Другі закон 22 разьдзел
Другі закон
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017
Калі ўбачыш вала брата твайго або авечку ягоную, што заблукала, не пакідай іх, але вярні іх брату твайму.
Калі ўбачыш вала або авечку брата свайго, якія заблукалі, не пакідай іх, але вярні іх брату твайму.
Калі ж брат твой ня блізка ад цябе і калі ня ведаеш яго, завядзі іх у дом твой і няхай будуць у цябе, аж прыйдзе іх шукаць брат твой, і тады вернеш іх яму.
Калі ж брат твой не блізка ад цябе або калі яго не ведаеш, завядзі ў дом свой і хай будуць у цябе, аж прыйдзе іх шукаць брат твой і тады аддасі іх яму.
Так зробіш з аслом ягоным, так зробіш з плашчом ягоным, так зробіш з кожнаю згубленаю [рэччу] брата твайго, [з усім], што ў яго згінула, а ты знайшоў; нельга табе ўхіліцца ад гэтага.
Так зрабі з яго аслом, з плашчом і з кожнаю згубленаю рэччу брата свайго: калі знойдзеш яе, не замоўчвай.
Калі ўбачыш асла брата твайго або вала ягонага, якія ўпалі на дарозе, не пакідай іх, але падымі з ім разам.
Калі ўбачыш, што асёл або вол брата твайго ўпаў на дарозе, не хавайся, але падымай разам з ім.
Няхай ня будзе на жанчыне адзеньня мужчынскага, а мужчына няхай не апранае шаты жаночыя; бо агідны ГОСПАДУ, Богу твайму, кожны, хто гэтак робіць.
Хай не апранаецца жанчына ў мужчынскае адзенне, а мужчына хай не ўжывае адзення жаночага; бо агідны Госпаду, Богу твайму, кожны, хто гэта робіць.
Калі перад абліччам тваім знойдзеш на дарозе, на дрэве або на зямлі птушынае гняздо з птушанятамі або з маткаю, якая выседжвае яйкі ці птушанятаў, не бяры маткі з птушанятамі.
Калі, ідучы дарогай, знойдзеш на дрэве або на зямлі птушынае гняздо з маці і птушанятамі або з маці, якая выседжвае яйкі, то не бяры маці з птушанятамі.
Матку пусьці, а дзяцей вазьмі сабе, каб добра было табе і каб доўгімі былі дні [твае].
Маці пусці, а дзяцей вазьмі сабе, каб табе добра было і каб доўгімі былі дні твае.
Калі пабудуеш новы дом, дык зрабі на даху тваім агароджу, каб не навесьці крыві на дом твой, калі [нехта] зваліцца з яго.
Калі збудуеш новы дом, дык зрабі на даху тваім кругом агароджу, каб не навесці крыві на дом свой, калі хто-небудзь зваліцца з яго.
Не засявай вінаградніку твайго двума гатункамі насеньня, каб не зрабіць табе заклятым і збор насеньня, якое ты пасееш, і плады вінаградніку твайго.
Не засявай вінаградніку свайго другім насеннем, каб не зрабіць табе заклятым і збор насення, якое ты пасееш, і плады вінаградніку свайго.
Не ары на вале і асьле разам.
Не ары на вале і асле разам.
Не апранай [адзеньня], сатканага з воўны і лёну разам.
Не апранай адзення, сатканага з воўны і лёну разам.
Зрабі сабе фрэнзьлі на чатырох канцах плашчу твайго, якім акрываешся.
Зрабі сабе фрэнзлі на чатырох рагах плашча твайго, якім акрываешся.
Калі мужчына возьме жонку і ўвойдзе да яе, а [потым] зьненавідзіць яе,
«Калі хто возьме жонку і ўвойдзе да яе, а потым узненавідзіць яе,
і, закідаючы ёй ліхія ўчынкі, зьняславіць яе, і скажа: “Узяў я гэтую жанчыну, і ўвайшоў да яе, але не знайшоў у яе дзявоцтва”,
і пачне намаўляць на яе, і зняславіць яе, кажучы: “Узяў я яе за жонку, але, увайшоўшы да яе, не знайшоў у яе дзявоцтва”,
тады бацька і маці дзяўчыны возьмуць і прынясуць [знакі] дзявоцтва дзяўчыны да старшыняў гораду і да брамы,
тады бацька і маці яе хай занясуць знакі дзявоцтва яе да старэйшых з горада, якія сядзяць у браме,
і бацька дзяўчыны скажа старшыням: “Даў я дачку сваю чалавеку гэтаму за жонку, а ён яе зьненавідзеў.
і бацька хай скажа: “Даў я сваю дачку гэтаму чалавеку за жонку, а ён яе ўзненавідзеў
Вось, ён закідае ёй ліхія ўчынкі, кажучы: "Не знайшоў я ў дачкі тваёй дзявоцтва". Але вось [доказы] дзявоцтва дачкі маёй”, — і раскладзе палатніну перад старшынямі гораду.
