свае й аброкі свае, дзесяціны свае і ўзьнесеньні рук сваіх, і ўсе выборнае з абятніцаў сваіх, што вы абяцалі СПАДАРУ;

Там перад Госпадам, Богам вашым, цешцеся вы, і сыны, і дочкі вашы, паслугачы і паслугачкі, а таксама левіт, які ў гарадах вашых прабывае; бо не мае ён ані часткі, ані ўласнасці паміж вамі.
 
І весяліцеся перад СПАДАРОМ, Богам сваім, вы а сынове вашы а дачкі вашы а слугі вашы а служэбкі вашы а Левіт, каторы ў брамаў вашых, бо няма яму дзелі а спадку з вамі.

Сцеражыся, каб не складаць сваіх ахвяр цэласпальных на кожным месцы, якое ўбачыш,
 
Сьцеражыся, каб ня ўзносіць узьнесеньні свае на кажным месцу, каторае ты абачыш;

але на тое, якое выбера Госпад у адным з пакаленняў тваіх, занясі цэласпальныя ахвяры і там зрабі ўсё, што я табе загадваю.
 
Але адно на тым месцу, каторае СПАДАР абярэць у вадным із плямёнаў тваіх, там узнось узьнесеньні свае і там рабі ўсе, што расказую табе.

Калі ж захочаш есці і мясная ежа будзе даспадобы табе, забі [жывёлу] і з’еж мяса па дабраславенні Госпада, Бога твайго, якое даў Ён табе ва ўсіх гарадах тваіх: чысты і нячысты можа есці яго, як сарну, так і аленя,
 
Адылі, як толькі зажадае душа твая, можаш зарэзаць і будзеш есьці мяса ў вусіх брамах сваіх, подле дабраславенства СПАДАРА, Бога свайго, каторае Ён даў табе ў вусіх брамах тваіх, нячысты й чысты могуць есьці гэта, як аленя а лань.

за выняткам крыві: яе выльеш на зямлю, як ваду.
 
Адно крыві ня ежча; на зямлю выліце яе, як ваду.

Не зможаш есці ў гарадах тваіх дзесяціны са збожжа, віна і алівы тваёй, першародных бычкоў і авечак, ані ўсяго таго, на чым прысягнуў ты і што захацеў скласці на добраахвотную ахвяру, ані першага плёну рук тваіх.
 
Ня можна табе есьці ў брамах сваіх дзесяціны збожжа свайго, і віннога соку свайго, і алівы свае, і першакоў буйнога статку свайго й драбнога статку свайго, і ўсіх абятніцаў сваіх, каторыя ты абяцаў, і самахотных дароў сваіх, і ўзьнесеньня рукі свае.

Але будзеш есці іх перад абліччам Госпада, Бога твайго, у месцы, якое выбера Госпад, Бог твой, ты, і сын твой, і дачка твая, паслугач і паслугачка, таксама левіт, які знаходзіцца ў гарадах тваіх; і будзеш цешыцца перад Госпадам, Богам тваім, з усяго, да чаго прыкладзеш руку сваю.
 
Але перад СПАДАРОМ, Богам сваім, еж гэта на тым месцу, каторае СПАДАР, Бог твой, абярэць, ты а сын твой а дачка твая а слуга твой а служэбка твая а Левіт, каторы ў брамах тваіх, і весяліся перад СПАДАРОМ, Богам сваім, з усёга тога, да чога прыкладаеш руку сваю.

Чувай, каб не пакідаў ты левіта ўвесь час, калі будзеш жыць у зямлі тваёй.
 
Сьцеражыся, не пакідай Левіта ўсі дні свае на зямлі сваей.

Калі пашырыць Госпад, Бог твой, межы твае, як сказаў Ён табе, і ты захочаш есці мяса, якога жадае душа твая, тады еж мяса паводле кожнага прагнення душы сваёй;
 
Як пашыра СПАДАР, Бог твой, граніцу тваю, як казаў табе, і ты скажаш: "Паем я мяса, бо душа мая галіцца есьці мяса", тады, подле галеньня душы свае, еж мяса.

а калі б далёка было месца, якое выбера Госпад, Бог твой, каб было там імя Яго, то забі з буйной і дробнай жывёлы, якую даў табе Госпад і як загадаў я табе, і спажывай у гарадах тваіх, як табе заўгодна.
 
