Біблія » Пераклады » Пераклад Антонія Бокуна

Другазаконьне 4 Другазаконьне 4 разьдзел

1 А цяпер, Ізраіль, слухай пастановы і прысуды, якім я вучу вас, каб, выконваючы іх, вы жылі, і ўвайшлі, і завалодалі зямлёю, якую ГОСПАД, Бог бацькоў вашых, дае вам.
2 Не дадавайце [нічога] да таго, што я загадваю вам, і не адымайце ад яго, захоўваючы прыказаньні ГОСПАДА, Бога вашага, якія я загадваю вам.
3 Вочы вашыя бачылі тое, што зрабіў ГОСПАД у Баал-Пэоры, як ГОСПАД вынішчыў сярод вас кожнага, хто пайшоў за Баалам.
4 А вы ўсе, якія засталіся пры ГОСПАДЗЕ, Богу вашаму, жывецё аж па сёньня.
5 Вось, я навучыў вас пастановам і прысудам, як загадаў мне ГОСПАД, Бог мой, каб вы так рабілі ў той зямлі, у якую ўваходзіце, каб атрымаць яе ў валоданьне.
6 Захоўвайце і выконвайце іх, бо ў гэтым мудрасьць вашая і разумнасьць вашая перад вачыма народаў, якія, чуючы пра ўсе пастановы гэтыя, будуць казаць: "Толькі [такі] народ мудры і разумны, [як] народ гэты вялікі!"
7 Бо дзе ж ёсьць такі народ вялікі, які б меў так блізкіх сабе багоў, як ГОСПАД, Бог наш, калі мы Яго клічам?
8 І які ж другі народ такі вялікі, які б меў пастановы і суды праведныя, як увесь гэты закон, які я сёньня даю вам?
9 Толькі сьцеражыся і пільна захоўвай душу сваю, і не забудзь усіх словаў, якія бачылі вочы твае, і няхай не адыйдуць яны ад сэрца твайго ў-ва ўсе дні жыцьця твайго, і ты дасі ведаць гэта сыноў тваіх і сыноў сыноў тваіх.
10 [Памятай] дзень, калі ты стаяў перад абліччам ГОСПАДА, Бога твайго, на Харэве, калі ГОСПАД сказаў мне: "Зьбяры да Мяне народ, няхай пачуюць словы Мае, каб навучыліся баяцца Мяне ў-ва ўсе дні жыцьця на зямлі і навучылі гэтаму сыноў сваіх".
11 І вы наблізіліся, і стаялі каля падножжа гары, а гара палала агнём аж пад неба, [схаваная] ў цемры, хмарах і змроку.
12 І прамовіў ГОСПАД да вас з сярэдзіны агню; і гук словаў вы чулі, але па-за голасам нічога ня бачылі.
13 Ён паведаміў вам запавет Свой, калі загадаў вам выконваць Дзесяць прыказаньняў, і напісаў іх на двух каменных табліцах.
14 У гэты час загадаў мне ГОСПАД вучыць вас пастановам і прысудам, каб вы іх выконвалі ў зямлі, якую маеце атрымаць на ўласнасьць.
15 Сьцеражыце моцна душы вашыя, бо ня бачылі вы ў той дзень ніякага вобразу, калі гаварыў да вас ГОСПАД на [гары] Харэў спасярод агню,
16 каб вы не сапсуліся і не зрабілі сабе ідала, выявы ў выглядзе мужчыны або жанчыны,
17 або ў выглядзе нейкай жывёлы, якая на зямлі, або ў выглядзе птушкі, якая лётае ў небе,
18 або ў выглядзе нейкага паўзуна, які рухаецца па зямлі, або ў выглядзе рыбы, якая плавае ў вадзе ніжэй зямлі;
19 і каб часам, калі падымеш вочы свае ў неба і ўбачыш сонца, і месяц, і зоркі, і ўсё войска нябеснае, ты ня быў зьведзены імі і не пачаў пакланяцца ім і служыць ім, бо ГОСПАД, Бог твой, прызначыў іх усім народам пад небам.
20 А вас выбраў ГОСПАД і вывеў вас з печы жалезнай, з Эгіпту, каб вы сталіся народам Ягоным, уласнасьцю Ягонай, як гэта ёсьць сёньня.
21 З прычыны словаў вашых разгневаўся ГОСПАД на мяне і прысягнуў, што я не перайду Ярдан і не ўвайду ў зямлю добрую, якую дае табе ў спадчыну ГОСПАД, Бог твой.
22 Бо я памру ў гэтай зямлі і не перайду праз Ярдан, але вы пяройдзеце [праз яго] і возьмеце на ўласнасьць гэтую зямлю добрую.
23 Сьцеражыцеся, каб не забыліся вы пра запавет ГОСПАДА, Бога вашага, які заключыў Ён з вамі, і каб не рабілі вы сабе аніякай выявы, як загадаў табе ГОСПАД, Бог твой,
24 бо ГОСПАД, Бог твой, ёсьць агонь зьнішчальны, Бог зайздросны.
