Другі закон 10 разьдзел
Другі закон
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017
У той час сказаў мне Гасподзь: вычашы сабе дзьве скрыжалі каменныя, падобныя да першых, і падыміся да Мяне на гару, і зрабі сабе драўняны каўчэг;
У гэты час сказаў мне Госпад: “Вычашы сабе дзве каменныя табліцы, такія ж, як папярэднія, і ўзыдзі да Мяне на гару і зрабі каўчэг з дрэва.
і Я напішу на скрыжалях тыя словы, якія былі на ранейшых скрыжалях, якія ты разьбіў; і пакладзі іх у каўчэг.
І напішу Я на табліцах словы, што былі на тых, якія ты перад гэтым пабіў, а ты пакладзеш іх у каўчэг”».
І зрабіў я каўчэг з дрэва сітым, і выцясаў дзьве каменныя скрыжалі, як ранейшыя, і пайшоў на гару; і дзьве гэтыя скрыжалі былі ў руках маіх.
Дык зрабіў я каўчэг з дрэва акацыі, і калі вычасаў дзве каменныя табліцы, такія ж, як папярэднія, то ўзышоў на гару, трымаючы іх у руках.
І напісаў Ён на скрыжалях, як напісана было раней, тыя дзесяць слоў, якія сказаў вам Гасподзь на гары зь сярэдзіны агню ў дзень сходу, і аддаў іх Гасподзь мне.
І напісаў Ён на табліцах падобна, як было раней напісана Ім, Дзесяць выслоўяў, якія абвясціў вам Госпад на гары з сярэдзіны агню, калі сабраўся народ, і даў іх мне.
І павярнуўся я, і сышоў з гары, і паклаў скрыжалі ў каўчэг, каб яны там былі, як загадаў мне Гасподзь.
Я павярнуўся і сышоў з гары, і паклаў табліцы ў каўчэг, які зрабіў; і там знаходзяцца яны аж дагэтуль, як мне загадаў Госпад.
І сыны Ізраілевыя выправіліся з Бээрот-Бэнэ-Яакана ў Мозэр; там памёр Аарон і пахаваны там, і стаў сьвятаром замест яго сын ягоны Элеазар.
А сыны Ізраэля зняліся лагерам з Бэрота сыноў Якана ў Масэру, там памёр і быў пахаваны Аарон, а сын яго, Элеязэр, стаў святаром замест яго.
Адтуль выправіліся ў Гудгод, з Гудгода ў Ётвату, у зямлю, дзе патокі водаў.
Адтуль прыбылі ў Гадгад: з таго месца выправіліся і сталі лагерам у Етэбаце, у зямлі водных крыніц.
У той час аддзяліў Гасподзь племя Лявіінае, каб насіла каўчэг запавета Гасподняга, каб стаяла прад Госпадам, служыла Яму і дабраслаўляла імем Ягоным, да сёньня;
У гэты час Госпад аддзяліў пакаленне Леві, каб насілі каўчэг запавету Госпада і каб яны стаялі перад Ім на службе і дабраслаўлялі ў імя Яго па сённяшні дзень.
таму няма лявіту долі й дзялянкі з братамі ягонымі: Сам Гасподзь ёсьць дзялянка ягоная, як казаў яму Гасподзь, Бог твой.
Дзеля таго Леві не мае часткі ані спадчыны з братамі сваімі, бо спадчына яго — Сам Госпад, як абяцаў яму Госпад, Бог твой.
І прабыў я на гары, як і ў ранейшы час, сорак дзён і сорак ночаў; і ўважыў мне Гасподзь і гэтым разам, не захацеў Гасподзь загубіць цябе;
І я стаяў на гары, як раней, сорак дзён і начэй, і нават у гэты раз выслухаў мяне Госпад і не захацеў выгубіць цябе.
і сказаў мне Гасподзь: устань, ідзі ў дарогу перад народам; няхай яны пойдуць і авалодаюць зямлёю, якую Я запрысягнуўся даць бацькам іхнім.
І сказаў Ён мне: «Устань, ідзі і ачаляй народ, каб ішоў і завалодаў зямлёй, пра якую Я прысягнуў бацькам іх, каб перадаць ім».
Дык вось, Ізраіле, чаго патрабуе ад цябе Гасподзь, Бог твой? Таго толькі, каб ты баяўся Госпада, Бога твайго, хадзіў усімі шляхамі Ягонымі і любіў Яго, і служыў Госпаду, Богу твайму, ад усяго сэрца твайго і ад усёй душы тваёй,
А цяпер, Ізраэль, чаго жадае ад цябе Госпад, Бог твой? Толькі таго, каб ты баяўся Госпада, Бога твайго, і хадзіў шляхамі Яго, ды любіў Яго і служыў Госпаду, Богу твайму, усім сэрцам сваім і ўсёй душою сваёй,
каб трымаўся запаведзяў Госпада і пастановаў Ягоных, якія сёньня наказваю табе, каб табе было добра.
ды каб выконваў загады Госпада і прыказанні Яго, якія я сёння загадваю, каб добра было табе.
Вось у Госпада, Бога твайго, неба і нябёсы нябёсаў, зямля і ўсё, што на ёй;
Вось, Госпаду, Богу твайму, належаць неба і нябёсы нябёсаў, зямля і ўсё, што на ёй.
але толькі бацькоў тваіх прыняў Гасподзь і палюбіў іх, і выбраў вас, насеньне іхняе пасьля іх, з усіх народаў, як сёньня бачыш.
Ды, аднак жа, да бацькоў тваіх прыхінуўся Госпад і ўзлюбіў іх ды выбраў нашчадкаў іх па іх, значыць вас, з усіх народаў, як сёння гэта было пацверджана.
Дык вось, абрэжце крайнюю плоць сэрца вашага і ня будзьце болей цьвёрдахрыбетныя;
Дык абрэжце край сэрца вашага і карак ваш, каб больш не зацвярдзелі,
бо Гасподзь, Бог ваш, ёсьць Бог над багамі і Валадар над валадарамі, Бог вялікі, моцны і страшны, які не зважае на абліччы і не бярэ дарункаў,
бо Госпад, Бог ваш, — адзіны Бог над багамі і Валадар над валадарамі, Бог вялікі, магутны і страшны, Які не глядзіць ні на асобу, ані на падарункі.
Які дае суд сіраце і ўдаве, і любіць прыхадня, і дае яму хлеб і вопратку.
Ён чыніць справядлівасць сіраце і ўдаве, любіць чужынца, даючы яму ежу і адзенне.
Любеце і вы прыхадня, бо самыя былі прыхаднямі ў зямлі Егіпецкай.
Дык і вы любіце чужынцаў, бо і вы былі прышэльцамі ў зямлі Егіпецкай.
Госпада, Бога твайго, бойся, Яму служы, і да Яго прыхініся і Ягоным імем прысягай:
Госпада, Бога твайго, бойся і Яму служы, да Яго туліся і імем Яго прысягай.
Ён хвала твая і Ён Бог твой, Які зрабіў з табою тыя вялікія і страшныя дзеі, якія бачылі вочы твае;
Ён — слава твая і Бог твой, Які творыць дзеля цябе вялікія і жудасныя рэчы, якія бачылі вочы твае.
у сямідзесяці душах прыйшлі бацькі твае ў Егіпет, а сёньня Гасподзь, Бог твой, зрабіў цябе шматлікім, як зоркі нябесныя.
У сямідзесяці душах перасяліліся бацькі твае ў Егіпет, а вось цяпер памножыў цябе Госпад, Бог твой, як зоркі на небе.