Другі закон 33 разьдзел
Другі закон
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
Гэта дабраславенства, якім дабраславіў Майсей, чалавек Божы, сыноў Ізраіля перад сьмерцю сваёй.
І во дабраславенства, каторым Масей, чалавек Божы, дабраславіў сыноў Ізраелявых перад сьмерцю сваёю;
І ён сказаў: «ГОСПАД прыйшоў з Сынаю і з Сэіру зыйшоў да іх; зьявіўся з гары Паран і прыйшоў з дзясяткамі тысячаў сьвятых, з правіцы Ягонай агонь палае.
І ён сказаў: «СПАДАР прышоў із Сынаю, узышоў ім із Сэіру, зазьзяў з гары Парану і йшоў зь дзесяцьма тысячамі сьвятых; з правае рукі Ягонае цяпло права.
Сапраўды Ён любіць народы. Усе сьвятыя Твае ў руцэ Тваёй, і яны туляцца да ног Тваіх, слухаюць словы Твае.
Запраўды Ён любе люды; усі сьвятыя Ягоныя ў руццэ Тваёй, і яны палі ніцма да ног Тваіх, каб адзяржаць із словаў Тваіх».
Закон даў нам Майсей, спадчыну збору Якуба.
Права расказаў нам Масей, спадак грамадзе Якававай.
І быў [выбраны] ў Ешуруна валадар на сходзе князёў народу разам з каленамі Ізраіля.
І ён быў кароль Ешуруна, як зьбіраліся галавы люду Ізраеля, разам усі плямёны Ізраелявы.
Няхай жыве Рубэн і няхай не памірае, і няхай будзе [нейкі] лік сьмяротных [людзей] ягоных».
«Хай жывець Рувін і хай не памірае, і хай ня будуць сьмяротныя ягоныя лічаныя».
Гэта ён сказаў да Юды: «Выслухай, ГОСПАДЗЕ, голас Юды і прывядзі яго да народу Свайго. Рукою Тваёю ваюй за яго і дапамажы яму супраць прыгнятальнікаў ягоных».
А гэта празь Юду; і сказаў: «Пачуй, СПАДАРУ, голас Юдзін, і да люду Свайго прывядзі яго; рук ягоных досыць яму і памачніком супроці варагоў ягоных Ты будзь».
Да Левія сказаў: “Тумім Твой і урым Твой дай чалавеку сьвятому Твайму, якога Ты выпрабаваў у Масе і з якім спрачаўся ля водаў Мэрывы.
І празь Лева сказаў: «Тумім твае а Урым твае на набожным мужу тваім, каторага Ты прабаваў у Масе, з каторым Ты сьперачаўся ля водаў Мерывы,
Ён пра бацьку свайго і маці сваю сказаў: "Ня ведаю вас". І не пазнаў братоў сваіх, і сыноў сваіх ня ведае, бо яны захоўваюць загады Твае і запавет Твой пільнуюць.
Каторы кажа айцу свайму а маці сваёй: "Я іх ня бачыў", і братоў сваіх не пазнаў, і сыноў сваіх ня знае; бо яны словы Твае заховуюць і змову Тваю дзяржаць,
Яны вучаць Якуба пастановам Тваім і [навучаюць] Ізраіля Закону Твайму; і паляць кадзіла ў ноздры Твае, і цэласпаленьні — на ахвярніку Тваім.
Вучаць судоў Тваіх Якава і права Твайго Ізраеля, кладуць кадзіла перад ноздрамі Тваімі і ўсепаленьне на аброчнік Твой.
Дабраславі, ГОСПАДЗЕ, моц ягоную і прымі працу рук ягоных. Стаўчы сьцёгны тых, якія паўстаюць на яго, і тыя, што зьненавідзелі яго, няхай не падымуцца».
Дабраслаў, СПАДАРУ, сілу ягоную, а работу рук ягоных Ты зыч сабе, зламі сьцёгны паўсталых на яго й ненавідзячых яго, каб яны не маглі стаяць».
Да Бэн’яміна сказаў: «Улюбёны ГОСПАДАМ будзе жыць у бясьпецы пры Ім. Ён будзе засланяць яго ўсе дні, і супачыне ён у рамёнах Ягоных”.
Веняміну сказаў: «Любы СПАДАРУ будзе жыць у яго бясьпечна; апякуецца ім увесь дзень, і памеж плеч Ягоных супачыне».
Да Язэпа сказаў: “Дабраслаўлёная ГОСПАДАМ зямля ягоная дарамі неба, расою, крыніцамі бездані падземнай,
І Язэпу сказаў: «Хай дабраславе СПАДАР зямлю ягоную дарагімі рэчмі неба, расою й бяздоньня, далавах ляжачага,
дарамі сонца і пладамі месяца,
І дарагімі пладамі сонца, і дарагімі рэчмі месяцаў,
багацьцем гор спрадвечных і пладамі ўзгоркаў адвечных,
Найгалаўнейшымі рэчмі старавечных гораў, і дарагімі рэчмі вечных узгоркаў,
пладамі зямлі і поўняй яе. Ласка Таго, Хто аб’явіўся ў кусьце, няхай зыйдзе на галаву Язэпа і на цемя пасьвячонага сярод братоў сваіх.