Калі далёка будзе ад цябе тое месца, каторае абярэць СПАДАР, Бог твой, каб прабываць імені Ягонаму там, то рэж із буйнога й драбнога статку свайго, каторы даў табе СПАДАР, як я расказаў табе, і еж у брамах сваіх, подле галеньня душы свае.

Еж іх так, як ядуць сарну і аленя; і чысты, і нячысты хай спажываюць разам.
 
Адно, як ядуць аленя а лань, так ежча іх; нячысты, як і чысты могуць есьці гэта разам.

Аднаго толькі высцерагайся, каб не спажываць крыві; бо кроў ёсць душа іх, і таму не павінен ты есці душу разам з мясам.
 
Толькі будзь станаўкі, каб ня есьці крыві, бо кроў ё душа; ня еж душы разам ізь мясам.

Не спажывай яе, але вылівай на зямлю, як ваду.
 
Ня ежча яе; на зямлю вылі яе, як ваду.

Не спажывай яе, каб добра табе было і дзецям тваім па табе, калі будзеш рабіць тое, што прыстойна перад абліччам Госпада.
 
Ня еж яе, каб добра было табе а дзяцём тваім просьле цябе, калі будзеш рабіць справядлівае перад ачыма СПАДАРА.

Але тое, што пасвяціў ты і склаў праз прысягу Госпаду, вазьмі і прыходзь у тое месца, якое выбраў Госпад,
 
Толькі сьвятасьці свае, якія будуць у цябе, і абятніцы свае ўзнось, і прыходзь на тое месца, каторае абярэць СПАДАР.

і ахвяруй цэласпаленні свае, мяса і кроў, на ахвярніку Госпада, Бога твайго; кроў ахвяр тваіх выльеш на ахвярніку, а мяса сам з’еж.
 
І абракай усепаленьне свае, мяса а кроў, на аброчніку СПАДАРА, Бога свайго, але кроў аброкаў тваіх мае быць вылівана на аброчніку СПАДАРА, Бога твайго, а мяса еж.

Падпарадкоўвайся і слухайся ўсяго, што я загадваю табе, каб добра табе было і дзецям тваім па табе на векі, калі споўніш, што добрае і што мілае перад абліччам Госпада, Бога твайго.
 
Сьцеражыся й слухай усіх словаў гэтых, которыя расказую табе, каб добра было табе а дзяцём тваім просьле цябе навекі, калі будзеш рабіць добрае а простае перад ачыма СПАДАРА, Бога свайго.

Калі Госпад, Бог твой, раскідае перад абліччам тваім народы, да якіх ты ідзеш, каб завалодаць імі, і ты завалодаеш імі, і абжывешся на іх зямлі,
 
Як выгубе СПАДАР, Бог твой, народы, куды ты прыдзеш, каб выгнаць іх ад віду твайго, і апануеш іх, і будзеш жыць у зямлі іхнай;

сцеражыся, каб не трапіць у сеці праз іх, пасля таго, як яны, па прыходзе тваім, будуць выгублены, ды каб не шукаў іх абрадаў, кажучы: “Як служылі гэтыя народы сваім багам, так і я буду служыць”.
 
То сьцеражыся, каб ты ня лучыў у сетку, ідучы за імі, па выгубленьню іх ад віду твайго, і каб ня шукаў багоў іхных, кажучы: "Як служылі народы гэтыя багом сваім, таксама й я буду рабіць".

Не рабі падобным чынам Госпаду, Богу твайму, бо ўсе брыдкія рэчы, якія адвяргае Госпад і якія ненавідзіць, яны чынілі для сваіх багоў, нават сваіх сыноў і дачок складаючы ў ахвяру і праводзячы праз агонь.
 
Не рабі гэтак СПАДАРУ, Богу свайму, бо ўсе, чым брыдзіцца СПАДАР, што ненавідзе Ён, яны робяць багом сваім; бо яны й сыноў сваіх і дачкі свае паляць на цяпле багом сваім.

Што я загадваю вам, тое і беражыце і рабіце, не дадавай нічога і не аднімай.
 
Усе, што я расказую табе, рупся паўніць, не дадавай да гэтага й не адыймай ад гэтага.