Другі закон 3 разьдзел

Другі закон
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І мы зьвярнулі, і пайшлі шляхам на Башан; і выйшаў Ог, валадар Башану, супраць нас, ён і ўвесь народ ягоны, на вайну ў Эдрэі.
 
І завярнуліся, і ўзышлі дарогаю Вашану; і вышаў Оґ, кароль Вашанскі, напярэймы нам, на вайну, ён а ўвесь люд ягоны ваяваць у Едрэі.

І сказаў ГОСПАД мне: “Ня бойся яго, бо Я выдаў у рукі твае яго, і ўвесь народ ягоны, і зямлю ягоную, і ты зробіш яму тое, што зрабіў Сыгону, валадару Амарэйцаў, які жыў у Хешбоне”.
 
І сказаў імне СПАДАР: "Ня бойся яго, бо ў руку тваю Я аддаў яго а ўвесь люд ягоны а ўсю зямлю ягоную, і ты ўчыніш ізь ім так, як учыніў із Сыгонам, каралём Аморэйскім, што жыў у Гэшбоне".

І аддаў ГОСПАД, Бог наш, у рукі нашыя таксама Ога, валадара Башану, і ўвесь народ ягоны, і вынішчылі мы яго так, што ніхто не ацалеў.
 
І аддаў СПАДАР, Бог наш, у рукі нашы таксама Оґа, караля Вашанскага, а ўвесь люд ягоны; і мы зразілі яго, так што нікога не засталося ў яго астачы.

І здабылі мы ўсе гарады ягоныя ў той час, і не засталося гораду, які б мы не занялі, шэсьцьдзясят гарадоў, увесь абшар Аргоб, валадарства Ога ў Башане.
 
І зваявалі мы таго часу ўсі месты ягоныя; ня было места, каторага мы не ўзялі б у іх: шасьцьдзясят местаў, усю акругу Арґоў, каралеўства Оґа ў Вашане.

Усе гэтыя гарады былі ўмацаваныя мурамі высокімі, і брамамі, і заваламі, ня лічачы шматлікіх гарадоў адкрытых.
 
Усі гэтыя месты ўмацаваныя былі высокай сьцяною, брамамі а заваламі, апрача местаў неабгароджаных, вельмі шмат якіх.

І палажылі мы закляцьце на іх, як зрабілі Сыгону, валадару Хешбону, аддаючы закляцьцю ўсе гарады, мужчынаў, і жанчынаў, і дзяцей,
 
І аканавалі мы іх, як учынілі із Сыгонам, каралём Гэшбонскім, аканаваўшы кажнае места з мужчынамі, жанкамі а дзецянятамі.

а ўсю жывёлу і здабычу з гарадоў мы пакінулі сабе.
 
А ўвесь статак а ўвесь здабытак местаў мы заглабалі сабе.

І ўзялі мы ў той час зямлю з рук двух валадароў Амарэйскіх, якія жылі за Ярданам, ад ручая Арнон аж да гары Гермон.
 
І ўзялі мы таго часу зямлю з рукі двух каралёў Аморэйкіх, каторая на гэтым баку Ёрдану, ад цур’я Арнона да гары Гэрмона

Сідонцы называюць Гермон Сырыёнам, а Амарэйцы называюць яго Сэнірам.
 
(Сыдоняне Гэрмон завуць Сыронам, а Аморэі завуць яго Сэніром),

Усе гарады на раўніне, увесь Гілеад і ўвесь Башан аж да Сальхі і Эдрэі, гарады валадарства Ога ў Башане,
 
Усі месты раўніны а ўвесь Ґілеад а ўвесь Вашан аж да Салекі а Едрэі, месты каралеўства Оґа Вашанскага.

бо Ог, валадар Башану, быў апошні з Рэфаімаў. Вось, дамавіна ягоная, дамавіна жалезная знаходзіцца ў Раббе сыноў Амона; дзевяць локцяў даўжыня яе, і чатыры локці шырыня яе меркаю локця чалавечага.
 
Бо толькі Оґ, кароль Вашанскі, заставаўся з астачы Рэфаімаў. Вось, ложак ягоны, ложак зялезны, ці ня ёсьць ён у Раўве, у сыноў Амонавых: удаўжкі ён дзевяць локцяў, а ўшыркі ён чатыры локці, локцяў чалавека.

І ўзялі мы на ўласнасьць у той час усю зямлю гэтую ад Араэру, які над ручаём Арнон, і палову гары Гілеад, і гарады іхнія я даў [сынам] Рубэна і Гада.
 
І зямлю гэтую, каторую ўзялі мы ў дзяржаньне таго часу, ад Ароіру, каторы ля цур’я Арнона, і палавіцу гары Ґілеад ізь местамі яе аддаў я Рувіну а Ґаду;

А рэшту Гілеаду і ўвесь Башан, валадарства Ога, я даў палове калена Манасы, увесь абшар Аргоб. А ўвесь Башан называўся зямлёй Рэфаімаў.
 
А астачу Ґілеаду а ўвесь Вашан, каралеўства Оґава, аддаў я палавіцы плямені Манасавага, усю аколіцу Арґоў усяго Вашану. І гэту зямлю завуць зямлёю Рэфаімаў.

Яір, сын Манасы, узяў увесь абшар Аргоб аж да мяжы [сыноў] Гешура і Мааха, і назваў яго імем сваім. І да сёньня [называюць гэтую частку] Башану Хавот-Яір.
 
