Другі закон 14 разьдзел

Другі закон
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Вы сынове СПАДАРА, Бога вашага; не рабіце націнаў ані рабіце лысіны памеж аччу вашага па памерлым;
 
Вы — сыны ГОСПАДА, Бога вашага; ня будзеце рабіць нарэзы на скуры, і ня будзеце выстрыгаць валасоў над вачыма вашымі па памёршых,

Бо ты народ сьвяты СПАДАРУ, Богу свайму, і цябе абраў СПАДАР быць яму людам собскім із усіх людаў, каторыя на зямлі.
 
бо ты — народ сьвяты для ГОСПАДА, Бога твайго, бо цябе выбраў ГОСПАД, каб ты стаўся выбраным народам Ягоным спасярод усіх народаў, якія на абліччы зямлі.

Ня еж ніякае брыды.
 
Ня будзеш есьці нічога паганага.

Во статак, каторы вам можна есьці: валы, ягняты, казяняты,
 
Вось зьвяры, якіх вы будзеце есьці: вол, ягня авечак і козаў,

Лань а алень а пярэсты алень а гаравая каза а антылёпа а буйла а дзікая каза.
 
алень, сарна, казуля, ланя, зубар, антылёпа, горны казёл.

І кажны статак, у каторага падзелены капыт і раськеплены раськепам на два капыты, і каторы жвець жваку, із статку тый ежча.
 
І кожную жывёлу, якая мае разьдзеленыя капыты і на абодвух капытах глыбокі разрэз, і тую жывёлу, якая жуе жвайку, будзеце есьці.

Адно гэтых ня ежча із жвучых жваку альбо маючых падзелены раськепам капыт: вярблюда, зайца а труса, бо хоць яны жвуць жваку, але капыты іх не падзеленыя: нячыстыя яны вам;
 
Але ня будзеце есьці тых, якія жуюць жвайку і ня маюць разьдзеленыя капыты з глыбокім разрэзам: вярблюда, зайца і дамана, бо яны жуюць жвайку, але капыты ў іх не разьдзелены, яны для вас нячыстыя.

І сьвіньні, бо капыты ў яе падзеленыя, але ня жвець жвакі: нячыстая яна вам; ня ежча мяса іхнага і да здыхаты іхнае не датыкайцеся.
 
І сьвіньня, хоць капыты ў яе разьдзеленыя, але яна не жуе жвайку, будзе для вас нячыстай; мяса яе ня ешце і падліны не дакранайцеся.

Гэта ежча з усёга, што ў вадзе: усі ежча, у каторых ё плавукі а луска;
 
З усяго, што ў вадзе, будзеце есьці ўсіх, якія маюць плаўнікі і луску.

А ўсіх тых, у каторых няма плавукоў а лускі, ня ежча: нячыстае гэта вам.
 
А ўсё, што без плаўніка і лускі, ня будзеце есьці, бо яны для вас нячыстыя.

Усялякую птушку чыстую ежча.
 
Усіх птушак чыстых будзеце есьці.

Але гэтых ня маеце есьці зь іх: арла, ґрыфіна а морскага арла
 
Спасярод [птушак] ня будзеце есьці: арла, грыфа і марскога арла,

А каршуна, каршака а крачота з пародаю іх
 
каршука, сокала і каню паводле гатункаў іхніх,

А ніякага гругана з пародаю яго
 
і ўсякага крумкача паводле гатунку яго,

А стравуса а сакала а чайкі а зязюлі з пародаю яе
 
страуса, савы, чайкі і ястраба паводле гатункаў яго,

А ночнае савы а савы а пугача
 
пугача, ібіса і лебедзя,

А пэлікана а морскае вароны
 
пэлікана, сыча і рыбалова,

А бусла а чаплі з пародаю іх а ўдода а кажана.
 
чаплі, буслоў паводле гатункаў іхніх, удода і кажана.

Усі крылатыя поўзаючыя нячыстыя вам: ня ежча іх.
 
Кожная жужла крылатая для вас нячыстая, ня будзеце яе есьці.

Усялякую птушку чыстую ежча.
 
Усіх птушак чыстых будзеце есьці.

