Другі закон 22 разьдзел

Другі закон
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Калі ўбачыш вала брата твайго або авечку ягоную, што заблукала, не пакідай іх, але вярні іх брату твайму.
 
І не дазволь сабе бачыць вала брата свайго альбо авечкі, што адбілася, і хавацца ад іх, але канечне зьвярні іх брату свайму.

Калі ж брат твой ня блізка ад цябе і калі ня ведаеш яго, завядзі іх у дом твой і няхай будуць у цябе, аж прыйдзе іх шукаць брат твой, і тады вернеш іх яму.
 
Калі ж ня блізка будзе ад цябе брат твой, і ты ня знаеш яго, то вазьмі іх унутр двара свайго, і хай яны будуць у цябе, пакуль брат твой ня будзе шукаць іх, і тады зьвярні яму іх.

Так зробіш з аслом ягоным, так зробіш з плашчом ягоным, так зробіш з кожнаю згубленаю [рэччу] брата твайго, [з усім], што ў яго згінула, а ты знайшоў; нельга табе ўхіліцца ад гэтага.
 
І гэтак рабі з аслом ягоным, і гэтак рабі з адзецьцям ягоным, і гэтак рабі з усялякаю згубаю брата свайго, каторую ён згубе і каторую ты знойдзеш; нельга табе таіць іх.

Калі ўбачыш асла брата твайго або вала ягонага, якія ўпалі на дарозе, не пакідай іх, але падымі з ім разам.
 
Не дазволь сабе бачыць асла брата свайго альбо вала ягонага, упалых у дарозе, і хавацца ад іх, але канечне падыймі іх разам ізь ім.

Няхай ня будзе на жанчыне адзеньня мужчынскага, а мужчына няхай не апранае шаты жаночыя; бо агідны ГОСПАДУ, Богу твайму, кожны, хто гэтак робіць.
 
На жонцы ня мае быць мужчынскіх убораў, і мужчына ня мае адзявацца ў жаноцкае адзецьце; бо агіда СПАДАРУ, Богу твайму, у кажным робячым гэта.

Калі перад абліччам тваім знойдзеш на дарозе, на дрэве або на зямлі птушынае гняздо з птушанятамі або з маткаю, якая выседжвае яйкі ці птушанятаў, не бяры маткі з птушанятамі.
 
Калі луча птушынае гняздо перад табою на дарозе на якім дзерве альбо на зямлі з птушанятамі альбо зь яйцамі, і маці сядзіць на птушанятах альбо на яйцах, то небяры маці разам ізь дзецьмі;

Матку пусьці, а дзяцей вазьмі сабе, каб добра было табе і каб доўгімі былі дні [твае].
 
Маці канечне пусьці, а дзеці вазьмі сабе, каб табе было добра, і каб працягнуліся дні твае.

Калі пабудуеш новы дом, дык зрабі на даху тваім агароджу, каб не навесьці крыві на дом твой, калі [нехта] зваліцца з яго.
 
Калі будзеш станавіць новы дом, то зрабі поручні наўкола страхі свае, каб не навесьці крыві на дом свой, калі хто, паваліўшыся, зваліцца зь яго.

Не засявай вінаградніку твайго двума гатункамі насеньня, каб не зрабіць табе заклятым і збор насеньня, якое ты пасееш, і плады вінаградніку твайго.
 
Не садзі вінішча свайго рознымі садзьбамі, каб не аканаваць табе цэласьці садзьбы, каторую ты пасадзіш, і плод вінішча.

Не ары на вале і асьле разам.
 
Не ары на валу й асьле разам.

Не апранай [адзеньня], сатканага з воўны і лёну разам.
 
Не адзявай адзецьця з розных гатункаў, з воўны й лёну разам.

Зрабі сабе фрэнзьлі на чатырох канцах плашчу твайго, якім акрываешся.
 
Зрабі сабе завіваньне на чатырох рагох адзежы свае, каторую ты адзяеш.

Калі мужчына возьме жонку і ўвойдзе да яе, а [потым] зьненавідзіць яе,
 
Калі хто возьме жонку, і ўвыйдзе да яе, і зьненавідзе яе,

і, закідаючы ёй ліхія ўчынкі, зьняславіць яе, і скажа: “Узяў я гэтую жанчыну, і ўвайшоў да яе, але не знайшоў у яе дзявоцтва”,
 
І дасьць прычыну да гаворкі на яе, і пусьце празь яе няславу, і скажа: "Жонку гэтую я ўзяў і дабліжыўся да яе, і не знайшоў у яе дзявоцтва";

тады бацька і маці дзяўчыны возьмуць і прынясуць [знакі] дзявоцтва дзяўчыны да старшыняў гораду і да брамы,
 
Дык возьме ацец дзеўчын а маці ейная і вынясуць знак дзявоцтва дзяўчыны да старцоў места, да брамы,

і бацька дзяўчыны скажа старшыням: “Даў я дачку сваю чалавеку гэтаму за жонку, а ён яе зьненавідзеў.
 
