Другі закон 29 разьдзел

Другі закон
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Гэта словы запавету, які загадаў ГОСПАД Майсею заключыць з сынамі Ізраіля ў зямлі Мааў, апрача запавету, які заключыў з імі на Харэве.
 
Гэткія вось словы запавету, які загадаў Госпад Майсею, каб заключыў з сынамі Ізраэля ў зямлі Мааба, апрача запавету, які заключыў з імі на Гарэбе.

І склікаў Майсей увесь Ізраіль, і сказаў ім: «Вы бачылі ўсё, што зрабіў ГОСПАД на вачах вашых у зямлі Эгіпецкай фараону і ўсім слугам ягоным, і ўсёй зямлі ягонай,
 
І склікаў Майсей увесь Ізраэль, і сказаў ім: «Вы бачылі ўсё, што ў зямлі Егіпецкай на вашых вачах зрабіў Госпад фараону, і ўсім паслугачам яго, і ўсёй зямлі яго,

тыя вялікія плягі, якія бачылі вочы вашыя, знакі і цуды вялікія.
 
тыя вялікія плягі, якія бачылі вочы вашы, тыя знакі і цуды вялізныя,

І ня даў вам ГОСПАД сэрца, якое разумее, вачэй, якія бачаць, і вушэй, якія чуюць, аж да сёньняшняга дня.
 
ды не даў вам Госпад сэрца, што разумее, ды вачэй, якія бачаць, і вушэй, якія маглі б чуць, аж да сённяшняга дня.

І вёў я вас сорак гадоў праз пустыню; ня сьцёрліся адзеньні вашыя, сандалы вашыя на нагах вашых не падраліся.
 
І вёў я вас сорак гадоў праз пустыню; не сцёрлася адзенне ваша, сандалі на нагах вашых ад старасці не знасіліся.

Хлеба вы ня елі, віна і сікеры не пілі, каб вы ведалі, што Я — ГОСПАД, Бог ваш.
 
Хлеба вы не елі, віна і сікеры не пілі, каб вы ведалі што Я — Госпад, Бог ваш.

І прыйшлі вы на месца гэтае, і выйшлі Сыгон, валадар Хешбону, і Ог, валадар Башану, супраць вас вайною, і мы іх пабілі.
 
І прыйшлі вы потым на гэтае месца, і Сэгон, цар Хесебона, і Ог, цар Басана, выступілі супраць вас вайною, і мы іх пабілі.

І забралі мы зямлю іхнюю, і аддалі яе на ўласнасьць [сынам] Рубэна і Гада і палове калена Манасы.
 
І забралі мы іх зямлю, і аддалі яе ва ўласнасць пакаленням Рубэна і Гада і палове пакалення Манасы.

Дык захоўвайце словы запавету гэтага і выконвайце іх, каб мелі вы посьпех у-ва ўсім, што будзеце рабіць.
 
Дык беражыце словы гэтага запавету і спаўняйце іх, каб мелі вы поспех ва ўсім, што робіце.

Вы стаіцё сёньня ўсе перад абліччам ГОСПАДА, Бога вашага; начальнікі каленаў вашых, старшыні вашыя, наглядчыкі вашыя і кожны Ізраільцянін,
 
Вы стаіце сёння ўсе ў прысутнасці Госпада, Бога вашага; князі вашы, кіраўнікі пакаленняў вашых, старэйшыны вашы, суддзі, таксама кожны ізраэлец,

дзеці вашыя і жонкі вашыя, і прыхадзень твой, які ў сярэдзіне табару твайго, [пачынаючы] ад тых, якія сякуць дровы, аж да тых, якія чэрпаюць ваду,
 
дзеці і жонкі вашы, і чужаземец твой, які з табой прабывае ў лагеры, пачынаючы ад дрывасекаў аж да тых, якія чэрпаюць ваду тваю,

каб увайшоў ты ў запавет з ГОСПАДАМ, Богам тваім, і прысягай [запячатаў] тое, што сёньня ГОСПАД, Бог твой, заключыў з табою,
 
каб увайшоў ты, прычым пад прысягай, у запавет Госпада, Бога твайго, які сёння Госпад, Бог твой, заключыў з табою,

каб паставіць цябе сёньня як народ Ягоны, і каб Ён быў Богам тваім, як абяцаў табе і як запрысяг Ён бацькам тваім, Абрагаму, Ісааку і Якубу.
 
каб зрабіць цябе сёння Сваім народам і каб Ён быў тваім Богам, як сказаў табе і як прысягнуў бацькам тваім, Абрагаму, Ізааку і Якубу.

Ня толькі з вамі аднымі заключаю я гэты запавет і [зацьвярджаю] яго прысягай,
 
Не толькі з вамі аднымі заключаю я гэты запавет і зацвярджаю гэтай прысягай,

але з тымі, хто тут з намі стаяць перад абліччам ГОСПАДА, Бога нашага, і з тымі, каго сёньня тут няма з намі.
 
але з усімі тут прысутнымі разам з намі перад Госпадам, Богам нашым, і з тымі, каго сёння тут з намі няма.

Бо вы ведаеце, як мы жылі ў зямлі Эгіпецкай і як ішлі між народамі, праз якія вы прайшлі.
 
Вы ж ведаеце, як мы жылі ў зямлі Егіпецкай і як ішлі між народамі, праз якія вы прайшлі.

І вы бачылі брыдоты іхнія і ідалаў іхніх, дрэвы і камяні, срэбра і золата, якія ў іх.
 
