Другі закон 20 разьдзел
Другі закон
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
Як ты выйдзеш на вайну супроці ворага свайго й абачыш коні а цялежкі, люд большы за цябе, то ня бойся іх, бо СПАДАР, Бог твой, з табою, Каторы ўзьняў цябе ізь зямлі Ягіпецкае.
Калі выйдзеш на вайну супраць ворагаў тваіх і ўбачыш, што [ў іх] і коней, і калясьніцаў, і людзей болей, чым у цябе, ня бойся іх, бо з табой ГОСПАД, Бог твой, Які вывеў цябе з зямлі Эгіпецкай.
І будзе: як дабліжышся да бітвы, тады няхай дабліжыцца сьвятар і гукае люду,
Перад пачаткам бою няхай выйдзе сьвятар, і прамовіць да народу, і скажа яму:
І скажа яму: "Слухай, Ізраелю! вы цяпер бліжыцеся да бітвы з варагамі сваімі; хай ня млеюць сэрцы вашыя, ня бойцеся а ня дрыжыце а не лякайцеся іх;
“Слухай, Ізраіль! Вы выходзіце сёньня на бой супраць ворагаў вашых. Няхай не палохаецца сэрца вашае, ня бойцеся, і не трывожцеся, і не пужайцеся аблічча іхняга,
Бо СПАДАР, Бог ваш, ё Тый, Каторы йдзець із вамі, каб ваяваць за вас із варагамі вашымі, выбавіць вас".
бо ГОСПАД, Бог ваш, ідзе з вамі, каб ваяваць за вас з ворагамі вашымі і каб выратаваць вас”.
Хай гукаюць нагляднікі люду, кажучы: "Хто пастанавіў новы дом і не пасьвяціў яго, тый хай ідзець і зьвернецца да дому свайго, каб не памер у бітве, і другі не пасьвяціў яго.
І прамовяць начальнікі да народу, кажучы: “Хто пабудаваў новы дом, і яго не асьвяціў, няхай ідзе і вяртаецца ў дом свой, каб не загінуў на вайне, і нехта іншы яго асьвяціць.
І хто пасадзіў вінішча і ня збудзеніў яго, хай ідзець і зьвернецца да дому свайго, каб не памер у бітве, і другі не карыстаў зь яго.
Хто пасадзіў вінаграднік і не асьвяціў яго, няхай ідзе і вяртаецца ў дом свой, каб не загінуў на вайне, і нехта іншы асьвяціць яго.
І хто заручыўся із жонкаю й ня ўзяў яе, тый хай ідзець і зьвернецца да дому свайго, каб не памер у бітве, і другі ня ўзяў яе".
Хто заручыўся з жонкаю, але ня ўзяў яе за жонку, няхай ідзе і вяртаецца ў дом свой, каб не загінуў на вайне, і нехта іншы возьме яе”.
І яшчэ агалосяць нагляднікі люду, і скажуць: "Хто баязьлівы й млявага сэрца, тый хай ідзець і зьвернецца да дому свайго, каб ён не зрабіў кволымі сэрцы братоў сваіх, як сэрца ягонае".
І яшчэ няхай начальнікі прамовяць да народу і скажуць: “Хто баіцца і чыё сэрца дрыжыць, няхай ідзе і вернецца ў дом свой, каб не зрабіў дрыготкім сэрцы братоў сваіх, як [дрыготкае] сэрца ягонае”.
І будзе, як скончаць нагляднікі казаць гэта люду, то хай прызначаць вайводцаў, каторыя стаялі б на чале люду.
Калі начальнікі скончаць прамаўляць да народу, вы паставіце ваенных начальнікаў на чале народу.
Як дабліжышся да места, ваяваць яго, то агаласі яму мір.
Калі ты падыйдзеш да гораду, каб супраць яго ваяваць, [перш] прапануй яму мір.
І будзе: калі ён адкажа табе мірам і адчыне табе, то хай будзе, што ўвесь люд, каторы будзе ў ім, будзе табе даньню і служыць табе.
Калі ён згодзіцца на мір і адчыніць табе [брамы], няхай увесь народ, які ў ім, будзе плаціць табе даніну і служыць табе.
І калі ён ня зробе міру з табою і будзе весьці з табою вайну, то абляжы яго.
А калі ён не захоча быць у міры з табою і пачне супраць цябе вайну, ты пачні аблогу яго.
І СПАДАР, Бог твой, аддасьць у руку тваю, і заб’еш у ім усіх мужчынаў лязом мяча;
І калі ГОСПАД, Бог твой, аддасьць яго ў рукі твае, выб’еш усіх мужчынаў ягоных вострывам мяча.
Адно жанкі а дзеці і статак і ўсе, што ў месьце, увесь здабытак яго граб сабе, і еж здабытак варагоў сваіх, каторых аддасьць табе СПАДАР, Бог твой.
Толькі жанчынаў і дзяцей, быдла і ўсё іншае, што будзе ў горадзе, усю здабычу ягоную возьмеш сабе і будзеш есьці здабычу ворагаў тваіх, якую даў табе ГОСПАД, Бог твой.
Гэтак рабі з усімі местамі, каторыя ад цябе вельма далёка, каторыя ня зь местаў народаў гэтых тут.
Так зрабі з усімі гарадамі, якія ад цябе вельмі далёка, якія ня ёсьць гарадамі народаў гэтых.
Адно ў местах гэтых народаў, каторых СПАДАР, Бог твой, даець табе ў дзяржаньне, не пакідай жывымі ні воднае душы;
Але ў гарадах народаў гэтых, якія ГОСПАД, Бог твой дае табе ў спадчыну, не пакінеш нікога жывым,
Але супоўна акануй іх: Гэціча а Аморэя, Канааняніна а Ферэзэя, Гэвея, а Евусэя, як расказаў табе СПАДАР, Бог твой,
але паложыш закляцьце на Хетаў, Амарэйцаў, Хананейцаў, Пэрэзэяў, Хівеяў і Евусэяў, як загадаў табе ГОСПАД, Бог твой,
Каб яны не наўчылі вас рабіць падобна да ўсіх агідаў сваіх, якія яны рабілі багом сваім, і каб вы не грашылі перад СПАДАРОМ, Богам сваім.
каб яны не навучылі вас усякім брыдотам сваім, якія рабілі яны багам сваім, і каб вы не грашылі супраць ГОСПАДА, Бога вашага.
Калі будзеш аблягаць места шмат дзён, каб зваяваць яго а ўзяць яго, то ня псуй дзярэўя яго, сякучы іх сякіраю, бо зь яго ты ясі, і не валі яго. Ціж палявое дзерва чалавек, каб аблягаць яго?
Калі будзеш аблягаць горад шмат дзён, каб ваяваць супраць яго і здабыць яго, ня нішчы дрэваў ягоных, сьсякаючы іх сякераю. Будзеш есьці [плады] іхнія, а іх саміх не сьсякай. Ці ж дрэва ў полі — гэта чалавек, каб ісьці і аблягаць яго?
Адно тыя дзервы, праз каторыя ты ведаеш, што яны нічога не даюць на ежу, можаш псаваць а сячы а будаваць умацаваньні супроці места, каторае вядзець із табою вайну, пакуль не падзець.
А калі дрэва не надаецца на ежу, зьнішчы яго, і сьсячы яго, і пабудуй махіны [для аблогі] гораду, які ваюе з табою, пакуль не здабудзеш яго.