Другі закон 16 разьдзел
Другі закон
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
Сачы за месяцам Авіў і ўчыняй Пасху Госпаду, Богу твайму, бо ў месяцы Авіве вывеў цябе Гасподзь, Бог твой, зь Егіпта ўначы.
Заховуй месяц Авіў і рабі Пасху СПАДАРУ, Богу свайму, бо ў месяцу Авіве вывеў цябе СПАДАР, Бог твой, зь Ягіпту ночы.
І закалі паску Госпаду, Богу твайму, з дробнага і буйнога быдла, на месцы, якое выбера Гасподзь, каб было там імя Ягонае.
І рэж Пасху СПАДАРУ, Богу свайму, з драбнога й буйнога статку на месцу, каторае абярэць СПАДАР, каб прабывала там імя Ягонае.
Ня еж зь ёю квашанага; сем дзён еж зь ёю праснакі, хлябы бедаваньня, бо сьпешна выйшаў ты зь зямлі Егіпецкай, каб памятаў ты дзень выхаду свайго зь зямлі Егіпецкай праз усе дні жыцьця твайго;
Ня еж ізь ёю кіслага, сем дзён еж ізь ёю праснакі, хлеб гароты, бо ты хапліва вышаў ізь зямлі Ягіпецкае, каб помнеў дзень выхаду свайго ізь зямлі Ягіпецкае ўсі дні жыцьця свайго.
сем дзён не павінна быць у цябе нічога квашанага ва ўсім краі, і зь мяса, якое ты прынёс у ахвяру ўвечары першага дня, нічога не павінна заставацца да раніцы.
І ня мае быць бачана ў цябе нічога кіслага ў вусёй граніцы тваёй сем дзён, і хай не пераначуе дараньня зь мяса, каторае ты аброк на на аброк увечары на першы дзень.
Ня можаш ты калоць паску ні ў якім доме тваім, які Гасподзь, Бог твой дасьць табе;
Ня можаш ты зарэзаць Пасхі ў якой-колечы з брамаў, каторыя СПАДАР, Бог твой, дасьць табе;
толькі на тым месцы, якое выбера Гасподзь, Бог твой, каб было там імя Ягонае, калі паску ўвечары пры захадзе сонца, тым самым часам, як ты выйшаў зь Егіпта;
Але толькі на тым месцу, каторае абярэць СПАДАР, Бог твой, каб прабываць там імені Ягонаму, там рэж Пасху ўвечары заходам сонца, у тым самым урочыстым часе, у каторым ты вышаў зь Ягіпту.
і сьпячы і зьеж на тым месцы, якое выбера Гасподзь, Бог твой, а на другі дзень можаш вярнуцца і ўвайсьці ў намёты твае.
І сьпячы, і зьеж на тым месцу, каторае абярэць СПАДАР, Бог твой, а назаўтрае можаш зьвярнуцца і ўвыйсьці ў буданы свае.
Шэсьць дзён еж праснакі, а сёмага дня адданьне сьвята Госпаду, Богу твайму; не займайся працаю.
Шэсьць дзён еж прэсны хлеб, а на сёмы дзень адданьне сьвята СПАДАРУ, Богу твайму, не займайся рамеснаю работаю.
Сем тыдняў адлічы сабе; і пачынай лічыць сем тыдняў з таго часу, як серп зажне сьпелае збожжа;
Сем тыдняў лічы сабе; пачынаючы серп на збожжу, пачні лічыць сем тыдняў.
тады ўчыняй сьвята сяміцаў Госпаду, Богу твайму, у меру дайнасьці рукі тваёй, колькі дасі, гледзячы па тым, чым спадобіць цябе Гасподзь, Бог твой;
І зрабі сьвята тыдняў СПАДАРУ, Богу свайму, з даньня самахотнага дару рукі свае, каторы ты дасі подле тога, чым дабраславіў цябе СПАДАР, Бог твой.
