Другі закон 30 разьдзел

Другі закон
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І станецца, што прыйдуць на цябе ўсе словы гэтыя дабраславенства і праклёну, якія я абвясьціў перад абліччам тваім, і ты возьмеш іх у сэрца сваё сярод усіх народаў, да якіх выгнаў цябе ГОСПАД, Бог твой.
 
І будзе як насьпее цябе ўсе гэта дабраславенства й улегцыменьне, каторыя я выклаў табе, і ты прымеш іх да сэрца свайго сярод усіх народаў, куды выпіхнуў цябе СПАДАР, Бог твой;

І ты вернешся да ГОСПАДА, Бога твайго, і будзеш слухаць голас Ягоны ў-ва ўсім, што я сёньня загадваю табе, ты і сыны твае, усім сэрцам тваім і ўсёй душою тваёй.
 
І зьвернешся да СПАДАРА, Бога свайго, і паслухаеш голасу ягонага подле ўсёга, што Я расказую табе цяпер, ты а сынове твае з усёга сэрца свайго і з усяе душы свае;

І адменіць ГОСПАД, Бог твой, няволю тваю і зьлітуецца над табою, і верне цябе, і зьбярэ цябе з усіх народаў, у якіх расьцярушыў цябе ГОСПАД, Бог твой.
 
То зьверне СПАДАР, Бог твой, паланеньне твае, і зжаліцца над табою, і ўзноў зьбярэць цябе з усіх народаў, куды рассыпаў цябе СПАДАР, Бог твой.

Хоць бы ты быў выгнаны на канец неба, адтуль сьцягне і адтуль зьбярэ цябе ГОСПАД, Бог твой, і зграмадзіць цябе.
 
Хоць бы ты быў выпіхнены аж да канца неба, і стуль зьбярэць цябе СПАДАР, Бог твой, і стуль возьме цябе,

І ўвядзе цябе ГОСПАД, Бог твой, у зямлю, якую мелі бацькі твае, і возьмеш яе на ўласнасьць і Ён дасьць дабрабыт табе, і павялічыць цябе больш за бацькоў тваіх.
 
І прывядзець цябе СПАДАР, Бог твой, да зямлі, каторую дзяржалі айцове твае, і адзяржыш яе ў дзяржаньне, і добра зьдзее табе, і размножа цябе болей за айцоў тваіх;

І абрэжа ГОСПАД, Бог твой, сэрца тваё і сэрца насеньня твайго, каб любіў ты ГОСПАДА, Бога твайго, усім сэрцам тваім і ўсёю душою тваёй, каб ты жыў.
 
І абрэжа СПАДАР, Бог твой, сэрца твае а сэрца насеньня твайго, каб ты любіў СПАДАРА, Бога свайго, з усёга сэрца свайго й з усяе душы свае, каб жыць табе.

І зьверне ГОСПАД, Бог твой, усе гэтыя праклёны на ворагаў тваіх і на тых, якія ненавідзяць цябе і перасьледуюць цябе.
 
І дасьць СПАДАР, Бог твой, усі кляцьбы гэтыя на варагоў тваіх і ненавідзячых цябе, каторыя перасьледавалі цябе.

А ты навернешся, і будзеш слухаць голас ГОСПАДА, і будзеш выконваць усе прыказаньні Ягоныя, якія я загадваю табе сёньня.
 
А ты зьвернешся й будзеш слухаць голасу СПАДАРА й паўніць усі расказаньні Ягоныя, каторыя расказую табе цяпер.

І ГОСПАД, Бог твой, дасьць табе посьпех у-ва ўсіх працах рук тваіх, у пладах улоньня твайго, і ў прыплодзе жывёлы тваёй, і ў плодзе зямлі тваёй табе на дабро. Бо вернецца ГОСПАД, каб цешыцца з цябе, [даючы] даброцьці, як цешыўся Ён з бацькоў тваіх,
 
І перапоўне цябе СПАДАР, Бог твой, у ўсялякай рабоце рук тваіх, у плодзе жывата твайго, у плодзе статку твайго, у плодзе зямлі твае на дабро, бо ізноў радавацца будзе СПАДАР ізь цябе, на дабро, як Ён радаваўся з айцоў тваіх,

калі будзеш слухаць голас ГОСПАДА, Бога твайго, і захоўваць прыказаньні Ягоныя і пастановы Ягоныя, якія запісаныя ў кнізе Закону гэтага, і калі навернешся да ГОСПАДА, Бога твайго, усім сэрцам тваім і ўсёй душой тваёй.
 
