Другі закон 3 разьдзел

Другі закон
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І павярнулі мы адтуль і йшлі да Васана, і выступіў супроць нас на вайну Ог, цар Васанскі, з усім народам сваім каля Эдрэі.
 
Потым мы павярнулі і пайшлі дарогай на Басан; і выступіў Ог, цар Басана, насустрач нам з усім сваім народам ваяваць каля Эдраі.

І сказаў мне Гасподзь: ня бойся яго, бо Я аддам у руку тваю яго і ўвесь народ ягоны і ўсю зямлю ягоную, і ты зробіш зь ім так, як зрабіў зь Сігонам, царом Амарэйскім, які жыў у Эсэвоне.
 
Госпад сказаў мне: «Не бойся яго, бо Я аддаў яго ў рукі твае з усім народам і зямлёй яго; зробіш ты яму тое, што зрабіў Сэгону, цару амарэяў, які жыў у Хесебоне».

І аддаў Гасподзь, Бог наш, у рукі нашыя і Ога, цара Васанскага, і ўвесь народ ягоны; і мы пабілі яго, так што нікога не засталося ў яго жывога;
 
І аддаў Госпад, Бог наш, у рукі нашы Ога, цара Басана, і ўвесь народ яго, і вынішчылі мы яго так, што ніхто не ўцалеў.

і ўзялі мы ў той час усе гарады ягоныя; ня было горада, якога мы не ўзялі б у іх: шэсьцьдзясят гарадоў, усю вобласьць Аргоў, царства Ога Васанскага;
 
У той час захапілі мы ўсе яго гарады, і не было горада, які б пазбегнуў нас: шэсцьдзесят гарадоў, увесь абшар Аргоба, царства Ога ў Басане.

усе гэтыя гарады ўмацаваныя былі высокімі сьценамі, брамамі й заваламі, апрача гарадоў неўмацаваных, даволі многіх;
 
Усе гарады былі ўмацаваныя вельмі высокімі мурамі, і брамамі, і заваламі, не лічачы многіх гарадоў, што не мелі муроў.

і выклялі мы іх, як зрабілі зь Сігонам, царом Эсэвонскім, выкляўшы кожны горад з мужчынамі, жанчынамі й дзецьмі;
 
І аддалі мы іх праклёну, як зрабілі Сэгону, цару Хесебона, знішчаючы кожны горад, мужчын, і жанчын, і дзяцей,

а ўсё быдла і захопленае ў гарадах узялі сабе здабычаю.
 
а жывёлу і здабычу з гарадоў забіралі сабе.

І ўзялі мы ў той час з рукі двух цароў Амарэйскіх зямлю гэтую, якая па гэты бок Ярдана, ад патока Арнона да гары Эрмона, —
 
У той час узялі мы зямлю з рук двух цароў амарэйскіх, якія жылі за Ярданам, ад ручая Арнон аж да гары Гэрмон.

Сіданяне Эрмон называюць Сірыёнам, а Амарэі называюць яго Сэнірам, —
 
Сідонцы называюць Гэрмон Сірыёнам, а амарэі — Сэнірам.

усе гарады на раўніне, увесь Галаад і ўвесь Васан да Салхі й Эдрэі, гарады царства Ога Васанскага;
 
Усе гарады на раўніне, ды ўсю зямлю Галаад і Басан аж да Сальхі і Эдраі, гарадоў царства Ога ў Басане,

бо толькі Ог, цар Васанскі, заставаўся з Рэфаімаў. Вось, ложак ягоны, ложак жалезны, і цяпер у Раве, у сыноў Амонавых: даўжыня яго дзевяць локцяў, а шырыня яго чатыры локці, локцяў мужчынскіх.
 
бо толькі Ог, цар Басана, быў апошні з рэфаімаў. Можна пабачыць яго жалезнае ложа. Хіба яно не ў Рабе, у сыноў Амона? Яно мае дзевяць локцяў даўжыні і чатыры — шырыні, меркаю локця мужчынскай рукі.

Зямлю гэтую ўзялі мы ў той час, пачынаючы ад Араіра, які каля патока Арнона; і палавіну гары Галаада з гарадамі яе аддаў я племю Рувімаваму і Гадаваму;
 
І ўзялі мы ва ўласнасць у той час гэтую зямлю ад Араэра над ручаём Арнон аж да паловы гары Галаад; і гарады яе аддаў я [пакаленням] Рубэна і Гада.

а рэшту Галаада і ўвесь Васан, царства Ога, аддаў я палавіне племя Манасіінага, усю вобласьць Аргаў з усім Васанам.
 
Рэшту Галаада і ўвесь Басан, царства Ога, даў я палове пакалення Манасы, увесь абшар Аргоба; увесь гэты прастор Басана называецца зямлёю рэфаімаў.

Яір, сын Манасіін, узяў усю вобласьць Аргаў да межаў Гесурскіх І Маахскіх, і назваў Васан, паводле імя свайго, селішчамі Яіравымі, як і да сёньня;
 
Яір, сын Манасы, здабыў увесь абшар Аргоба аж да межаў Гэсура і Мааха; і назваў іх сваім імем «Басан Гавот Яірa», так і да сённяшняга дня.