Бачылі вы брыдоты і ідалаў іх, дрэвы і камяні, срэбра і золата, якім яны пакланяліся.

Няхай ня будзе сярод вас мужчыны або жанчыны, сям’і або пакаленьня, сэрца якога адвярнулася ад ГОСПАДА, Бога вашага, каб ісьці і служыць багам гэтых народаў. Няхай ня будзе паміж вас корань, які родзіць атруту і палын.
 
Хай не будзе часам паміж вас мужчыны або жанчыны, сям’і або пакалення, якога сэрца было б сёння адвернута ад Госпада, Бога вашага, каб ісці і служыць багам гэтых народаў, ды каб гэтак не знайшоўся паміж вас корань, які родзіць атруту і палын.

Калі нехта пачуе словы прысягі гэтай і будзе патураць сабе ў сэрцы сваім, кажучы: “Супакой мець буду, хоць буду хадзіць у закамянеласьці сэрца майго”, той сьцягвае загубу [на зямлю], як наводненую, так і сухую.
 
Калі б хто чуў словы гэтага праклёну і патураў сабе ў сэрцы сваім, кажучы: “Супакой мець буду, хоць буду жыць у крывадушнасці сэрца свайго,” — той сцягвае загубу на зямлю як абводненую, так і сухую.

ГОСПАД не даруе яму, але тады ўзгарыцца гнеў ГОСПАДА і лютасьць Ягоная супраць чалавека таго, і прыйдуць на яго ўсе праклёны, запісаныя ў кнізе гэтай, і выкрасьліць ГОСПАД імя ягонае пад небам,
 
Госпад не даруе яму, але тады тым больш узгарыцца гнеў Яго і лютасць супраць таго чалавека, і прыйдуць на яго ўсе праклёны, якія запісаны ў гэтым скрутку, і вынішчыць Госпад імя яго з-пад неба,

і аддзеліць яго ГОСПАД на загубу з усіх каленаў Ізраіля, паводле ўсіх праклёнаў запавету, запісаных у гэтай кнізе Закону.
 
і аддзеліць яго на загубу з усіх пакаленняў Ізраэля, паводле ўсіх праклёнаў запавету, што запісаны ў гэтай кнізе закону.

І пакаленьні наступныя, сыны вашыя, якія паўстануць пасьля вас, і чужынец, які прыйшоў з зямлі далёкай, убачаць плягі зямлі гэтай і немачы ейныя, якія спашле на яе ГОСПАД, і скажуць:
 
Тады будучыя пакаленні, сыны вашы, якія народзяцца пасля вас, і прыхадні, якія прыбудуць здалёк, убачаць плягі гэтае зямлі і немачы, якімі будзе караць яе Госпад, і скажуць:

“Серка і соль, і пажарышча на ўсёй зямлі. Ня будзе яна больш засяваная і не зазелянее яна, і ня вырасьце на ёй аніякая трава, як пасьля загубы Садома і Гаморы, Адмы і Цэвоіма, якія ГОСПАД зьнішчыў у гневе Сваім і ў ярасьці Сваёй”.
 
“Серка, і соль, і пажарышча — уся яго зямля, так што не будзе яна больш засяваная і не зазелянее яна, як пасля загубы Садома і Гаморы, Адамы і Себаіма, якія Госпад знішчыў у гневе Сваім і раз’ятранасці”.

І скажуць усе народы: “За што ГОСПАД зрабіў так зямлі гэтай? Чаму такі вялікі жар гневу Ягонага?”
 
Тады скажуць усе народы: “Чаму Госпад зрабіў так зямлі гэтай? Чаму такая бязмежная раз’ятранасць гневу?”

І адкажуць: “За тое, што пакінулі яны запавет ГОСПАДА, Бога бацькоў іхніх, які заключыў Ён з імі, калі вывеў іх з зямлі Эгіпецкай,
 
І адкажуць: “Бо пакінулі яны запавет Госпада, Бога бацькоў іх, які заключыў Ён з імі, калі вывеў іх з зямлі Егіпецкай,

і пайшлі, і служылі багам чужым, і пакланяліся багам, якіх ня ведалі, і якіх Ён ім не прызначыў.
 
і служылі яны багам чужым, і пакланяліся ім, тым, якіх не ведалі і якія не былі ім прызначаны,

І ўзгарэўся гнеў ГОСПАДА супраць зямлі гэтай, і Ён спаслаў на яе ўсе праклёны, запісаныя ў кнізе гэтай.
 
таму ўзгарэўся гнеў Госпада супраць гэтай зямлі, і навёў Ён на яе ўсе праклёны, якія ў гэтым скрутку запісаны.

І выгнаў ГОСПАД іх з зямлі іхняй у гневе, ярасьці і абурэньні вялікім, і выгнаў іх у зямлю чужую, як гэта ёсьць сёньня”.
 
І выгнаў Ён іх з зямлі іх у гневе, раз’ятранасці і абурэнні страшным, і выгнаў іх у зямлю чужую, як гэта сёння было пацверджана”».

Схаванае [належыць] ГОСПАДУ, Богу нашаму, а адкрытае — нам і сынам нашым аж на вякі, каб мы выконвалі ўсе словы Закону гэтага.
 
Скрытае належыць Госпаду, Богу нашаму, а адкрытае — нам і сынам нашым аж навек, каб спаўнялі мы ўсе словы гэтага закону.