І радуйся прад Госпадам, Богам тваім, ты і сын твой і дачка твая, і раб твой і рабыня твая, і лявіт, які ў селішчах тваіх, і прыхадзень і сірата і ўдава, якія сярод цябе, на месцы, якое выбера Гасподзь, Бог твой, каб было там імя Ягонае;
І весяліся перад СПАДАРОМ, Богам сваім, ты а сын твой а дачка твая а слуга твой а служэбка твая а Левіт, каторы ў брамах тваіх, а чужаземец а сірата а ўдава, каторыя сярод цябе, на месцу, каторае абярэць СПАДАР, Бог твой, каб прабывала там імя Ягонае.
памятай, што ты быў рабом у Егіпце, і шануй і выконвай пастановы гэтыя.
І памятуй, што ты быў слугою ў Ягіпце, і заховуй а паўні ўставы гэтыя.
Сьвята кучак учыняй у сябе сем дзён, калі прыбярэш з гумна твайго і з чавіла твайго;
Сьвята будак сьвяці ў сябе сем дзён, як зьбярэш із току свайго й з таўчэльні свае.
і радуйся ў сьвята тваё ты і сын твой і дачка твая, і раб твой і рабыня твая, і лявіт і прыхадзень, і сірата і ўдава, якія ў селішчах тваіх,
І весяліся ў сьвята свае ты а сын твой а дачка твая а слуга твой а служэбка твая а Левіт а чужаземец а сірата а ўдава, каторыя ў брамах тваіх.
сем дзён сьвяткуй Госпаду, Богу твайму, на месцы, якое выбера Гасподзь, Бог твой; бо дабраславіць цябе Гасподзь, Бог твой, ва ўсім плёне тваім і ва ўсякай дзеі рук тваіх, і ты будзеш толькі радавацца.
Сем дзён сьвяткуй СПАДАРУ, Богу свайму, на месцу, каторае абярэць СПАДАР, Бог твой; бо дабраславе цябе СПАДАР, Бог твой, у вусіх прыбытках тваіх і ў вусялякай рабоце рук тваіх, і ты будзеш толькі весяліцца.
Тры разы на год увесь мужчынскі пол павінен зьяўляцца прад аблічча Госпада, Бога твайго, на месца, якое выбера Ён: у сьвята праснакоў, у сьвята сяміцаў і ў сьвята кучак; і ніхто не павінен зьяўляцца прад аблічча Госпада паражняком,
Трэйчы ў год усі мужчыны маюць бачыць від СПАДАРА, Бога твайго, на месцу, каторае абярэць Ён; у сьвята праснакоў, у сьвята тыдняў і ў сьвята будак; і ня мае бачыць від СПАДАРОЎ з пустым,
а кожны з дарункам у руцэ сваёй, паводле дабраславеньня Госпада, Бога твайго, якое Ён даў Табе.
Кажны подле дару ў руццэ сваёй, подле дабраславенства СПАДАРА, Бога твайго, якое Ён даў табе.
Ва ўсіх селішчах тваіх, якія Гасподзь, Бог твой, дасьць табе, пастаў сабе судзьдзяў і наглядчыкаў па плямёнах тваіх, каб яны судзілі народ судом справядлівым;
Судзьдзяў а нагляднікаў прызнач сабе ў вусіх брамах сваіх, якія СПАДАР, Бог Твой, дасьць табе, плямёнам тваім, і будуць судзіць люд судам справядлівым.
не перакручвай закона, не зважай на асобы і не бяры дарункаў, бо дарункі сьлепяць вочы мудрым і пераварочваюць справу тых, чыя праўда;
Не адхінай суду, не зважай на асобы і не бяры лапаноў, бо лапаны нявісьняць вочы мудрых і пераварачаюць словы справядлівых.
праўды, праўды шукай, каб ты быў жывы і авалодаў зямлёю, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе.
За справядлівасьцяй, за справядлівасьцяй ганіся, каб ты жыў і апанаваў зямлю, каторую СПАДАР, Бог твой, даець табе.
Не садзі сабе гаю зь якіх-небудзь дрэў каля ахвярніка Госпада, Бога твайго, які ты зробіш сабе,
Не садзі сабе гаю зь якіх-колечы дзерваў ля аброчніка СПАДАРА, Бога свайго, каторы ты зробіш сабе;
і ня стаў сабе слупа, ненавіснага Госпаду, Богу твайму.
І ня стаў сабе стаўпа, каторы ненавідзе СПАДАР, Бог твой.