Другі закон 17 разьдзел
Другі закон
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
Не абракай СПАДАРУ, Богу свайму, вала альбо ягняці, на каторым будзе ган, што-колечы благое, бо гэта агіда СПАДАРУ, Богу твайму.
Не складай у ахвяру ГОСПАДУ, Богу твайму, авечку і вала, якія маюць загану або нейкі недахоп, бо брыдзіцца гэтым ГОСПАД, Бог твой.
Калі знойдзецца сярод цябе ў ваднэй з брамаў тваіх, каторыя СПАДАР, Бог твой, даець табе, мужчына альбо жонка, што зробе ліха перад ачыма СПАДАРА, Бога твайго, каб узрушыць змову Ягоную;
Калі знойдзецца ў асяродзьдзі тваім, у адной з брамаў тваіх, якія дае табе ГОСПАД, Бог твой, мужчына або жанчына, якія зробяць тое, што ліхім будзе ў вачах ГОСПАДА, Бога твайго, і парушаць запавет Ягоны,
І пойдзе, і будзе служыць іншым багом, і паклоніцца ім, і сонцу, альбо месяцу, альбо ўсяму войску нябёснаму, чаго Я не расказаў;
і пойдуць, і будуць служыць багам чужым, і будуць пакланяцца ім, ці сонцу, ці месяцу, ці ўсяму войску нябеснаму, што я забараніў табе,
І табе накажуць, і ты пачуеш, дык ты добра прасачы, і вось, праўда, і верна слова, зроблена брыда гэтая ў Ізраелю,
і пра гэта паведамяць табе, ты выслухаеш і старанна дасьледуеш, і вось, гэта праўда, што такой брыдоты дапусьціліся ў Ізраілі.
Дык вывядзі мужчыну таго альбо жонку тую, каторыя зрабілі ліха гэтае, да брамы свае, таго мужчыну альбо тую жонку, і ўкамянуй іх, і хай памруць.
Тады завядзеш таго мужчыну або жанчыну, якія дапусьціліся такой ліхой рэчы, да брамаў тваіх і ўкамянуеш іх камянямі, і яны памруць.
На словы дзьвюх сьветак альбо трох сьветак хай памрэць засуджаны на сьмерць; ня мае быць забіты на словы аднае сьветкі.
Паводле [словаў] з вуснаў двух або трох сьведкаў [вінаваты] сьмерцю памрэ; не памрэ паводле [словаў] з вуснаў аднаго сьведкі.
Рука сьветак мае быць на ім уперад, каб забіць яго, а рука ўсяго люду пры канцу; і выкарані ліха з пасярод сябе.
Рука сьведкаў будзе першай супраць яго, каб забіць [вінаватага], а потым рука ўсяго народу, і вынішчыш зло з асяродзьдзя твайго.
Калі цяжка будзе табе ў якой справе рассудзіць памеж крыві й крыві, памеж суду й суду, памеж біцьця й біцьця, і нязгодныя пагляды ў брамах тваіх, то ўстань і ўзыйдзі на месца, каторае абярэць СПАДАР, Бог твой,
Калі цяжкая будзе для цябе справа суду паміж крывёй і крывёй, паміж спрэчкай і спрэчкай, паміж бойкай і бойкай, і будуць нязгодныя словы ў брамах тваіх, устань і пайдзі на месца, якое выбраў ГОСПАД, Бог твой,
І прыдзі да сьвятароў Левітаў а да судзьдзі, каторы будзе тых дзён, і распытайся ў іх, і яны скажуць табе ў справе.
і прыйдзі да сьвятароў лявітаў і да судзьдзі, які будзе ў гэтыя дні, і спытайся ў іх, і яны паведамяць табе, слова прысуду.
І зрабі подле слова, каторае яны скажуць табе, на тым месцу, каторае абярэць СПАДАР, і рупся рабіць подле ўсяго, чаго яны навучаць цябе.
І зрабі паводле слова, якое яны скажуць табе ў месцы, якое выбраў ГОСПАД, і намагайся, каб выканаць усё так, як яны навучаць цябе.