і знеслаўляе яе імя тым, што кажа: “Не знайшоў я ў дачкі тваёй дзявоцтва”. Але вось доказы дзявоцтва маёй дачкі”, — і раскладзе адзенне перад старэйшымі з горада.
І возьмуць старшыні гораду мужчыну таго, і пакараюць яго,
Тады старэйшыя з таго горада хай возьмуць мужчыну і пакараюць яго,
І накладуць на яго сто [сыкляў] срэбра, і аддадуць іх бацьку дзяўчыны, бо ён зьняславіў імя дзяўчыны Ізраіля; і яна застанецца жонкай ягонай, і ня будзе ён магчы кінуць яе ўсе дні свае.
і накладуць на яго пакаранне ў сто сікляў срэбра, і аддадуць іх бацьку тае жанчыны, бо зняславіў ён імя дзяўчыны Ізраэля; яна хай застаецца яго жонкай і не зможа ён кінуць яе ва ўсе дні жыцця свайго.
Але калі праўдзівае было слова тое, бо не знайшліся [доказы] дзявоцтва дзяўчыны,
Але калі тое, у чым ён абвінавачвае, акажацца праўдай, калі не пацверджана дзявоцтва ў дзяўчыны,
тады завядуць дзяўчыну тую да дзьвярэй дому бацькі ейнага і каменаваць яе будуць камянямі мужчыны гораду гэтага аж да сьмерці, бо яна ўчыніла ганьбу ў Ізраілі, чынячы распусту ў доме бацькі свайго. І вынішчыш зло з асяродзьдзя твайго.
то завядуць яе да дзвярэй дома бацькі яе і ўкамянуюць яе мужчыны гэтага горада аж да смерці, бо прынесла яна ганьбу Ізраэлю тым, што распуснічала ў доме бацькі свайго; так вынішчыш зло з асяроддзя свайго».
Калі знойдзены будзе мужчына, які ляжыць з жанчынай, якая мае мужа, абое няхай памруць, мужчына, які ляжаў з жанчынай, і жанчына. І вынішчыш ліхоцьце з Ізраіля.
Калі знойдзены будзе мужчына, што ляжыць з чужою жонкай, абое хай памруць: чужаложнік і чужаложніца; і ты вынішчыш ліха з Ізраэля.
Калі будзе дзяўчына, якая заручана мужу, і знойдзе яе [іншы] мужчына ў горадзе, і ляжа з ёю,
Калі хто-небудзь спаткае ў горадзе маладую дзяўчыну, заручаную мужу, і ляжа з ёю,
абодвух прывядзіце да брамы гораду гэтага і ўкамянуйце іх камянямі да сьмерці. Дзяўчыну за тое, што не крычала ў горадзе, а мужчыну за тое, што зьняважыў жонку бліжняга свайго. І вынішчыш зло спаміж сябе.
то абаіх прывядзіце да брамы горада таго і ўкамянуйце да смерці: дзяўчыну за тое, што не крычала, будучы ў горадзе, а таго мужчыну за тое, што згвалтаваў жонку блізкага свайго, і так вынішчыш зло паміж сябе.
А калі мужчына знайшоў у полі заручаную дзяўчыну і згвалціў яе, і лёг з ёю, няхай памрэ адзін мужчына, які ляжаў з ёю,
Калі, аднак, мужчына знайшоў на полі заручаную дзяўчыну і, схапіўшы, лёг з ёю, хай ён адзін памрэ,
а той дзяўчыне нічога не рабіце, бо яна не дапусьцілася грэху, [вартага] сьмерці, бо гэта падобна на тое, калі хто паўстане супраць бліжняга свайго і адбярэ яму душу.
а дзяўчыне хай нічога не будзе, няма на ёй смяротнай віны, бо падобна, як чалавек паўстае супраць брата свайго і забівае яго, тое ж і дзяўчына пацярпела:
Бо яе знайшоў ён у полі, і дзяўчына заручаная крычала, але [ніхто] не дапамог ёй.
яна адна была на полі, і крычала заручаная дзяўчына, але не было нікога, хто б дапамог ёй.
Калі мужчына знайшоў дзяўчыну, якая не заручаная, і схапіў яе, і лёг з ёю, і знойдуць іх,
Калі б мужчына напаткаў цнатлівую дзяўчыну, не заручаную, схапіў яе і лёг з ёю, і справа дайшла б да суда,
той мужчына, які ляжаў з ёю, дасьць бацьку дзяўчыны пяцьдзясят [сыкляў] срэбра, і яна будзе жонкай ягонай, таму што ён упакорыў яе, і ня будзе ён магчы кінуць яе ўсе дні свае.
той мужчына, які лёг з ёю, хай дасць бацьку дзяўчыны пяцьдзесят сікляў срэбра і возьме яе за жонку, таму што ён згвалтаваў яе, і не будзе ў яго магчымасці кінуць яе ва ўсе дні жыцця яго.