Ня ежча ніякае здыхляціны; чужаземцу, каторы ў брамах тваіх, аддай яе, і ён хай есьць яе, альбо прадай чужніку; бо ты люд сьвяты ў СПАДАРА, Бога свайго. Не вары казяняці ў малаццэ маці ейнае.
 
Ня будзеце есьці ніякай падліны. Дасі яе прыхадню, які ў брамах тваіх, і будзе есьці, або прадасі чужынцу, бо ты — народ сьвяты для ГОСПАДА, Бога твайго. Не вары казьляняці ў малацэ маці ягонай.

Аддзяляй дзесяціну ад усёга прыбытку сяўбы свае, каторы прыходзе з поля што году,
 
Давай дзесяціну з усіх пладоў насеньня твайго, з таго, што поле штогод родзіць.

І еж перад СПАДАРОМ, Богам сваім, на тым месцу, каторае абярэць Ён, каб прабываць імені Ягонаму там, дзесяціну збожжа свайго, віннога соку свайго, і алівы свае, і першакі буйнога й драбнога статку свайго, каб ты наўчыўся баяцца СПАДАРА, Бога свайго ўсі дні,
 
І еш перад абліччам ГОСПАДА, Бога твайго, на тым месцы, якое Ён выбраў, каб было там імя Ягонае, дзесяціну збожжа твайго, і віна твайго, і алею твайго, і першародных валоў тваіх і авечак тваіх, каб вучыўся ты баяцца ГОСПАДА, Бога твайго, у-ва ўсе дні.

А калі здоўжыцца табе дарога, ажно ты ня можаш несьці гэтага, бо далёка ад цябе тое месца, каторае абярэць СПАДАР, Бой твой, каб пакласьці там імя Свае, бо дабраславіў цябе СПАДАР, Бог твой:
 
Калі ж далёкай будзе дарога [твая] і ня зможаш гэта прынесьці, бо далёка ад цябе месца, якое выбраў ГОСПАД, Бог твой, каб там было імя Ягонае, і калі ГОСПАД, Бог твой, дабраславіў цябе,

То памяняй гэта на срэбра, і завяжы срэбра ў руццэ сваёй, і прыходзь на месца, каторае абярэць СПАДАР, Бог твой;
 
тады памяняй гэта на срэбра, і вазьмі срэбра ў руку тваю, і ідзі на месца, якое выбраў ГОСПАД, Бог твой,

І дасі срэбра гэтае за ўсе, чаго зажадае душа твая, з буйнога й драбнога статку, віна, моцнага напітку і ўсяго, чаго сабе душа зычыла б твая; і еж там перад СПАДАРОМ, Богам сваім, і весяліся ты а радзіма твая.
 
і купляй там за гэта срэбра ўсё, чаго жадае душа твая, ці валоў, ці авечак, ці віно, ці сікеру, ці ўсё, чаго жадае душа твая; і будзеш есьці там перад абліччам ГОСПАДА, Бога твайго, і будзеш весяліцца ты і дом твой.

І Левіта, каторы ў брамах тваіх, не пакінь яго, бо няма яму дзелі а спадку з табою.
 
І не пакідай лявіта, які ў брамах тваіх, бо ён ня мае ані часткі, ані спадчыны з табою.

Пры канцу трох год аддзяляй усі дзесяціны прыбыткаў сваіх таго году, і кладзі іх у брамах сваіх;
 
Пад канец трэцяга году адлажы ўсе дзесяціны з пладоў тваіх году гэтага і пакінь у брамах тваіх.

І прыйдзе Левіт, бо яму няма дзелі а спадку з табою, а чужаземец а сірата а ўдава, каторыя ў брамах тваіх, і хай ядуць а сілкуюцца, каб дабраславіў цябе СПАДАР, Бог твой, у вусялякай рабоце рук тваіх, каторую ты будзеш рабіць.
 
І прыйдзе лявіт, бо ён ня мае ані часткі, ані спадчыны з табой, і прыхадзень, і сірата, і ўдава, якія ў брамах тваіх, і будуць яны есьці, і насыцяцца, каб дабраславіў цябе ГОСПАД, Бог твой, у кожнай працы рук тваіх, якую будзеш рабіць.