Другі закон 21 разьдзел
Другі закон
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
Калі ў зямлі, якую дае табе ГОСПАД, Бог твой, на ўласнасьць будзе знойдзены [труп] забітага, які ляжыць у полі, і невядома, хто забіў яго,
Як у зямлі, каторую СПАДАР, Бог твой, даець табе ў дзяржаньне, будзе знойдзены забіты, упалы на полю, і няма ведама, хто забіў яго;
няхай выйдуць старшыні твае і судзьдзі твае, і адмераюць [адлегласьць] ад гарадоў, якія вакол забітага.
То няхай выйдуць старцы твае а судзьдзі твае і памераюць аж да местаў, каторыя наўкола забітага;
І старшыні гораду, які будзе найбліжэй да забітага, возьмуць цялушку, якая яшчэ не працавала і не насіла ярма,
І месцкія старцы места, найбліжшага да забітага, хай возьмуць цяліцу, каторай не рабілі, каторая не насіла йга;
і прывядуць старшыні гораду гэтага цялушку гэтую да ручая, які не высыхае, і на месца неаранае і неабсеянае, і зломяць цялушцы карак каля ручая.
І хай спусьцяць старцы таго места тую цяліцу ў даліну; зь цякучай вадою, каторая ня ўроблена а не засеяна, і хай зломяць завыек там цяліцы ў даліне;
І прыйдуць сьвятары, сыны Левія, якіх выбраў ГОСПАД, Бог твой, каб служылі Яму і дабраслаўлялі ў імя ГОСПАДА, і паводле [слова] з вуснаў іхніх будзе [вырашацца] ўсякая спрэчная справа і справа скалечаньня.
І дабліжацца сьвятары, сынове Левавы, (бо іх абраў СПАДАР, Бог твой, служыць Яму й дабраславіць імям СПАДАРА, і подле словаў іхных хай будзе ўсялякая сьпярэчная справа й усялякае пабіцьце),
Усе старшыні гораду, які найбліжэй да забітага, памыюць рукі свае над цялушкай, карак якой зламалі каля ручая,
І ўсі старцы места таго, найбліжшыя да забітага, хай умыюць рукі свае над цяліцаю, каторай завыек зламілі ў даліне,
і адкажуць, і скажуць: “Рукі нашыя ня вылілі крыві гэтай, і вочы нашыя ня бачылі [нічога].
І асьветчаць, і скажуць: "Рукі нашыя не разьлілі крыві гэтае, і вочы нашы ня бачылі;
Адпусьці [правіну] народу Твайго, Ізраіля, які адкупіў Ты, ГОСПАДЗЕ, і не дазволь, каб гэтая кроў нявінная была ў асяродзьдзі народу Твайго, Ізраіля”. І будзе адпушчана ім кроў гэтая.
Залашчся над людам Сваім Ізраелям, каторы Ты выкупіў, СПАДАРУ, і ня дай віны крыві нявіннай пасярод люду Свайго Ізраеля". І даравана ім кроў гэта.
І ты змыеш кроў нявінную спаміж сябе і зробіш тое, што справядлівае ў вачах ГОСПАДА.
А ты выкараніш із нутра свайго кроў нявіннага, калі зробіш справядлівае перад ачыма СПАДАРА.
Калі выйдзеш на вайну супраць ворагаў тваіх, і аддасьць іх ГОСПАД, Бог твой, у рукі твае, і возьмеш палонных,
Як выйдзеш на вайну супроці варагоў сваіх, і аддасьць яго СПАДАР, Бог твой, у рукі твае, і возьмеш яго ў палон,
і ўбачыш між палоннымі жанчыну прыгожую, і закахаешся ў яе, і возьмеш яе за жонку сабе,
І абачыш памеж палоненых пазорную жонку, і пажадаеш яе, і возьмеш яе сабе за жонку;
тады ўвядзеш яе ў дом твой, і яна абстрыжэ галаву сваю і абрэжа пазногці свае,
Дык прывядзі яе да дому свайго, і хай яна аголе галаву сваю, і ўпарадкуе ногці свае,
і скіне з сябе сукенку паланянкі, і будзе жыць у доме тваім, і будзе аплакваць бацьку свайго і маці сваю [адзін] месяц. А потым увойдзеш да яе, і будзеш яе мужам, а яна будзе жонкай тваёй.