25 Калі вы народзіце сыноў і ўнукаў і дажывяцё да старасьці ў зямлі гэтай, і спаганіцеся, і зробіце сабе статуі, нейкія выявы, і зробіце тое, што ліхім ёсьць у вачах ГОСПАДА, Бога вашага, і будзеце гнявіць Яго,
26 я бяру сёньня неба і зямлю за сьведкаў супраць вас, што хутка будзеце выгубленыя з зямлі, у якую вы пераходзіце праз Ярдан, каб атрымаць яе. Ня будуць доўгімі дні [вашыя] на ёй, бо зьнішчыць вас [Госпад].
27 І расьцярушыць вас ГОСПАД сярод народаў, і няшмат з вас застанецца сярод народаў, да якіх выселіць вас ГОСПАД.
28 І там вы будзеце служыць багам, якія зробленыя рукамі людзей, дрэву і камяню, якія ня бачаць і ня чуюць, не ядуць і ня адчуваюць паху.
29 І там будзеш шукаць ГОСПАДА, Бога твайго, і знойдзеш Яго, калі будзеш шукаць Яго ўсім сэрцам тваім і ўсёю душою тваёй.
30 У горы тваім спаткаюць цябе ў апошнія дні ўсе гэтыя словы, і ты вернешся да ГОСПАДА, Бога твайго, і будзеш слухаць голас Ягоны,
31 бо ГОСПАД, Бог твой, — Бог міласэрны, Ён не пакіне цябе, і ня зьнішчыць, і не забудзецца пра запавет з бацькамі тваімі, які заключыў з імі.
32 Спытайся ў дзён старадаўніх, якія былі перад табой ад дня, калі стварыў Бог чалавека на зямлі, і ад края неба да края неба, ці было нешта такое, як гэтая справа вялікая, і ці было чутно пра штосьці падобнае?
33 Ці які народ чуў голас Бога, Які прамаўляў з сярэдзіны агню, які ты чуў, і застаўся жывым?
34 Або ці спрабаваў які бог прыйсьці і выбраць сабе народ спасярод [іншых] народаў праз выпрабаваньні, знакі, цуды і войны, рукою моцнаю і рамяном узьнятым праз жахі вялікія, як ўсё, што зрабіў вам ГОСПАД, Бог ваш, у Эгіпце на вачах тваіх?
35 Ты бачыў [гэта], каб даведаўся, што ГОСПАД ёсьць Бог, і акрамя Яго няма іншага.
36 Ён даў табе з неба чуць голас Свой, каб навучыць цябе; на зямлі Ён даў табе ўбачыць агонь Свой вялікі, і Ты чуў словы Ягоныя з сярэдзіны агню.
37 І Ён палюбіў бацькоў тваіх, і выбраў насеньне іхняе пасьля іх, і вывеў цябе перад абліччам Сваім з Эгіпту сілаю Сваёю вялікаю,
38 каб выгнаць перад табой народы большыя і мацнейшыя за цябе і каб увесьці цябе ў зямлю іхнюю, і даць табе яе ў спадчыну, як ты гэта сёньня [бачыш].
39 Дык пераканайся сёньня і вазьмі ў сэрца тваё, што ГОСПАД ёсьць Бог у небе высока і на зямлі нізка, і няма іншага.
40 І захоўвай пастановы Ягоныя і прыказаньні Ягоныя, якія сёньня я загадваю табе, каб добра было табе і сынам тваім пасьля цябе і каб былі доўгія дні твае на зямлі, якую ГОСПАД, Бог твой, дае табе».
41 І вызначыў Майсей тры гарады за Ярданам на ўсход сонца,
42 каб туды мог уцячы забойца, які забіў бліжняга свайго ненаўмысна, і ён ня меў яго ў нянавісьці ані ўчора, ані пазаўчора, і каб уцёк у адзін з гарадоў гэтых, і застаўся жыць.
43 [Гэта] Бэцэр у пустыні на раўніне для [сыноў] Рубэна, Рамот у Гілеадзе для [сыноў] Гада, і Галян у Башане для [сыноў] Манасы.
44 Такі вось закон даў Майсей сынам Ізраіля;
45 гэта сьведчаньні, пастановы і прысуды, якія абвясьціў ён сынам Ізраіля пасьля выхаду іхняга з Эгіпту
46 за Ярданам у даліне насупраць Бэт-Пэору, у зямлі Сыгона, валадара Амарэйцаў, які жыў у Хешбоне, якога зьнішчыў Майсей і сыны Ізраіля пасьля выхаду з Эгіпту.
47 І завалодалі яны зямлёй ягонай і зямлёй Ога, валадара Башану, двух валадароў Амарэйскіх, якія жылі за Ярданам на ўсход сонца;
48 ад Араэру, які на беразе ручая Арнон, аж да гары Сырыён, значыць Гермон,
49 і ўсю Арабу за Ярданам на ўсходзе, аж да Мора Арабы каля падножжа гары Пісга.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Другазаконьне, 4 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023