Другі закон 29 разьдзел

Другі закон
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Вось словы запавету, які Гасподзь загадаў Майсею пастанавіць з сынамі Ізраілевымі ў зямлі Маавіцкай, акрамя запавету, які Гасподзь пастанавіў зь імі на Харыве.
 
Гэткія вось словы запавету, які загадаў Госпад Майсею, каб заключыў з сынамі Ізраэля ў зямлі Мааба, апрача запавету, які заключыў з імі на Гарэбе.

І склікаў Майсей усіх сыноў Ізраілевых і сказаў ім: мы бачылі ўсё, што зрабіў Гасподзь перад вачыма вашымі ў зямлі Егіпецкай з фараонам і ўсімі рабамі ягонымі і ўсёю зямлёю ягонаю:
 
І склікаў Майсей увесь Ізраэль, і сказаў ім: «Вы бачылі ўсё, што ў зямлі Егіпецкай на вашых вачах зрабіў Госпад фараону, і ўсім паслугачам яго, і ўсёй зямлі яго,

тыя вялікія сьмяротныя кары, якія бачылі вочы твае, і тыя вялікія азнакі і цуды;
 
тыя вялікія плягі, якія бачылі вочы вашы, тыя знакі і цуды вялізныя,

але да гэтага дня ня даў вам Гасподзь сэрца, каб разумець, вачэй, каб бачыць, і вушэй, каб чуць.
 
ды не даў вам Госпад сэрца, што разумее, ды вачэй, якія бачаць, і вушэй, якія маглі б чуць, аж да сённяшняга дня.

Сорак гадоў вадзіў вас па пустыні і вопратка ваша на вас не знасілася, і абутак твой не стаптаўся на назе тваёй;
 
І вёў я вас сорак гадоў праз пустыню; не сцёрлася адзенне ваша, сандалі на нагах вашых ад старасці не знасіліся.

хлеба вы ня елі і віна і сікеру ня пілі, каб вы ведалі, што Я Гасподзь, Бог ваш.
 
Хлеба вы не елі, віна і сікеры не пілі, каб вы ведалі што Я — Госпад, Бог ваш.

І калі вы прыйшлі на месца гэта, выступіў супроць нас Сігон, цар Эсэвонскі, і Ог, цар Васанскі, каб ваяваць з намі, і мы пабілі іх;
 
І прыйшлі вы потым на гэтае месца, і Сэгон, цар Хесебона, і Ог, цар Басана, выступілі супраць вас вайною, і мы іх пабілі.

і ўзялі зямлю іхнюю і аддалі яе ў дзялянку роду Рувімаваму і Гадаваму і палавіне роду Манасіінага.
 
І забралі мы іх зямлю, і аддалі яе ва ўласнасць пакаленням Рубэна і Гада і палове пакалення Манасы.

Трымайце ж словы запавета гэтага і выконвайце іх, каб мелі вы посьпех ва ўсім, што толькі будзеце рабіць.
 
Дык беражыце словы гэтага запавету і спаўняйце іх, каб мелі вы поспех ва ўсім, што робіце.

Усе вы сёньня стаіце прад абліччам Госпада, Бога вашага, правадыры плямёнаў вашых, старэйшыны вашыя, наглядчыкі вашыя, усе Ізраільцяне,
 
Вы стаіце сёння ўсе ў прысутнасці Госпада, Бога вашага; князі вашы, кіраўнікі пакаленняў вашых, старэйшыны вашы, суддзі, таксама кожны ізраэлец,

дзеці вашыя, жонкі вашыя, і прыхадні твае, якія ў табары тваім, ад таго, хто сячэ дровы твае, да таго, хто ваду тваю чэрпае,
 
дзеці і жонкі вашы, і чужаземец твой, які з табой прабывае ў лагеры, пачынаючы ад дрывасекаў аж да тых, якія чэрпаюць ваду тваю,

каб уступіць табе ў запавет Госпада, Бога твайго, і ў прысяжны дагавор зь Ім, які Гасподзь, Бог твой, сёньня пастанаўляе табе,
 
каб увайшоў ты, прычым пад прысягай, у запавет Госпада, Бога твайго, які сёння Госпад, Бог твой, заключыў з табою,

каб зрабіць цябе сёньня Ягоным народам, і Яму быць табе Богам, як Ён казаў табе, і як запрысягаўся бацькам тваім Абрагаму, Ісааку і Якаву.
 
каб зрабіць цябе сёння Сваім народам і каб Ён быў тваім Богам, як сказаў табе і як прысягнуў бацькам тваім, Абрагаму, Ізааку і Якубу.

Ня з вамі толькі аднымі я пастанаўляю гэты запавет і гэты прысяжны дагавор,
 
Не толькі з вамі аднымі заключаю я гэты запавет і зацвярджаю гэтай прысягай,

а як з тымі, якія сёньня тут з намі стаяць прад абліччам Госпада, Бога нашага, так і з тымі, якіх няма тут з намі сёньня.
 
але з усімі тут прысутнымі разам з намі перад Госпадам, Богам нашым, і з тымі, каго сёння тут з намі няма.

Бо вы ведаеце, як мы жылі ў зямлі Егіпецкай і як мы праходзілі сярод народаў, празь якія вы прайшлі,
 
Вы ж ведаеце, як мы жылі ў зямлі Егіпецкай і як ішлі між народамі, праз якія вы прайшлі.