І хай здыйме ізь сябе палоненіцкую адзежу сваю, і хай жывець у доме тваім, і плача па айцу сваім а па маці сваёй месяц; і просьле гэтага ты можаш увыйсьці да яе й стаць яе мужам, і яна будзе тваёй жонкаю.
Калі ж ты ня будзеш мець упадабання ў ёй, адпусьціш яе, куды [захоча] душа яе, і не прадасі яе за срэбра, і ня ўчыніш з ёй, як з нявольніцай, бо ты ўпакорыў яе.
Калі ж пасьлей не захочаш яе, то адпусьці яе, подле жаданьня душы ейнае, але ніяк не прадавай яе за срэбра і ня зьдзекуйся зь яе, бо ты паніжыў яе.
Калі нейкі муж будзе мець дзьве жонкі, і адну будзе любіць, а другую ненавідзець, і яны народзяць яму сыноў, любая і зьненавіджаная, і першародным будзе сын зьненавіджанай,
Калі ў каго будуць дзьве жонкі, адна любая, а другая ненавісная, і народзяць яму сыноў, як любая, так і ненавісная, і пяршак будзе сын ненавіснай;
у дзень, калі ён будзе даваць спадчыну сынам сваім, ня можа сына любай зрабіць першародным, абмінаючы сына зьненавіджанай, які ёсьць першародным.
То, у дзень падзелу сыном сваім меньня свайго, ён ня можа абраць сына любае за першака перад першародным сынам ненавіснае;
Сына зьненавіджанай прызнае першародным і дасьць яму з усяго, што мае, падвойную частку, бо ён ёсьць пачатак сілы ягонай, і яму належыць права першародзтва.
Але першака, сына ненавіснае, хай прызнае, каб даць яму падвойную дзель з усёга, што ў яго знойдзецца; бо ён пачатак сілы, у яго права першака.
Калі чалавек будзе мець сына непаслухмянага і ўпорыстага, які ня слухае голас бацькі свайго і голас маці сваёй, і каралі яго, але ён ня слухаўся іх,
Калі ў каго будзе сын упорлівы а праціўны, што ня слухае голасу айца свайго а голасу маці свае, і яны каралі яго, але ён ня слухае іх;
няхай бацька ягоны і маці ягоная возьмуць яго і прывядуць да старшыняў гораду свайго і да брамы гораду свайго,
Дык хай схопяць яго ацец ягоны а маці ягоная і вывядуць яго да старцоў места ягонага і да брамы месца ягонага,
і скажуць старшыням гораду свайго: “Сын наш гэты непаслухмяны і ўпорысты, ня слухае голасу нашага, аддаецца распусьце і п’янству”.
І скажуць старцом места ягонага: "Гэты сын наш упорлівы а праціўны, ня слухае голасу нашага, жарло а п’яніца";
Тады ўсе мужчыны гораду ягонага ўкамянуюць яго камянямі, і ён памрэ, каб вынішчыць зло з асяродзьдзя вашага. І ўвесь Ізраіль пачуе [гэта], і будзе баяцца.
І ўкамянуюць яго ўсі жыхары места ягонага, і памрэць; і выкарані ліха з пасярод сябе, і ўвесь Ізраель пачуюць а пабаяцца.
Калі хто дапусьціцца злачынства, каранага сьмерцю, і будзе ён забіты і павесіш яго на дрэве,
І калі ў кім будзе грэх, варты сьмерці, і яму будзе зроблена сьмерць, і ты засіліш яго на дзерве;
труп ягоны ня будзе вісець на дрэве, але ў той самы дзень няхай будзе пахаваны, бо пракляты Богам той, хто вісіць на дрэве. Не пагань зямлю тваю, якую даў табе на ўласнасьць ГОСПАД, Бог твой.
То цела ягонае ня мае начаваць на дзерве, але пахавай, пахавай таго ж дня яго; бо пракляты перад Богам засілены, і ня плюгаў зямлі свае, каторую СПАДАР, Бог твой, даець табе на спадак.