Махіру даў я Галаад;
 
Махіру я даў Галаад,

а племю Рувімаваму і Гадаваму даў ад Галаада да патока Арнона, зямлю паміж патокам і мяжою, да патока Явока, мяжы сыноў Амонавых,
 
а пакаленням Рубэна і Гада даў частку зямлі Галаада аж да ручая Арнон, сярэдзіну ручая як мяжу аж да ручая Ябок, якая ёсць мяжою сыноў Амона,

таксама раўніну і Ярдан, які ёсьць і мяжа, ад Кінэрата да мора раўніны, мора Салёнага, каля падножжа гары Фасгі на ўсход.
 
і яшчэ Арабу з Ярданам як межы ад Кінэрэта да мора Арабы, якое ёсць морам Салёным ля падножжа гары Пісга на ўсход.

І загадаў я вам у той час, кажучы: Гасподзь, Бог ваш, даў вам зямлю гэтую ў валоданьне; усе здольныя да вайны, узброіўшыся, ідзеце паперадзе братоў вашых, сыноў Ізраілевых,
 
У гэты час даў я вам гэткі загад, кажучы: «Госпад, Бог ваш, даў вам гэтую зямлю ва ўласнасць; дык вы ўсе, здатныя да бою, пойдзеце, узброеныя, наперадзе братоў вашых, сыноў Ізраэля,

толькі жонкі вашыя і дзеці вашыя і быдла вашае няхай застануцца ў гарадах вашых, якія я даў вам,
 
толькі без жонак, дзяцей і жывёлы. Я ведаю, што вы маеце вялікія статкі, дык яны павінны будуць застацца ў гарадах, якія я вам аддаў,

пакуль Гасподзь ня дасьць спакою братам нашым, і пакуль і яны не атрымаюць у валоданьне зямлю, якую Гасподзь, Бог ваш, дасьць ім за Ярданам; тады вернецеся кожны ў сваё валоданьне, якое я даў вам.
 
аж пакуль Госпад дасць супачынак братам вашым, як вам даў, ды аж пакуль і яны атрымаюць ва ўласнасць зямлю, якую Госпад, Бог ваш, мае даць ім за Ярданам; тады кожны вернецца да ўласнасці сваёй, якую я даў вам”.

І Ісусу наказаў я ў той час, кажучы: вочы твае бачылі ўсё, што зрабіў Гасподзь, Бог ваш, з двума царамі гэтымі; тое самае зробіць Гасподзь з усімі царствамі, якія ты будзеш праходзіць;
 
У той час загадаў я Ешуа, кажучы: «Твае вочы бачылі, што зрабіў Госпад, Бог ваш, двум гэтым царам; так зробіць Ён усім царствам, да якіх ты маеш прыйсці.

ня бойцеся іх, бо Гасподзь, Бог ваш, Сам змагаецца за вас.
 
Не бойся іх: бо Госпад, Бог ваш, будзе ваяваць за вас».

І маліўся я Госпаду ў той час, кажучы:
 
Маліў я ў той час Госпада, кажучы:

Уладару Госпадзе, Ты пачаў паказваць рабу Твайму веліч Тваю і моцную руку Тваю; бо які бог ёсьць на небе, альбо на зямлі, які мог бы чыніць такія дзеі, як Твае, і з магутнасьцю такою, як Твая?
 
«Госпадзе Божа, Ты пачаў Свайму слузе аб’яўляць Сваю веліч і руку магутную. Які ж ёсць іншы бог на небе або на зямлі, які б здолеў выканаць справы Твае і прыпадобніцца да магутнасці Тваёй?

дай мне перайсьці і ўбачыць тую добрую зямлю, якая за Ярданам, і тую цудоўную гару і Ліван.
 
Дык дазволь мне прайсці і ўбачыць тую найлепшую зямлю за Ярданам, і гару тую выдатную, і Лібан».

Але Гасподзь гневаўся на мяне за вас і не паслухаў мяне, і сказаў мне Гасподзь: годзе табе, больш не кажы Мне пра гэта;
 
Але разгневаўся Госпад на мяне з-за вас і не выслухаў мяне, але сказаў мне: «Хопіць табе, больш ніколі не гавары Мне пра гэта.

узыдзі на вяршыню Фасгі й зірні вачыма тваімі да мора і на поўнач, і на поўдзень і на ўсход, і паглядзі вачыма тваімі, бо ты не пяройдзеш за Ярдан гэты;
 
Узыдзі на вяршыню Пісгі і паглядзі вачамі сваімі на захад і поўнач, поўдзень і ўсход, і агледзь, бо гэтага, вось, Ярдана ты не пяройдзеш.

і дай настаўленьне Ісусу, і ўмацуй яго, і ўцьвердзі яго; бо ён будзе папярэднічаць народу гэтаму і ён падзеліць ім на надзелы зямлю, на якую ты паглядзіш.
 
Загадай Ешуа, і падбадзёр яго, і падтрымай, бо ён пойдзе наперадзе гэтага народа і падзеліць для іх зямлю, якую ты маеш убачыць».

І спыніліся мы ў даліне насупраць Бэт-Фэгора.
 
Так былі мы ў даліне насупраць Бэт-Пэгора.