І скажа ацец дзеўчын старцом: "Дачку сваю я аддаў гэтаму чалавеку за жонку, і ён зьненавідзеў яе,

Вось, ён закідае ёй ліхія ўчынкі, кажучы: "Не знайшоў я ў дачкі тваёй дзявоцтва". Але вось [доказы] дзявоцтва дачкі маёй”, — і раскладзе палатніну перад старшынямі гораду.
 
І вось, ён даў прычыну да гаворкі на яе, кажучы: ’Я не знайшоў у дачкі твае дзявоцтва’; але во знак дзявоцтва дачкі мае". І расьцеле адзежу перад старцамі места.

І возьмуць старшыні гораду мужчыну таго, і пакараюць яго,
 
І возьмуць старцы таго места мужа, і пакараюць яго,

І накладуць на яго сто [сыкляў] срэбра, і аддадуць іх бацьку дзяўчыны, бо ён зьняславіў імя дзяўчыны Ізраіля; і яна застанецца жонкай ягонай, і ня будзе ён магчы кінуць яе ўсе дні свае.
 
І накладуць на яго сто срэбра кары, і аддадуць айцу дзеўкі, бо ён пусьціў няславу праз дзеўку ізраельскую; яна ж хай застанецца яго жонкаю, і ён ня можа разьвесьціся зь ёю ўсе жыцьцё свае.

Але калі праўдзівае было слова тое, бо не знайшліся [доказы] дзявоцтва дзяўчыны,
 
Калі ж праўдаю было гэта слова, і не знайшлося дзявоцтва ў дзяўчыны,

тады завядуць дзяўчыну тую да дзьвярэй дому бацькі ейнага і каменаваць яе будуць камянямі мужчыны гораду гэтага аж да сьмерці, бо яна ўчыніла ганьбу ў Ізраілі, чынячы распусту ў доме бацькі свайго. І вынішчыш зло з асяродзьдзя твайго.
 
То дзеўку хай прывядуць да дзьвярэй дому айца ейнага, і ўкамянуюць яе жыхары места ейнага, і хай памрэць яна; бо яна зрабіла нягоднасьць у Ізраелю, бязуліўшы ў доме айца свайго; і выкарані ліха з пасярод сябе.

Калі знойдзены будзе мужчына, які ляжыць з жанчынай, якая мае мужа, абое няхай памруць, мужчына, які ляжаў з жанчынай, і жанчына. І вынішчыш ліхоцьце з Ізраіля.
 
Калі каго засьпеюць лежачага із замужкаю, то хай памруць таксама абое, мужчына, што ляжаў із жонкаю, і жонка; і выкарані ліха з Ізраеля.

Калі будзе дзяўчына, якая заручана мужу, і знойдзе яе [іншы] мужчына ў горадзе, і ляжа з ёю,
 
Калі будзе дзеўка дзявушчая заручана мужу, і хто-колечы стрэнецца зь ёю ў месьце, і ляжа зь ёю,

абодвух прывядзіце да брамы гораду гэтага і ўкамянуйце іх камянямі да сьмерці. Дзяўчыну за тое, што не крычала ў горадзе, а мужчыну за тое, што зьняважыў жонку бліжняга свайго. І вынішчыш зло спаміж сябе.
 
То абаіх іх вывядзіце да брамы таго места, і ўкамянуйце, і хай памруць яны: дзеўка за тое, што яна ня крычэла ў месьце, а мужчына за тое, што паніжыў жонку прыяцеля свайго; і выкарані ліха з пасярод сябе.

А калі мужчына знайшоў у полі заручаную дзяўчыну і згвалціў яе, і лёг з ёю, няхай памрэ адзін мужчына, які ляжаў з ёю,
 
Калі ж хто на полю знойдзе дзеўку заручаную, і, схапіўшы яе, тый чалавек ляжа зь ёю, то хай памрэць адзін мужчына, што ляжаў зь ёю;

а той дзяўчыне нічога не рабіце, бо яна не дапусьцілася грэху, [вартага] сьмерці, бо гэта падобна на тое, калі хто паўстане супраць бліжняга свайго і адбярэ яму душу.
 
А дзеўцы нічога не рабі: на дзеўцы няма грэху сьмяротнага; бо гэта, як калі б хто паўстаў на прыяцеля свайго й забіў яго на сьмерць, так гэта справа.

Бо яе знайшоў ён у полі, і дзяўчына заручаная крычала, але [ніхто] не дапамог ёй.
 
Бо на полю знайшоў яе, і дзяўчына заручаная крычэла, але ня было ратаўніка ў яе.

Калі мужчына знайшоў дзяўчыну, якая не заручаная, і схапіў яе, і лёг з ёю, і знойдуць іх,
 
Калі ж хто знойдзе дзеўку дзявушчую незаручаную, і схопе яе, і ляжа зь ёю, і засьпеюць іх,

той мужчына, які ляжаў з ёю, дасьць бацьку дзяўчыны пяцьдзясят [сыкляў] срэбра, і яна будзе жонкай ягонай, таму што ён упакорыў яе, і ня будзе ён магчы кінуць яе ўсе дні свае.
 
То тый, што ляжаў зь ёю, мае даць айцу дзяўчыны пяцьдзясят срэбра, а яна хай будзе яго жонкаю, бо ён паніжыў яе; ён ня можа разьвесьціся зь ёю ўсе жыцьцё свае.