Другі закон 7 разьдзел
Другі закон
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017
Калі ГОСПАД, Бог твой, увядзе цябе ў зямлю, у якую ідзеш, каб завалодаць ёю, Ён выганіць перад табой шматлікія народы, Хетаў і Гіргашэяў, Амарэйцаў, Хананейцаў, Пэрэзэяў, Хівеяў і Евусэяў, сем народаў, большых і дужэйшых за цябе.
Калі Госпад, Бог твой, увядзе цябе ў зямлю, да якой ідзеш, каб завалодаць ёю, вынішчыць Ён перад табой многія народы, хетэяў і гергесеяў, амарэяў, хананеяў, феразеяў, гівеяў і евусеяў, сем народаў намнога большых і дужэйшых за цябе.
ГОСПАД, Бог твой, аддасьць іх табе, і ты выгубіш іх, і пакладзеш на іх закляцьце, і не заключыш з імі запавет, і ня зьлітуешся над імі.
Госпад, Бог твой, аддасць іх табе, а ты іх выгубі аж да поўнага вынішчэння. Не заключай з імі пагаднення і не будзь да іх літасцівы.
Ня будзеш з імі мець сужонстваў; сынам іхнім не аддасі за жонку дачкі сваёй і ня возьмеш ад іх дачкі для сына свайго,
Не злучайся з імі ў шлюбе: не аддавай дачкі сваёй сынам іх, а іх дачку не прымай для сына твайго,
бо яны адцягнуць сыноў тваіх ад Мяне, каб служыць багам чужым. І ўзгарыцца гнеў ГОСПАДА на вас, і Ён хутка вас зьнішчыць.
бо яна звядзе сына твайго, каб не ішоў ён следам за Ім ды каб служыў другім багам, і ўзгарыцца гнеў Госпада на вас, і Ён хутка вас знішчыць.
Але так маеце зрабіць з імі: ахвярнікі іхнія разбурыце, слупы іхнія скрышыце, астартаў іхніх пасячыце, а статуі спаліце агнём.
Але вось так маеце зрабіць лепш з імі: знішчыце іх ахвярнікі, разбіце іх камяні, ссячыце святыя гаі, а ідалаў спаліце агнём.
Бо ты — народ, пасьвячоны ГОСПАДУ, Богу твайму. Цябе выбраў ГОСПАД, Бог твой, каб быў ты выбраным народам Ягоным з усіх народаў, якія жывуць на абліччы зямлі.
Бо ты народ, пасвячоны Госпаду, Богу твайму. Цябе выбраў Госпад, Бог твой, каб быў ты Яго ўласным народам з усіх народаў, што жывуць на зямлі.
ГОСПАД выбраў вас і ўпадабаў вас не таму, што вы перавышаеце лікам усе народы, бо з усіх народаў вы найменшыя,
Не з той прычыны, што вы перавышаеце лікам усе народы, паяднаўся з вамі Госпад і абраў вас, — бо вы меншыя з усіх народаў, —
але таму, што ГОСПАД любіць вас і захаваў прысягу, якою прысягнуў бацькам вашым, і Ён вывеў вас рукою моцнаю, і вызваліў вас з дому няволі, з рукі фараона, валадара Эгіпецкага.
але дзеля таго, што Госпад палюбіў вас і захаваў запавет, якім прысягнуў бацькам вашым, вывеў Ён вас рукой дужай і выкупіў цябе з дому няволі, з рукі фараона, цара Егіпта.
І ведай, што ГОСПАД, Бог твой, ёсьць Бог, Бог верны, Які захоўвае запавет і міласэрнасьць тым, якія любяць Яго, і тым, якія захоўваюць прыказаньні Ягоныя, на тысячы пакаленьняў,
І ведай, што Госпад, Бог твой, і ёсць Сам Бог, Бог верны, Які зберагае запавет і міласэрнасць да тых, хто любіць Яго, і да тых, якія пільнуюць загады Яго, на тысячы пакаленняў,
і аднагароджвае тым, якія ненавідзяць Яго, так, каб зьнішчыць іх, і безадкладна адплочвае тым, якія ненавідзяць Яго.
і адгаджае ненавіснікам Сваім так, каб расцярушыць іх і больш не памнажаць, безадкладна аддаючы ім тое, што яны заслугоўваюць.
Дык захоўвай прыказаньні, пастановы і прысуды, якія я сёньня загадваю табе, каб ты выконваў.
Дык выконвай загады, і прыказанні, і законы, якія Я сёння даю табе, каб ты выконваў.
Калі вы будзеце слухаць прысуды гэтыя, і захоўваць іх, і выконваць іх, ГОСПАД, Бог твой, захавае для цябе запавет і міласэрнасьць, якія запрысяг бацькам тваім,
Калі вы будзеце слухаць гэтыя загады, берагчы іх і выконваць, то і Госпад, Бог твой, зберажэ для цябе запавет і міласэрнасць, аб якой прысягаў бацькам тваім,
і будзе любіць цябе, і дабраславіць цябе, і памножыць, і дабраславіць плод жывата твайго, і плод зямлі тваёй, і збожжа тваё, збор вінаграду твайго і алею твайго, і нараджэньне быдла твайго, прыплод авечак тваіх у зямлі, якую запрысяг бацькам тваім, што дасьць табе.