і бачылі гідоты іхнія і балваноў іхніх, драўляных і каменных, срэбраных і залатых, якія ў іх.
 
Бачылі вы брыдоты і ідалаў іх, дрэвы і камяні, срэбра і золата, якім яны пакланяліся.

Хай ня будзе сярод вас мужчыны альбо жанчыны, альбо роду, альбо племя, сэрца якіх ухілілася б сёньня ад Госпада, Бога нашага, каб хадзіць служыць багам тых народаў; хай ня будзе сярод вас кораня, што гадуе атруту і палын,
 
Хай не будзе часам паміж вас мужчыны або жанчыны, сям’і або пакалення, якога сэрца было б сёння адвернута ад Госпада, Бога вашага, каб ісці і служыць багам гэтых народаў, ды каб гэтак не знайшоўся паміж вас корань, які родзіць атруту і палын.

такога чалавека, які, пачуўшы словы праклёну гэтага, хваліўся б у сэрцы сваім, кажучы: «я буду шчасьлівы нягледзячы на тое, што буду хадзіць паводле волі сэрца майго»; і прападзе такім чынам сыты з галодным;
 
Калі б хто чуў словы гэтага праклёну і патураў сабе ў сэрцы сваім, кажучы: “Супакой мець буду, хоць буду жыць у крывадушнасці сэрца свайго,” — той сцягвае загубу на зямлю як абводненую, так і сухую.

не даруе Гасподзь такому, а адразу запаліцца гнеў Госпада і лютасьць Ягоная на такога чалавека, і ўпадзе на яго ўсё пракляцьце, і сатрэ Гасподзь імя ягонае з-пад неба;
 
Госпад не даруе яму, але тады тым больш узгарыцца гнеў Яго і лютасць супраць таго чалавека, і прыйдуць на яго ўсе праклёны, якія запісаны ў гэтым скрутку, і вынішчыць Госпад імя яго з-пад неба,

і аддзеліць яго Гасподзь на пагібель ад усіх плямёнаў Ізраілевых, адпаведна з усімі праклёнамі запавету, напісанымі ў гэтай кнізе закона.
 
і аддзеліць яго на загубу з усіх пакаленняў Ізраэля, паводле ўсіх праклёнаў запавету, што запісаны ў гэтай кнізе закону.

І скажа наступны род, дзеці вашыя, якія будуць пасьля вас, і чужаземец, які прыйдзе зь зямлі далёкай, убачыўшы паразу зямлі гэтай і хваробы, якімі зьнясіліць яе Гасподзь:
 
Тады будучыя пакаленні, сыны вашы, якія народзяцца пасля вас, і прыхадні, якія прыбудуць здалёк, убачаць плягі гэтае зямлі і немачы, якімі будзе караць яе Госпад, і скажуць:

серка і соль, пажарышча — уся зямля; не засяваецца і ня родзіць яна, і ня ўзыходзіць на ёй ніякай травы, як пасьля зьнішчэньня Садомы, Гаморы, Адмы і Сэваіма, якія скінуў Гасподзь у гневе Сваім і ў лютасьці Сваёй.
 
“Серка, і соль, і пажарышча — уся яго зямля, так што не будзе яна больш засяваная і не зазелянее яна, як пасля загубы Садома і Гаморы, Адамы і Себаіма, якія Госпад знішчыў у гневе Сваім і раз’ятранасці”.

І скажуць усе народы: за што Гасподзь так зрабіў з гэтаю зямлёю якая вялікая лютасьць гневу Ягонага!
 
Тады скажуць усе народы: “Чаму Госпад зрабіў так зямлі гэтай? Чаму такая бязмежная раз’ятранасць гневу?”

І скажуць: за тое, што яны пакінулі запавет Госпада, Бога бацькоў сваіх, які Ён пастанавіў зь імі, калі вывеў зь зямлі Егіпецкай,
 
І адкажуць: “Бо пакінулі яны запавет Госпада, Бога бацькоў іх, які заключыў Ён з імі, калі вывеў іх з зямлі Егіпецкай,

і пайшлі і пачалі служыць іншым багам і пакланяцца ім, багам, якіх яны ня ведалі, і якіх Ён не назначаў ім:
 
і служылі яны багам чужым, і пакланяліся ім, тым, якіх не ведалі і якія не былі ім прызначаны,

за тое запаліўся гнеў Госпада на зямлю гэтую, і навёў Ён на яе ўсе пракляцьці, запісаныя ў гэтай кнізе,
 
таму ўзгарэўся гнеў Госпада супраць гэтай зямлі, і навёў Ён на яе ўсе праклёны, якія ў гэтым скрутку запісаны.

і выкінуў іх Гасподзь зь зямлі іхнай у гневе, лютасьці і вялікім абурэньні, і кінуў іх на другую зямлю, як сёньня бачым.
 
І выгнаў Ён іх з зямлі іх у гневе, раз’ятранасці і абурэнні страшным, і выгнаў іх у зямлю чужую, як гэта сёння было пацверджана”».

Схаванае належыць Госпаду, Богу нашаму, а адкрытае нам і сынам нашым давеку, каб мы выконвалі ўсе словы закона гэтага.
 
Скрытае належыць Госпаду, Богу нашаму, а адкрытае — нам і сынам нашым аж навек, каб спаўнялі мы ўсе словы гэтага закону.