Калі будзеш слухаць голасу СПАДАРА, Бога свайго, дзержачы расказаньні Ягоныя а ўставы Ягоныя, напісаныя ў гэтай кнізе права, калі зьвернешся да СПАДАРА, Бога свайго, усім сэрцам сваім і ўсёй душою сваёй.

Бо прыказаньне гэтае, якое я загадваю табе сёньня даю, не зацяжкае для цябе і не далёкае [ад цябе].
 
Бо расказаньне гэтае, каторае я расказую табе цяпер, ня лішне дзіўное табе і не далёка яно.

Ня ў небе яно, каб ты казаў: “Хто ўзыйдзе ў неба і прынясе яго нам, каб мы маглі пачуць яго і выканаць яго?”
 
Не на небе яно, каб казаць: "Хто ўзышоў бы дзеля нас на неба, і прынёс бы яго нам, і даў нам пачуць яго, і мы споўнілі б яго?"

І не за морам яно, каб ты казаў: “Хто пераплыве мора і прынясе яго да нас, каб мы маглі пачуць яго і выканаць яго?”
 
І не за морам яно, каб казаць: "Хто перайшоў бы нам за мора, і ўзяў бы яго вам, і даў бы нам пачуць яго, і мы споўнілі б яго?"

Але вельмі блізка да цябе слова гэтае, яно ў вуснах тваіх і ў сэрцы тваім, каб ты мог выканаць яго.
 
Але вельма блізка да цябе слова гэтае: у вуснах тваіх і ў сэрцу тваім, каб паўніць яго.

Глядзі, я кладу сёньня перад абліччам тваім жыцьцё і дабро, сьмерць і зло.
 
Глянь, я паклаў перад табою сядні жыцьцё а дабро, і сьмерць а ліха,

Бо я загадваю табе сёньня, каб любіў ты ГОСПАДА, Бога твайго, і хадзіў шляхамі Ягонымі, і захоўваў прыказаньні Ягоныя, і пастановы Ягоныя, і прысуды Ягоныя, будзеш жыць, і памножышся, і будзе дабраслаўляць цябе ГОСПАД, Бог твой, у зямлі, якую ідзеш атрымаць на ўласнасьць.
 
У тым, што я расказую табе сядні — любіць СПАДАРА, Бога свайго, хадаіць па дарогах Ягоных і паўніць расказаньні Ягоныя а ўставы Ягоныя а суды Ягоныя: і будзеш жыць а мнажыцца, і дабраславе цябе СПАДАР, Бог твой, на зямлі, да каторае ты прыходзіш, каб апанаваць яе.

А калі адвернецца сэрца тваё і ня будзеш слухаць [Госпада], і будзеш зьведзены, і будзеш пакланяцца багам чужым, і будзеш ім служыць,
 
Калі ж адвернецца сэрца твае, і ня будзеш слухаць, і адхінешся, і будзеш кланяцца іншым багом, і будзеш служыць ім;

я паведамляю вам сёньня, што, гінучы, вы загінеце і ня будуць доўгія дні [вашыя] ў зямлі, у якую ты пераходзіш праз Ярдан і ідзеш туды, каб атрымаць яе на ўласнасьць.
 
То я агалашаю вам сядні, што вы напэўна загінеце, і не працягнеце дзён на зямлі, да каторае пераходзіш перазь Ёрдан, каб увыйсьці туды, каб апанаваць яе.

За сьведкаў супраць вас сёньня клічу неба і зямлю, што я кладу перад абліччам тваім жыцьцё і сьмерць, дабраславенства і праклён. Выбірай жыцьцё, каб жыў ты і насеньне тваё,
 
За сьветкі перад вамі гукаю сядні неба й зямлю: жыцьцё й сьмерць паклаў я перад табою, дабраславенства й кляцьбу. Абяры жыцьцё, каб жыў ты а насеньне твае,

і любі ГОСПАДА, Бога твайго, і слухай голас Ягоны, і туліся да Яго, бо Ён — жыцьцё тваё і доўгасьць дзён тваіх, каб ты жыў на зямлі, якую абяцаў ГОСПАД бацькам тваім, Абрагаму, Ісааку і Якубу, што дасьць ім яе».
 
Каб любіў СПАДАРА, Бога свайго, каб слухаў голасу й каб ліп да Яго; бо Ён жыцьцё твае й даўжыня дзён тваіх, каб жыць табе на зямлі, каторую СПАДАР прысягнуў айцом тваім, Абрагаму, Ісаку а Якаву, даць ім».