Подле права, каторага яны навучаць цябе, і подле рассудку, які яны скажуць табе, зрабі, і не адхінайся ад слова, якое яны скажуць табе, ані направа, ані налева.
Паводле [слова] з вуснаў закону, якім яны навучаць, і паводле прысуду, які табе скажуць, зробіш. Не адхіляйся ад слова, якое паведамілі табе ані ўправа, ані ўлева.
А хто ўчыне так гарэзна, каб непаслухаць сьвятара, што стаіць служыць там СПАДАРУ, Богу твайму, альбо судзьдзі, мае памерці тый чалавек, — і выкарані ліха з Ізраеля.
А [чалавек], які з пыхлівасьці не паслухае сьвятара, які стаіць, каб спаўняць служэньне для ГОСПАДА, Бога твайго, або судзьдзі, памрэ той чалавек, і вынішчыш зло з Ізраіля.
І ўвесь люд пачуе, і будзе баяцца, і ня будзе болей гарэзаваць.
І ўвесь народ, чуючы [гэта], будзе баяцца і ўжо болей ня будзе пыхлівы.
Як ты прыйдзеш да зямлі, каторую СПАДАР, Бог твой, даець табе, і апануеш яе, і аселішся на ёй, і скажаш: "Пастанаўлю я над сабою караля, падобна да ўсіх народаў, што наўкола мяне":
Калі ты прыйдзеш у зямлю, якую дае табе ГОСПАД, Бог твой, і завалодаеш ёю, і абжывешся на ёй, і скажаш: “Пастаўлю я над сабою валадара, як усе народы, якія вакол мяне”,
То пастанаві, пастанаві сабе над сабою караля, каторага абярэць СПАДАР, Бог твой; з пасярод братоў сваіх пастанаві над сабою караля; ня можаш пастанавіць над сабою чужніка, каторы ня брат табе.
пастаўляючы, паставіш над сабой валадара, якога ГОСПАД, Бог твой, выбярэ спасярод братоў тваіх. Ня можаш паставіць над сабой чужынца, які ня брат твой.
Толькі каб ён не памнажыў сабе коні і не зварачаў люд да Ягіпту, каб памнажыць сабе коні, бо СПАДАР сказаў вам: "Не зварачайцеся болей дарогаю гэтай";
Толькі няхай не памнажае ён сабе коней і не вяртае народ у Эгіпет, каб мець шмат коней, бо ГОСПАД сказаў вам: “Ніколі больш гэтаю дарогаю ня вернецеся”.
І каб не памнажыў сабе жонак, каб не адвярнулася сэрца ягонае, і каб срэбра а золата не памнажыў сабе вельмі.
І няхай ён не памнажае жонак сваіх, каб не адвярнулася сэрца ягонае, і няхай не памнажае срэбра і золата.
І будзе, што як ён сядзе на пасад каралеўства свайго, дык выпіша сабе да кнігі адпіс права ў сьвятароў Левітаў.
Калі сядзе ён на пасадзе валадарства свайго, няхай перапіша сабе на скрутку сьпіс Закону гэтага з [кнігі], якая ў сьвятароў лявітаў,
І хай ён будзе ў яго, і хай ён чытае яго ўсі дні жыцьця свайго, каб навучыўся баяцца СПАДАРА, Бога свайго, каб рупіўся праз усі словы права гэтага і ўставы гэтыя, каб паўніць іх,
і мае яго пры сабе, і чытае яго ўсе дні жыцьця свайго, каб навучыўся баяцца ГОСПАДА, Бога свайго, і захоўваць усе словы Закону гэтага, і пастановы гэтыя выконваць,
Каб не надзьмулася сэрца ягонае над братамі ягонымі, і каб не адхінаўся ён ад расказаньня направа ані налева, каб працягнуў дні на каралеўстве сваім, ён а сынове ягоныя сярод Ізраеля.
каб не вывышалася сэрца ягонае па-над братамі ягонымі, і каб не адхіляўся ён ад прыказаньняў ані ўправа, ані ўлева, каб доўгімі былі дні валадарства ягонага і сыноў ягоных у Ізраілі.