Яір Манасёнак узяў усю гэтую аколіцу Арґоў, аж да граніцаў Ґешурскіх а Маакацкіх, і назваў сваім імям Вашан сёламі Яіровымі дагэтуль.

А Махіру я даў Гілеад.
 
І Махіру даў я Ґілеад;

І [сынам] Рубэна і Гада я даў [зямлю] ад Гілеаду аж да ручая Арнон, сярэдзіну ручая і мяжу, і аж да ручая Ябок, які ёсьць мяжою сыноў Амона,
 
А плямені Рувінаваму а Ґадоваму даў я ад Ґілеаду да цур’я Арнона, памеж цур’я і граніцы, аж да цур’я Явока, граніцы сыноў Амонавых,

і Арабу, і Ярдан як мяжу ад Кінэрэту да мора Арабы, Мора Салёнага каля падножжа гары Пісга на ўсход.
 
І раўніну, і Ёрдан, і граніцу, ад Кінэрэфа аж да мора раўніны, мора Салонага, ля поду Пісґі на ўсход.

І я загадаў вам у гэты час, кажучы: “ГОСПАД, Бог ваш, даў вам зямлю гэтую на ўласнасьць; а вы ўсе, здатныя да бою, пойдзеце ўзброеныя перад абліччам братоў вашых, сыноў Ізраіля.
 
І даў я вам у тым часе расказаньне, кажучы: "СПАДАР, Бог ваш, даў вам зямлю гэтую ў дзяржаньне; усі ваенныя, узброіўшыся, ідзіце сьпераду братоў вашых, сыноў Ізраелявых;

Толькі жонкі вашыя, дзеці вашыя і статкі вашыя, — бо ведаю, што маеце вялікія статкі, — застануцца ў гарадах вашых, якія я даў вам,
 
Адно жонкі вашы а дзецяняты вашы і статак ваш, бо я ведаю, што статку ў вас шмат, хай застануцца ў местах вашых, каторыя я даў вам,

аж пакуль ГОСПАД дасьць супачынак братам вашым, як даў вам, і яны возьмуць на ўласнасьць зямлю, якую ГОСПАД, Бог ваш, дае вам на тым баку Ярдану; і кожны вернецца да ўласнасьці сваёй, якую я даў вам”.
 
Пакуль ня дасьць СПАДАР супакою братом вашым, як вам, і не адзяржаць таксама яны ў дзяржаньне зямлю, каторую СПАДАР, Бог ваш, даець вам за Ёрданом; тады зьвернецеся кажны да свае дзяржавы, каторую я даў вам".

У той час я загадаў Егошуа, кажучы: “Вочы твае бачылі ўсё, што зрабіў ГОСПАД, Бог ваш, двум валадарам гэтым. Так зробіць ГОСПАД усім валадарствам, да якіх ты прыйдзеш.
 
Ігошуу расказаў я таго часу, кажучы: "Вочы твае бачылі ўсе, што зрабіў СПАДАР, Бог ваш, двум каралём гэным; тое ж зробе СПАДАР усім каралеўствам, каторыя ты будзеш праходзіць.

Ня бойся іх, бо ГОСПАД, Бог ваш, будзе ваяваць за вас”.
 
Ня бойцеся іх, бо СПАДАР, Бог ваш, сам ваюе за вас".

І маліў я ў той час ГОСПАДА, кажучы:
 
І маліўся я СПАДАРУ таго часу, кажучы:

“Госпадзе ГОСПАДЗЕ, Ты пачаў слузе Твайму аб’яўляць веліч Тваю і руку Тваю магутную. Які ж бог на небе або на зямлі зрабіў такія справы і чыны магутныя?
 
"Спадару СПАДАРУ, Ты пачаў паказаваць слузе Свайму вялікасьць Сваю й моцную руку Сваю; бо які Бог ё на нябёсах і на зямлі, каторы дзеяў бы подле ўчынкаў Тваіх і моцы Твае?

Дазволь мне, калі ласка, перайсьці і ўбачыць тую добрую зямлю за Ярданам, тыя добрыя горы і Лібан”.
 
Дай імне перайсьці й абачыць тую добрую зямлю, што за Ёрданом, і тую пазорную гару а Лібан".

Але разгневаўся ГОСПАД на мяне з-за вас, і ня выслухаў мяне, і сказаў ГОСПАД мне: “Досыць, больш не гавары Мне пра гэта.
 
Але СПАДАР гневаўся на мяне за вас, і не паслухаў мяне, і сказаў СПАДАР імне: "Досыць табе, не кажы Імне болей праз гэта.

Узыйдзі на вяршыню [гары] Пісга і скіруй вочы свае на захад і на поўнач, на поўдзень і на ўсход, і агледзь вачыма сваімі, бо гэтага Ярдану ты не пяройдзеш.
 
Узыйдзі на верх Пісґі, і ўзьнімі вочы свае на захад а на поўнач а на паўдня а на ўсход, і паглядзі ачыма сваімі; бо ты не пярэйдзеш гэтага Ёрдану.

І загадай Егошуа, і падбадзёр яго, і падтрымай яго, бо ён пяройдзе наперадзе народу гэтага і дасьць Ізраілю ў валоданьне тую зямлю, якую ты ўбачыш”.
 
І раскажы Ігошуу, і ўмацуй яго, і пацьвярдзі яго; бо ён пярэйдзе перад людам гэтым, і ён дасьць ім адзяржаць спадкі, зямлю, на каторую ты паглядзіш".

І былі мы ў даліне насупраць Бэт-Пэору.
 
І прабывалі мы ў даліне, насупроці Веф-Пеору.