і будзе любіць цябе і дабраслаўляць цябе, і размножыць цябе, і дабраславіць плод улоння твайго і плод зямлі тваёй, збожжа тваё і вінаград, алей і прыплод жывёлы, і прырост авечак тваіх на зямлі, адносна якой прысягнуў Ён бацькам тваім, што дасць яе табе.
Дабраслаўлёны ты будзеш больш за ўсе народы. Ня будзе ў цябе бясплоднага і бясплоднай, як у людзей, так і ў жывёлы тваёй.
Дабраславёны будзеш ты больш за ўсе народы. Не будзе ў цябе ані бясплоднага, ані бясплоднай, як у людзей, так і ў статках тваіх.
Ухіліць ад цябе ГОСПАД усякую немач, і страшныя хваробы Эгіпецкія, якія ты ведаў, не спашле на цябе, але дасьць іх тым, якія ненавідзяць цябе.
Забярэ ад цябе Госпад усякую немач; і найгоршыя хваробы егіпецкія, якія ты ведаў, не нашле на цябе, але на ўсіх ворагаў тваіх.
Ты выгубіш усе народы, якія дае табе ГОСПАД, Бог твой. Няхай не пашкадуе іх вока тваё, і ня будзеш служыць багам іхнім, каб ня сталіся яны табе пасткаю.
Ты паглынеш усе народы, якія Госпад, Бог твой, мае даць табе; хай не пашкадуе іх вока тваё, і не служы багам іх, каб не былі яны на загубу табе.
Калі скажаш у сэрцы тваім: “Народы гэтыя большыя лікам за мяне, не змагу іх выгубіць”,
Калі скажаш ты ў сэрцы сваім: «Гэтыя народы большыя лікам за мяне; як жа змагу я вынішчыць іх?» —
ня бойся іх, але памятай, што зрабіў ГОСПАД, Бог твой, фараону і ўсім Эгіпцянам;
не бойся іх, але ўспомні, што зрабіў Госпад, Бог твой, фараону і ўсім егіпцянам:
вялікія кары, якія бачылі вочы твае, і знакі, і цуды, і руку моцную, і рамяно ўзьнятае, якімі вывеў цябе ГОСПАД, Бог твой. Так зробіць ГОСПАД, Бог твой, усім народам, якіх ты баішся.
вялікія плягі, якія бачылі вочы твае, і знакі, і цуды, а таксама руку магутную і ўзнятае плячо, каб вывеў цябе Госпад, Бог твой; так зробіць Ён усім народам, якіх ты баішся.
І спашле на іх ГОСПАД, Бог твой, шэршанёў, пакуль не загінуць тыя, што засталіся, якія схаваліся перад абліччам тваім.
Звыш таго, пашле на іх Госпад, Бог твой, шэршняў, аж пакуль не вынішчыць усіх і не расцярушыць тых, якія маглі ўцячы ад цябе і схавацца.
Ня бойся іх, бо ГОСПАД, Бог твой, пасярод цябе, Бог вялікі і страшны.
Не бойся іх, бо Госпад, Бог твой, — пасярод цябе, Бог магутны і страшны.
ГОСПАД, Бог твой, будзе прыбіраць народы гэтыя перад табою памалу. Ня зьнішчыць іх хутка, каб не памножыліся супраць цябе зьвяры палявыя.
Ён будзе знішчаць гэтыя народы перад абліччам тваім пакрысе і часткамі. Не зможаш вынішчыць іх хутка, каб не размножыліся супраць цябе звяры зямныя.
І аддасьць іх табе ГОСПАД, Бог твой, і будзе іх трывожыць вялікай трывогай, аж пакуль ня будуць вынішчаныя.
І выдасць іх Госпад, Бог твой, перад абліччам тваім, і будзе трывожыць іх вялікай трывогай, пакуль зусім не будуць вынішчаны.
У рукі твае аддасьць Ён валадароў іхніх, і ты сатрэш імёны іхнія з-пад неба; ніхто [з іх] не ўстаіць перад абліччам тваім, пакуль ня выгубіш іх.
У рукі твае аддасць Ён цароў іх, і сатрэш імёны іх з-пад неба; ніхто не зможа супрацівіцца табе, пакуль не выгубіш іх.
Выявы багоў іхніх спаліш агнём. Не пажадай срэбра і золата, якое на іх, і не бяры сабе, каб яно не зьвяло цябе, бо гэта брыдота для ГОСПАДА, Бога твайго.
Ідалаў іх спалі агнём; і не будзь сквапным на срэбра і золата, якімі яны прыбраныя, нічога з гэтага не бяры сабе, каб не ўчыніць грэх, бо гэта брыдота для Госпада, Бога твайго.
Ніякай брыдоты не ўнясеш у дом твой, і ня будзеш ты закляцьцем, як яно. Пагарджаючы, будзеш пагарджаць і, брдзячыся, будзеш брыдзіцца гэтым, бо яно заклятае.
Не прынось брыдоту ў дом твой, каб не было на цябе пракляцця, як і на яе; прызнавай гэта за бруд і лічы за нячыстасць ды агіднасць брыдкую, бо гэта — пракляцце.