І дарагімі рэчмі зямлі й таго, што напаўняе яе. Зычлівасьць Таго, што жыў у кусьце, хай прыйдзе на галаву Язэпаву і на цемя адлучанага ад братоў ягоных.
Прыгажосьць ягоная — як першароднага быка, і рогі ягоныя — як рогі аднарога, імі ён збадае народы аж да канца зямлі. Такія дзясяткі тысячаў Эфраіма, і такія тысячы Манасы».
Слава ягоная, як першароднага бычка, і рогі ягоныя, як рогі буйлы, імі збадзець ён народы разам аж да канца зямлі: гэта дзесяткі тысячаў Яхрэмавых і гэта тысячы Манасавы».
І да Завулёна сказаў: “Радуйся, Завулён, у выхадзе тваім, а ты, Ісахар, у намётах тваіх!
І Завулону сказаў: «Весяліся, Завулоне, у выхадах сваіх, і Іссасхару, у буданох сваіх.
Паклічуць народы на гару, там будуць складаць ахвяры праведнасьці. Яны будуць карыстацца шчодрасьцю мора і багацьцямі, схаванымі ў пяску».
Люды на гару згукаюць яны, там абракаюць аброкі справядлівасьці, бо яны ссуць вялізарнае багацьце мора й скарбы, схаваныя ў пяску».
Да Гада сказаў: «Дабраслаўлёны той, хто пашырае Гада! Як леў будзе ён жыць, ён разарве рамяно і цемя.
І Ґаду сказаў: «Дабраславёны, хто пашырыў Ґада. Ён, як леў, супачывае і разрывае плячо і нават цемя.
І ён убачыць пяршыны свае, бо там памешчана частка правадыра, і ён выходзіў на чале народу, і рабіў праведнае перад ГОСПАДАМ, і [чыніў] прысуды Ягоныя адносна Ізраіля».
Ён выглядзеў сабе першую часьць, бо там захаваў правадаўца дзель яму, і прышоў із князьмі люду, і справядлівасьць СПАДАРОВУ споўніў, і суды ягоныя з Ізраелям».
Да Дана сказаў: «Дан — ільвянятка, якое выскоквае з Башану».
І Дану сказаў: «Дан, як левянё, што выбягае з Вашану».
Да Нэфталі сказаў: «Нэфталі перапоўнены ласкаю і поўны дабраславенства ГОСПАДА; ён завалодае морам і поўднем».
І Неффаліму сказаў: «Неффалім досыць мае зычлівасьці й поўны дабраславенства СПАДАРОВАГА; захад і паўдня адзяржыш».
Да Асэра сказаў: «Дабраслаўлёны Асэр між сынамі! Няхай ён будзе даспадобы братам сваім і няхай будзе мачыць у алеі нагу сваю.
І Ашэру сказаў: «Дабраславеншы за сыноў Ашэр; ён будзе мець зычлівасьць у братоў сваіх і занура ў валіву нагу сваю.
З жалеза і медзі засаўкі твае, як дні твае, [трывае] сіла твая».
Вобуй твой зялеза а медзь; як дні твае, сіла твая.
«Няма такога, як Бог Ешуруна, Які ідзе па небе на дапамогу табе і ў велічнасьці Сваёй [ідзе] па воблаках.
Нямаш Бога падобнага да Ешуруновага, едзе на нябёсах на помач табе, у вялікасьці сваёй на булакох.
Прыбежышча тваё — Бог спрадвечны, абарона твая — рамёны вечныя. Ён выганіць перад абліччам тваім ворага і скажа: “Зьнішчы”.
Прыстаньня Бог вечны, і далоўям тваім вечныя плячукі Ягоныя; і Ён пражанець варагоў ад віду твайго, і скажа: "Губі".
Ізраіль будзе жыць у бясьпецы, вочы Якуба бачаць перад сабою зямлю збожжа і віна, і з нябёсаў ягоных кроплямі падае раса.
І жыў Ізраель бясьпечна адзінотны, жарало Якава на зямлі збожжа а віннога соку, нават нябёсы ягоныя крапіць будуць расу.
Шчасьлівы ты, Ізраіль! Хто [падобны] да цябе, народ, якога збавіў ГОСПАД. Ён — шчыт абароны тваёй і меч велічнасьці тваёй. Ворагі твае скараюцца перад абліччам тваім, і ты будзеш таптаць каркі іхнія».
Шчасьлівы ты, Ізраелю! хто падобны да цябе, людзе выбаўлены СПАДАРОМ, Каторы шчыт помачы твае, і Каторага меч вялічча твае. Варагі твае паддаюцца табе, і ты на вышынях іхных топчаш іх».